epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Немцы ўстанаўляюць паншчыну

Дагэтуль нямецкі зброд, які навалокся на нашу зямлю, як ліхая плойма, займаўся тым, што забіваў і грабіў нашых людзей. Увесь час немцы выцягвалі жылы з нашага народа і абабралі яго да ніткі. Больш ужо няма чаго і грабіць, усё зжэрлі паршывыя ненаеднікі. І вось цяпер хітрая нямецкая шэльма спрабуе ўскласці на нашу шыю новае ярмо — сваю, як яны кажуць, зямельную рэформу. Жэрці ім трэба, браць больш няма адкуль, дык яны ўгаварваюць нас, каб мы сваю ўласную зямлю засеялі для іх, а яны спадзяюцца пасля ўвесь ураджай забраць к сабе ў Германію і там будуць жэрці і карміць сваё вашывае войска, якое тут сядзіць на нашай шыі.

Падышла вясна. Блізка пара араць і сеяць, дык вось яны і заварушыліся каля нашай зямлі, як чэрві.

Наўрад ці знойдзецца такі дурань на свеце, які б на сваёй уласнай зямлі ахвотна рабіў, каб якая-небудзь прыблудная гадзіна забрала сабе ўраджай і зжэрла яго, нават дзякуй не сказаўшы.

Немец гаворыць, што будзе надзяляць нас нашай зямлёй! Вось дзядзька знайшоўся! Але паглядзім, што гэта за надзел такі.

Нямецкія газеты і нямецкае радыё тлумачаць пра гэта так, што пакуль ідзе вайна, зямля павінна апрацоўвацца «абшчынай», гуртам, талакой. І трэба, каб усё было засеяна, бо трэба карміць нямецкую армію. А кіраваць гэтай «абшчынай» прыедзе з Германіі немец-інструктар. Гэта значыцца — з’явіцца з Германіі пан, ды яшчэ і чужаземны. За працу ж у гэтай «абшчыне» людзі не атрымаюць хлеба і якіх бы там ні было прадуктаў, а грошы. А гэтыя грошы значаць — акупацыйныя маркі, за якія нічога нідзе не купіш. У той жа час беларускіх хлопцаў і дзяўчат будуць гнаць у Германію, на катаржныя палявыя работы, гэта значыцца, з іх зробяць прыгонных мужыкоў нямецкіх паноў. Нямецкая газета так проста і піша: «Беларутэнія (так яны называюць Беларусь) ужо цяпер можа паслаць у Германію тысячы сваіх маладых людзей і дзяўчат ва ўзросце ад 18 да 25 год, як сельскагаспадарчых рабочых». Германіі цікава мець звыклага да цяжкай працы рабочага.

Немцы тлумачаць яшчэ і на далейшае. Надзяленне сялян зямлёй,— крычаць яны,— будзе пасля вайны, і гэта будзе спадчынная арэнда. Гэта значыць, што беларус будзе арандаваць у немцаў сваю ўласную зямлю.

А далей тлумачыцца, што не ўсе будуць мець права арандаваць зямлю. На гэта будзе мець права толькі той, хто прыдбае к таму часу жывёлу, сельскагаспадарчыя прылады і машыны.

Гладка скроена! Каму ж гэта будзе пад сілу купіць жывёлу і машыны, седзячы галодным і аграбленым? Значыцца, ніхто гэтай арэнды і ў вочы не ўбачыць. Ды да гэтага ўсё так і падведзена, каб не даць нам нашай зямлі і панюхаць, а каб на яе пасадзіць нямецкага пана, а нас зрабіць яго прыгоннымі парабкамі.

Вось і ўся нямецкая «зямельная рэформа». Яна ёсць самая страшная і лютая паншчына, якое не ведалі нават нашы дзяды і прадзеды.

Нямецкая шэльма прывыкла дзейнічаць ашуканствам і гвалтам. Нямецкае гадаўё не лічыць нас за людзей. Мы для іх толькі рабочая жывёла. Яны думаюць, што тут як з тым канём, з якім цацкаюцца, пакуль увядуць яго ў аглоблі. Але наадварот — мы людзі і мы не паддаліся двуногаму нямецкаму звяр’ю.

Не верце вы ні ў якую гітлераўскую зямельную рэформу, не слухайце абармотаў, якія селі на вашу шыю. Ведайце, што Чырвоная Армія ўжо блізка і нядоўга немцу асталося таптацца па нашай зямлі. Не дажджэ ён забраць наш ураджай! Не слухайце яго, тое, што пасееце — тое пажнеце самі. Не слухайце немцаў і не верце ім, а ўсе ўзнімайцеся на іх. Нямецкія гады вельмі добра гінуць і ад кулямётаў, і ад віл, калі іх усадзіць у нямецкае чэрава. Чырвоная Армія з кожным днём усё больш цісне немцаў на Захад. Блізак час вызвалення Беларусі. Ведайце гэта і памятайце, што тры аршыны магільнай зямлі для немца — самая найлепшая зямельная рэформа.


студзень 1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан