epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Некалькі заўваг да вучобы пачынаючых пісьменнікаў

У літаратурных работах нашых маладых аўтараў, не толькі тых, якія за апошні час ужо ўвайшлі ў літаратуру, а і тых, што толькі пачынаюць уваходзіць у літаратуру,— ужо можна вельмі выразна заўважыць так ці інакш выражаныя фармальныя кірункі або адзнакі пэўных фармальных кірункаў. Я тут разумею наяўнасць у кожнага аўтара пэўных прыёмаў распрацоўкі аднае і тае ж тэмы ў кірунку да рэалізацыі аднае і тае ж ідэі. Пра больш маладых аўтараў, зусім пачынаючых, можна сказаць, што ў іх льга заўважыць адзнакі тых будучых фармальных кірункаў, да якіх яны могуць быць бліжэй. Вядома, тут гаворыцца пра такіх пачынаючых аўтараў, першыя работы якіх сведчаць пра тое, што пры належнай працы з імі яны ўвойдуць у нашу савецкую літаратуру як добрыя літаратары.

Выхаваўчую працу з імі трэба праводзіць так, каб захаваць і развіць іх аўтарскія індывідуальнасці, выхаваць з іх моцныя і яркія пісьменніцкія індывідуальнасці.

З маладых празаікаў, якія ўжо выявіліся і выяўляюцца, можна назваць т.т. Краўчанку, Лагвіновіча, Манцэвіча, Марчанку, Пінчука, Ермаловіча, Шырокага, Бірылу, Левановіча, Туманскага, Пашуту, Шаўцова, Козляк і інш.

Можна сказаць, што, як правіла, нашы маладыя аўтары пішуць свае творы на сучасным матэрыяле. Літаратурная кваліфікацыя, умельства літаратурна аформіць матэрыял у маладых аўтараў неаднолькавае. Можна назваць т.т. Краўчанку, Ермаловіча, Пінчука, Туманскага, Шаўцова як такіх маладых пісьменнікаў, якія ў шэрагу пачынаючых стаяць ужо даволі высока.

Палітычнае выхаванне маладых пісьменнікаў — вывучэнне марксізма-ленінізма — павінна быць той асновай, на якой грунтуецца ўся літаратурная кваліфікацыя. Можна прасачыць на фактах работы з маладымі аўтарамі, што няведанне, як філасофскі, ідэалагічна растлумачыць тую ці іншую з’яву ў жыцці, робіць уплыў і на форму твора.

У маладых аўтараў гэта асабліва можна заўважыць на праявах сентыментальнае саладкавасці ў стылі. Гэтая форма часта выцякае з таго, што аўтар сам не ведае таго, што ён хоча сказаць сваім творам, і тады, у імя простае літаратуршчыны, ён пачынае соладка апісваць пейзажы — «бярозкі зялёна-кудравыя» або голас жанчыны «пяшчотна-ласкавы». Бывае часам наадварот: механістычнае перанясенне ў савецкую літаратуру гэтае формы, некрытычна запазычанае ад якога-небудзь мёртвага аўтара, скажае самую ідэю. У рабоце з маладымі аўтарамі мне прыходзіцца стыкацца з такімі з’явамі і пасля заўважаць, як па меры развіцця і росту аўтара выпрацоўваецца ў яго выразнасць думкі ў творы, выражанай праз зусім рэалістычныя прыёмы.

Я хачу прывесці адну цікавую з’яву ў справе творчасці маладых пісьменнікаў. У альманаху «Ударнік» № 3 друкуецца апавяданне маладога пісьменніка А. Туманскага «Макар-абібок». А. Туманскі ўдала выкарыстаў старую сентыментальшчыну-літаратуршчыну як прыём для таго, каб высмеяць прагульшчыка на заводзе. Механістычна перанёсшы ў савецкую абстаноўку гэты складаны стылёк, мы атрымалі сатыру. Гэта тым больш цікава, што гэта зрабіў малады аўтар, яшчэ мала спрактыкаваны ў літаратурных прыёмах.

Мы бачым, як некрытычнае засваенне, механістычнае перанясенне формы ў чужы ёй змест гучыць не проста смешна, а шкодна. Гэта павінны ведаць не толькі маладыя аўтары, а і некаторыя аўтары немаладыя, у якіх маладыя вучацца. У нашай савецкай літаратуры мы яшчэ часам можам знайсці рэшткі гэтакага стылю. Гэтае пытанне цесна прымыкае к пытанню аб ачышчэнні нашай мовы ад архаізмаў, ад нацдэмаўскае спадчыны. Змаганне за нашу савецкую стылістыку ў літаратуры найшчыльнейшым парадкам звязана з змаганнем за новыя словы, за новыя кірункі фразеалогіі ў нашай мове.

Прыйшлося спыніцца на апавяданні А. Туманскага таму, што гэты малады пісьменнік удала выкарыстоўвае старую форму ў сэнсе прыёма. У чужым нам змесце гэтая форма станоўчая, у нас яна дасягае адваротнага — гучыць, як іронія.

Заслугоўвае ўвагі такі аўтар, як Краўчанка. У яго выпрацоўваецца свая ўласная манера пісаць. Ён не быў ніколі ў палоне натуралістычных прыёмаў, якія ёсць у шмат якіх маладых аўтараў. Ён смела ідзе на мастацкі вымысел, на творчую фантазію. Самыя апошнія яго апавяданні пераконваюць у гэтым.

Натуралістычная падача матэрыялу, без тыпізацыі, без адбора не ёсць яшчэ мастацкі твор. Часамі ў нас такую падачу матэрыялу называлі нарысам. Гэта перш за ўсё зніжала сам нарыс як жанр, зводзіла яго на нейкую ніжэйшую ступень, праз якую трэба пераступіць, каб перайсці ў вышэйшую літаратурную групу (некаторыя рэкамендавалі маладому аўтару пачынаць не іначай, як з нарыса). Пасля — гэта адразу ўжо ўводзіла аўтара ў план найлепшага развіцця творчай фантазіі. А хіба ж нарыс і сапраўды такі ўжо ніжэйшы жанр? Не. Успомнім нарысы Глеба Успенскага, Максіма Горкага. Іх нарысы (нрз). Адсюль і некаторыя разумелі нарыс як натуралістычную падачу фактаў, якія аўтар наглядае.

Я думаю, што ў маладога аўтара трэба будзіць і развіваць творчую фантазію, накіроўваць яго на мастацкі вымысел. Гэты вымысел — рэальны вымысел. І сутнасць яго ў тым, што аўтар падае факты, з’явы, стварае вобразы — характэрныя і тыповыя, але сабраныя не з аднаго толькі завода ці калгаса, а сканцэнтраваныя ў творы з самага шырокага круга. Пры гэтым — факты самыя цікавыя і характэрныя. Аўтар выходзіць за межы свайго толькі завода і калгаса. Ён у сваім мысленні стварае падзеі, канцэнтруе іх у вузел. Гэтыя падзеі маюць сваіх прататыпаў у жыцці, або калі не маюць дакладнага свайго прататыпа ці калі аўтар бачыў яго, дык усё ж гэтыя падзеі ёсць рэальныя. Гэта значыць, што на аснове законаў жыцця, руху, развіцця грамадства, на аснове законаў свету — яны могуць быць.

І тут нельга абысціся без філасофскага развіцця пісьменніка, без вывучэння філасофіі Маркса-Леніна, якая дае адзіны правільны ключ да правільнага разумення свету.

Выходзячы з практыкі работы маладых аўтараў, можна вызначыць некаторыя моманты першапачатковай работы з імі.

Развіваць творчую фантазію, смела ісці да яе, ісці па лініі рэалістычнага вымыслу, разумець сентыментальны стыль як чужы нам, перамагаць натуралізм. Гэта важныя моманты.

Праца над мовай! Без гэтага нямысліма ніякая літаратурная вучоба. Выразнасць, точнасць, мяккасць слова і фразы — от над чым трэба заўсёды працаваць літаратару.

Трэба слухаць і заўважаць, як гавораць людзі, працуючыя на сацыялістычным заводзе і на сацыялістычнай зямлі. Не так як трэба сказанае слова, можа перакруціць у другі бок увесь сэнс. Гэта выразна даводзяць рэшткі хоць бы сабе таго сентыментальнага стылю, пра які гаварылася вышэй.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан