epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Непаразуменне

Пра Паўлюка Бранчыцкага казалі, што ён вельмі зайздросны і сквапны. Здаецца, яно так і было. Заўсёды, бывала, усё выглядае і прыслухваецца, а ці нельга дзе і як упісаць сабе лішні працадзень, або каб дзе лягчэйшая работа, або каб затанна што купіць і задорага перапрадаць. Бывала, людзі работу робяць, а ён ходзіць ды выслухоўвае, дзе хто што скажа. Любіў Бранчыцкі на кожнага скляпаць і падаткнуць куды-небудзь, каб з гэтага выгаду мець. Ён і па свеце цягаўся: усё шукаў лёгкай службы, каб гультаяваць і смачны хлеб есці. Цярпець яго не маглі нашы людзі.

А як навалакліся немцы, дык ён адразу ў паліцаі падаўся. «От ужо дапаў да лёгкага хлеба!» — пачалі ўсе казаць. Невядома, які ён там хлеб еў, але што нямецкім падбрэхічам быў дык пярвейшым. Бывае, што камендант (немец) нічога і не думае, а Бранчыцкі яму ў вушы ўвядзе, дык тады ўжо хоць на свеце не жыві. А пасля знік недзе, і на доўгі час. Казалі, што баяцца пачаў людзей, дык папрасіўся ў іншае месца кудысьці. Можа і так.

Тым часам надышоў добры час: у Мінску гаўляйтара Кубэ партызаны пляснулі дагары нагамі, а Чырвоная Армія пачала гнаць немцаў з Беларусі.

Чуем — Бранчыцкі з’явіўся. Казалі, што бачылі яго, як ён мыўся зранку на двары. І ўжо адзеты як чалавек, а не як нямецкі паліцай. Дык у нас усялякія думкі з’явіліся. Камандзір нашага атрада ўзяў і паслаў мяне разведаць, што з Бранчыцкім такоўскае сталася.

— Бранчыцкі! — сказаў я, увайшоўшы да яго.

— Чаго табе? — сказаў ён, гледзячы на мяне.

— Адкуль ты? — сказаў я, падступаючы бліжэй.

— Чаго табе? — сказаў ён, збялеўшы як палатно.

— Чаго ты так збялеў?

— Хіба?

— Хіба... Вось табе і хіба. Ці не думаеш ты, што я прыйшоў па тваю душу? — намякнуў я.

Тут ён пачырванеў, пасля зноў збялеў.

— Братачка! — размяк ён.— Я думаў...

— Ты думаў, што ў цябе душы няма. Дык дрэнна думаў. Душа твая хоць і чорная, але яна ў цябе ёсць. І відна яна навылёт усім людзям.

— Дык што ж мне рабіць? — аж затросся Бранчыцкі.

— Ідзі запытайся, што табе рабіць.

— Гэта ты мне так кажаш? А божа! Ты ж партызан, я ведаю.

— Дзіва што ты ведаеш. Ты ж усё заўсёды разнюхваў.

«Нідзе дзенешся»,— падумаў я.

Праз тыдняў нешта тры пайшла пагалоска, што ў воласці згінуў немаведама куды бургомістр.

— Але ж і следу няма,— казалі ўсе.— Усё роўна як чэрці на форму схапілі.

Пакуль у нас меркавалі, якія там чэрці яго схапілі, я зноў ткнуўся да Бранчыцкага. Каб вы толькі ведалі, як ён мяне спаткаў! Такой крыўды свет не бачыў, якая была ў яго голасе. Ён аж заікацца пачаў, стараючыся ўсё адразу выказаць.

— Што ж ты, пане-браце?.. Прыйшоў, даў мне напамінак, а сам хвастом накрыўся...

— Якім хвастом? — аж падтуліў плечы я.

— Як гэта якім? Не ведаеш, якім хвастом накрываюцца, калі кажуць адно, а робяць другое? Ты ж мне выразна сказаў, каб я да каменданта схадзіў параіўся, што мне рабіць. Дык выбачай... Папрабуй сам, ідзі даступіся да таго каменданта. Пасля таго, калі ў Мінску забілі Кубу, камендант баіцца з дому носа выткнуць. Падвоіў варту каля сябе і нікога да сябе не пускае. Што мне было рабіць? Ты ж мне выразна сказаў... А можа, не будзеш ты гневацца,— падумаў я,— калі я табе заместа каменданта бургомістра вазьму. Я пайшоў да яго параіцца, якую мне дзе службу дастаць, пазваў яго ў госці, звязаў, заткнуў яму рот — я чалавек здаровы,— усклаў яго на воз і павёз уночы да швагруся — ён у глухім месцы пры лесе жыве. Дык бургомістр там і цяпер, а мне хоць на свеце не жыві, баюся немцаў і скрыцца не магу, бо цябе чакаю. А ты не ідзеш.

Вось як зразумеў мяне Паўлюк Бранчыцкі. Пайшоў я з ім да яго швагруся. Бургомістр там і сапраўды замкнуты ў свірне. І Бранчыцкага швагрусь пільнуе яго. А гэтага швагруся я ведаў.

Які яны ўсе гвалт паднялі, калі пад вечар прыйшлі сюды нашы з атрада.

Бургомістр скардзіўся:

— Гэты сукін сын Бранчыцкі ўсе мае планы спаскудзіў. Я ўжо намерваўся сам ісці да вас, годзе ўжо немцам служыць, канцы іхнія відны. А ён са мной так зрабіў. Хто ж цяпер мне паверыць, што я сам хацеў ужо?.. Гад ты печаны, Бранчыцкі! Каб ты апух!

Бранчыцкі прыставаў да мяне:

— Гэта ж так доўга не з’яўляўся. Чорт жа яго ведаў, дзе цябе шукаць.

Бранчыцкага швагрусь аж енчыў:

— Каб яно згарэла было. Завалілі мне гэтым бургомістрам свіран. Пільнуй яго цэлы тыдзень. Ды яшчэ да ветру вадзі яго, а ў яго ж трыбух, як мех. Стой каля яго можа дзве гадзіны.

Было хоць вушы затыкай. Нашы хлопцы аж клаліся з рогату.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан