Дваццаць пяць год таму назад, 15 мая 1917 года, памёр найвыдатнейшы беларускі паэт Максім Багдановіч. Вялікі грамадзянін і патрыёт радзімы, ён усё сваё кароткае жыццё аддаў служэнню свайму народу. Памёр ён у самым росквіце свайго глыбокага таленту і ў вельмі маладыя гады, калі толькі праходзіла яго юнацтва. Аднак жа ён пакінуў глыбокі след у развіцці беларускай літаратуры. На новыя ступені развіцця ён узняў беларускую паэзію, давёў яе да фармальных дасканаласцей. Чалавек шырокай адукацыі, энцыклапедыст у самым поўным сэнсе гэтага слова, Максім Багдановіч ад самых пачаткаў свае творчасці быў у абсягу перадавых агульначалавечых ідэй, у якіх ён знаходзіў месца беларускай нацыянальнай думцы. Адсюль ідзе вялікая прагрэсіўнасць яго творчасці і яе абсалютная супрацьлегласць рэакцыйнай нацыяналістычнай абмежаванасці.
Ён любіў свой народ і сваю родную зямлю. Шчасце свайго народа ён бачыў у выхадзе яго на шырокую арэну агульначалавечай гісторыі. Як роўны з роўнымі, беларускі народ мысліўся ім сярод усіх іншых народаў, і ў гэтым галоўныя матывы яго творчасці. Адсюль ідзе і яго замілаванне да чалавека, як да асобы, перад якой павінны быць адкрыты ўсе дары жыцця, шчаслівага і радаснага. У гэтым глыбока нацыянальнае значэнне паэзіі Максіма Багдановіча, у якой матывы асобы беларускага чалавека гучаць, як гімн яго імкнення ў прагрэс усяго чалавецтва. Адсюль і матывы нянавісці да ўсялякіх ворагаў народа і да ўсяго рэакцыйнага і цёмнага. І, нарэшце, адсюль ідуць матывы веры ў перамогу народа над усімі цёмнымі сіламі.
Максім Багдановіч жыў і тварыў напярэдадні рэвалюцыі.
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарах залётных агня.
Гэтыя словы яго паэзіі гучаць, як адчуванне блізкага выхаду роднага народа на прасторы вольнага жыцця.
«Не хіліцца з бяды, не пужацца агня...» —
характэрнае слова паэзіі Максіма Багдановіча, паэта-змагара, грамадзяніна і патрыёта. І так жа характэрна для яго паэзіі:
«Устань, свабодны шлях сабе шукай!»
І такім парадкам паэзія Максіма Багдановіча з новай сілай загучала ў нашы дні...
Успомнім шэдэўр Багдановічавай паэзіі «Слуцкія ткачыхі»:
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
Нямецкія акупанты абвясцілі ўсё чалавецтва чымсьці ніжэйшым за нямецкага салдафона, які ад свае тупагаловасці надумаўся запанаваць над усім светам. У сваёй звярынай нянавісці да ўсяго светлага, чалавечага, гітлераўцы імкнуцца ўвергнуць народы ў няволю, дастаць з чалавека яго душу, спустошыць яе, анямечыць усё, што толькі існуе і жыве. Яны знішчаюць народы і стараюцца зрабіць чалавека паслухмянай прыладай дзеля сваіх жывёльных патрэб. Так яны абышліся і з нашым народам. Яны вывозяць нашу моладзь у сваю Германію на паднявольную працу. Але:
Тчэ, забыўшыся, рука
Замест персідскага узора
Цвяток радзімы васілька.
Беларускі народ, так як і ўсе народы, на зямлю якіх уварваліся нямецкія акупанты, не даў і не дасць сваю душу і сваё шчасце на здзек гітлераўскім цемрашалам. Народ — бяссмертны, а ворагі яго згінуць ад яго ж сілы. Усе помыслы нашага вялікага народа накіраваны на бязлітаснае змаганне з ворагам. Воляй да перамогі народам кіруе яго замілаванне да радзімы, яго святое пачуццё нянавісці да подлага чужынца, які задаўся дзікай мэтай вырваць з чалавека яго «я». І грозна, як ніколі раней, гучаць гнеўныя словы вялікага беларускага паэта:
Біце ў сэрцы іх, біце мячамі!
Вось чаму ў нашы дні гераічнага змагання з чорнай сілай, змагання за лёс народаў, за шчасце чалавека, магутная постаць слаўнага беларускага паэта Максіма Багдановіча яшчэ і яшчэ паўстае перад намі. І дарагое нам яго імя жыве ў народзе. І яго светлая асоба ўзвышаецца ў нашай гісторыі, у няспынным руху нашага народа да прагрэсу, да людскога брацтва, да перамог над усімі праціўнымі народу чорнымі сіламі.