epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

(Не верце ніводнаму нямецкаму слову!..)

Не верце ніводнаму нямецкаму слову!

Не выконвайце ніводнага нямецкага загада!

Нямецкія фашысты гавораць, што яны хочуць устанавіць у нас свой «новы парадак». Які гэта «парадак», відно з таго, як яны страляюць і вешаюць нашых людзей, сірацяць няшчасных дзяцей, адбіраюць апошні хлеб, здзіраюць з плеч апошнюю вопратку і лічаць нас не народам, а быдлам. Яны папалілі і паўзрывалі нашы гарады. Яны прынеслі нам гора і кроў, і няўжо мы будзем верыць ім і слухаць іх?

Праўды мы ад іх ніколі не пачуем. Яны даўно ўжо крычалі і хваліліся, што ўзялі Мінск. А тым часам Маскву яны не толькі не ўзялі, а якраз пад Масквой наша Чырвоная Армія зрабіла ім такі ўдар, што яны пачалі бегчы назад без аглядкі і адступаюць і цяпер. Яны кідаюць сваё ўзбраенне, пакідаюць мільёны трупаў сваіх салдат і адступаюць, а Чырвоная Армія гоніць іх з савецкай зямлі. Баі ідуць ужо на нашай беларускай зямлі. Ідуць баі за Беларусь. У блізкім часе наша родная зямля будзе ачышчана ад немцаў назаўсёды.

Пабітая і абяскроўленая пад ударамі Чырвонай Арміі, нямецкая армія вымагае вялікіх папаўненняў людзьмі і тэхнікай. Вайна выцягвае з Германіі сілы. Германія пасылае ўжо ў сваю армію зялёную моладзь і старыкоў. А ў самой Германіі не хапае людзей для работы на фабрыках, на заводах. І вось з многіх мясцін Беларусі немцы забіраюць нашых людзей і гоняць іх у свой тыл на катаржную працу на фабрыках і заводах.

Немцы забіраюць нашых людзей і гоняць іх у свае ваенныя абозы.

Немцы гоняць нашых людзей на земляныя работы будаваць свае ўмацаванні для таго, каб затрымліваць наступленне нашай Чырвонай Арміі.

Немцы выдаюць аб усім гэтым загады, таксама як загадваюць нам даваць ім хлеб, мяса, малако, шэрсць, лён і ўсё іншае.

Не верце ніводнаму іх слову! Не слухайце нямецкіх загадаў і не выконвайце іх! Супраціўляйцеся нямецкім загадам!

Не давайце немцам прадуктаў! Хавайце ад немцаў усё!

Не ідзіце на іх работы, не паддавайцеся ім, каб яны гналі вас на гібель недзе ў свае тылы! Не ідзіце ў іх абозы, не памагайце ім, сваім заклятым ворагам! Не памагайце немцам устанавіць над вамі сваю волю, запрагчы вас у ярмо, рабіць з вас быдла!

Зрывайце ўсе нямецкія мерапрыемствы! Перашкаджайце ім ва ўсім! І гэтым вы паможаце Чырвонай Арміі хутчэй выгнаць немцаў з беларускай зямлі, хутчэй вызваліць вас з-пад нямецкага панавання.

Ганіце вон кожнага немца!

Скора прыйдзе Чырвоная Армія!

У Беларусі немцы не будуць!

Усе, як адзін, паднімайцеся на праклятых фашысцкіх акупантаў!


сакавік 1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан