epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Немцы знішчаюць беларускую культуру, топчуць асвету і навуку, мастацтва і літаратуру

Увесь свет даўно і добра ведае ўжо, што фашысты — гэта гуны, самыя пачварныя дзікуны, якіх не ведала самая старажытная, першабытная гісторыя.

Аб гэтых сваіх якасцях фашысты з усёй паўнатой заявілі перш за ўсё ў сябе, у Германіі. Адразу ж пасля прыходу Гітлера і яго зграі да ўлады ў Германіі пачаўся паход зверападобных істот супраць усяго жывога, чалавечага, светлага. Фашысты пачалі крывавыя расправы над усімі тымі, хто не схіліў свае галовы перад рэжымам тэрору, здзекаў і катаванняў. Яны разагналі і знішчылі ўсіх перадавых людзей навукі і мастацтва, апаганілі нацыянальныя святыні і нацыянальных герояў. Па ўсёй Германіі на плошчах гарадоў запалалі кастры, на якіх фашысты спальвалі тварэнні геніяў чалавецтва, лепшых прадстаўнікоў духоўнай культуры свету. І вакол гэтых кастроў, б’ючы ў шаманскія бубны, скакалі двуногія дзікуны, пацяшаючыся страшэнным відовішчам разбурэння і знішчэння чалавечай культуры.

Услед за Германіяй немцы-фашысты ўзяліся за знішчэнне еўрапейскай культуры. Усюды, куды ступала нага фашысцкіх акупантаў, знішчаліся лепшыя прадстаўнікі навукі, літаратуры і мастацтва, аддаваліся агню лепшыя тварэнні нацыянальных культур. Замест усяго гэтага ўстанаўліваўся рэжым духоўнага абнішчэння заняволеных народаў, панаванне дзікуноў, для якіх уся культура вырысоўвалася ў вобразе акрываўленага тапара і вісельні.

Такі ж рэжым прынеслі фашысты і ў Беларусь.

Заявіўшы, што беларусы «не здольны кіраваць сваёй дзяржавай», немцы, як самыя спрактыкаваныя разбойнікі з вялікай дарогі, пазбавілі беларускі народ яго дзяржаўнасці. Услед за ліквідаваннем беларускай дзяржаўнасці немцы ўзяліся за знішчэнне ўсіх духоўных і культурных багаццяў беларускага народа.

У чым выявілася тэатральная палітыка немцаў на Беларусі?

А вось у чым.

Немцы ліквідавалі ўсе тэатры, закрылі іх. Разам з тэатрамі закрылі і кінатэатры і ўсе клубы. У памяшканнях цудоўных тэатраў немцы арганізавалі салдацкія пастоі або дамы распусты. І ўсё ж немцы імкнуцца зрабіць выгляд, што яны цаніцелі мастацтва і прыхільнікі тэатральнай культуры. У Мінску, напрыклад, немцы выпісалі нейкі Ляндсбергскі нямецкі тэатр, мастацкі ўзровень якога не перавышае звычайнага балаганнага зброду... Гэты тэатр, канешне, ставіць п’есы на нямецкай мове. У беларускім тэатры за ўвесь час яшчэ не было пастаўлена ніводнай п’есы на беларускай мове. Цікава, які ж рэпертуар у тэатры, якія ж жыццёвыя ісціны ён сцвярджае і ўслаўляе.

Паказальнай у гэтых адносінах з’яўляецца пастаноўка п’есы «Тоталем». І хто б вы думалі аўтар гэтай п’есы? Не хто іншы, як гер Кубэ — душыцель і вешацель беларускага народа. Сваёй п’есай ён імкнецца апраўдаць тыя страшэнныя зверствы, якія твораць немцы на Беларусі. У ёй да ўзроўню станоўчых герояў узведзены такія нямецкія тыпы, што ад гэтых роляў адмовіліся нават такія «патрабавальныя» артысты, як артысты Ляндсбергскага тэатра, і да пастаноўкі п’есы прыйшлося выклікаць салдат з нямецкай арміі — саміх выканаўцаў страшэнных фашысцкіх планаў, забойцаў і вешальнікаў, марадзёраў і распуснікаў.

У Беларусі не засталося ніводнага кіно. Ёсць, праўда, па аднаму кінатэатру ў такіх гарадах, як Мінск, Віцебск, але ўваход у іх дазволен толькі немцам. Пустуе цудоўнае памяшканне Вялікага ордэна Леніна тэатра оперы і балета БССР. Пустуе, бо тыя выступленні, якія наладжваюцца гітлераўскімі падлізнікамі, толькі абражаюць цудоўнае памяшканне, ганьбуюць святыню опернага і балетнага мастацтва беларускага народа. Але і тое бяздарнае, што паказваюць у оперным тэатры, не да густу нямецкім гаспадарам. Обер-бандыт рэйхс-міністр Розенберг распарадзіўся «ператварыць памяшканне тэатра оперы і балета ў месца мітынгаў і дэманстрацый». Навошта разбойнічай душы немца мастацтва? Ім патрэбны салдафонскія парады, гэта іх мастацтва, і толькі адно яно можа крануць іх паганую скуру-душу.

Немцы нарыхтавалі беларускім дзецям страшэнны лёс невуцтва і дзікунства. Усім памятна, наколькі шырока і ўсебакова была пастаўлена ў Беларусі народная асвета. Беларускім дзецям былі адкрыты шырокія дарогі да ведаў — яны маглі навучацца ў пачатковых і сярэдніх школах, у тэхнікумах, рабфаках, у інстытутах і універсітэтах. Усё гэта адабралі немцы ў беларускіх дзяцей і юнакоў. Сотні школ фашысты спалілі і зруйнавалі, у астатняй частцы яны пасялілі сваю брудную салдатню. Гэта вымушаны прызнаць сам гер Кубэ, які, як вядома, надзвычай скупы на праўдзівыя прызнанні, і якія час ад часу прарываюцца міма ўсякай яго волі. Так і на гэты раз. У сваёй праславутай гутарцы з прадстаўнікамі фашысцкай прэсы Кубэ заявіў, што «справа з асветай на Беларусі абстаіць надзвычай дрэнна», што «школьныя памяшканні скарыстоўваюцца не па прызначэнню».

Фашысты, аднак, робяць выгляд, што яны прымаюць захады для арганізацыі асветы. Што ж гэта за захады, у чым яны выражаюцца?

Фашысты наладжваюць на Беларусі нямецкія школы. На гэтыя школы немцы ўскладваюць вялікія надзеі, яны хочуць ператварыць іх у асноўныя ачагі анямечання беларускага парода. Але гэтая фашысцкая надзея ганебна правальваецца: дзеці не ідуць у нямецка-фашысцкія школы, бацькі не пускаюць сваіх дзяцей на калецтва, усе чэсныя настаўнікі адмаўляюцца працаваць у нямецкіх школах.

У народзе ўжо ёсць такая пагаворка: «Там, дзе немец ступіў, там трава не расце». Мярцвячая рука фашысцкіх дзікуноў дакранулася і беларускай навукі. Гэтае «дакрананне» пачалося з разграблення багацейшых архіваў Беларускай Акадэміі навук, са знішчэння тых работ, над якімі натхнёна працавалі беларускія вучоныя. Але і на гэты раз фашысты, не здраджваючы сваёй подлай натуры, робяць выгляд, што яны прыхільнікі беларускай навукі. І вось крывавы гер Кубэ арганізоўвае «акадэмію» навук, «акадэмікамі» ў якую прызначае самых спрактыкаваных катаў беларускага народа, подлых здраднікаў і рэнегатаў. Так і атрымалася: не беларуская акадэмія навук, а разбойніцкая акадэмія па далейшаму ўдасканальванню метадаў і прыёмаў заняволення, абрабавання і знішчэння беларускага народа.

Усім беларусам памятны дні нашага красавання і росту беларускага мастацтва, Дэкада беларускага мастацтва ў Маскве. Беларускае мастацтва літаральна было падобна маладому расцвіўшаму дрэву, поўнаму жыццятворных сокаў, прыгажосці і захаплення, чаго не засталося ў Беларусі зараз...

Тое ж самае і адносна літаратуры. Уся літаратура, калі яе можна так называць і прыхільнікамі якой стараюцца паказаць сябе немцы, прадстаўляецца бруднымі, нікчэмнымі пісаннямі папоўскага стаўленіка Віцьбіча, акадэмічнага стаўленіка Аляхновіча і нейкага наваяўленага «пііта» турэмных засценкаў Тодара Лебяды. Вось яны — фашысцкія літаратары.

Фашысты прымаюць усе меры, каб апаганіць душу беларускага народа, закаваць яго талент, яго цудоўныя здольнасці на ўсё прыгожае, светлае. Але не ўдалося і не ўдасца гітлераўскім душагубам умярцвіць творчую і мастацкую душу беларускага народа, не ўдалося і не ўдасца пагасіць творчае полымя нашых беларускіх людзей.

Беларускае мастацтва жыве і квітнее. Яно дужэе ў смяротнай бойцы з ненавіснымі нямецкімі акупантамі, яно загартоўваецца і набывае сапраўдную сталасць на франтах Айчыннай вайны, яно жыве і квітнее на вольнай савецкай зямлі. Вялікі рускі народ і іншыя народы Савецкага Саюза па-брацку прытулілі майстроў беларускага мастацтва, літаратуры і навукі, далі ім магчымасць творча працаваць на карысць беларускага народа.

...Кожны дзень набліжае час вызвалення Савецкай Беларусі ад нямецкіх акупантаў. Будзе на нашай вуліцы свята. Зноў зажывем мы свабодна, радасна і шчасліва. І зноў пышна зацвіце і закрасуе савецкае беларускае мастацтва, узмужалае, як і ўвесь наш народ, за час Айчыннай вайны.

Дык давайце ж набліжаць гэты радасны дзень бязлітаснай барацьбой супраць нямецкіх акупантаў!

Усе, каму дорагі інтарэсы беларускага мастацтва, хто па-сапраўднаму любіць народ і яго прыгожую душу, хто цэніць талент нашага народа і жадае яму творчага шчасця і росквіту,— няхай кожны паднімаецца на барацьбу, на барацьбу супраць нямецкіх дзікуноў — гэтых лютых ворагаў і знішчальнікаў беларускай культуры.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан