epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Нямецкі паслугач выў, як сука

Вось і вясна прыйшла. І цёпла стала. І зазелянела ўсё. І рэчка пры лесе ачысцілася ад лёду. І ўсё навокал падчысцілася, падхарашылася, паспрытнела, палягчэла, павесялела. І фрыц, худы і доўгі, як жэрдка, надумаўся пазграбнець на вясну. Што ж,— падумаў ён сабе,— пакуль прыйдзецца ў веснавым наступленні, пра якое кажа фюрэр, лыткі стуліць навек, дык хоць тыдняў са два пабыць чалавекам. А вядома, што такое па-нямецку быць чалавекам! Вось ён і пачаў рабіцца нямецкім «чалавекам».

А трэба вам сказаць, што ён за зіму вельмі стаў падобен на валачашчага сабаку. На яго галаве распладзілася вошай гэтулькі, колькі за дзень злятае брахні з языка ў Гебельса. З яго шыі кароста звісала шышкамі. Ён чухаўся, дзёрся і грэў у прасмердлых анучах абмарожанае вуха. А цяпер прыгрэўся на сонцы, выпарыў з галавы вошы, чысцей прыадзеўся і атрымаў нейкі чын пры каменданце ў нашым мястэчку, бо ранейшых чыноў мы такі ніводнага жывога за зіму не пакінулі.

І вось у новым чыне ён, з веснавой прычыны, прыгледзеўся да дачкі местачковага старасты Сымона Пшыкупа. А гэтая Пшыкупоўна ходзіць, як загладуха, пакручваецца перад кавалерам і спадзяецца, што той возьме яе за жонку.

І Пшыкуп стаў дагаджаць фрыцу. Адкарміў яго, адпаіў і зяцем сваім зрабіў. Дык гэты зяцёк тыдняў два нешта, як у мяду, плаваў у Пшыкуповай лагодзе, а пасля павёз маладую жонку ў Германію. Ехала кампанія. Напіліся і нажэрліся, чаго Пшыкун даў на дарогу, а пасля загаўкалі сваю песню і сапхнулі Пшыкупоўну з поезда пад мост.

Неўзабаве водпуск яго скончыўся, і ён вярнуўся і сказаў, што маладая жонка ўжо ў Германіі. Пшыкуп рад, а фрыц таксама рад, што стаў «чалавекам» — пасыцеў на Пшыкуповым хлебе, аж блішчаць стаў.

Тут мы ў адну ціхую ночку наскочылі атрадам, і камендант толькі ойкнуў, і канцы. Паліцэйскія таксама. А фрыца і старасту Пшыкупа жывымі ўзялі. У нас у атрадзе мы яму сказалі, што ведаем, як яго дачка жыве ў Германіі. У адзін момант ён узненавідзеў фрыца і выў, як сука. Як сука, ён і здох разам са сваім фрыцам ад нашай кулі.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан