epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Пра п’есу «На платформу» В. Сташэўскага

П’еса Васіля Сташэўскага «На платформу» напісана для вясковага тэатра. З большасці п’ес для самадзейнага тэатра п’еса Сташэўскага выдзяляецца сваёй сталасцю, прыёмамі, якімі яна напісана, сваімі літаратурнымі якасцямі.

Перш за ўсё, п’еса не мае нічога агульнага з тымі плакатнымі агіткамі, апроч якіх наш вясковы тэатр часта нічога не меў. Дзея п’есы разгортваецца, я б сказаў, на псіхалагічнай аснове: на ўзаемаадносінах паміж членамі сям'і. Узят, так сказаць, прыватны выпадак, а да канца п’есы ён набывае шырокі характар.

Тыпы, выведзеныя ў п'есе — ёсць не абязлічаныя людзі, не плакатныя маскі. Яны індывідуалізаваны, яны жывыя. І авантурыст і прыспасабленец Корба, і калгасны брыгадзір Цімошак — яны рэальныя жывыя людзі. У меншай меры, па-мойму, гэта трэба сказаць пра Віцю, асабліва пра Веру. Тут мала індывідуальных рыс, але не гэта самае важнае ў п’есе.

Пераход Уласа з індывідуальнай на калгасную «платформу» адбываецца не ў выніку плакатнай, галаслоўнай агітацыі, а ў выніку самога ходу жыцця: калгас такая справа, якая развязвае чалавеку рукі на жыццё і працу. Чалавек будзе жыць і працаваць смела і радасна таму, што ён член калектыву і над ім не павісае пагроза яго ўласнага няшчасця, да якога нікому няма ніякай справы. Калі нелады ў сям’і і адно аднаму ненавісны, то такую сям'ю трэба раскідаць. Тады аднаўляецца радасць, шчасце. Але паспрабуй гэта зрабіць там, дзе над сям’ёй вісяць інтарэсы цеснай індывідуальнай гаспадаркі. На гэтай аснове ў мільёнах сялянскіх хат была заўсёды калатня і жылося, як у пекле; самая цесната індывідуальнай гаспадаркі спрыяла нянавісці паміж паасобнымі членамі сям’і.

Логіка жыцця прыводзіць Уласа — героя п’есы — «на платформу» — да калектыву.

Нельга не адзначыць у п’есе такога моманту: паказ станоўчай асобы. Ёсць у п’есе калгасны брыгадзір Цімошак. Ён як бы рэзанёр, носьбіт «калгаснай праўды». Такія героі зазвычай слаба ўдаюцца аўтарам, найчасцей яны стаяць на хадулях абстрактнай дабрачыннасці. У дадзенай п'есе гэта асоба жыве. Тут аўтар карыстаўся прыёмамі тонкага гумару, прыёмам надання гэтаму герою не сухога абстрактнага выказвання ісцін, а жывой мовы, канкрэтна звязанай з тым, што адбываецца на сцэне. Прычым сам аўтар заўважае ў гэтым надзвычай сімпатычным чалавеку смешныя рысы, з якіх добра пасмяяцца, і гэты смех яшчэ больш збліжае нас з гэтым чалавекам, бо тут таварыскасць, а не кпіны. Напрыклад, Цімошак часта ў сваю мяккую мову ўкліньвае сухое слова «дэталёва». Гэта аўтарскі прыём.

Або калі пасля таго, як Улас да канца намерыўся ісці ў калгас і разышоўся з жонкаю (а да гэтага ён хістаўся, быў нерашучы і мяккі), Цімошак гаворыць яму: «Але круты, васпан, чалавек!» Зусім ён не круты, і гэта Цімошак паджартоўвае з Уласа.

Такі прыём дае жыццё людзям у п’есе. Сташэўскі такімі прыёмамі карыстацца ўмее. Тут на месцы і старое шляхечае слова «васпан». Як — могуць сказаць некаторыя — такое слова ўжывае наш савецкі чалавек і ў дачыненні да чалавека, які ідзе ў калгас? У тым-та і справа, што па ходу сітуацыі і па ходу развіцця характараў гэтае слова тут не так-то лёгка якім-небудзь іншым замяніць.

Я думаю, што Віця не павінен гаварыць так: «Не зробіш своечасова, то і згіне сена», «А няхай яго з яго прыказкамі». Тут першая фраза супярэчыць другой. Слова «своечасова» ў супрацьлегласці з другой фразай, за якой чуецца не камсамолец, а пажылы і нават з налётам пэўнай флегматычнасці чалавек. Ну, напрыклад, сам Улас.

Усё гэта мы павінны заўважаць. Пакуль не будзем мы аддаваць увагі гэтым «дробязям», датуль не дойдзем да дасканалай адшліфаванасці і мастацкай закончанасці нашых твораў. Мы, пісьменнікі, павінны заўважаць адзін у аднаго ўсё добрае і цікавае і ўносіць яго ў справу практыкі нашага літаратурнага руху.




Беларуская Палічка: http://knihi.com