epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Навагодняя ноч

У гэты момант усім здалося, што вусы ў дзядзькі Людвіка яшчэ больш, як заўсёды, абвіслі ўніз. «Ён або недапіў, або перапіў»,— падумаў сын. «Зараз нешта прыдумае смешнае»,— падумала дачка. «Нешта ўспомніў і зараз пачне расказваць»,— падумала жонка, якая лепш за ўсіх ведала норавы свайго мужа. А госці — суседзі і сваякі — пілі і закусвалі, але сёй-той, гледзячы на свайго гасціннага гаспадара, думаў, што Людвік нечым нездаволен.

Ён нешта раптам змоўк, працерабіў пальцамі вусы, адсунуў ад сябе чарку, але не зусім далёка, так што відно было, што ён яе ўсё ж такі вып’е.

— А ведаеце — роўна дваццаць пяць год таму назад... гэта ж... у тысяча дзевяцьсот пятнаццатым... ох, як ідуць гады!..

І дзядзька Людвік змоўк, засмучоны горкай праўдай, што адзін год вельмі шпарка саступае месца другому.

— Лепш вазьмі ды закусі,— сказала жонка, падсоўваючы яму доўгую талерку, дзе, натапырыўшы вуха, ляжала белае, як паркалёвае, парася.

Людвік з пагардай паглядзеў на жонку і рашуча разгроб над ротам вусы. «Хоць каб не сказаў якога глупства»,— пачала баяцца жонка.

— Роўна дваццаць пяць год таму назад, у навагоднюю ноч стаяла хмурнае надвор’е,— моцна, вымагаючы да сябе ўвагі, сказаў Людвік, і ўсе павярнулі да яго твары.— Наш полк у тую ноч, звечара, заняў новую пазіцыю і меў дробную сутычку з праціўнікам, але вялікіх баёў у тыя дні якраз не было. Умацоўваючыся на новым месцы, мы натыкаліся на трупы варожых салдат. Адзін з гэтых салдат не быў яшчэ трупам, ён толькі паміраў, і я, на нейкім абшарпаным хмызнячным узлеску, якраз на яго наткнуўся. Ён ціха стагнаў і нешта ўсё хацеў сказаць. Хоць было і цёмна, але я заўважыў, што ён адной рукой, якая, мусіць, была ў яго здаровая, стараецца нешта дастаць са свайго ранца. А ранец неяк няспрытна ляжаў у яго пад бокам. Я нагнуўся на момант і ўбачыў, што ён цягне з ранца нешта накшталт пісьма. Я памог яму. Гэта сапраўды было пісьмо. А другое, як я тут жа заўважыў, толькі краем відно асталося з ранца. Я дастаў і тое. У маіх руках было два пісьмы. Я іх працягнуў раненаму салдату, каб ён забраў іх, але слабым рухам пальцаў і незразумелым мне шэптам ён даў мне зразумець, каб я забраў іх сабе. Я ж быў салдат, які бачыў шмат чаго на свеце, і мне стала ясна, што ён просіць, каб я гэтыя пісьмы адаслаў як-небудзь. Я паднёс іх да вачэй і заўважыў, што адрасы напісаны. Салдат гэта бачыў і змоўк. Яму стала спакайней на душы, гэта я ведаў.

Затрымлівацца на тым месцы больш я не мог. Я пайшоў далей ад салдата, ён ужо больш не стагнаў. Пісьмы я схаваў у свой ранец, і ўся тая навагодняя ноч прайшла ў клопаце. Валокся густы золкі туман, мы дзяўблі кіркамі і капалі рыдлёўкамі зямлю. Адным словам сказаць, да раніцы мы ўмасціліся на новым месцы, але, як выявілася, ненадоўга. На світанні зноў была дробная сутычка, і мы апынуліся ў новым месцы. Памятаю, што туман разышоўся, мы беглі пакарпаным снарадамі полем. Я прабег тым самым месцам, дзе хадзіў уночы. Пад самы канец бою мяне ранілі. Калі ўсё сціхла, мяне адправілі ў шпіталь, і я тады мала што памятаў. Памятаю толькі як праз сон, што мне было вельмі холадна і паднімалі мяне са снегу.

А як мае быць апамятаўся я праз некалькі дзён у шпіталі. Тады я ясна ўспомніў, што, калі мы беглі на світанні, то я ўбачыў быў таго самага салдата, у якога ўначы забраў два пісьмы. Ён ужо ляжаў нежывы. У шпіталі я ляжаў каля трох месяцаў. От якая мне была навагодняя ноч дваццаць пяць год таму назад.

Дзядзька Людвік змоўк і пачаў глядзець кудысьці ў сцяну, хмурачы бровы і паторгваючы вусы.

— Ну, а пісьмы? — не вытрымаў самы неспакойны з гасцей.

— Ага, пісьмы. Ну што ж, пасля шпіталя выдалі мне мой ранец нечапаны, такі самы, як ён быў у мяне, і адправілі зноў на фронт. Аж да самай рэвалюцыі я быў у такой абстаноўцы — то баі, то пераходы, то хвароба, то шпіталь — не да тых пісем было. Вядома, я быў гад печаны, што не адаслаў іх як-небудзь адразу, але трэба разумець тое, што я, просты і толькі крыху граматны чалавек, не сядзеў тады так, як цяпер з вамі, за такім сталом, а не спадзяваўся жывым астацца. Гэта праўда, што я не герой там які-небудзь, тут перад вамі я таіцца не буду.

— А ў партызанах жа супроць палякаў быў,— абазвалася жонка, нездаволеная апошнімі словамі свайго Людвіка.

— Што ў партызанах! Пра гэта тут не ход! Адным словам, сказаць вам, я сам сябе не паважаю за тое, што тады не адаслаў тых пісем. Яны ў мяне, на самым дне ранца, праляжалі аж да самага канца вайны. А як пачалася ўжо рэвалюцыя, дык, сказаць вам, думалася — куды цяпер пасылаць тыя пісьмы, не дойдуць яны ўжо нікуды. Я распатрашыў ранец, а пісьмы пакруціў у руках і так і гэтак. Я і так слаба тады чытаў, а па-чужаземнаму, па-нямецку, ці як там было напісана,— па ўсёй акружнасці і чалавека такога ў нас не было, каб хто расчытаў.

Адным словам, сказаць вам, я тыя пісьмы схаваў. Пайшоў год за годам, я часам дастану іх, пагляджу, падумаю, што тут жа ж чалавек думкі свае ад душы пісаў некаму роднаму! Так падумаю і зноў схаваю. І так усё было, аж пакуль ён,— Людвік паказаў на сына,— аж пакуль ён не падрос і не паехаў вучыцца ва універсітэт...

Слухаючы Людвікаў расказ, ніхто не глядзеў на яго сына, студэнта, які канчаў ужо універсітэт. Каб на яго хто раней глянуў, то заўважыў бы, што ён увесь час нейк дзіўна трымае сябе. У часе бацькавага расказа ён стаў нейкі нецярплівы, занадта рухавы, а часамі ўпадаў у задуменнасць і нават быццам не чуў таго, што гаворыць бацька. Цяпер, бачачы, што пасля апошніх бацькавых слоў усе глянулі на яго, ён успыхнуў нейкім празмерным ажыўленнем, прыўзняўся са свайго месца і зноў шпарка сеў.

— Калі я ўжо на другім курсе быў,— перарваў ён бацькавы словы,— прыязджаю на летнія канікулы, бачу раз увечары — бацька зноў круціць у руках тыя пісьмы. А я ўжо тады мог чытаць і па-нямецку, і па-французску. Бяру ў бацькі пісьмы, чытаю адрасы, бачу — на адным канверце напісан адрас па-нямецку ў Германію, а на другім па-французску ў Францыю. Дзіўлюся, чаму Францыю: я ж ведаў, што пісьмы былі ў нямецкага салдата. Што ж, думаю, прайшло многа год — узяў тыя пісьмы, распячатаў і стаў чытаць. Я тады не мог яшчэ бегла чытаць па-французску і па-нямецку, узяў свае студэнцкія слоўнікі і, калі ўсе паснулі, чытаў слова за словам.

— Што ж было ў тых пісьмах?— абазваўся нецярплівы госць.

— I ў адным пісьме, і ў другім было адно і тое ж. І французскі салдат, і нямецкі — кожны з іх пісаў сваёй сям’і, дадому, самыя ласкавыя, самыя лепшыя словы ад душы і сэрца. Французскае пісьмо было напісана раненым французскім салдатам, які, пакуль яшчэ не аслабеў зусім ад раны, ляжаў у полі і стараўся дапісаць пачатае яшчэ перад боем пісьмо. Канец гэтага пісьма — гэта ўжо было развітанне са сваімі блізкімі.

— А як жа гэтае пісьмо магло трапіць у рукі нямецкаму салдату? — устрапянуўся нецярплівы госць.

— Я магу ручацца,— сказаў Людвік,— што яно трапіла да нямецкага салдата так, як і ў мае рукі. Немец, напэўна, быў на французскім фронце і напаткаў раненага француза, можа нават у момант яго смерці.

— Я,— сказаў студэнт,— не вытрымаў, запячатаў пісьмы ў новыя канверты, напісаў тыя самыя адрасы і здаў на пошту, коратка растлумачыўшы ў запісцы кожнаму адрасату, як гэта ўсё было.

— І добра зрабіў,— уздыхнуў Людвік,— хоць сумленне крыху чысцейшае.

— Цяпер слухайце,— сказаў студэнт.— Тут напісана па-французску, але я адразу буду вам ператлумачваць на нашу мову.

Студэнт дастаў з кішэні пісьмо, дастаў з канверта ліст і прачытаў:

«Невядомы, далёкі друг! Маё сэрца ўдзячна вам за тое пісьмо, што я атрымала ад вас два гады таму назад. З яго я даведалася аб акалічнасцях смерці майго мужа многа год таму назад. Новыя раны ў маім сэрцы адкрылі і тую старую рану. Калі я пішу вам гэтыя радкі, я аплакваю свайго сына, таго самага любага хлопчыка, з якім у тым пісьме назаўсёды развітваўся мой бедны муж. Мой сын забіт на вайне ў гэтым годзе, і я асталася адна. Вайна выгнала мяне з дому і разбурыла яго. Я стала бяздомная і адзінокая ў сваёй няшчаснай мілай Францыі. Маё сэрца не вытрымала, і я пішу вам, няшчасная жонка і маці. Я выказваю вам сваю ўдзячнасць. Я не ведаю, хто вы, але ваша сэрца зразумее мяне. Я ведаю пра вас, што вы маеце свой дом і спакой у ім...»

Студэнт дачытаў пісьмо да канца.

— Я яго атрымаў нядаўна,— сказаў ён.

Але яго слоў ніхто не чуў. Усе маўчалі і думалі пра тое, што маюць і дом, і спакой, жыццё і шчасце, і радасць, і сваю ясную будучыню.

Была поўнач. Пачынаўся тысяча дзевяцьсот сорак першы год.


1940?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан