epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

На курортах

У крымскіх санаторыях і дамах адпачынку жывуць і правяцца ўтомленыя працай і хворыя працаўнікі нашых савецкіх гарадоў і вёсак, а ў крымскіх прыватных дамах і гасцініцах жывуць і карнаваляць людзі — хто іх ведае якія; гэта «нэпачы», а можа проста, так сабе людзі...

Вечарам, калі мора кіпіць бляскам месяца і надберажных ліхтароў, наберажная горада Ялты завалена натоўпам «эфірных» жанчын і «поўных густу ды хараства» мужчын. Тут «на лоне дзіўнай прыроды», у курортных выгодах, утвараецца падняцце «тонкаэстэтычных» пачуццяў чысценькіх курортных жанчын і мужчын; на бліскучых панелях, на прыберажных вуліцах, на скверах і бульварах, на прытульных лаўках, пад густым, цёмным зелянівам паўднёвых дрэў людзі — не проста людзі, а людзі — жанчыны і мужчыны. У бесклапотнасці і бяздумнасці людзі «ў чарах» ад ночы паўднёвай краіны, ад свае чыстаты і зграбнасці, ды яшчэ, пэўна, ад надзвычайнай лёгкасці мазгоў, якія, калі яны больш-менш цяжкаватыя і чым-небудзь запоўнены, робяць часам не так-то лёгкім і ўсё цела...

Перад гэтым, перад «карнавальскім» вечарам, значыцца, ялцінскія гандляры пудраю, парфумай і зграбнымі палачкамі-«тростачкамі» ды хлыстамі добра зарабілі і не спыняюць свайго выгаднага гандлю і вечарам.

Натоўп «курортных» людзей узяў тут пад сваю ўладу філасофска-хмурны гоман марской вады, бесперастанку пранізваючы яго пустазвонам вясёлага смеху, узяў пад уладу чыстату паветра, напаўняючы яго пылам, і нават узяў пад уладу адзін з вялікіх і дзіўных твораў чалавечага пачуцця — музыку.

Каб весялей гулялася, каб лягчэй і непрыкметней ператравіць вячэру з прыберажных рэстаранаў, запітую віном, каб напудраныя і размалёваныя жанчыны яшчэ больш здаваліся «эфірнымі» — на бульвары грае музыка. Слаўныя твары вайсковых музыкантаў, спакойная постаць капельмайстра — відны між кустоў пры роўнай сцежцы. З блішчастых трубаў узнімаецца нявыказаная словамі бяскрайняя тонкасць і глыбіня. Яна напаўняе сабою ўсё і, здаецца, можа варочаць не толькі чалавечай душой, але і цёмнымі абрысамі блізкіх гор ды змрокам ціхіх далін. Зыкі плывуць над горадам, імчацца над морам. Будучы вышынёй хараства, яны нейкім насмешнікам прызначаны забаўляць глухі для іх натоўп. Часам ускінуцца яны бяскрайняй вясёласцю, як бы смехам над глухімі, што на наберажнай. Мора ж, злоснае і вялікае, вечна грозна шуміць і б’ецца ў берагі, як бы хочучы затапіць наберажную, ведаючы, што на ёй адна толькі пустата...

 

Другое жыццё ёсць на курортах. З дамоў адпачынку кожны дзень выходзяць на бераг мора купацца ўтомленыя і хворыя працаўнікі. Але гэта можа «трэцяе» курортнае жыццё. Я ж хачу сказаць яшчэ аб адным. На тым двары, дзе жыву я, кожны дзень скрыпіць стары гармонік — гэта хахол з Курскай губерні прыехаў на курорт вылечыць «беркулёз» касцей у нагах. Ён шавец і для таго, каб пражыць, латае старыя сандалі; у самую ж гарачыню дня на мыліцах вылазіць з свае каморкі ў ніжнім паверсе белага дома і, каб весялей было «прымаць сонечныя ванны», рэжа на гармоніку бясконца доўгія і скрыпучыя «нумары». Насупраць брамы гэтага двара, на вуглу Вінаграднай і Марской вуліц прымае сонечныя ванны другі хворы — самарскі татарын, што прыехаў на курорт лячыць сухотныя лёгкія. З сонечнымі ваннамі ў гэтага справа лепш, як у хахла. Калі таму, для таго каб прыняць ванну, трэба адрывацца ад работы, дык гэты і ванну прымае і работу робіць, патрэбную для таго, каб пражыць на курорце: ён прадае квас. Угледзеўшы каго-небудзь на вуліцы, ён стараецца выгаварыць, глытаючы пры гэтым вулічны пыл:

— Квас, квас, самы першы сорт!..

Калі ніхто доўга квасу не купляе, татарын пераходзіць поперак вуліцу і, пільна паглядаючы на пакінены ў некалькіх кроках квас, садзіцца ў самай браме, на сонцы. Да яго прыходзіць кульгавы хахол з гармонікам, і пад яе скрыпучы акампанемент яны вось ужо некалькі дзён спяваюць адну вядомую ім абодвум песню:

 

Мне ў вочы глядзела,

За ручку брала!..

 

Спяваюць яны абодва ціха, наколькі дазваляюць слабыя лёгкія татарына і неабходнасць расцягваць гармонік хахла. А пасля гавораць яны з сумам аб тым, што ў Куршчыне ўжо прыбіраюць каноплі ды малоцяць пшаніцу, а ў Самаршчыне яго (татарына) жонка ў гэты час дню якраз недзе, мусіць, пайшла за ваколіцу, каб вылучыць з стада карову ды напаіць яе ў рэчцы, а пасля падаіць. У галасах іх сум па прывычнай працы, па пакінутым ладзе жыцця. І зноў яны пачынаюць ціха спяваць, пакуль якому-небудзь гандляру шашлыкамі не захочацца выпіць квасу...

 

Апрача квасу ды сандаляў на курортах зарабляюць, хто чым можа. Прыезджыя з Крымскай стэпі татары пякуць шашлыкі «па 5 кап. палачка», а хто прыехаў сюды не так для курорту, як для заработку, шукае сталай працы ці так сабе якіх-небудзь заняткаў...

Учора вечарам у Ялцінскім гарадскім садзе прафесар багасловія мітрапаліт Увядзенскі чытаў лекцыю аб тым, ці васкрасаў Хрыстос, ці не. Пакуль пачалася лекцыя, я сядзеў у садзе ў слаўнай і вясёлай грамадзе ялцінскіх рабочых, матросаў і «нізавой» інтэлігенцыі і слухаў глыбакадумныя вылічэнні, колькі лектар сягоння заробіць. У кемкіх рабочых вылічэннях бралася пад увагу, колькі каштуе «сад для лекцыі», колькі «падаходнага падатку» за лекцыю аб васкрасенні Хрыста, колькі білетаў раскуплена. Выходзіла, што заработак будзе «нічаво». Чуліся нават зайздросныя галасы, што добра, ліха на яго, быць гэтакаму чалавеку: і на курортах пабудзе і грошай заробіць. Побач жа са мной нейчы фаталістычна-спакойны голас выводзіў «дактрыну», што на свеце робіцца неяк, што жыў ці не жыў некалі той Хрыстос, а вось цяпер чалавек сядзіць і зарабляе на гэтым. От бо «устройства» на свеце!..

Мая грамада пачала разыходзіцца, не даслухаўшы лекцыі да канца — мусіць, ёй было цікавасці да пытання «васкрасаў Хрыстос ці не» столькі, колькі мне да таго, колькі каштуе кіло пудры. Не даслухаўшы да канца, пайшоў і я.

У начным шуме мора чуўся трагізм, але музыка не грала, і гудкі караблёў былі поўны «курортнага смеху».


10.09.1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан