epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Матчына кроў

Раптам прайшла чутка, што недзе непадалёку нехта бачыў на дарозе Максіма, якога ўжо з паўгода не відаць і не чуваць было з таго часу, калі немец выбіў яму два зубы. Ён сышоў немаведама куды. Васьмігадовая Галена ўзрадавалася гэтай навіне і чакала бацьку. Ёй ужо здавалася, што вось зараз адчыняцца дзверы і ўвойдзе ён, звыклай сваёй павольнай хадой, і тады зноў настане поўнае шчасце на свеце.

А то няма таго дня, каб не прыходзіў гэты вядомы ўжо тут паліцэйскі і не дапытваўся: дзе бацька? Ён так мучыць гэтым допытам і яе, малую, і маці. Маці ўсё стогне і плача кожную ноч.

Цяпер маці пайшла на той бок рэчкі, да сваёй сястры, дастаць палатна і кудзелі, каб пашыць Галене на зіму цёплую вопратку. Галена наклала ў печ лому, уссунула на босыя ногі хадакі, адрэзаныя з старых бацькавых ботаў, і хацела ісці куды-небудзь да суседзей, каб дастаць вугалёк жару і распаліць у печы. Раптам адчыніліся дзверы і ўвайшоў ён. Не бацька, а зноў ён, усё той самы паліцыянт, і з ім ужо немец.

— Дзе твой бацька? — як і заўсёды, крыкнуў ён.

— Я не ведаю, дзе дзеўся мой тата.

— Стань на калені і стой! — загадаў паліцыянт.

Галена стала на калені, паліцыянт падпаліў у печы лом, і ўдвух з немцам яны пачалі грэць рукі. Прывыклая да ашчаднасці, Галена падумала, што лом без патрэбы згарыць і, каб зварыць есці, прыйдзецца другі раз паліць дровы. У гэты якраз час увайшла ў хату маці. Яна ўбачыла ў кутку на каленях сваю Галену, і душа яе зайшлася ў смутку і жалю.

— Я не ведаю, дзе дзеўся Максім,— прывычна адказала жанчына.

— А вось ты зараз будзеш ведаць.— І паліцэйскі павярнуўся да Галены: — Устань! Скідай з ног хадакі! Бяжы на двор!

Галена скінула з ног хадакі, устала. Паліцыянт хапіў яе пад пахі і вывеў на двор. Дзьмуў сівер, і ў паветры кружыўся снег. У Галеніных вачах мільганула мерзлая трава каля плота.

— Бяжы! — крыкнуў паліцыянт і пхнуў Галену нагой у плечы.

Босая і ў адной сукенцы, яна пабегла.

— Назад! — закрычаў паліцыянт.

Ахопленая жахам, яна бегала ўзад і ўперад па мерзлай зямлі, а немец крычаў нешта. Яна задыхвалася, падала і зноў усхватвалася, і ў вушах яе грымеў нямецкі крык. Ён працінаў яе жахам.

— Прызнавайся, дзе бацька! — крычаў паліцыянт, і маці стаяла тут жа на вуліцы як анямелая.

У гэты момант грымнуў аднекуль выстрал, і немец пляснуўся на зямлю. Паліцэйскі кінуўся ўцякаць, але праз крокаў дваццаць яго дагнала куля, і ён выпрастаўся навекі.

З-за глухой сцяны выйшаў Максім. Ён бег да сваёй Галены, якая без сіл ляжала на зямлі, але ў гэты момант пачалі выбягаць з хат немцы.

— Галена, бяжы за мной! — крыкнуў Максім, кідаючыся за хату.

Галена ўздрыганулася, родны голас падняў яе на ногі, яна набралася сіл і пабегла. Немец, які першы даскочыў сюды, прыцэліўся і стрэліў. Галена навек упала. Галеніну маці схапілі і павялі. Пад замком яна пасядзела ўсяго некалькі хвілін. Яе ўвагналі ў машыну і памчалі ў бальніцу. Там яна ўбачыла раненага Максімам немца. Ён не варушыўся. Падышоў нямецкі ваенны доктар, нешта лапатаў сваёй мовай і ўзяў у жанчыны многа крыві для немца. Жанчына так аслабела, што ледзьве магла варушыцца. Яе вынеслі ў карыдор і кінулі на падлогу. Яна пачала азірацца і ўбачыла, што два немцы, якія стаялі на ганку, некуды адышліся. Жанчына знайшла ў сябе сілы, каб выбрацца з карыдора і дабегчы нацянькі да рэчкі, а там, ледзь перастаўляючы ногі, яна дайшла да сястры. Шэсць дзён яна прасядзела там у пограбе, набіраючыся сіл і пакутуючы ад смутку і адчаю з таго, што на яе крыві застанецца жывы немец. Яна адчувала сябе быццам бы вінаватай перад сваёй беднай Галенай. На сёмы дзень яна не вытрымала. Як пачало змяркацца, яна вярнулася назад у сваё мястэчка. Усю ноч, аж пад самы дзень, яна прастаяла каля бальніцы, прыткнуўшыся плячом ад тоўстага голага дрэва.

Нямецкі вартавы хадзіў навакол бальніцы. Яна ведала, што ў бальніцы ляжаць хворыя немцы і той самы, патрэбны ёй, цяпер ранены Максімам. Яна дачакалася моманту, калі вартавы немец як бы задрамаў або задумаўся, прыпёршыся плячом да сцяны, дзе было зацішней ад ветру. Сэрца распірала ёй грудзі. Яна ўвайшла ў карыдор. Там было пуста. Яна ўзышла па ўсходах на гару і падпаліла кастрыцу. Яна паспела выйсці назад і стаць зноў пад дрэва, каб бачыць адтуль, як неўзабаве бушаваў агонь, як збягаліся немцы, але не маглі ўжо выратаваць тых, хто там рабіўся трупам у агні. Яшчэ не развіднелася, як яна ішла сцежкаю паўз лес, каб знайсці свайго Максіма...


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан