epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Пісьменнікі адказваюць камсамольцам-«камунараўцам»

У «Літаратуры і мастацтве» быў надрукаваны ліст камсамольцаў завода «Камунар» да савецкіх пісьменнікаў. У гэтым лісце камсамольцы заклікаюць пісьменнікаў напісаць творы аб камсамоле, аб нашай моладзі. Сярод прозвішчаў вышэйназваных пісьменнікаў стаіць у лісце і маё імя. З гэтае прычыны я хачу сказаць некалькі слоў аб сваёй новай працы, аб рамане «Трыццаць год» (назва ўмоўная), які я здам у друк у гэтым годзе.

Для таго каб паўней даць у літаратуры вобраз нашай моладзі, трэба даць поўную карціну жыцця, увесь яго працэс, у якім расце і фармуецца наша моладзь. Мой новы раман — гэта раман аб моладзі; аб той моладзі, якая ў імперыялістычную вайну была ў гадах падросткаў, рэвалюцыю спаткала першым юнацтвам і ў наш час стаіць у шэрагах партыі. Такі Валодзя Кастрыцкі, адзін з галоўных персанажаў рамана. Такая Наталя Паўлоўская, работніца з завода. Такі Коля Высоцкі, хоць гэты прайшоў цяжкі шлях дробнабуржуазных хістанняў.

Ёсць у рамане тыпы і іншай моладзі. Гэта Клава Снацкая. Яна вырасла ў сям’і чалавека, які ўсё жыццё сваё выбіваўся ў капіталісты (Сёмка Фартушнік), калі яго туды не пускала большая птушка — Хурс, купец і прадпрыемец. І ён, нарэшце, стаў ручным Хурсавым сабакам, які шмат шкоды прынёс рэвалюцыі і які, пад старасць, у нашы ўжо дні, перавыхаваўся ў працкалоніі ДПУ. Клава Снацкая, будучы дачкою жонкі гэтага тыпа, ужо з самага маленства ўзненавідзела яго і ўсё тое жыццё, якое акружвала. Абставіны вялі яе да гэтага. Яна бачыла, як гэтае жыццё ператварыла яе маці ў прадажную рэч. Але яна да самых, можна сказаць, нашых дзён не разумела Валодзі Кастрыцкага, Наталі Паўлоўскай, якія сваёю рэвалюцыйнаю дзейнасцю якраз знішчалі той жах, які засцілаў увесь жыццёвы далягляд Клавы Снацкай. Ясныя далягляды ў жыцці яна знайшла ў нашы часы ў сацыялістычнай працы.

Ёсць яшчэ персанаж — Міхал Піліпоўскі. Гэта той тып, якога ў часе партыйнай чысткі выкідаюць з партыі.

Гэта коратка аб найбольш цэнтральных і важных персанажах.

Я стаўлю сабе мэту паказаць праз гэты раман, як расла і фармавалася ў дзейных будаўнікоў сацыялізма наша моладзь; як, вырастаючы, яна ўдзельнічала ў рэвалюцыі і сама рабіла яе, змагалася за яе, якія мела дачыненні з варожаю рэвалюцыі буржуазнаю моладдзю; як лепшыя прадстаўнікі дробнабуржуазнай моладзі прыходзяць да рэвалюцыі — да ідэй сацыялізма.

Пачынаючы пісаць раман, я паставіў перад сабою задачу: каб ад усяе кнігі ішлі павевы бальшавіцкае праўды, якая, перабудоўваючы свет на сацыялістычны лад, знішчае назаўсёды той жах чалавечага жыцця, які панаваў на працягу ўсёй папярэдняй чалавечай гісторыі.

Наколькі ўсе гэтыя задачы мною вырашаны, можна будзе гаварыць пасля таго, калі кніга пройдзе суд грамадства.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан