epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Маладыя празаікі

У гэтым альманаху надрукаваны творы маладых празаікаў. Некаторыя з гэтых імён (А. Туманскі, С. Шаўцоў) ужо вядомы ў друку, некаторыя (Т. Бірыла, С. Паўлоўскі і інш.) друкуюцца першы раз. З жанравага боку — мы тут спатыкаем апавяданне, нарыс, аповесць (урыўкі з аповесці С. Шаўцова).

Тут надрукаваны чатыры закончаных апавяданні. У рэдакцыйных матэрыялах, адкуль рэдакцыя выбірала творы для гэтага альманаха, найбольш ёсць апавяданні. Гэта трэба расцэньваць як дадатную з’яву, па-першае, таму, што апавяданне і навела самі па сабе надзвычайна цікавы жанр і вельмі патрэбны ў савецкай літаратуры; па-другое,— гэты жанр вымагае бадай больш, як так званае «вялікае палатно», самае карпатлівае работы над найдрабнейшымі дэталямі ўсіх кампанентаў твора, а гэта ўжо само па сабе ёсць добрая школа для аўтара; па-трэцяе, самы факт таго, што маладыя аўтары бяруцца за складаны літаратурны жанр, ужо сведчыць аб росце маладога аўтара.

Гэтым апошнім я хачу сказаць от што. Быў час, што найбольш маладых аўтараў пачыналі сваю літаратурную працу з нарыса. Часамі гэта нават рэкамендавалася. Гэта, перш за ўсё, зніжала самы нарыс як жанр, зводзіла яго на нейкую ніжэйшую ступень, праз якую трэба пераступіць, ідучы ў старэйшую літаратурную групу. Пасля — гэта адразу ўжо ўводзіла аўтара ў план найменшага развіцця творчае фантазіі. Чаму? Хіба нарыс не ёсць такі жанр, дзе патрэбна творчая фантазія? Хіба нарыс сапраўды-такі ніжэйшы жанр, які не стаіць на лініі творчасці? Не. Успомнім нарысы Глеба Успенскага, М. Горкага, іх нарысы — гэта класічныя літаратурныя творы. Але справа ў тым, што ў нас часта разумелі нарыс, як толькі натуралістычную падачу фактаў, якія аўтар наглядае. Хоць гэтая падача фактаў ішла па лініі пэўнай ідэі, аднак жа яна не спрыяла развіццю творчае фантазіі аўтара. А работу з маладым аўтарам, па-мойму, трэба пачынаць з таго, што адразу ўжо будзіць у ім творчую фантазію, накіроўваць яго на творчы вымысел. А для гэтага і нарыс трэба паставіць у шэраг усіх іншых жанраў, які мае сваю спецыфіку, таксама як і раман ці навела вымагае вялікіх ідэйных абагуленняў.

Свае творы нашы маладыя аўтары пішуць на сучасным матэрыяле. Гэты матэрыял яны добра ведаюць. І літаратурная вучоба маладых аўтараў павінна ісці па лініі набыцця ўмельства літаратурна аформіць гэты матэрыял, зрабіць з яго літаратурны твор. А для гэтага аўтар павінен развіваць у сабе творчую фантазію, ісці на мастацкі вымысел. Гэты вымысел — рэальны вымысел. І сутнасць яго ў тым, што аўтар падае факты, з’явы, вобразы, характэрныя і тыповыя, але сабраныя не з аднаго толькі завода ці калгаса, а сканцэнтраваныя ў творы з самага шырокага круга. Пры гэтым факты самыя цікавыя і характэрныя. Аўтар выходзіць за межы свайго толькі завода ці калгаса. Ён у сваім мысленні стварае падзеі, канцэнтруе іх у вузел. Гэтыя падзеі маюць сваіх прататыпаў у жыцці або, калі не маюць дакладнага свайго прататыпа, ці калі аўтар не бачыў яго, дык усё ж гэтыя падзеі ёсць рэальныя. Гэта значыць, што на аснове законаў гісторыі, законаў свету яны могуць быць.

Сваім героям — тым людзям, якія дзейнічаюць у творы, аўтар павінен стварыць такія сітуацыі, дзе б героі маглі сябе найбольш выявіць, самі паказаць сябе, без аўтарскіх тлумачэнняў.

Фантазія аўтара будзе ствараць цікавыя і філасофскі правільныя вымыслы толькі тады, калі аўтар будзе ведаць, як і што павінен рабіць у дадзеным выпадку яго герой. Для гэтага трэба «набываць практыку» — глыбока вывучаць жыццё і ўмець з паасобных з’яў жыцця рабіць правільныя вывады. А без марксісцкага разумення свету пісьменнік не можа даць правільнага тлумачэння ўчынкам людзей, з’явам і падзеям. Адгэтуль вывад адзін: творчая вучоба маладога (гэтак як і кожнага) пісьменніка, авалоданне тэхнікай літаратурнае работы павінна ісці пад знакамі марксісцкага мыслення, пад знакам вывучэння марксізма-ленінізма.

У гэтым сэнсе і мысліцца намі літаратурнае майстэрства: умець, на аснове рэальных фактаў і правільнага іх разумення, «выдумаць» і звязаць у адзін вузел такія падзеі, якія б адабразілі ў сабе тыя з’явы ў жыцці, з якіх яны «спісаны-выдуманы». Але гэта павінна быць зроблена для таго і так, каб той, хто чытае кнігу, так сказаць, перажывае гэтыя з’явы нанава, зрабіў дакладныя з іх вывады. Тады, калі ў жыцці не кожны мог бы з гэтых самых з’яў зрабіць вывады такія, якія ўжо зрабіў аўтар і зрабіў з такой пераканальнай праўдзівасцю і з такім агнём, які б абуджаў бы ў чытача імкненне да дзейнасці ў кірунку той ідэі, якая пакладзена ў аснову твора.

Для гэтага мабілізуюцца ўсе мастацкія сродкі аўтара. Для гэтага павінна ісці ўпартая праца над усімі кампанентамі твора.

У гэтым альманаху надрукован нарыс У. Козляка «Вынаходцы». У гэтым нарысе расказваецца пра тое, як малады рабочы ў мэтах рацыяналізацыі вытворчасці ўдасканаліў машыну. У часе працы на заводзе ён вывучаў машыну, рабіў чарцяжы ў сваім блакноце, захапляўся гэтаю справаю так, што нават забываў пайсці на канцэрт у клуб. Нарэшце ўначы, дома, пры дапамозе свайго таварыша, вынаходства было зроблена. Тут рэальныя факты, пададзеныя праўдзіва. Але яны творчай фантазіяй аўтара не ўзведзены на ступень такога літаратурнага твора, дзе б той самы малады рабочы паказаў сябе, як жывога, каб перад намі быў паўнакроўны вобраз рабочага-рацыяналізатара.

Калі аўтар не мог знайсці на сваім заводзе прататыпаў для адпаведных сітуацый, у якія варта было б паставіць героя, трэба іх «выдумаць» на аснове рэальнага вывучэння жыцця і працы рабочага калектыву. Герой мог бы спаткацца, скажам, з перашкодамі, або, наадварот,— з такою дапамогаю, якая б абудзіла ў ім думкі пра новыя дэталі ў вынаходніцтве. У гэтую справу мог быць умешаны другі чалавек, які, скажам, нядаўна паявіўся на заводзе. Паміж гэтым чалавекам і рабочым-вынаходцам маглі, скажам, раней быць нейкія дачыненні, якія цяпер аднавіліся, і гэта ўсё так ці інакш уплывае на працу героя ў справе вынаходства. Гэта гаворыцца для прыкладу таго, што пісьменніку няйначай трэба развіваць у сабе творчую фантазію.

У гэтым сэнсе цікавае апавяданне «Старая дошка». Тая рэдакцыйная праўка, якая тут ёсць, ішла па той лініі, якую вызначыў аўтар. Гэта лінія — псіхалагічнай эвалюцыі старога калгасніка, які, працуючы ў калгасе, зменьвае свае погляды, настроі, зжывае з сябе, так сказаць, псіхалагічную спадчыннасць старога жыцця. Тут аўтар якраз пайшоў па лініі творчай фантазіі.

Значную працу правяла рэдакцыя альманаха з аўтарам апавядання «Знаёмы чалавек». Рэдакцыя дамагалася ад аўтара сюжэтнай сцісласці і закончанасці. Аўтар працаваў над гэтым апавяданнем пад наглядам рэдакцыі.

Апавяданне «Памылка» сведчыць аб умельстве аўтара (С. Пінчука) працаваць ужо зусім самастойна. Гэты аўтар у шэрагу маладых пісьменнікаў стаіць ужо досыць высока.

Гэтае ж самае трэба сказаць пра аўтара аповесці «Дзеці вуліцы» С. Шаўцова, урыўкі з якое тут надрукаваны, і пра А. Туманскага — аўтара апавядання «Макар-абібок».

С. Шаўцоў даўно ўжо вядомы ў друку як аўтар нарысаў і апавяданняў. Аповесць «Дзеці вуліцы» (яшчэ зусім не скончаная) цікава, па-першае, сваёю тэматыкаю. Яна напісана на тэму: як беспрытульныя дзеці становяцца на шлях выхавання і ўключэння ў шэрагі будаўніцтва сацыялізма. У першых раздзелах аповесці аўтар паказвае карэнні беспрытульнасці: вайна, акупацыя, народныя бядоты, голад, беднасць, смерць бацькоў ад усіх гэтых прычын. Пасля — самое беспрытульніцтва. І от тут, у гэтых наступных раздзелах, аўтару трэба працягнуць лініі сувязі жыцця беспрытульнікаў з тымі працэсамі жыцця краіны, якія ўрэшце прыводзяць да знішчэння ўсялякай беспрытульнасці. Адсутнасць гэтага — адзін з галоўных недахопаў нават і гэтых раздзелаў, што надрукаваны ў гэтым альманаху. С. Шаўцоў здольны аўтар. Ён уладае для свае творчасці цікавым і канкрэтным матэрыялам. У яго ёсць здольнасці двума-трыма штрыхамі даць вобраз, нарысаваць лінію характару. У яго ёсць фантазія, ён смела ідзе на мастацкі вымысел. Дапрацоўваючы гэтую аповесць, яму трэба будзе працаваць над адборам толькі тыповых дэталей, над сюжэтнай стройнасцю і заканамернасцю, чаго яшчэ бракуе аповесці.

Апавяданне А. Туманскага «Макар-абібок» напісана ў сатырычным плане — у плане высмейвання гультайства і абломаўшчыны. Ужо самая стылістыка апавядання накіроўвае чытача ў план кпін з Макара-абібока. Гэты прыём паказвае, што аўтар ужо свядома стараецца паставіць на службу ідэі кампаненты твора. Што гэта не выпадкова, а зусім свядома ў аўтара, гаворыць той факт, што ранейшае яго апавяданне «Няскончаная аповесць», якое было надрукавана ў № 3 часопіса «Заклік», не ідучы ў плане сатыры, напісана зусім іншымі стылістычнымі прыёмамі.

«Ветрык, мякка-ваўняны, чуць-чуць калыхаў паветру сыраватую». «Іскрынкамі-лункамі паблісквае электрычная лямпачка». «Шыр паднябесная раскінулася неабмерна-шырокая; поле, ой, поле — дываном белым заслана».

Гэта ўзоры стылістыкі ў адным апавяданні. Гэтыя «ветрыкі мякка-ваўняныя», гэтыя «іскрынкі-лункі», гэтае — не проста поле, а «поле, ой, поле» — усё гэта акружвае Макара-гультая, абібока, прагульшчыка. Яго цягне спаць пад хвойкаю. Яго цягне не да працы, не да дзейнасці, а да санлівага наглядання гэтых «хвоек, хвоечак, сонейка, поля, ой, поля». Гэтая саладкавасць, сентыментальнасць гучыць, як іронія.

Фразы ў аўтара маюць кірунак да старадаўняга сялянскага сказа. Напрыклад, «вісела кайстра чорная», «памацае макраватаю лапаю за сцены сухія» (замест «чорная кайстра», «за сухія сцены». «Вецер, мякка-ваўняны, чуць-чуць калыхаў паветру сыраватую». «Шкадавала сына свайго шалаўлівага, распуснага».

Успомнім старую народную легенду: «Братец Иванушка и сестрица Аленушка». Там гаворыцца: «Точат мечи булатные» (Іванушку рэзаць). І гэтакая стылістыка адпавядае зместу, адпавядае светапогляду таго асяроддзя і таго часу, у якім была створана гэтая казка. Гэта ўзор злітнасці формы са зместам.

Але што было б, каб мы механічна запазычылі гэтую форму і перанеслі яе на змест нашае савецкае пралетарскае літаратуры? Напрыклад, так форму фразы — «Точат мечи булатные» — перанеслі ў фразу з іншым зместам: «ужываюць угнаенні суперфасфатныя» або — «камбайны звышмагутныя — ой, наша база індустрыяльная!»

Мы бачым, як некрытычнае засвойванне, механістычнае перанясенне формы ў чужы ёй змест гучыць больш чым смешна. І гэта павінны ведаць маладыя аўтары і засвойваць спадчыну крытычна. (Гэта таксама трэба памятаць і некаторым нашым немаладым пісьменнікам, у якіх маладыя аўтары вучацца).

Прыйшлося спыніцца на гэтым таму, што апавяданне А. Туманскага ў значнай ступені ўдала выкарыстоўвае старую форму. Гэта літаратурны прыём, і тым больш гэта паштоўка, што гэта зрабіў малады аўтар, неспрактыкаваны яшчэ ў складанасці літаратурных прыёмаў.

Падбіраючы для гэтага альманаха мастацкую прозу, рэдакцыя мела на ўвазе падабраць гэтакія творы, якія б давалі ўзоры розных літаратурных прыёмаў, якімі так ці інакш вызначылі, ці спрабуюць вызначыць сябе маладыя аўтары. Пры рэдагаванні твораў рэдакцыя старалася захаваць і развіць лінію індывідуальнай асаблівасці кожнага аўтара. Чым яскравей будуць вызначацца гэтыя індывідуальныя асаблівасці пісьменніка, тым цікавей будзе яго творчасць.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан