epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

На варце

І
ІІ


 

І

Поле — шырокае, дзіўна харошае — заціхла і дрэмле, уздыхаючы калі-нікалі шэптам зялёнага жыта.

Неба — высокае, сіняе — вісіць над полем і пазірае ўніз бліскучымі вачыма-зоркамі. У тым месцы на ім, дзе зайшло сонца, узнялася куча маленькіх кругленькіх хмарак. Бакі іх чорныя, краі залацяцца чырвоным адсветам, гараць і тухнуць.

На дарозе між зялёнага жыта стаяць двое.

Адзін — высокі, з густой барадой, другі — зусім яшчэ малады хлапец. Гэта вясковыя вартуюць тэлефон. Яны адбываюць сваю чаргу, назначаную старшынёю сельскага савета.

Хлапец глядзіць на поле, потым гаворыць:

— Хадзем, дзядзька, па дарозе.

— Пачакай трохі, сынку. Бач, якое хараство ў полі. Я гляджу і думаю: колькі тут людское працы лягло! І ўсе працуюць, і ўсе рады. Мы любім вольную працу.

А быў я ўчора на граніцы. Глядзеў на той бок, у Польшчу. І там гэтаксама хораша ў палёх. І там на іх багацце, заложанае працаю людзей, такіх самых, як мы. Але там побач з вузенькімі сялянскімі палоскамі ляжаць шырокія абшары панскай зямлі, на якой працуюць іх парабкі. Для парабкоў гэта чужое поле, хоць яны на ім і працуюць. А ў нас, бач, сынку, як! Калі ты ніколі не думаў аб гэтым, дык падумай. Добра ўдумайся ў гэта.

Яны пайшлі. З правага боку ўздоўж па дарозе стаялі шэрагі высокіх слупоў, па якіх было працягнута, як струны, некалькі дратоў.

На захадзе хмаркі патухлі, пацямнелі. А ціхае поле мацней запахла травою. Дзе-нідзе навакол міргалі чуць-чуць прыкметныя аганькі далёкіх вёсак.

На трэцяй вярсце над канаўкаю быў мосцік.

Вартаўнікі селі на ім і гаварылі ціха.

— Ты, сынку, яшчэ малады зусім. Табе не больш, мусіць, як гадоў семнаццаць. І старую панскую пору ты хоць і памятаеш, але не ўсё знаеш. А мне колькі прыходзілася мець дзела з панамі, колькі раз я плакаў, хоць быў малады і здаровы. Няма нічога цяжэй, як цярпець несправядліва крыўду. Гэта найгоршы боль.

Адзін раз капалі мы, мужыкі, у пана канавы на балоце. Цяпер мне пяцьдзесят год. Тады мне было гадоў дваццаць. Значыцца, гэта ўжо даўно, год трыццаць таму. Нас было многа.

А якраз тады ў маёнтку ўміраў стары пан. Ён мучыўся многа гадзін і ніяк не мог памерці. Не знаю, якая была ў яго хвароба, знаю толькі, што была яна нейкая цяжкая. Пры хворым было многа ксяндзоў і прыехаўшых паноў. На выздараўленне яго ўжо ніхто не меў надзеі, і ўсе чакалі, каб скарэй ён памёр і перастаў мучыцца. А ён усё хрыпеў і страшна роў.

І вось тады адзін ксёндз уздумаў: трэба прасіць «пана бога», каб ён праз смерць збавіў скарэй пана ад пакуты, і што трэба, каб малілася чым пабольш народу.

Тады малады пан, сын хворага, выслаў к нам на балота свайго лёкая, які і стаў зваць нас у пакой. «Кідайце, людзі, работу,— крычаў ён,— і скарэй ідзеце». Мы не зналі, нашто мы там патрэбны, але, папакідаўшы лапаты, як былі мокрыя і запэцканыя граззю, пайшлі да пакояў. Астаўся толькі я адзін, бо стаяў на дне самай глыбокай канавы і быў вельмі мокры.

Ужо ўсе былі каля пакояў, як пан замеціў, што я астаўся. Ён вярнуўся і закрычаў на мяне: «А ты чаго, сукін сын, астаўся, хадзі!»

Я вылез з канавы і пайшоў.

Як я падышоў к яму, ён размахнуўся і даў мне кулаком па твары. Кроў палілася ў мяне з носа, але я, уцёршыся рукавом, пайшоў за ўсімі ў пакоі. Мне стала крыўдна, і я заплакаў. Але кінуць панскую работу я не мог, бо, як ты ведаеш, зямлі сваёй у мяне тады не было, і трэба было мне як-небудзь пражыць ды яшчэ карміць старых бацькоў.

Дык вось як — я быў малады, здаровы, а плакаў. Не мог нічога зрабіць, пастаяць за сябе... Стары змоўк і падняўся.

— Хадзем, Юзік, назад,— сказаў ён.

Яны пайшлі.

— Ну, а далей што было з панам? — спытаўся Юзік.

— А далей? Кончыўся к вечару. Мы ўсе ўвайшлі ў пакой, побач з тым, дзе ён ляжаў, і некаторыя сапраўды сталі маліцца, але такіх было мала. Найбольш усе стаялі моўчкі, а некаторыя пасміхваліся...

Вартаўнікі падышлі да мяжы і селі каля густога куста быльніку. Скора яны задрамалі.

На захадзе вырасла чорная хмара. Яна паднімалася паволі ўсё вышэй, а потым паплыла стараною.

 

ІІ

Скрозь дрымоту Юзік пачуў, як нешта недзе блізка застукала. Ёп прачнуўся і доўга праціраў заспаныя вочы кулакамі, а потым, пільна ўгледзеўшыся ў дарогу, раптоўна зашаптаў:

— Дзядзька Сцяпан, дзядзька... скарэй!..

У яго галаве бліснула думка, што робіцца нешта страшнае і вельмі важнае і што яны ўдвух павінны нешта рабіць.

Сцяпан хутка падняўся.

Па другі бок дарогі, наўскасы ад іх, стаяў слуп: на самым версе яго нешта чарнела і калі-нікалі шавялілася.

— Разрывае дрот,— шапнуў Сцяпан.

Ён сам зразу не мог зразумець таго, што так раптоўна прымусіла яго ўстрывожыцца — устрывожыцца не затым, што ён сёння вартаўнік, але з-за нейкай другой прычыны. Нешта заварушылася ў ім, і без яго ведама з’явілася пачуццё таго, што ўсё тое, што ёсць тут, на гэтай зямлі, у вёсках, у палях, а ў тым ліку і гэты слуп з дротам, на якім сядзіць цяпер нехта цёмны і псуе яго,— што ўсё гэта ёсць багацце ўсіх, а значыцца, і яго самога.

Зусім не разбіраючыся і не думаючы аб гэтым, але адчуваючы ўсё гэта сваім нутром, ён махнуў сукаватай палкай і пабег па дарозе.

За ім кінуўся Юзік.

Чалавек на слупе ўжо, мусіць, зрабіў сваё дзела, бо паціху злазіў уніз, стукаючы аб дзерава жалезам, уздзетым на ногі.

Угледзеўшы людзей, якія беглі к яму, ён махнуў нагамі, скінуў з іх жалезныя лапы, дзякуючы якім узлез на слуп, і, ссунуўшыся па гладкім дзераве на зямлю, кінуўся бегчы.

Юзік прыпусціў кроку і ўжо даганяў, яго, як той злачынец раптоўна абярнуўся назад і працягнуў руку, у якой быў рэвальвер.

Не прыкмячаючы ў яго руках аружжа, Сцяпан падскочыў к яму і даў палкай па руках.

Рэвальвер выпаў на зямлю, а Юзік падбег ззаду і рвануў яго ногі к сабе.

Цёмны чалавек упаў тварам на зямлю.

— Ага, шэльма,— захрыпеў Сцяпан, кідаючыся на яго і хватаючы яго за рукі.— Ага, папалася, шкадлівая гадзіна! Ты што рабіў? За гэта самае ўсякі мужык, самы цёмны, цябе не памілуе!

Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх.

Сцяпан мацней прыціснуў яго к зямлі і стаў крычаць яму:

— Знай, гад, к каму ты папаў. Ты — пасланец панскі. Я знаю. Ад вас мы збавіліся, дык вы прыходзіце сюды р// кусаць нас?! Знай жа, і няхай знаюць усе тыя, якія паслалі цябе, што калі толькі хто з вас з'явіцца сюды, што калі толькі вы прыйдзеце перашкаджаць нам жыць і працаваць, дык мы ўсе паднімемся на вас. Сядзіце, гады, там, куды мы вас прагналі, пакуль гарапашнікі і адтуль вас не прагоняць.

Чалавек рвануўся, дрыгануў нагамі, вырваў іх з-пад Юзіка і пхнуў яго імі.

Сцяпан пашчупаў рукою твар і здавіў яго.

— Вяжы яму ногі папружкаю! — крыкнуў стары Юзіку.

Юзік пачаў лавіць ногі, стараючыся ўхіліцца ад іх удараў. Сцяпан з усіх сіл стараўся не ўпусціць ворага.

Невядомы чалавек раптоўна перастаў шавяліцца і ляжаў спакойна. Усе трое цяжка дыхалі.

— Слухайце,— пачулі Сцяпан і Юзік голас.— Пусцеце мяне. Я вам заплачу. Усё роўна вам не будзе ніякай карысці ад таго, што вы мяне арыштуеце. Што вам будзе за гэта? Што вы так уверылі ў гэтых бальшавікоў? Што яны далі вам?

— Маўчы, гад! — крыкнуў Сцяпан.— Ты не знаеш нашага жыцця і не можаш так гаварыць. Але паглядзі — паноў у нас няма, га... няма!

Сцяпан хрыпла крычаў.

Па зямлі качалася, стагнала і вохкала нешта сплеценае з трох чалавечых цел.

— Дзядзька, дай яму ў зубы, тады мы яго звяжам! — крыкнуў Юзік, насеўшы на ногі свайго ворага.

Але ў гэтую хвіліну адна нага, вырваўшыся, пхнула яго ў грудзі. Ён адкаціўся, а Сцяпан пачуў, як нешта цвёрдае стукнула моцна яму ў твар.

Усё закружылася ў вачах Сцяпана, бліснулі іскры. Дзікая злосць ахваціла яго ўсяго. Ён сціснуў кулак і, не гледзячы, з размаху апусціў яго. Нешта застагнала, а потым тое, што варочалася і адбівалася, супакоілася.

Хутка яны павялі звязанага чалавека ў сельсавет.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com