epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Перад другім дзесяцігоддзем

Дзесяцігоддзе БССР ёсць завяршэнне пэўнага этапа ў развіцці беларускае культуры. За гэты час мы маем вялікія дасягненні ў нашай гаспадарчай, культурнай працы. За гэты час вырасла шмат новых, маладых сіл, патрэбных для развіцця культуры і гаспадаркі. За гэты кароткі час Беларусь, тая краіна, якая доўгія вякі цярпела падвойную няволю — і сацыяльную і нацыянальную, якая не мела нават права звацца сваім імем — Беларусі — цяпер гэтая краіна стварыла сваю Акадэмію навук. Беларуская культура вырасла гэтак, што ў працэсе свайго далейшага развіцця падышла да вышэйшага афармлення. Гэта — вышэйшыя формы культуры.

Гэтае разуменне — вышэйшыя формы — не павінна звужацца да пэўных толькі літаратурных жанраў. Бо і гэтыя жанры, якіх бы яны высокіх кампазіцыйных і іншых якасцей ні дасягалі, залежаць ад агульнага афармлення культуры. Вышэйшая форма — гэта ўзвышэнне да культуры і нават, у нашых умовах, шмат дзе, да культурнасці творчае прадукцыі і спосабаў творчасці. А тут пачынаюцца ўжо межы вышэйшых літаратурных жанраў і кампазіцый. Галоўнае ва ўсім гэтым працэсе — змаганне за беларускія формы беларускае культуры (літаратура, тэатр, музыка, жывапіс...).

На першы план тут становіцца культура мовы. Гэта не ёсць толькі карэктыва асобных слоў і выразаў, тут больш важнае — гэта беларускасць моўнага кірунку, чыстата і культура моўнага афармлення з’яваў культуры ці то літаратурных твораў, ці то тэатральных паказаў, ці наогул мова ўсіх беларускіх кніг — літаратурных, навуковых, практычных, палітычных...

Тое ж самае і ў вобразах музыкі, жывапісу. І тут павінна быць змаганне за беларускасць вобразаў. А гэта вырашае пытанне стыляў. І гэта ж усё вырашае пытанне нацыянальнае формы культуры. Далейшае крышталяванне і культура нацыянальных форм, пры пралетарскім змесце — вось аснова тых вышэйшых форм.

Мінулае дзесяцігоддзе пакінула найбагацейшую спадчыну — і творчую практыку, і выразныя, рэчаісныя дасягненні культуры. І на грунце гэтае спадчыны будаўніцтва беларускае культуры на другое дзесяцігоддзе яе будавання набывае яшчэ шырэйшы і адказнейшы размах.

Вывучэнне вобразаў народнае творчасці, скарыстанне іх у справе стварэння нацыянальных форм культуры — вось патрабаванне нашай культуры да культурных працаўнікоў і інстытуцый, якое не зменшылася, а павялічылася.

Мінулае дзесяцігоддзе стварыла музычную і мастацкую школы (тэхнікумы). І гэтыя школы павінны даць не толькі пісьменных у сваёй галіне людзей,— патрэбных працаўнікоў. Задача яшчэ гэтых школ — і самая важная задача — выхаваць такіх працаўнікоў, якія б давялі беларускую музыку да яе вышэйшых формаў, якія б стварылі беларускі жывапіс (жывапіс разумеецца ў шырокім сэнсе). Каб гэтыя мастацтвы мелі сваю нацыянальную, беларускую форму. А гэта ўскладае на гэтыя школы зусім адмысловыя задачы. Гэтыя школы павінны мець гэтакі кірунак свае працы, каб стварыць усе ўмовы дзеля таго, каб стаць з цягам часу вышэйшымі беларускімі школамі музыкі і малярства. Задачы папулярызацыі беларускае песні павінны саступіць першае месца стварэнню вышэйшага беларускага музычнага мастацтва, якое павінна быць аснована на гэтай жа песні, на гэтым створаным і ўдасканаленым народам матэрыяле дзеля вышэйшых форм музычнае культуры. Вывучэнне ў мастацкім тэхнікуме сучасных мастацкіх дасягненняў, падрыхтоўка патрэбных працаўнікоў-мастакоў павінна гэтаксама ісці пад кірункам стварэння беларускага малярскага мастацтва і ўзвышэння яго да вышэйшых формаў.

Галоўная задача тэатра — стварэнне беларускага тэатральнага мастацтва. Гэтая задача цесна звязана з задачамі нашае літаратуры. Пытанне беларускага стылю, а значыцца, і беларускае нацыянальнае формы — тут на першым месцы.

Галоўныя мэты і тэатра і літаратуры — сыходзяцца. Гэта тое, што ў шырокім сэнсе можна назваць разуменнем жыццебудаўніцтва. І гэта робіць і літаратуру і тэатр найадказнейшымі галінамі нашае культуры.

Разуменне задачы літаратуры як «жыццебудаўніцтва» ёсць разуменне вялікае з’явы, прагрэсіўнае, дзейнае. Бо наш сённяшні дзень мае за сабою сваё мінулае і выразна ставіць задачы заўтрашняга. Таму і літаратура і тэатр не павінны «адбіваць эпоху» («адбіваць» — разумеюць — «адлюстроўваць») або «ставіць праблемы», а тварыць эпоху і вырашаць праблемы. Толькі гэтакім чынам літаратура будзе сапраўды «жыццебудаўніцтвам», а не пазадкамі жыцця, будзе сапраўды зброяю ў руках пралетарыята.

Мінулае дзесяцігоддзе арганізавала новую беларускую паслякастрычніцкую літаратуру, пралажыла цвёрдыя шляхі для яе далейшага развіцця; наша савецкая рэчаіснасць дала ёй найвялікшыя магчымасці. І наша літаратура за гэты час мае вялікія дасягненні. І з кожным годам пралетарская літаратура, пралетарская культура робіцца і будзе рабіцца наймагутнейшаю з’яваю жыцця краіны, адным з сродкаў творчасці гэтага жыцця.

У выхаванні новага чалавека, чалавека сацыялістычнай грамады, літаратура адыграе вялікую ролю і гэтакую літаратуру праз сваіх прадстаўнікоў — літаратараў творыць тая частка грамады, якая цярпела сацыяльнае прыгнечанне, а ў нас на Беларусі і нацыянальнае. Гэта рабочы клас і беднае сялянства. І галоўны герой нашае літаратуры — павінен быць рабочы, селянін. З’явы жыцця, што праходзяць у святле літаратуры, разглядаюцца з пункта гледжання гэтага героя. І гэта адна з перадумоў стварэння пралетарскай літаратуры.

Што да формы, дык выразныя, бліжэйшыя задачы ў творчым працэсе літаратуры, і шырэй — культуры, павінны зводзіцца да стварэння беларускіх нацыянальных стыляў (формы). Пытанне мовы павінна тут набыць першарадную значнасць, яно павінна быць пастаўлена адпаведнымі інстытуцыямі шырэй і іначай, як яно ставілася дагэтуль.

Нацыянальныя формы літаратуры, тэатра, музыкі, жывапісу — будуць толькі ўзвышаць яе, спрыяць яе развіццю. Наша літаратура ўсё больш будзе рабіцца магутным сродкам будаўніцтва жыцця і магутным фактам абуджэння да новага жыцця беларускіх сялян і рабочых. Тварыць гэтыя нацыянальныя формы — наша найадказнейшая задача.

Мінулае дзесяцігоддзе арганізавала сілы, вызначыла творчыя шляхі і палажыла пачатак новай беларускай літаратуры, літаратуры пралетарскай, літаратуры высокамастацкай.

Перамагаючы ўсе цяжкасці, беларуская пралетарская культура будзе ісці шляхам свайго далейшага магутнага развіцця.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан