epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

На папялішчы

Зоры пабялелі, і на ўсходзе неба запалавела. Ясна вызначыліся панурыя абрысы чорных асмалкаў. Старана неба, супрацьлеглая ўсходу, успыхвала як бы белым туманам, і зямля ўздрыгвалася. Але гук сюды не даходзіў. Стаяла вялікая цішыня, і павявала духам адзіноты.

Адзінокая чалавечая постаць стаяла на дарозе, паабапал якой чарнеліся печышчы, тырчалі асмалкі, і адусюль тхнула гарэласцю. Развіднялася паволі. Добра відзён стаў абгарэлы конскі труп у абвугленым бярвенні. Адзінокі чалавек паволі азіраўся. Ён быў высокі і трымаў у руках аўтаматычную вінтоўку. На галаве шапка з аўчыны, і торба цераз плячо. Льга было заўважыць, што ён вачыма шукае чагосьці навокал сябе.

Вялікае пажарышча ўжо астыла. Бадай што да самага далягляду чарнеліся абсмаленыя сады і вялікія дрэвы, і ўсюды ляжалі сцены чорным асмаллем. І толькі наводдалек відны былі дзве хаты з вокнамі і стрэхамі, і з каміноў у іх ішоў дым. А тут, бліжэй, захавалася ад агню дробная будыніна з адным акенцам.

- Гэтая варывенька праз нейкі цуд тут асталася, - разважліва мармытнуў сам сабе чалавек, і на твары яго, як і раней, не зварухнулася пячаць застылага холаду. У яго віселі доўгія вусы, і твар быў абветраны. Было яму з выгляду год пад пяцьдзесят. Ён не ведаў, куды ісці; у кожным разе, у такой няпэўнасці была ўся яго пастава. Раптам ён як бы ажывіўся. Нейкая постаць паднялася аднекуль з асмалкаў і рушыла проста да яго. Гэта была жанчына. Падтрымліваючы пад барадою незавязаныя рагі хусткі, яна шпарка падышла да незнаёмага ёй чалавека. На твары яе была напісана вялікая скруха. З выразнымі нотамі надзеі ў голасе яна запытала:

- А я гляджу, хто гэта стаіць тут. Ці далёка куды?

- Я сюды прыйшоў, - адказаў ён, гледзячы на яе імклівую паставу.

Здавалася, што яна прагне або пачуць штосьці, або расказаць аб нечым.

- Але вы доўга стаіце на адным месцы. Я ўсё глядзела на вас.

- Бо я тут нічога не ўбачыў таго, да чаго ішоў, можа, пяцьсот кіламетраў.

Твар яго раптам пацямнеў і перасмыкнуўся ўсімі сваімі рысамі.

- А ты не тутэйшая, што я цябе не ведаю?

- На гэтым месцы я жыву больш года. Унь у той варывеньцы.

- А дзе ж твой дом?

- Ужо даўно няма дома. І дзяцей няма, і мужа няма. І нікога ўжо няма. Усё з'еў немец. Дзеці памерлі ад такога жыцця. Мужа забілі немцы. Я асталася адна і прыблыталася была сюды.

- А хто яшчэ жыве ў той варывеньцы?

- Нейкі хлопец яшчэ жыве. Косцік.

- Косцік? - устрапянуўся чалавек. - А колькі яму год?

- Год дванаццаць.

- Чарнявы?

- Чарнявы.

- Шрам на пераноссі?

- Але.

Чалавек змяніўся ў твары.

- Дома ён цяпер?

- Не. Пайшоў яшчэ ўчора на работу. Хлеб зарабляе.

Чалавек змоўк і сцяў губы. Было падобна, што ён не хоча больш ні пытаць, ні слухаць.

- Нічога. Ён здаровы і дужы, - сказала здагадлівая жанчына.

Твар у чалавека ажыў, і вельмі шпарка чалавек выказаў цэлы струмень слоў. Гэта быў парыў раптоўнага ўздыму яго душы.

- Дык ты ведаеш яго, гэтага Косціка? Ты, можа, кожны дзень яго бачыш? О, як ён радзіўся, якая была мне радасць! Тут я сабе і дом паставіў новы. Дваццаць пяць год таму тут было голае поле. Тут за гэтыя годы цэлае мястэчка выбудавалася. Якія дамы стаялі ў людзей! Мы садоў колькі панасаджвалі!.. Унь мой дом быў, дзе тое шула асмаленае тырчыць.

- Адкуль жа вы ідзяце? - абазвалася жанчына.

- У Германію везлі, а я ўцёк. Тры разы я ўцякаў. Лавілі. Страляць хацелі. Мне шанцавала. У атрад да партызан прыбіўся. І вось прыйшоў следам за фронтам.

- А ці далёка ўжо немцы?

- Мусіць, далёка. І наша войска ўжо ўсё наперадзе.

- Косцік зараз павінен ісці, - сказала жанчына. Паволі яна пайшла ў сваю варыўню.

Чалавек зноў адзін стаяў на дарозе. І зноў яго твар стаў шэры і халодны. Як бы ён сам стараўся сцішыць свае парывы і імкненні. Жанчыны ўжо не было. І Косцік нідзе не ішоў. Чалавечая постаць узвышалася адна сярод чорных асмалкаў. Гэта было чорнае пекла. Пустэча. І зноў постаць з'явілася на дарозе. Гэта было падобна да мужчыны. Нагавіцы. Боты. Ватоўка. Брудныя вусы пад носам. І на галаве хустка. З носа цякло. Вачыма ён глядзеў, як жывёліна ў разніцы на нож. Падняўшы рукі ўгору, ён шпарка ішоў проста на чалавека. Голас хрыпаты, захалоджаны:

- Капут. Смерць. Я не ваюю. Я кінуў зброю. Я астаўся. Я шукаю добрага сэрца. Я да сваіх дзяцей хачу. Я астаўся на полі бою. Злітуйся, чалавек.

Гэты немец гаварыў ламанай расейскай мовай. Дрэнна гаварыў, і не ўсё дайшло да вушэй чалавека. Але выгляд яго! Гэта была просьба і гора. Бяда. Пошукі ратунку.

Зноў чалавечы твар ажыў і паяснеў. Чалавек не вытрымаў. Яго ж самога душыла гэтая абсмаленая пустэча! «Чаму ж так доўга Косцік не ідзе?» Душа яго рвалася. Ён гатоў быў абняць гэтага абарванага і змерзлага немца.

- Хадзем у тую варыўню, там будзем разам грэцца і есці што-небудзь.

Поплеч яны зрабілі некалькі крокаў. Жанчына стаяла ля дзвярэй у варыўню і сказала да чалавека:

- Дык ці не немец гэта з табою ідзе? Ён ужо ўчора звечара прыходзіў. - І раптам загаласіла: - А дзеткі ж мае! Ужо і мне жыць няма як! Нашто мне жыць, калі вас няма! Немец, што ты нарабіў! Нашто ты спаліў маіх дзяцей!

Валасы яе лезлі з-пад хусткі. Твар у яе дрыжаў, вочы сталі вялікія і страшныя. Яна падняла абкуродымленую цагліну і кінула немцу ў грудзі.

- Гэта Гітлер, - сказаў немец. - Я не...

- І сам ты Гітлер, - крыкнула жанчына і кінула ў немца другую цагліну.

Чалавек уздрыгануўся. Вусы яго зварухнуліся і твар акамянеў. Здавалася, што душа яго заныла навек.

- Косцік! - крыкнула раптам жанчына.

Хлапчук з вострымі прыўзнятымі плячыма ішоў сюды, да людзей.

Твар у чалавека перасмыкнуўся. Хлапчук стаў сярод чорных асмалкаў і як анямеў, спыніўшы позірк на чалавеку з аўтаматычнай вінтоўкай. Немец раптам падняў рукі ўгору і штосьці замармытаў. Хлапчук не зводзіў воч з чалавека. Жанчына зноў загаласіла:

- А гэта ж, мусіць, твой бацька! А ты ж яго ўспамінаў часта!

Твар у чалавека заварушыўся. Шпарка зрабіў ён некалькі крокаў ад немца, падняў вінтоўку і стрэліў. Немец упаў і не паварушыўся. Чалавек абхапіў хлапчука рукой за плечы і шпарка выйшаў з ім на дарогу.

 

1944


1944?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая