Чырвоная Армія ўзышла на беларускую зямлю. Дарагая і любая Беларусь, бацькаўшчына наша, дачакалася вялікага дня. Канчаецца нямецкае панаванне! Ужо рынулася перапалоханае нямецкае вараннё на захад адусюль, дзе яно думала абжывацца і нажывацца на беларускіх землях, дзе яно думала ўладаць маёнткамі, дзе думала пладзіцца і множыцца, і каб беларускі чалавек служыў яму, і каб беларуская прырода рыхтавала дары свае сквапнаму нямецкаму горлу. Пабегла гэтая навалач з Беларусі. Пакацілася пад грознымі ўдарамі Чырвонай Арміі.
Беларускія дарогі бачылі калісьці на сабе дзікі рух на захад растрыбушанай напалеонаўскай зграі. І сам Напалеон каля нашага Барысава ў Студзянцы ўздрыгнуўся і перасеў з імперскага каня ў сані і памчаўся на захад. На нашай зямлі, пад Баранавічамі, ляснула марна заваёўчая прага кайзера Вільгельма.
Гітлераўскае шарлатанства, якое каштавала і нашаму народу і ўсяму свету гэтулькі крыві, у гэтыя дні кладзе на беларускай зямлі сляды сваёй немінучай гібелі. На полі гарачых баёў падаюць і падыхаюць гітлераўскія заваёўнікі. Абапал дарог тлеюць нямецкія косці заваёўнікаў, знішчаных партызанамі — лепшымі сынамі вялікага беларускага парода.
Нямецкі салдат з выпусташанай Гітлерам душою страціў самога сябе.
Браніраваная нямецкая саранча патаптала нашу мілую, родную зямлю, ліла кроў нашых дзяцей і жанчын, палівала нашы дарогі слёзамі нашых сёстраў, здзірала з плеч чалавека кашулю і грабіла да апошняга наш набытак, а гітлераўская прапаганда крычала наўздагон сваёй салдатні, што гэта адбываецца вялікі акт узняцця Германіі да славы і дзейнасці і што ўсё гэта робіцца дзеля таго, што нямецкі салдат вельмі шчыра любіць сваю айчыну. А гэты ваяка пёр на злом шыі ў глыб нашай радзімы, значачы свой след шыбеніцамі і катаваннямі нявінных людзей. Захалоджаным у нязвыклым яму клімаце голасам ён хрыпеў аб славе фюрэра і дабрабыце Германіі, а сам сабе думаў у той жа час аб тым, каб як найбольш награбіць панчох, чаравік і кашуль. Гэта нічога, што здзёртая з цела замучанага чалавека рубашка будзе ў крыві. Дома Эльза ці Марта вымые і выпрасуе яе, і ўкрадзеная ва славу фюрэра рубашка будзе добрая як мае быць.
Гэта заваёўнік паклаў у руіны нашы гарады, стаптаў наша поле, пастраляў і павесіў нашых блізкіх і родных. І ўсё пхаў у сваё ненаеднае горла. Ён выславіўся на ўвесь свет як крывавы кат і бессаромны злодзей і зганьбіў на стагоддзі самое імя Германіі і германца. Па-гітлераўску гэта называлася замілаванасцю да Германіі, нямецкім патрыятызмам.
І вось нямецкія мазгі ставяцца на месца. Біты нашай зброяй і адбіты ад сваёй разгромленай часці, нямецкі заваёўнік валочыцца па нашых лясах або ранены ці кантужаны валяецца дзе-небудзь пры дарозе і душой прагне, каб хоць убачыць яшчэ сваю Германію, каб хоць дацягнуцца да яе.
Мы любім сваю родную зямлю чыстай душой і вялікім сэрцам. Не прагнасць на чужое, а творчасць і праца дзеля бацькаўшчыны — гэтым жыве наш чалавек.
Нашай роднай беларускай зямлі давялося перанесці першы ўдар ад нямецкай зграі. Прыйшоў дзень расплаты і вызвалення. Блізка той дзень, калі ўстане з руін і Гомель, і Мінск, Віцебск і Магілёў... Блізка дзень мірнай працы на вольнай беларускай зямлі.
Слава Чырвонай Арміі!
Беларуская жанчына ўжо ўзняла насустрач слаўнаму воіну сваіх дзяцей.