epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Нямецкая цаца шырокага спажывання

Расказваюць пра аднаго злодзея, які залез к чалавеку ў клець і ўзваліў ужо на плечы кубел з салам. І раптам убачыў, што тут жа стаіць гаспадар з папруцінаю ў руках і мерыцца перацягнуць прыемнага госця па спіне. Злодзей ад страху вышчарыў зубы і далікатна сказаў:

— Гэта я прыйшоў нацягнуць на твой стары кубел новыя абручы, пане браце.

За такое панібрацтва гаспадар так сцёбнуў злодзея, што той адразу забыўся, як нацягваюцца абручы на чужыя кублы. Так што на свеце адным бондарам стала менш. Але нічога на свеце ад гэтага не змянілася. Добраму чалавеку ўсё адно прыходзіцца стаяць каля свайго дабра, і ўжо нават не з папруцінай, а з кулямётам. Да нас у Беларусь гэтулькі навалаклося з Германіі ахвотнікаў да нашага сала, што аж дзіва бярэ, як гэта там магло распладзіцца гэтулькі зладзеяў.

Яны, як саранча, прайшлі па нашых клецях і свірнах і абчысцілі ўсё. І раптам пачулі над сваёй галавою свіст — не папруціны, а партызанскай кулі. І не адным, а многімі тысячамі нямецкіх зладзеяў стала менш. Дык яны павышчаралі зубы і далікатна гэтымі днямі сказалі праз сваё радыё:

«У Беларусі пачаўся продаж тавараў шырокага спажывання па зніжаных цэнах для рабочых і сялян, якія маюць добрыя вынікі працы».

А вядома, што азначаюць для нас гэтыя нямецкія «вынікі працы». Гэта значыцца, каб мы дазвалялі ім абчышчаць нашы клеці, каб нават самі неслі свой хлеб гэтай нямецкай брыдзе. Каб мы працавалі на іх, сеялі і жалі, а каб яны жэрлі з нашага мазаля. Каб нашы сёстры, жонкі, браты, дочкі паслушна ехалі ў іхнюю паганую Германію і там уміралі на катаржнай працы. Без нашых рук яны абысціся не могуць, бо гаспадарка іхняя за вайну заняпала, а рабочых асталося ў іх мала. Усіх іх Гітлер пагнаў на фронт. К таму ж яны дрыжаць ад страху перад нашымі партызанамі. Расстрэламі і здзекамі яны толькі распальваюць нашу нянавісць.

Дык фрыцаўская морда расплылася ў ліслівую ўсмешачку і абяцае за «добрыя вынікі працы» цацу «шырокага спажывання».

Мы ведаем, што ў немцаў і сапраўды ёсць тавары вельмі шырокага спажывання, якія яны, як з меха, шчодра сыплюць нашым людзям: бізуны, ланцугі і шыбеніцы. Аддамо ж ім назад гэтыя іхнія цацы, і ў сто разоў больш, чым яны нам іх нарыхтавалі. Калі немец стараецца табе ўсміхнуцца,— ведай, што гэта грымаса паганай сволачы. Сашчамі зубы і адкажы на яго ўсмешку так, каб яна навек акамянела на яго паршывай мордзе.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан