epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Мінск

Сёмага лістапада 1937 года ў сталіцу Савецкай Беларусі з’ехаліся лепшыя людзі рэспублікі і пад сцягам дваццацігоддзя Вялікай сацыялістычнай рэвалюцыі сталі шчыльнай сцяной вакол бронзавага манумента генію ўсіх народаў і часоў. Гордыя за сваю краіну, яны бачылі, як перад імі разгортвалася грандыёзная карціна народнай урачыстасці.

Жалезны рух пяхоты, імклівасць кавалерыі, грукат шпарка ідучых гармат і танкаў — змяніўся бясконцым патокам дэманстрацыі. Магутнасць і гонар, слава і радасць, мудрасць і весялосць — былі матывамі гэтай карціны. І от, з самых нетраў людскога мора выплыла калона дзяцей і падросткаў. Пад урачысты гром музыкі дзеці, ідучы, танцавалі. Форма іх квяцістага адзення мела за свой пачатак народныя ўборы, суладдзе колераў было такое гарманічнае, што на ім адпачывала вока, а зіхаценне гэтай квяцістасці клала бляск на запоўнены народам пляц перад урадавым палацам, па якім плыла стодваццацітысячная дэманстрацыя. Танец усёй калоны быў фонам для сінявокай «прыма-балерыны», якой не было яшчэ і дзесяці год. Агульны танец залежаў ад пластычнага руху гэтай дзяўчынкі, і яна была самым ідэальным увасабленнем дасканаласці, дасціпнасці і грацыі. Ад кожнага руху густыя фалды яе адзення ўзнімаліся і ападалі. На яе плячах ляжала злучэнне колераў арнаментальнай вышыўкі, і таму блузка яе так нагадвала вышытую кашулю беларускай сялянкі, што гэты правобраз паўставаў як жывы. Тут быў прынцып народнага мастацтва, узведзены на вышыню дзяржаўнага размаху.

Дзіця беларускага народа ў дзень дваццацігоддзя вялікай рэвалюцыі выступіла як сімвал прыгажосці абноўленага жыцця. І, можа, гэтае дзіця было найлепшым увасабленнем народнага імкнення да хараства, з якога партыя Леніна зняла ярмо лапцей і ануч, андаракаў і сярмяг.

Мы заўважаем жаночы твар, на якім ляжыць пячаць таго, чым поўніцца ў гэтыя хвіліны душа. Вочы жанчыны не сыходзяць з дзяўчынкі. Яна цешыцца з дачкі сваёй ці ўнучкі? І адданае народу сэрца адчувае, што значыць задуменнасць гэтай жанчыны. Гэтая ціхая радасць. Тут глыбокае разуменне таго, што значыць для народа партыя і Сталін, і адсюль пачынаецца мудрая сталасць. Маленства гэтай жанчыны праходзіла, можа, якраз на гэтым самым месцы, дзе цяпер выступае дзіця народа як само чалавечае хараство. Тут узнімаецца ўрадавы палац, які мог бы заняць паважнае месца ў любым горадзе сусветнага размаху. Тут, можа, больш як дзе ў беларускай сталіцы, сабраліся адзнакі вялікага савецкага горада. А на гэтым самым месцы, яшчэ за нашу памяць, стаялі спарахнелыя чалавечыя прытулкі, сярод якіх таксама хадзіла па зямлі дзіця народа, але хараство яго было задушана: наша памяць бачыць перад сабой вобраз дзіцяці, плечы якога ціснула сярмяга, а ногі раз’ядалі гнілыя анучы.

Дваццаць год таму назад! Пяцьдзесят! Сто! Пяцьсот! Тысяча!

З імглы вякоў уяўленне выклікае вобразы жыцця народа, гісторыя якога заходзіць у тысячагоднія глыбіні.

У самую сівую старадаўшчыну гэта быў драўляны горад. Кожныя год дзесяць-пятнаццаць яго разбуралі міжусобныя войны і палілі пажары. Бярвенчатыя пабудовы то гусціліся на нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы. Цішыня навакольных хваёвых і яловых лясоў парушалася паляўнічым крыкам узброенага лукам славяніна. Тут жа, на месцы зліцця дзвюх рэк, барадаты земляроб абменьваў самаробны зрэбны андарак на вычасаную з разгацістага дрэва саху. Пастукваў на таку цэп, у ганчарнях абпальваліся гаршкі і міскі, звінеў молат на кавадле — майстры выкоўвалі вілы, нарогі, мячы і аправу для шчытоў. З двароў чуліся галасы кароў, авечак і коз. Шыракаплечы лясны бортнік таргаваўся з майстрам на дробныя хатнія рэчы, якія ён выменьваў на мёд.

Гусцей узнікаюць паселішчы вакол Мінска. На месцы зліцця дзвюх рэк купляюць, прадаюць і мяняюць кожны свае вырабы. Тут больш паяўляецца майстроў і пачынаюцца першыя адзнакі рамесніцтва. Мінск робіцца мацнейшым і сталейшым аселішчам гарадскіх людзей.

З самых найдаўнейшых часоў у Мінску скрыжоўваліся гандлёвыя шляхі з усходу на захад і з захаду на ўсход. Дзве вялікія дарогі ішлі праз Мінск. Паўночная — праз старадаўні Лагожск (цяпер мястэчка Лагойск), Барысаў, Оршу, Смаленск — у Маскву; паўднёва-заходняя — праз Слуцак на Валынь і далей да Царграда, а на захад — праз Брэст. Гандлёвыя дарогі спрыялі таму, што горад стаў моцны і багаты. Яшчэ ў трынаццатым стагоддзі пачынае вызначацца гэты бок жыцця горада. У чатырнаццатым стагоддзі гэта нават вызначае твар Мінска. Тут прывозяцца з далёкіх месц дарагія тавары і завязваюцца гандлёвыя сувязі. На мінскім скрыжаванні вялікіх шляхоў адбываюцца дзелавыя спатканні. З гарачых гутарак, поўных гандлёвых спраў, сачылася палітыка тагачасных дзяржаў, інтарэсы якіх сутыкаліся ў канфліктах.

У першай палове чатырнаццатага стагоддзя Мінск робіцца горадам Літоўскай феадальнай дзяржавы. У канцы таго ж стагоддзя Мінску дадзена Магдэбургскае права.

Купцы і гандлёвыя абознікі спыняюцца ў карчмах. Людская гамана не змаўкала. Масквіч распытваў валынца, што там у іх чуваць. Валынец адказваў, што «зноў, мусіць, з ляхам узагрудкі схватка будзе». За тым жа доўгім карчомным сталом і сам той варшаўскі шляхціц натапырваў ганарыстае вуха, шукаючы патрэбных яму палітычных павеваў.

Саладоўні і мядоўні, тут жа, за два крокі ад карчмы, выраблялі дабрэнны напітак, які не мог тут доўга трымацца ў запасе. На Свіслачы грукацела не менш чатырох вадзяных млыноў. Рамеснікі сядзелі ў сваіх крамках. Тут кожны вырабляў рэчы паводле свайго рамяства. Бляхары і шапачнікі, шаўцы і злотнікі прадавалі тут жа, на месцы, тое, што выходзіла з-пад іх рук. Кірмашны гандаль ішоў уздоўж па Нямізе. На мастах цераз рэкі стаялі мытныя скарбнікі і бралі кірмашную плату з кожнага воза, які ўязджаў у рыначную зону з якім-небудзь таварам. На гэты ж кірмаш з ваколічных сялянскіх паселішчаў прыходзіў палюдзець на грамадзе земляроб — у лыку, анучах і зрэб’і. Ён не вельмі смела расхаджваў па Мінску: тут часта відны былі княжыя службоўцы, дзяржаўцы, феадальныя магнаты і іхнія панкі і падпанкі. Просты чалавек мог кожнага з іх зняважыць нават сваім позіркам, які мог здацца высокаму пану ці высакаватаму падпанку непачцівым. А за знявагу такой асобы дзяржаўны закон мог прысудзіць простага чалавека не толькі да розаг, а і да адсячэння рукі («Літоўская метрыка»).

На Замкавай гары стаяў замак — на правым беразе Свіслачы. На земляным вале вострымі зубамі ўгору ўзвышаўся тын з дубовых плашак. Некалькі мураваных вежаў узнімалася над тынам. Драўляныя і мураваныя пабудовы былі ў сярэдзіне. Там жа стаяла і царква — адна з першых мінскіх цэркваў.

