epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Паганыя косці

— Бадай цябе парвала на кавалкі, каб ты гніў дзе-небудзь пад маім плотам,— сказаў Мацей, выціраючы слязу.— Каб маё няшчасце стала табе пякельнай пакутай да самай тваёй старасці.

Немец нічога не разумеў з Мацеевых слоў, стаяў, хлябтаў са збанка малако і толькі пакіўваў галавою. Мацей стаяў перад ім і ўсё гаварыў ціхім голасам і павольнымі словамі:

— Каб цябе зямля не насіла, як ты прывалокся сюды на маё гора. У мяне малы Арцёмка хворы ляжыць, я яму гэтае малако за пяць вёрст прынёс, а ты, як сабака, улез у збанок, каб табе сабачая смерць. Гэта ж не малако ты п’еш, а Арцёмкаву кроў. Напаўзло вас, як ліхое плоймы, каб па вас чэрві поўзалі. І карову забралі, і муку выграблі, і жыць не далі. Чуеш, як баба мая плача ад бяды і няшчасця, каб па табе не было каму паплакаць, калі ты апруцянееш, шэльма ты злая.

— Я, я,— ківаў немец галавою, прыслухоўваючыся да спакойнага Мацеевага тону.

— Убег ты ў маю хату, як шалёны воўк. Хіба я зваў цябе? А можа вас зваў Івась Казімерчык, якога вы павесілі? А можа вас чакала ўсё мястэчка Баваўнянка, якое вы спалілі? Ці можа Анэта Базылёвых прагнула вас убачыць, якой вы выкалалі вочы? Дапіваеш малако, каб яно стала табе атрутай!

І Мацей увесь скалануўся і ў момант абхапіў гітлераўца рукамі. Як абцугамі, ён прыціснуў немца да сябе разам са збанком і сагнутымі яго рукамі і закрычаў жонцы:

— Вяроўку! Вяжы!

Жанчына хапіла са сцяны вяроўку і ўкруціла гітлераўцу грудзі, разам з сагнутымі рукамі. Збанок упаў на зямлю і пабіўся. Немец закрычаў. Мацей заткнуў яму рот старою рукавіцай, аддыхаўся і зноў пачаў гаварыць:

— Трасцу ты больш закрычыш! Хочаш, каб прыбеглі тыя твае астатнія, што ў другіх хатах вырываюць у людзей з рота апошні кавалак? Хваробу табе, а не ратунак. Дзякуй богу, змяркаецца на дварэ. Зараз мы з табой пройдземся, пагутарым. Ты, любенькі мой, можа і не бачыў, як у нас добра ў полі і каля лесу. І ноч месячная. Але мы пойдзем цяпер, пакуль месяц не ўзышоў. Не канечне, каб хто прыглядаўся, як мы з табой будзем ісці. Ну, пайшоў, фашысцкі сабака!

І Мацей пхнуў гітлераўца тронкам віл у спіну. Немец стаяў. Мацей даў яму ў плячо выгнутай стараной віл і пагнаў з хаты. Было цёмна. Як выйшлі ў поле, Мацей зноў загуў сабе пад нос:

— Бачыш, я цябе агародам вывеў, каб ніхто не бачыў твайго сораму, што храбры ваяка ідзе з заткнутай ляпай. Будзем ісці доўга, каб і следу ніякага не было, каб ніхто і не падумаў.

Восем кіламетраў Мацей гнаў немца, падштурхваючы яго ззаду віламі. Пачаў узыходзіць месяц. Яны прыйшлі на балота, паміж лясных зараснікаў.

— Вось тут і стой. Паглядзі, як над лесам месяц усходзіць,— можа ты, любенькі, і не бачыў ніколі нашага месяца над лесам. Глядзі, немчык, глядзі.

Гітлеравец як бы чмыхнуў носам.

— То можа гэта ты слязу пусціць задумаў? А чаму ж той ваш вешальнік не пускаў слязы, калі вешаў Івася Казімерчыка? Няхай ужо лепш твае вочы будуць сухія, бо чым большая ў цябе будзе сляза, тым больш я табе не веру і большая мяне злосць разбярэ. Ну, падыдзі сюды, дзе багна яшчэ не падмерзла, а то тут сушэй, мне гэта не патрэбна. Ну, ідзі! Сука!

Гітлеравец зрабіў два крокі, і ногі яго паехалі ў багну.

— От так. На вечны спакой. А каб ты спакайней сядзеў у гэтай мяккай лагодзе, на табе раз віламі па галаве. От так. Глыбей! Глыбей! Нават і ваўкі не дастануць тваіх паганых касцей. Вечная табе памяць. Каб ад гэтай памяці тысячы год людзі адплёўваліся, як ад халеры.

Пад поўным месяцам Мацей стаяў і чакаў, пакуль багна не замкнулася над галавой ворага.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан