epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

(Новая пара гістарычнага жыцця беларускага народа)

Новая пара гістарычнага жыцця беларускага народа пачалася з Кастрычніцкай рэвалюцыі. Духоўныя сілы нашага народа і ўсе яго вялікія магчымасці, якія да рэвалюцыі скоўваліся царызмам, выйшлі на прастор узнятай народнай дзейнасці.

Кастрычніцкая рэвалюцыя паставіла беларускага чалавека на такое месца ў жыцці, што ў далейшым, у часы горкіх сваіх выпрабаванняў, ён быў ваяўнічым змагаром за сваё права. Гістарычная дзейнасць беларускага народа ўжо ішла пад сцягам Камуністычнай партыі, а гэта значыць — роўна з дзейнасцю ўсіх іншых савецкіх народаў, і нацыянальнае жыццё беларуса стала фактам усясветнага значэння. Беларускі народ заняў сваё выдатнае месца на гістарычнай арэне народаў усяго свету. У гэтым і ёсць тое важнае для нас, беларусаў, што даў нам Вялікі Кастрычнік. Назаўсёды знікла перад беларускім народам якая б там ні была небяспека быць выціснутым з вялікага гістарычнага жыцця і астацца зноў без гістарычнага прызнання.

Навекі запісан у нашай гісторыі той факт, што калі ў першыя гады пасля рэвалюцыі Беларусь перажыла дзве акупацыі, то гэты час выявіў многа беларускіх герояў у барацьбе за свабоду роднай зямлі. Народ не аставаўся цярплівым чакальнікам вызвалення. Ён сваімі рукамі і зброяй дамагаўся волі. Не дабітыя ў акопах пад Баранавічамі нямецкія прахвосты ўбачылі ў час акупацыі Беларусі, што трэба думаць толькі пра тое, як бы вынесці ногі з гэтай краіны.

Пасля ачышчэння Беларусі ад акупантаў была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, як завяршэнне гістарычных надзей і імкненняў народа. Працавіты і дбалы беларускі народ атрымаў поўныя магчымасці быць гаспадаром на сваёй зямлі. Прыйшоў час вялікага росквіту ўсіх галін жыцця народа. Высокія якасці беларускага чалавека знайшлі поўны прастор для свайго выяўлення. Пачалі адбудоўвацца беларускія гарады, узнікалі новыя паселішчы. Багатымі ўраджаямі, шматлікасцю новых сельскагаспадарчых культур, разнастайнасцю лепшых парод жывёлы пачала вызначацца наша сельская гаспадарка. Ператварыўся твар нашай зямлі.

Усюды будаваліся заводы і фабрыкі. Беларусь стала краінай высокаразвітай прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Сталіца Беларускай рэспублікі Мінск стаў вялікім, сапраўды сталічным горадам. На вуліцах нашых гарадоў з’явіліся выдатнай архітэктуры палацы.

Геній народа за якія-небудзь два дзесяткі год ператварыў сваю рэспубліку ў найбагацейшую індустрыяльную краіну.

З’явіўся новы тып беларускага чалавека, чалавека — дзяржаўнага дзеяча, будаўніка сваёй нацыянальнай Беларускай дзяржавы. Вышэйшая асвета стала масавай з’явай беларускага жыцця.

Прычына ўсім гэтым працэсам была тая, што Кастрычнік вывеў нашага чалавека на дарогу і даў яму поўную магчымасць творчасці, вольнай працы і развіцця сваіх здольнасцей і таленту.

Можа нідзе так, як у Беларусі, не выяўляліся з такім рэзкім узняццем жыватворчыя ўплывы Кастрычніцкай рэвалюцыі на жыццё чалавека. Самы працэс Кастрычніка ўжо ўзняў з народных глыбінь тысячы выдатных талентаў усіх галін чалавечай дзейнасці. Адкрыццё інстытутаў і Беларускага універсітэта дало гэтым здольным людзям асвету, і ўжо ў першыя годы існавання Беларускай Савецкай рэспублікі Беларусь мела ўжо вялікія кадры свае інтэлігенцыі.

Да таго ж часу належыць і пачатак новых працэсаў у беларускай літаратуры і мастацтве. Як бы ў адзін момант з’явіліся цэлыя плеяды маладых пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў і кампазітараў, і за вельмі малы час беларуская літаратура і мастацтва сталі фактамі міжнароднага значэння.

Тое, што дала беларускаму народу Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, астанецца ў народзе навек як яго вялікі нацыянальны здабытак. Як вынік Вялікага Кастрычніка жыве ў народзе свядомасць свае сілы і свайго гістарычнага права на выдатнае месца ў чалавецтве. Вось чаму так нязломна беларускі народ змагаецца цяпер за сваю волю з подлымі нямецкімі акупантамі, якія стараюцца зрабіць лёсам народа — няволю. Не выйдзе так. Беларускі народ будзе вольны, і Беларусь будзе савецкай.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан