epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Мяцеліца (З апавядання "Снегавыя дарогі")

— Тпр-рр!

— Што там?

— Гужы ад’ехалі.

— Чаго ж яны?

— Хамуціна лопнула.

— Ну?

— Яй-пр-р-рава!

— Значыцца, прапалі.

— Не наганяй страху дарэмна!

— Які чорт наганяе!

— Ты!

— Я?!!

— От маўчы ды чухай сваю рыжую бараду, калі чухаеш ды памагчы не хочаш.

Сідар падумаў:

«Што барада ў мяне рыжая, дык гэта праўда. То чаго мне злаваць?»

— Злаваць мне няма чаго,— сказаў ён Пракопу,— дай памагу.

І яны ўдвух пачалі блытацца ў вяроўках ды рамянях каля конскіх мордаў.

Коні стаялі сабе паволі ды жмурылі вочы ад страшэннага ветру. Сідар, абадраўшы палец аб мёрзлую вяроўку, пралупіў прыжмураныя вочы і ў белай віхуры снегу ясна ўбачыў адвешаную ўніз губу Гнядога. І можа гэта ад вастраты і трывогі хвіліны тае ці ад таго, што ад утомленасці ды холаду пачалі блытацца думкі, але ў сувязі з губою Гнядога падумаў:

«Чорт яго ведае, можа гэта і ў мяне гэтак губа ад’ехала ўніз».

— Пракоп, братка, глянь мне на губы,— сказаў ён жаласлівым голасам.

— Лезь на сані,— сказаў Пракоп,— бо зараз зусім абсунешся ў снег. Колькі цябе ёсць!

Гулка гуло снегавое поле. Гнаў вецер снег усё ў адзін бок, то раптам пачынаў круціць яго на адным месцы, і ў думках Сідара за гэтыя дзве гадзіны пачало ўяўляцца, што гэта ўжо многа год гэтак гуляе мяцеліца.

Неяк мала ўжо адчувалася, што вельмі ж памерзлі ногі і поўны халявы снегу, што вецер поўзае за каўняром і там растае снег. І раптам неяк забывацца пачало ўсё гэта, і ўявілася як бы шырокая некая дошка, белая і гладкая. Пачала яна ад’язджаць адным канцом усё ўніз. Падае, падае ўніз і неяк упасці зусім не можа.

А тады Гняды раптам шмаргануўся мордаю яму па шыі, Сідар выпусціў з рук вяроўку і сказаў:

— То я хіба, Пракопка, пайду ў сані.

— Я ж табе кажу — ідзі,— гукнуў Пракоп.

— Ідзі, ідзі,— зазвінела па ўсім полі.

Прабег гэты звон да чорнага лесу, што вырас раптам у вачах, стаў ціхай сцяною на блізкай мяжы поля і неба. Прапаў звон ці то гэта вельмі ж заціх, і відаць добра стала хваёвыя шышкі пад чорнымі кустамі, а там цяплынь нейкая адчулася...

Сідар дапоўз да саней, ускаціўся на іх і падумаў:

«Віў я вяроўку з мяккай кудзелі, а гэта ў ёй нейкая кастрыца, вялікая, як запалкі. Што гэта за ліха?»

— Што гэта за ліха, братка Пракоп,— гукнуў ён слабым голасам.

«Трэба яшчэ раз гукнуць і высветліць гэтую справу»,— падумаў Сідар, але ў тую хвіліну моцна званіць пачалі недзе зусім недалёка званы, заенчылі ці то можа забрахалі гэтак сабакі, нехта загаварыў грубым голасам.

«Гэта ж Кірыла Лешанскі гаворыць»,— хацеў сказаць Пракопу Сідар і ўжо раззявіў рот, але нешта трэснула моцна ўвушшу, і пачало ўсё раптам супакойвацца.

Пайшла па ўсяму целу вясёлая цеплата, якая пачала адганяць зблытаны жмут вялых думак...

— Сідар,— гукнуў Пракоп,— хамуціну звязаў. Цяпер пацягні там за левую ляйчыну.

— Сідар, варушыся, не сядзі спакойна,— гукнуў нервовым голасам зноў Пракоп, трохі памаўчаўшы.

І раптам апанаваў Пракопа смутак. Бачыў ён, як нерухома стаялі коні, нават у змроку мяцеліцы бачыў, як варушыў Гняды вушыма, ды чуў, як гуло поле. Нейкая цемень засцілала ўжо думкі, ды не адчувалася, што як бы гэта ўсе пачуцці пачалі сплываць некуды ўніз і нешта моцна сціснулася ў жываце, і тады захацелася Пракопу сагнуцца.

Смутак, неабдымна шырокі, як адчуванне мяжы жыцця і смерці, загойдаўся раптам ва ўсёй істоце і выхваціў раптам з глыбіні мазгоў вострую думку:

«Гэта ж трэба нешта рабіць. Бо гэта мала таго, што звязаў я хамуціну ды адцягнуў назад адну ляйчыну. А можа гэта Сідар нежывы?»

— Дык я пайду пагляджу яго,— сказаў Пракоп,— пайду пагляджу. Но, Гняды і Каштан!

Коні пайшлі. І тады, ужо дзержачыся за сані і месячы снег побач з імі, Пракоп падумаў:

«Дык гэта ж можа і трэба было мне гукнуць на коні, бач, пайшлі...»

І раптам агледзеўся — дык гэта ж ясней стала. Уверсе, над галавой, не цёмна было ўжо, а нек шэра. І ад гэтага ў адзін момант ускалыхнулася ў чалавека радасць, вострая вясёласць. Зразу адчуў ён, што мерзнуць яму ногі, што пальцамі рук не можа ўжо ён ад холаду валодаць. Раптам закружыліся віхурай пачуцці, вочы пачалі бачыць снег, коні, сані, Сідара збоку на іх. Сядзеў Сідар, нек не па-людску скурчыўшыся, задзёршы рыжую бародку ўгору, і маўчаў.

— Сідар, хутка прыедзем,— загукаў Пракоп. Сідар маўчаў.

Тады ў Пракопа з’явіліся думкі, чыстыя, як і заўсёды, звычайныя, як аб усім тым, што заўсёды бачыў і адчуваў. Толькі на адзін момант парушыўся быў ход думак, калі раптам бліснулі наперадзе, блізка, агні ды відаць стала шэрую, завеяную снегам знізу сцяну, але пасля радасная свядомасць зноў накіравала звычайнаю дарогаю думкі, і яны пабеглі.

Усё беглі ды беглі, пакуль на двары, каля нейкай будыніны, не прыйшлося распрагаць коні...

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан