epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Палкаводзец Сацыялістычнай Арміі

У дні вялікіх урачыстасцей народаў Савецкага Саюза, калі мільёны сэрцаў зліваюцца ў кіпучы парыў прывітання і ўдзячнасці свайму правадыру за здабытую радасць жыцця і калі сотні тысяч дэманстрантаў ужо гатовы прайсці паўз Маўзалей найвялікшага генія і там мець шчасце ўбачыць на трыбуне таго вялікага і роднага, што ў дзень вялікай жалобы даў клятву непахісна весці народы да далейшага шчасця і гэтую клятву здзейсніў,— у той самы момант з гістарычнай крамлёўскай брамы на баявым кані выязджае палкаводзец. У яго светлы твар і ясныя вочы, і нават у час задумы пячаць жыццярадаснай усмешкі прабіваецца з-пад такіх знаёмых і родных мільёнам людзей рыс яго твару.

Клім Яфрэмавіч Варашылаў, адзін з сузор’я вялікіх імён, найвялікшы ваеначальнік у гісторыі ваеннага руху народаў, першы Маршал Савецкага Саюза.

Часці Чырвонай Арміі стаяць у суровым маўчанні перад сваім палкаводцам, які ў гэты час праязджае перад іх фронтам. І от маршал вітае байцоў. Нястрымнае «ўра» агалашае пляц, дзяржаўная гісторыя якога падыходзіць пад тысячагоддзе і якому нарэшце суджана было стаць месцам, на якое накіраваны вочы ўсяго чалавецтва. Танкі і гарматы стаяць у суровым маўчанні. Жалезныя рады пяхоты застылі ў чаканні, кавалерыя падрыхтавана да нястрымнай сваёй імклівасці. Усё зліваецца ў адну магутную скалу. І даволі аднаго маху рукі слаўнага маршала, каб гэтая жалезная лавіна рушыла наперад і да канца пачала крышыць усё, што ёй варожае.

Гэтая сіла наймагутнейшай у свеце арміі мае сваю багатую і складаную гісторыю, і гісторыя гэта цесна звязана з імем Кліма Яфрэмавіча Варашылава. Спачатку, пасля рэвалюцыі, Чырвоная Армія ўзнікала з слаба ўзброеных паасобных часцей і атрадаў, а жалезны маршал яе — чалавек, абкружаны такім народным замілаваннем, такой папулярнасцю і армейскай адданасцю — пачынаў свой ваеначальніцкі шлях з камандзіра арганізаванага ім партызанскага атрада.

Гэта было адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, але датуль Клім Яфрэмавіч прайшоў ужо вялікую школу рэвалюцыйнага змагання. У маленстве дзевяцігадовы пастушок у панскім маёнтку, пасля падростак-рабочы на шахтах з дзесяцікапеечным заработкам у дзень, ён з малых дзён зазнаў гора. І яго асабістае гора было неаддзяліма ад гора народнага. Верны сын народа, ён пайшоў у змаганне за народ.

У 1899 годзе Клім Яфрэмавіч, васемнаццацігадовы юнак, арганізуе забастоўку кранаўшчыкоў на металургічным заводзе пры станцыі Алчэўскай, дзе ён сам працаваў рабочым. Клім Яфрэмавіч быў арыштаваны. Пасля вызвалення з-пад арышту пачаліся вандраванні маладога рэвалюцыянера ў пошуках работы, і гэтыя пошукі былі своеасаблівай формай рэвалюцыйнай працы. У 1905 годзе Клім Яфрэмавіч арганізуе стачкі і кіруе дзейнасцю баявых атрадаў. У Луганску ён арганізуе забастоўку, якая скончылася рабочай перамогай. Неўзабаве была арганізавана і другая забастоўка, пасля чаго Клім Яфрэмавіч быў арыштаваны. Праз некаторы час тысячны натоўп рабочых падышоў да турмы, дзе паліцыя трымала Кліма Яфрэмавіча, і запатрабаваў яго вызвалення. Спалоханая паліцыя выпусціла маладога рэвалюцыянера, і ён зноў пачаў рэвалюцыйную працу сярод рабочых.

На Стакгольмскім з’ездзе партыі Клім Яфрэмавіч упершыню спаткаўся з Леніным. Пасля з’езда ён прымае ўдзел у справе ўзбраення рабочых. У 1907 годзе прымае ўдзел на Лонданскім з’ездзе партыі. У тым жа годзе яго арыштоўваюць і высылаюць на тры гады. З высылкі ён уцякае ў Баку і там працуе ў падпольнай бальшавіцкай арганізацыі разам з Сталіным. Пасля пераязджае ў Пецярбург, дзе зноў арыштоўваецца і высылаецца ў Архангельскую губерню. Рэвалюцыйнай працы ён не спыняе і ў ссылцы. У Архангельску ён сядзіць у турме, там жа яму павялічваюць тэрмін высылкі. У 1912 годзе, адбыўшы высылку, ён варочаецца ў Данбас, адкуль яго зноў высылаюць у Чардынскі край.

У часе імперыялістычнай вайны Клім Яфрэмавіч працуе ў Царыцыне рабочым на гарматным заводзе. У 1915 годзе, хаваючыся ад паліцыі, пераязджае ў Петраград, дзе працуе разам з петраградскімі бальшавікамі.

Клім Яфрэмавіч — арганізатар Савецкай улады з першых дзён рэвалюцыі.

У 1917 годзе, у момант захопу бальшавікамі ўлады, Клім Яфрэмавіч вядзе бязлітасную барацьбу з меншавікамі ў Луганску. У тым жа годзе назначаецца камісарам Петраграда і разам з Феліксам Дзяржынскім арганізуе ВЧК. З 1918 года пачынаецца ваенная праца Кліма Яфрэмавіча.

Так вобраз Кліма Яфрэмавіча вырысоўваецца перад намі як вобраз аднаго з вялікіх стваральнікаў савецкай дзяржавы.

На працягу ўсяго часу сваёй слаўнай дзейнасці Клім Яфрэмавіч збіраў масы навокал партыі, выкрываў эсэраўска-меншавіцкіх ворагаў партыі, бязлітасна змагаўся са здраднікамі радзімы. Разам з таварышам Сталіным ён да канца і паслядоўна вёў барацьбу з ворагамі парода. Так устае перад намі вобраз найвыдатнейшага бальшавіка, які ўдзельнічаў у стварэнні партыі, заўсёды змагаўся за ленінскае адзінства яе, разам з Сталіным заўсёды высока трымаў і трымае сцяг барацьбы з ворагамі народа, з ворагамі партыі, высока трымае сцяг маналітнасці і чыстаты партыйных радоў.

Арганізацыя рэвалюцыйных гурткоў і праца ў іх, арышты і ссылка, уцёкі, зноў арышт і ссылка, зноў уцёкі і рэвалюцыйная праца, удзел у з’ездах партыі, якія арганізоўваў Ленін у эміграцыі, блізкае знаёмства з Леніным — усё гэта фармавала будучага кіраўніка сіл абароны сацыялістычнай краіны.

Усясветная гісторыя пакінула ў чалавечай памяці шмат вобразаў палкаводцаў і ваеначальнікаў. Сярод іх былі дэспаты, былі вузкія ваенныя спецыялісты, былі сапраўдныя ваенныя геніі, былі народныя душыцелі, былі і такія, армія пад камандай якіх выражала народны парыў змагання за сваю нацыянальную незалежнасць. Але ніколі яшчэ ў чалавечай гісторыі не было такога палкаводца, армія якога б, не будучы прыведзена ў ваеннае дзеянне, будучы ў стане міру, а не вайны, стрымлівала б самым фактам свайго грознага існавання захопніцкія апетыты шмат якіх агрэсараў. Армія, якою камандуе Клім Варашылаў, ёсць армія абароны, а не захопу, хоць гэта самая магутная ў свеце армія самай магутнай краіны. І гэта таму, што наша Чырвоная Армія ў поўным сэнсе слова армія народа.

Рабоча-сялянская Чырвоная Армія, як і ўвесь Савецкі Саюз, гатова заўсёды жыць у міры з усім светам. Але Чырвоная Армія таксама гатова кожны міг у парашок сцерці ворага, які адважыцца напасці на краіну працоўных.

«Наша Армія існуе не для нападу, але толькі да нападу ворага на нашу радзіму. Яна будзе самай нападаючай з усіх калі-небудзь нападаўшых армій, калі вораг яе прымусіць да гэтага» (Варашылаў).

Гістарычныя прыклады паказваюць, што масам працоўнага народа не ўласцівы агрэсарскі дух, народныя войны — гэта або войны супраць сваіх нацыянальных эксплуататараў або супраць чужаземных захопнікаў і за сваё нацыянальнае вызваленне. Руская армія, якая выгнала напалеонаўскае войска з Расіі, была моцная агульнанародным парывам нянавісці да агрэсара.

Воблік Кліма Варашылава як ваеначальніка найлепш адлюстроўваецца ў духоўна маналітным адзінстве яго асобы з усёй армейскай масай байцоў і камандзіраў. Вялікі стратэг і чалавек вялікай душы, ваенны талент-самародак — вось якасці Кліма Яфрэмавіча.

Гуманізм і пачуццё абавязку перад народам рабілі Кліма Яфрэмавіча палкаводцам незвычайным. Ужо з самага пачатку вайны ён робіцца такім камандзірам, які вядзе за сабой не толькі ўзброеныя сілы, але і масы няўзброенага народа, бежанцаў. Ён выратоўвае з пагібелі ад раз’юшаных белагвардзейскіх банд масу народа.

Дзесяткі тысяч дэмаралізаваных, змучаных, абарваных людзей і тысячы вагонаў з маёмасцю рабочых і іх сем’ямі трэба было правесці праз поўны белагвардзейшчыны Дон. І Клім Яфрэмавіч зрабіў гэта будучы сапраўдным народным правадыром.

Калі пад напорам добра ўзброеных нямецкіх войск атрады Чырвонай Арміі вымушаны былі спачатку адступіць, Клім Варашылаў не дапусціў дэмаралізацыі, арганізаваў парадак, абнадзеіў і падбадзёрыў байцоў як бацька і друг. Ён правёў атрады да Царыцына, на Волгу, і там з іх была сфармавана 10-я армія. Ён ажыццяўляў стратэгічны план таварыша Сталіна — план паходу праз Данбас.

Клім Яфрэмавіч кіраваў абаронай Царыцына. Гэта была адна з эпапей змагання з узброенымі да зубоў ворагамі народа.

Клім Яфрэмавіч, камандуючы ўкраінскім фронтам, кіраваў абаронай Кіева.

У адзін з рашучых момантаў грамадзянскай вайны таварыш Сталін пасылае Кліма Яфрэмавіча ў Першую конную армію ўзмацняць яе і весці да перамог разам з таварышам Будзённым. Вось як успамінае гэты час таварыш Будзённы: «Са з’яўленнем у радах Коннай Арміі тав. Варашылава, які ўзначаліў ваенна-палітычнае кіраўніцтва гэтай аграмаднай масай, пачаўся шпаркі рост партыйных арганізацый, у палках узмацніўся колькасна і якасна палітычны і асабліва камісарскі склад. Моцная партыйная арганізацыя, загартаванае ядро старых байцоў і камандзіраў, у кароткія тэрміны ператварылі новы чалавечы матэрыял, ператвараючы яго ў адзіную адточаную баявую зброю. Гэта забяспечыла Коннай Арміі велізарную прабіўную сілу і жалезную ўстойлівасць у моманты самых цяжкіх баявых іспытанняў».

У чэрвені 1920 года Конармія атрымала задачу разграміць і знішчыць Кіеўскую групу польскага войска. Гэтая справа была зроблена бліскуча. Ёсць на Украіне сяло Валадарка, дзе ў дзень той слаўнай аперацыі былі Варашылаў і Будзённы. Клім Яфрэмавіч з тав. Будзённым зранку ўзыходзілі на званіцу, каб разглядзець мясцовасць, але густы туман засцілаў усё навокал, і толькі гарматныя ўзрывы разрэзвалі яго. Тав. Варашылаў накіраваўся да артылерыі і ўзяў яе пад сваё камандаванне, тав. Будзённы камандаваў кавалерыйскімі часцямі. Агульным моцным ударам польскі фронт быў разарваны, і армія рынулася ў тыл палякам. Палякі ачысцілі Кіеў і пачалі адступаць.

Кіраўнік абароны Царыцына, камандарм 14-й арміі, арганізатар прарыву польскага фронту, адзін з арганізатараў разгрому Дзенікіна і Урангеля, палітычны і аператыўны кіраўнік Коннай Арміі — вось справы вялікага палкаводца. Калі белапалякі пачалі адступаць, Клім Варашылаў, камандуючы 4 і 14 кавалерыйскімі дывізіямі, дэзарганізаваў і знішчаў польскія часці. Будучы заўсёды на самых перадавых пастах, слаўны Клім Яфрэмавіч не раз быў пад пагрозай смерці. У 1921 годзе Клім Варашылаў ачысціў Паўночны Каўказ ад белагвардзейскіх банд.

Шматлікія франты* грамадзянскай вайны бачылі Кліма Варашылава сваім непераможным камандзірам.

Адзін з арганізатараў дзвюх пяцігодак, Клім Яфрэмавіч належыць да таго слаўнага штаба, які кіраваў справай ператварэння нашай краіны ў магутную, багатую, індустрыяльную дзяржаву з наймагутнейшай у свеце арміяй.

Мільённая маса байцоў і камандзіраў накіроўвае позірк на любімага і адважнага свайго палкаводца. У той момант, калі Клім Яфрэмавіч праязджае па Чырвоным пляцы перад баявым парадам Чырвонай Арміі, з-пад чырвонаармейскіх шлемаў з замілаваннем і з гатоўнасцю ісці за ім глядзяць на яго прадстаўнікі шматлікіх нацыянальнасцей вялікай нашай Радзімы. І калі Клім Яфрэмавіч скажа першае слова чырвонаармейскай прысягі, шматлікія сэрцы людзей, адзетых у форму абаронцаў сацыялістычнай бацькаўшчыны, пачынаюць біцца мацней, і вочы загараюцца энтузіязмам, крыніцы якога — у шчырай душы кожнага з гэтых сыноў слаўнай радзімы.

«Я сын працоўнага народа!..»

У гэты ўрачысты момант спакойна і ўпэўнена цвіце і ўзнімае свае сілы Украіна, дзе ў гады народных пакут і народнага энтузіязма так шмат паклаў свае энергіі Клім Яфрэмавіч, узначальваючы змаганне з белагвардзейцамі і чужаземнымі захопнікамі.

У гэты момант моцна стаіць на варце дзяржаўнай граніцы Беларусь, якая часта бачыць у сябе дарагога Кліма Варашылава, арганізатара і натхніцеля баявой вучобы і падрыхтоўкі войск Беларускай ваеннай акругі. Беларускі народ ведае, што палякі пачалі ачышчаць яго зямлю ад свайго паганага панскага духу тады, калі Варашылаў прарваў польскі фронт на Украіне.

У гэты момант слухае чырвонаармейскую прысягу Волга, ператвораная на шчаслівы сацыялістычны лад, дзе так слаўна бараніў Царыцын Клім Яфрэмавіч.

У гэты час квітнеюць і радуюцца поўнач і поўдзень, усход і захад, усе краіны вялікага Савецкага Саюза, усе яго рэспублікі. Сыны ўсіх шматлікіх савецкіх народаў радасна і шчыра прыносяць сваю прысягу служыць працоўнаму народу. І гэтую прысягу прымае самы верны сын народа, шчыра і да канца яму адданы — жалезны маршал, вялікі палкаводзец і ваенны стратэг, чалавек простай душы і вялікага сэрца і розуму — Клім Варашылаў.

Клім Яфрэмавіч прыняў прысягу чырвонаармейцаў і становіцца на трыбуне. І тады пачынаецца ўрачысты рух Чырвонай Арміі, дэманстрацыя непераможнай яе сілы. А пасля паўз трыбуны праходзіць народ — дэманстрацыя адданасці правадыру і сваёй радзіме.

Народ спакойны за сваю краіну, бо ён сам, увесь,— абаронная яе сіла. Чырвоная Армія — лепшая, узброеная частка савецкага народа, кіруе ёю выпрабаваны ў баях саратнік Сталіна, адважны і слаўны Клім Варашылаў.


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан