epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Не вер вушам сваім

Ёсць такія простыя людзі, якія думаюць, што калі хто памёр, дык той нежывы, мёртвы; або калі фрыцы каго павесілі, дык той чалавек ужо не жыве на свеце. Прызнацца, я і сам так заўсёды думаў. Думалася, што калі нямецкі афіцэр у горадзе Петрыкаве вырваў у настаўніцы Кустановіч з рук дзіця і кінуў яго жывое ў агонь, дык таго паганага гітлераўца трэба сцерці з твару зямлі. Беларусы ненавідзяць немцаў. Гэтае сваё нефрыцалюбнае пачуццё яны апраўдваюць тым, што немцы папялілі і паўзрывалі беларускія гарады, расстралялі сотні тысяч беларускіх жанчын і дзяцей, скрывавілі беларускай крывёю беларускую зямлю.

Простыя, наіўныя людзі. Так і відаць адразу, што яны прывыклі верыць сваім вачам і вушам. Што бачаць — у тое і вераць. Фрыцы — дык тыя зусім інакш. Берлінская радыёстанцыя зусім не так думае. Гэтымі днямі яна паведамляла, што таўстазады фрыц з вышчаранаю мордаю — гэта вельмі далікатнае і цудоўнае стварэнне, якога трэба любіць самымі ўзвышанымі пачуццямі, бо «немцы прыйшлі ў Беларусь, каб навесці ў ёй парадак».

А што вы думаеце. Хіба гэта быў парадак, калі людзі жылі сабе, як людзі, елі свой хлеб, будавалі сабе новыя дамы, садзілі сады, вучылі сваіх дзяцей у інстытутах і універсітэтах? Які гэта парадак. Вось гэта парадак, калі на месцы дома вецер круціць попел, а маці з дзецьмі валяецца пры дарозе, прабітая нямецкімі кулямі.

«Як самастойная палітычная адзінка Беларусь не існуе. Там прыйшлося ўвесці нямецкае ўпраўленне».

Прыходзіцца паверыць берлінскай радыёстанцыі. Сапраўды, на Беларусі немцы ўвялі сваё нямецкае ўпраўленне, з вісельнямі, з расстрэламі. І сапраўды, хочуць, каб Беларусь, як самастойная палітычная адзінка, не існавала. Яны задушылі Беларускую рэспубліку, але не задушылі і не задушаць беларускі народ, якога яны баяцца.

Берлінская радыёстанцыя гаворыць:

«Важнай праблемай з’яўляецца пытанне аб жывёлагадоўлі, бо пагалоўе жывёлы ў Беларусі вельмі зменшылася».

Чыстая праўда. Калі фрыц выведзе з хлява апошнюю карову, то якое ўжо там к чорту ў тым хляве пагалоўе! Праўда, па Беларусі цяпер валочыцца пагалоўе нямецкай двуногай жывёлы, але з яе, як той казаў, ні шэрсці, ні малака. Гэтае пагалоўе само стараецца, дзе толькі можа стрыгчы шэрсць і здзерці сем скур. Дзеля гэтага яно і павалаклося на Беларусь.

Далей берлінская радыёстанцыя гаворыць: «Беларусы не маюць ініцыятывы. Таму немцам прыходзіцца рабіць усё самім».

Сапраўды, якія безыніцыятыўныя беларусы! Не падстаўляюць пад нямецкую вяроўку сваіх галоў. Больш таго, на Беларусі немцы дрыжаць за свае галовы. Так што тут беларуская ініцыятыва ёсць, але яна ідзе не ў той бок, у які хацелі б немцы.

«Немцы вымушаны клапаціцца і аб падняцці культурнага ўзроўню беларусаў».

От жа бог даў клопату гэтым фрыцам. Пранёс Гітлер «культуру» вісельнай вяроўкі па Еўропе. Прынёс і ў Беларусь. А беларусы працівяцца гэтаму фрыцаўскаму «культурнаму ўзроўню». Не хочуць фрыцаўскай «культуры», і канец. Вядома, як кажа ў сваёй «гутарцы аб Беларусі» тая берлінская радыёстанцыя,— цёмныя беларусы. Прывыклі верыць сваім вачам, калі бачаць немца над сваёй душою. Больш таго, маюць яшчэ прывычку пускаць пад адкос нямецкія паязды. Таму берлінская радыёстанцыя і вылазіць са скуры, каб навучыць беларусаў не верыць сваім вачам. І гэтае нямецкае навучанне ператвараецца фактамі жыцця ў заклік для кожнага беларуса: не вер вушам сваім, калі брэша берлінскае радыё.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан