epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Наша вясна

Быў такі фрыц, які ўсю зіму вельмі чакаў вясны. Расказваюць, хто яго бачыў, што на ім за зіму распладзілася вошай, як на валачашчым сабаку. Ён так і пражыў зіму, як той сабака,— залазіў начаваць, дзе цяплей і цішэй, еў, што траплялася вырваць у чалавека з рук. На яго шыі нарасла шышкамі кароста. Ён чухаўся, дзёрся, ляскаў зубамі ад холаду і злосці, грэў у прасмердлых анучах звіслае абмарожанае вуха, брахаў на дзяцей і жанчын і дрыжаў перад грозным гаспадаром той зямлі, на якую прывалокся — перад партызанам.

Ён вельмі спадзяваўся на вясну. Вясной ён думаў скінуць з сябе свой сабачы выгляд. Выгадаваўшыся на гітлераўскім сабачніку, ён прывык мець сабачую душу, а зверху меў падабенства да чалавека, і нават гладкага і франтаватага.

Была ў яго недзе там, у Германіі і сука, таксама франтаватая. Фрыц замучыў многа беларускіх дзяўчат і жанчын, паздзіраў з іх шоўкавыя і шарсцяныя плацці і паслаў іх туды, к сабе. Выфранціўшыся ў прысланае плацце, фрыцава сяброўка ганарыста лічыла, што фрыц выконвае высокую нямецкую місію, на якую паслаў яго фюрэр,— заваяваць для Германіі ўвесь свет і з усіх жанчын свету паздзіраць для яе адзежу.

І вось нарэшце прыйшла чаканая фрыцам вясна. Сышоў з зямлі снег, пад цёплым дажджом і ясным сонцам зазелянела першая трава, і на ёй, чыстай і маладой, як пачварнае непатрэбства і паскудная знявага вясне, вылез з-пад снегу спруцянелы фрыц. Прабіты чырвонаармейскай куляй, яго сабачы чэрап ужо вышчарыў смяртэльныя сківіцы, і груган ужо вырваў яго сквапныя вочы. Яго франтаватая хаўрусніца ходзіць у жалобе і раптам убачыла, што калі нагу душыць цесны чаравік, то ад шырыні акупіраванага мёртвым фрыцам свету ні карысці, ні ўцехі няма. Яна заныла, заскуголіла і раптам падумала пра тое, што, круцячы, свет пройдзеш, але назад не вернешся. І ў ёй ажыў чалавек, вытраўлены раней Гітлерам.

Не вернецца фрыц, і не паўстануць з магіл гітлераўскія дывізіі, і не прынясуць фюрэру перамогі! Ганс, які разам з фрыцам чакаў вясны і быў пры яго смерці, з сумам глядзіць на чужую яму беларускую вясновую траву, з жахам слухае гром савецкай артылерыі, дрыжыць перад тварам Чырвонай Арміі і думае пра тое, якая страшная для яго рэч — вясна на савецкай зямлі! Фюрэр гаворыць пра наступленне, а перад яго вачыма выскаляецца смертны фрыцаў чэрап.

Вясна! Май!

Чырвоная Армія ідзе на Беларусь! І хутка вясна беларускай прыроды ператворыцца ў вясну беларускага народа — у час поўнага вызвалення яго ад гітлераўскай погані, якая чакала вясны не дзеля чалавечай радасці, а дзеля сваіх сабачых выгад.

Наша вясна — пагібель подлым прышэльцам!

Наша вясна — нам радасць перамог над імі!


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан