За Харкавам, пры жалезнай дарозе, таксама як і ў нас, трапечуць срэбнымі лісцямі слаўныя асіны і тая самая трава расце на адкосах. Толькі неба тут іншае, ды яшчэ вялікі прастор стэпу адчуваецца недзе за блізкімі ўзгоркамі і кустамі. А пасля, як застаўся ззаду прыгарад украінскай сталіцы — дачы, пабегла з усіх бакоў роўная стэп.
Размах яе — як бяскрайнасць чыстага неба, колер яе нейкі цемнавата-сумны...
Стэп пустая, рэдка дзе відны на ёй пацямнеўшыя ад дажджоў мэндлікі позняга збожжа, многа нізкага, збітага быдлам іржышча і таксама многа цёмнай чарназёмнай раллі, месцамі роўна і гладка выбаранаванай.
Учора перад вечарам у Чарнігаўшчыне бачыў я з акна вагона, як украінцы ўзнімалі плугамі зямлю; па вузкіх палявых дарогах вазілі цэлымі абозамі бульбу, а цяпер, за Харкавам, поле амаль што пустое. І тут многа забаранаванай раллі, і на ёй ужо роўная зеляніна маладых усходаў, ды толькі выгляд тут стэпу зусім іншы. У Чарнігаўшчыне сям-там былі яшчэ лясы, а тут, станцыі праз тры ад Харкава, бяскрайні палявы размах.
Пры станцыях бахчы з гарбузамі, з кукурузаю, а пасля зноў роўная, пустая стэп.
Можа гэта мне з непрывычкі, але выгляд яе нейкі хмурны. Уяўляецца, што канца-краю няма нідзе гэтым прасторам.
Час ад часу прабягаюць міма ўкраінскія вёскі. Белыя мазанкі з нейкай як бы бяздумнай ухмылкай глядзяць з-пад саламяных стрэх; патанулі яны ў садах; між платоў уюцца дарогі-вуліцы, і здаецца, што на іх гразь, а гэта чарназём.
Калі дзе прабяжыць перад вачыма саўхоз — там вялікія кавалкі поля ўкрыты «падсолнухамі» і аруць там параконнымі плугамі на калёсах. І непрывычна тое, што амаль не відно нідзе на полі дрэва.
Учора на захадзе сонца пры самай чыгунцы ляжала поле, засаджанае бульбаю, укрытае чорным бульбянікам. Два хахлы запрагалі ў воз коні, а даль злівалася ў адну цёмную, трохі як бы туманную пялёнку.
І ўспомнілася Беларусь... Там у гэты час трохі пачаўшыя жаўцець дрэвы абліты праменнямі вячэрняга сонца, мацней пахне ў туманнай сырасці ядловец, крычаць па вёсках гусі і слаўна пахне свежаю, нядаўна выбранаю з зямлі бульбаю. Стаяў цягнік — наш і паравік браў ваду ці дровы на раз’ездзе. Я аж выйшаў з вагона — так захацелася пагутарыць мне з хахламі, якія ведаюць усё хараство палявых раніц і вечароў.
— Як гэты год картопля ў вас урадзіла,— запытаў я хахлоў.
Хахол не спяшаючы палажыў на зямлю плуг, які цягнуў на воз, абцёр каравыя рукі аб калені палатняных портак і радасна запытаў:
— А відкіля прыіхалы?
— З Мінску,— адказаў я.
— А скількі вам картоплі трэба? Але картоплі тут мала; гарбузів колі хочэце, то можна...
Я нічога не адказаў, пастаяў трохі, аглядаючы чорную зямлю, бачыў, як хахлы глыбакадумна на мяне глядзелі і маўчалі, і пасля пайшоў назад у вагон ад гэтых мілых, слаўных людзей, у «вобчаства» сваіх суседзяў па вагону — людзей «культурных», якія ўпэўнены ў тым, што калі нехаця дакранешся да чыйго-небудзь рукава ці нават чамадана, то гатова быць бяда, калі часам некалькі раз не скажаш «извините».
На станцыі Бахмач на паштовым аддзяленні шыльда па-ўкраінску: «пошта».
— Украінізацыя, значыт,— падмігнуў мне мой сусед-пасажыр.
— Хэ-хэ,— адказала важным смехам «дама», якая едзе ў Крым хіба можа для таго, каб пахудзець.
Цяпер ужо рэдка дзе відны праз акно вагона вёскі — амаль зусім іх няма. Ужо станцыяў сем ад’ехалі ад Харкава, а можа і больш. За стагамі саломы ў чыстым полі аруць параконным плугам, побач — барануюць дзеравяннымі баронамі, у якія запрэжаны старасвецкія валы, а праз некалькі вёрст зусім адна стаіць радавая сеялка і пры ёй сытыя коні з фурманам...
Стэп маўчыць. Толькі чыгуначныя станцыі з шыльдамі на ўкраінскай мове парушаюць мелодыю яе шырокай цішыні. Месячнымі начамі ў глухіх вёсках тут плаваюць украінскія песні, плачуць вятры над вадою, «у канцы грэблі шумяць вербы», хіляцца вербы долу і месяц аблівае срэбрам белыя мазанкі. А ў бурныя ночы:
«До долу вірбы гне вісокі,
горамы хвілю підыма...»
Гэта стэп вялікага паэта Тараса Шаўчэнкі, гэта стэп вялікага ўкраінца — Гогаля, пабудаваўшага псіхалогію свае багатай творчасці на псіхалогіі глыбокай украінскай душы.
Сонца высока стаіць над стэпам. І з’яўляюцца думкі аб родных скошаных паплавах, аб крыклівых варонах над імі, аб пажоўклых ужо ад восені беларускіх лясах, аб залатых загонах іржышча. Уяўляецца поле з нявыбранаю бульбаю, людзі каля кустоў на полі і ціхая радасць залатых хат у сонечныя адвячоркі ранняй беларускай восені.