Ад гэтага замкавага месца, уздоўж па Нямізе, пачала выбудоўвацца ўжо мураваная вуліца. Узнікалі вуліцы з крамамі і яткамі, выбудоўваліся гандлёвыя рады. Вуліцы выцягваюцца спачатку на поўдзень, пасля на поўнач і забіраюць у гарадскую рысу дробную рачулку Пярэспу, ад якой да нашых часоў не засталося і следу.

З некаторага часу, каля мясцовых феадалаў і грашовых магнатаў, таксама як і каля чужаземных купцоў, якія тут спыняліся, пачаў круціцца хітры варшаўскі тып. Можна сказаць, што якасцямі сваіх метадаў, паводзін і натуры гэта быў прататып пазнейшага езуіта і яшчэ пазнейшага шпіёна, якога адна суседняя дзяржава ўзяла моду засылаць да нас. Гэты тып адзяваўся найчасцей у адзенне духоўнай асобы. Спачатку ён шукаў ахвотнікаў да авантур, пасля вынюхваў, дзе якому ўплывоваму легкадумцу можна паабяцаць залатыя горы, якіх Варшава не мела. Ён шукаў прыхільнікаў да Варшавы, завязваў сувязі з чужаземцамі.

У 1569 годзе адбылася Люблінская унія, і Мінск уваходзіць у склад Польска-Літоўскай дзяржавы. З гэтага часу горад пачынае напаўняцца місіянерамі-папістамі.

Беларускі народ, звязаны з народам рускім блізасцю мовы, бытавым укладам, звычаямі і, нарэшце, адзінствам веравызнання, увесь час не паддаваўся польскаму ўплыву, які палякі стараліся ажыццяўляць тут яшчэ і да Люблінскай уніі. Унію яны рыхтавалі задоўга да гэтага.

Блізасць беларускага народа з рускім мела пачаткі яшчэ ў сівой старадаўшчыне («Полацкая Русь», «Кіеўская Русь»). З часоў уніі пачынаецца самая жудасная паласа ў гісторыі беларускага народа — час панавання над ім польскага панства. Польскія магнаты, паны і падпанкі наязджаюць сюды і садзяцца на беларускіх землях. І ў гэты ж час Польская дзяржава выдае акты, якімі запрыгоньвае сялян. У Маскоўскай Русі паншчыны, як такой, яшчэ тады не было. Паншчына там устанавілася пазней. Беларускае сялянства рэзка павярнула свае вочы на Маскву, і самаўладная расправа польскіх паноў з беларускім сялянствам набыла ўжо выразны характар польскай дзяржаўнай палітыкі. Варшава навадняла Беларусь каталіцкім духавенствам. Апалячванне парода ішло праз форму абярнення яго ў каталіцызм. Такім чынам, змаганне за праваслаўную царкву стала формай змагання народа з прыгнятальнікамі.

Час панавання ў Беларусі польскага панства быў часам паглыблення элементаў трагізму і суму ў слоўпапесеннай народнай творчасці. Засталіся і дайшлі да нас цыклы народных песень таго часу, слоўны матэрыял якіх і мелодыка прымушаюць страсянуцца кожнага ад глыбіні трагізму.

У гэтыя часы ў Мінску пачаў асталёўвацца каталіцызм. Папісты засноўвалі каталіцкія манастыры (кляштары). Пачынаючы з канца XVI стагоддзя і да 70-х гадоў XVII стагоддзя ў Мінску было пабудавана 11 манастыроў з школамі і езуіцкімі калегіямі. Твар горада набывае адмысловы выгляд.

У XVI стагоддзі ў Мінску пасяліліся татары. Гэта былі палонныя, якія трапілі ў палон у бітве пад Клецкам. Пасяліўшыся ў Мінску, палонныя татары заснавалі з цягам часу цяперашняе татарскае прадмесце Людамант.

У самым пачатку XVII стагоддзя ў Мінску быў страшэнны голад. Старыя дакументы паказваюць, што на вуліцах валяліся трупы памерлых з голаду людзей. У палавіне XVII стагоддзя на Міншчыне была доўгая сялянская вайна супроць паноў. У навакольных лясах хаваліся сяляне і не прапускалі па дарогах ні аднаго пана, ні яго службоўца. Дакументы гавораць, што сяляне ў Мінскім павеце «паноў разаралі» і «шляхту мучылі». Пасля задушэння паўстання ў Мінску быў суд над злоўленымі сялянамі. За мінскім астрогам, у самым горадзе, іх, згодна судовай пастановы, закапалі жывымі ў зямлю.

У часе войнаў рускага цара Аляксея Міхайлавіча з Польшчай за Украіну Мінск быў узят рускім войскам пад камандай князя Хварасціна і не малы час быў у складзе Маскоўскага царства.

XVI, XVII і XVIII стагоддзі — час развіцця ў Мінску рамесніцкіх цэхаў і бесперапыннага ўмацавання і росту гандлёвай буржуазіі. Узнікаюць цэхі злотнікаў, бляхароў, краўцоў, шаўцоў, кавалёў, шапачнікаў, катляроў, гадзіншчыкаў, мечнікаў, нажоўнікаў...

Пры Екацерыне ІІ Мінск, як і ўся Беларусь, быў далучаны да Расіі. Мінск стаў губеранскім горадам у складзе Расійскай імперыі. У 1812 годзе Мінск быў заняты французскім войскам. За часы напалеонаўскага паходу ў Расію ў Мінску было забіта і загінула без вестак каля 35 000 чалавек.

Усталёўвалася ў Беларусі эпоха рускага самадзяржаўя. Праваслаўная царква стала сімвалам казённага прыгнечання і казарменнага рэжыму. Губернатар і архірэй, паліцыя і кансісторыя пачалі вызначаць вонкавы выгляд горада.

У XIX стагоддзі каля Мінска ўзнікаюць суконныя фабрыкі Скірмунта і Слатвінскага і Лагойская баваўняна-ткацкая фабрыка графа Тышкевіча. У Мінску ўзнікаюць чыгуналіцейныя, абутковыя і гарбарныя заводы. Пачынае вырастаць пралетарыят. У другой палове дзевятнаццатага стагоддзя праз Мінск прайшлі і ў ім перакрыжаваліся Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская чыгункі. Яны як быццам бы замянілі сабой старадаўнія мінскія гандлёвыя шляхі. Мінск стаў буйной станцыяй на дарогах паміж усходам, захадам і поўднем.

У кіпучую таўкатню і гармідар гарадскіх кварталаў у святочныя і кірмашныя дні ўрываліся гукі старэчага хору пад акампанемент лір. Грымела па горадзе губернатарская карэта: «ангел Минской церкви» архірэй праязджаў на сваім чацверыку. Гулі гудкі мінскіх заводаў, праходзілі з працы і на працу рабочыя. Правінцыяльная вандроўная трупа давала ўвечары спектакль, выходзілі газеты губеранскага маштабу. Рог Саборнага пляца і Губернатарскай вуліцы сапраўды ўпрыгожваў стыльны і цікавы пяціпавярховы будынак гасцініцы «Еўропа» — гасцініцы, якая, трэба сказаць, апраўдвала сваю назву і тады, і цяпер.

Быў жа і просталюдзін, чалавек бедны і працавіты, які ў лыку, зрэб’і і шарачку прыходзіў у Мінск з вёсак. На мінскім рынку ён прадаваў свой няшчасны бядняцкі набытак. Тут жа ён шукаў абы-якой работы. Такі ж самы чалавек раніцой спяшаўся на завод ці фабрыку. Ён марыў аб заработку і аб зямлі, ён ненавідзеў губернатарскую карэту і панскі фаэтон. З самых старадаўніх часоў — і з эпохі панавання над ім польскага панства, і з эпохі ўціску яго Расійскай імперыяй — ён ствараў сваю творчасць: у песнях і казках ён выяўляў філасофскую глыбіню сваёй трагічнай і, разам з тым, аптымістычнай душы. У афіцыйны свет ён не мог глядзець як чалавек: яго беларускую мову той, хто меў над ім неабмежаваную ўладу, называў мужычай.

У такім жа бяспраўі жыў тут і другі народ. Так жыў другі просталюдзін — яўрэй.

Душа народа поўнілася воляй да вызвалення. У народзе спрадвеку жыла нянавісць да прыгнятальнікаў і нястрымнае імкненне да змагання з імі. Народ ніколі не быў маўклівым нявольнікам, і мы можам з гонарам за сваю беларускую сталіцу сказаць, што Мінск мае багатую мінуўшчыну ў справе агульнанароднага змагання з прыгнётам. Гэтае змаганне ідзе праз паўстанні супроць феадальных замкаў у часы Літоўскага княжаства, праз сялянскія войны супроць польскіх паноў, праз паўстанцаў, якія жывымі закапаны за мінскім астрогам, праз бунты і дэманстрацыі мінскіх цэхаў, праз нянавісць да біскупаў, ксяндзоў і архірэяў. Паяўленне гарбарань і металаапрацоўчых і іншых арцелей, а пасля фабрык і заводаў, узнікненне і пашырэнне ў канцы XIX і пачатку ХХ стагоддзяў даволі буйных паводле таго часу і маштабаў горада майстэрань спрыяла фармаванню і росту пралетарыяту. Асаблівую рэвалюцыйную актыўнасць мелі чыгуначныя майстэрні ў 1905 годзе. Адгэтуль пачаліся тады агульнагарадскія рабочыя забастоўкі. Студзень, люты, сакавік, красавік і май таго года былі месяцамі мінскіх забастовак.

З таго часу дагэтуль не згладзіўся ў памяці мінчан курлоўскі расстрэл народнай дэманстрацыі. Вестка аб царскім маніфесце была атрымана 28 кастрычніка. Народ сабраўся каля Віленскага вакзала. Пачаўся рэвалюцыйны мітынг. Губернатар Курлоў, напалоханы рэвалюцыяй, даў загад разагнаць мітынг стрэламі ў натоўп. Салдаты пачалі страляць з розных бакоў і стралялі хвілін дзесяць. Увесь час чулася афіцэрская каманда. Забітых было 60 чалавек і параненых — больш сотні.

На Савецкай вуліцы ў Мінску ёсць драўляны дом, ператвораны цяпер у музей, дзе ў 1898 годзе адбываўся першы з’езд РСДРП.

У часе імперыялістычнай вайны Мінск быў прыфрантавым горадам. Пад канец вайны тут стаялі кіраўнічыя ўстановы Заходняга фронту. Скапленне салдацкіх мас, бежанскія абозы, абозы вайсковыя, артылерыя, земскія саюзы — зрабілі горад цесным. Ён разбураўся і стаў запушчаным. На вуліцах і пляцах натоўпы бежанцаў і салдатаў раскладвалі вогнішчы, пры агні на саломе і пяску ляжалі хворыя дзеці, на вуліцах ляжалі хворыя і паміралі. Тагачасны Мінск быў горадам, у якім да жудасці згусціўся накіп народнага гора. Дзесяткі тысяч людзей, выгнаных вайной у беспрытульнасць, збіраліся тут. На рагу Кіраўскай і Валадарскай вуліц ёсць вялікі трохпавярховы дом, які доўгі час пасля вайны меў неафіцыйную назву дома смерці. Там адзін час быў цэнтральны бежанскі камітэт. Там жа мелі свой часовы прыпынак бежанцы, найбольш няшчасныя і хворыя. У калідорах, пакоях і залах гэтага дома, у кутках, на падлозе тыфозныя людзі паміралі дзесяткамі і сотнямі ў дзень.

Народ, ідучы за сваёй вялікай ленінскай партыяй, устанавіў на сваёй савецкай зямлі спакойную радасць працы і творчасці. І, памятаючы свае пакуты ад навязанай яму вайны, народ цалкам паўстане супроць усялякай спробы таптаць яго зямлю ботамі чужаземнага салдата.

У моры народнага няшчасця не патухала і разгаралася іскра рэвалюцыі. Рэвалюцыйныя камітэты і арганізацыі салдатаў Заходняга фронту спрыялі таму, што Мінск стаў у рад самых рэвалюцыйных гарадоў эпохі вайны і рэвалюцыі. Сярод салдат Заходняга фронту вёў рэвалюцыйную работу Міхаіл Васільевіч Фрунзе. Першым старшынёй Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерній быў Міхаіл Васільевіч. Ён жа быў членам Мінскага гарадскога савета і членам франтавога камітэта армій Заходняга фронту. У часе карнілаўшчыны Міхаіл Васільевіч быў начальнік штаба рэвалюцыйных войск Мінскага раёна. І, нарэшце, наш гонар за сталіцу нашай рэспублікі ўзнімаецца яшчэ больш, калі мы ўспамінаем, што на пасяджэннях Цэнтральнага Камітэта нашай партыі напярэдадні 1917 года Мінск спамінаецца як актыўны рэвалюцыйны горад, які патрабуе паўстання. Вось словы Леніна: «Абласны з’езд і прапанову з Мінска трэба скарыстаць для пачатку рашучых дзеянняў».

У 1918 годзе Мінск перажыў нямецкую акупацыю, а ў 1919 годзе — акупацыю польскую. На руінах пакутнай мінуўшчыны беларускага народа панская Польшча старалася ўваскрасіць былое сваё над ім панаванне. Можа, змрочныя стагоддзі з глыбіні гісторыі беларускага народа і не паўставалі б у такіх жывых вобразах перад нашымі вачыма, калі б не польская акупацыя. Але сярэдневяковая змрочнасць шматлікіх момантаў з нашай гісторыі ўстае перад намі як жывая, калі мы думаем аб 1919 годзе. Польскага пана нічому не навучыла нацыянальная гісторыя Польшчы. Яго не навучыла нічому і Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі. Ён, як і яго сярэдневяковы продак, быў і ёсць у вачах нашага народа вобразам бессаромнага злодзея, жудаснага ката і крывавага забойцы. У часе акупацыі ў Мінск прыязджаў пан Пілсудскі. Гэтым актам Польшча хацела быццам маральна ўзаконіць сваё імкненне ажыццявіць падуладнасць Беларусі Пальшчызне. Беларуская контррэвалюцыя ў асобе Беларускай цэнтральнай рады ўрачыста вітала Пілсудскага ў Мінскім тэатры і называла яго сваім бацькам. Беларускі народ адказаў на гэта партызанскім паўстаннем супроць палякаў. Якраз у той самы час ствараліся атрады і мінскіх партызанаў.

11 ліпеня 1920 года Чырвоная Армія з боем увайшла ў Мінск. Масквічы і разанцы, паволжцы і падняпроўцы — чырвонаармейцы, салдаты Вялікай рэвалюцыі, адваявалі Мінск і, разам з атрадамі беларускіх партызанаў, пагналі ворага далей. Разбураны і спалены палякамі, у многіх сваіх мясцінах больш падобны да руін, чым да жывога горада, Мінск пачаў новую эпоху ў сваёй шматвяковай гісторыі. Беларускі народ увайшоў у вялікую братнюю сям’ю савецкіх народаў, і Мінск стаў яго сталіцай.

Улетку 1936 года былі ўзарваны і звезены два няўклюдныя помнікі эпохі царызма: праваслаўны сабор на Пляцы Волі, царква каля Заходняга чыгуначнага моста, на тым месцы цэнтральнай магістралі Мінска, адкуль пачынаецца Савецкая вуліца. Стылёвыя асаблівасці гэтых будынкаў рэзалі вока нават тады, калі Мінск не меў яшчэ такіх, як цяпер, сталічных рыс. Ад знішчэння гэтых дзвюх былых цвярдынь імперскага праваслаўя пачалося ажыццяўленне вялікага плана перабудовы горада.

Дзевяціпавярховы ўрадавы палац, пабудаваны яшчэ год чатыры таму назад, стаў цэнтральным месцам сталіцы. Тут сканцэнтраваны вышэйшыя рэспубліканскія ўстановы. Пачынаючы з дзевяці гадзін раніцы і да чатырох дня ў гэтым квартале Савецкай вуліцы не спыняецца кіпучы рух. Бесперапынна пад’язджаюць і ад’язджаюць легкавыя машыны, паток дзелавых людзей плыве да пад’езда палаца. Бронзавы манумент Леніна ўзнімаецца перад палацам на вышыню трох паверхаў.

У гэтым месцы пачынае вызначаць будучыя свае абрысы Ленінскі пляц. Дом урада займае амаль што квартал. Ленінскі пляц будзе яго абкружваць. Пляц пачынаецца ад Заходняга моста і даходзіць да Універсітэцкага гарадка, пабудаванага раней за Дом урада. Ад гэтага месца і да тэатральнага сквера — пяць кварталаў Савецкай вуліцы з цямна да цямна запоўнены патокам людзей. Натоўпы ўліваюцца ў вызваленую ад транспартнага руху Ленінскую вуліцу і займаюць усю яе шырыню. Тут сканцэнтраваны буйны магазінны гандаль.

Пляц Волі стаў ціхім месцам магазінаў і ўстаноў. Неўзабаве тут пачне будавацца Дом прафсаюзаў. Пляц гэты будзе злучацца новымі вуліцамі з пляцам Тэатра оперы і балета, які пабудаваны ўжо на былым пляцы Траецкага рынку і цяпер абсталёўваецца. Кошт будаўніцтва тэатра — 13 мільёнаў рублёў. Памерамі будынка і сваім унутраным сцэнічным абсталяваннем тэатр належыць да лепшых узораў сусветных тэатральных будынкаў.

У нас увайшло ў прывычку гаварыць «дом» там, дзе трэба сказаць «палац». Дом Чырвонай Арміі, пабудаваны на Чырвонаармейскай вуліцы, паблізу Драматычнага тэатра і побач з домам ЦК КП(б)Б, ёсць узор прыгажосці і дасканаласці. Гэта цудоўны палац. Побач дома ЦК КП(б)Б пабудавана Дзяржаўная беларуская бібліятэка. Колькасцю кніг, іх каштоўнасцю і падборам бібліятэка займае трэцяе месца сярод бібліятэк Савецкага Саюза.

Беларускія цэнтральныя газеты, Акадэмія навук, кансерваторыя, даследчыя і навуковыя інстытуты, два драматычныя тэатры, Тэатр юнага гледача і Тэатр оперы і балета — усё гэта створана ў наш час.

Восем трамвайных маршрутаў звязваюць гарадскія раёны. Варштаты і абсталяванне для заводаў, мэблю і абутак, адзежу і найлепшыя гатункі абутковага тавару выпрацоўваюць заводы і фабрыкі беларускай сталіцы. Заводскія варштаты, зробленыя ў Мінску, экспартуюцца за граніцу.

Вялікія і стыльныя пабудовы ўзнікаюць на месцы старых. Ад новапабудаванага дома альбо палаца ўся вуліца адразу зменьвае свой выгляд. Перад тварам новага мацней выступаюць яе старыя рысы, адразу відно, якая ўжо яна цесная паводле размаху гарадскога жыцця. Праходзіць год-два, і ад яе ранейшага выгляду не застаецца і следу. Яна ўся забудоўваецца нанава, новыя пабудовы адступаюць углыбіню, вуліца робіцца шырокай і прыгожай. Так стварылася, на месцы былой Падгорнай вуліцы, вуліца Карла Маркса, адна з бліскучых магістралей Мінска.

У «Старым горадзе», на месцы знесеных старых дамоў,— засаджваюцца скверы. Прыгарадныя лясы ўваходзяць у гарадскую рысу як паркі і месцы адпачынку. Былы Камароўскі лес ужо «стаў горадам», і адсюль пачынаецца Пушкінскі праспект — новая вуліца, на якой выраслі будынкі Політэхнічнага інстытута, універсітэцкіх клінік, Дома друку, Акадэміі навук, школ і кватэрных дамоў. Тут знішчаны прынцып старога разумення гарадской ускраіны. Праз некалькі год гэта будзе бліскучы квартал сталічнага горада, які сваімі манументальнымі будынкамі будзе пачынацца адразу з палеткаў пшаніцы.

Сотні стаханаўцаў беларускай сталіцы высока трымаюць яе прамысловасць. Дзесяткі тысяч шчаслівай моладзі з’язджаецца сюды атрымаць вышэйшую асвету на сваёй роднай мове ў дзесятках вышэйшых навучальных устаноў. Мінск — цэнтр беларускай літаратуры, музыкі і ўсіх відаў мастацтва.

Мінск — першы савецкі горад па дарозе з Заходняй Еўропы ў Савецкі Саюз. Экспрэс «Столбцы — Маньчжурия» спыняецца на пероне Мінскага вакзала, і цікаўныя замежнікі прыпадаюць тварамі да вагонных вокнаў, стараючыся разгледзець першы на іх дарозе савецкі горад.

Да граніцы ад Мінска недалёка. Па той бок граніцы беларускі народ не мае сваёй сталіцы. Як і раней, яго мову называюць там хамскай. Але і на нашым карку калісьці сядзелі польскія паны, а цяпер на нашай зямлі стаіць наша нацыянальная сталіца — вялікі савецкі горад — з цэнтрамі культуры вялікага народа.

Мы патрыёты сваёй краіны. Савецкія народы вялікай сваёй гісторыяй, гераічным змаганнем з прыгнятальнікамі і эксплуататарамі заваявалі паўнакроўнае жыццё сваіх рэспублік. І наш народ, разам з усімі савецкімі народамі, высока трымае свой гераізм і славу.

Мы патрыёты сваёй сталіцы. Шматвяковы горад мы ператвараем у бліскучае ўвасабленне сваёй гордасці.


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан