epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Пра планавасць працы

Што такое планавасць у рабоце Аргкамітэта? Мы памылімся, калі будзем гэту планавасць уяўляць толькі як патрэбу вызначыць на пэўны час наперад пэўныя мерапрыемствы. Напрыклад, вызначыць і правесці пэўны лік творчых вечароў, пэўны лік пісьменніцкіх выездаў і г. д. Трэба, каб і гэтыя вечары і гэтыя выезды былі вынікам нейкай канкрэтнай патрэбы.

А гэтыя канкрэтныя патрэбы нашага літаратурнага руху мы будзем ведаць толькі тады, калі дасканала вывучым увесь наш літаратурны рух. Тут патрэбна крытычнае асмысленне ўсяе нашае літаратурна-мастацкае прадукцыі. І калі наш творчы штаб — аргкамітэт,— будзе дасканала ведаць творчы твар кожнага пісьменніка, ён здолее дапамагчы пісьменніку ў яго творчых патрэбах.

Якія ж гэтыя творчыя патрэбы? А гэта ўсё тое, без чаго пісьменнік не можа працаваць над сваімі творамі. Пісьменніку патрэбен матэрыял, каб напісаць кнігу. І патрэбна марксісцкая вучоба, каб умець арганізаваць гэты матэрыял. Трэба, значыцца, быць пісьменніку ў самай гушчы нашага жыцця, удзельнічаць у сацыялістычным будаўніцтве. Адсюль вынікае патрэба творчых камандзіровак пісьменніка. Але трэба планаваць гэтыя выезды так, як гэта дасць найбольш непасрэднай карысці таму, хто едзе ў гэтую камандзіроўку. Самае месца для паездкі павінна быць выбрана такое, якое дасць пісьменніку якраз той матэрыял, які патрэбен для яго вытворчых планаў. У аснову гэтага планавання трэба класці індывідуальны падыход да кожнага пісьменніка, маючы на ўвазе, што ўсе не могуць працаваць над адной тэмай, што ўсе неаднолькава ўладаюць адным і тым жа матэрыялам, што кожнаму патрэбен не адзін і той жа матэрыял. Адзін, напрыклад, добра ведае калгас, а не ведае завода, і наадварот. Адзін адчувае і ведае вобразы калгаснікаў, а не адчувае і не ведае вобразаў індустрыяльнага пралетарыята, і наадварот. І от, ведаючы найбольш слабое месца ў творчасці пэўнага работніка літаратуры, трэба памагаць яму ліквідаваць гэтыя слабыя месцы.

Бывае, што сам пісьменнік не заўсёды разбіраецца ў слабых і дадатных момантах свае працы. І калі пакідаць такога пісьменніка на самога сябе, дык гэта значыць не дбаць пра рост нашае літаратуры.

А ў нашай практыцы ёсць такія факты, што за ўвесь час літаратурнай работы некаторых пісьменнікаў не было сталага разгляду яго творчасці. Часам такі пісьменнік, здольны і працаздольны, блытаецца паміж рознымі стылямі, знаходзіцца ў палоне ўплываў буржуазных пісьменнікаў, сам не можа разабрацца ва ўсім гэтым, не маючы перад сабой крытычнага разгляду сваіх кніг.

Такіх з’яў не будзе ў нашай практыцы, калі мы перабудуем працу свайго творчага штаба — Аргкамітэта, так, каб гэтая праца стаяла на прынцыпе: канкрэтна ведаць, што ў нас ёсць і чаго няма , ведаць усе дэталі літаратурнага руху, асвоіць літаратурную справу. Перад намі тады будзе план, не выдуманы, а рэальны, складзены на аснове таго, што мы маем і што нам патрэбна.

У гэтым сэнсе вялікае значэнне маюць так званыя творчыя нарады. У нас адбыліся нарады па драматургіі, па дзіцячай літаратуры, па паэзіі. На чарзе — нарада па прозе. Нават калі гэтыя нарады і маюць у справе свайго правядзення шмат недахопаў, усё ж яны спрыяюць вывучэнню нашага творчага фронту. Толькі дрэнна будзе, калі яны астануцца толькі як пэўныя кампаніі і не пакладуць пачатак бесперапыннаму, сістэмнаму вывучэнню нашага росту, які ўсё шырыцца і мацнее з кожным днём. Гэты рост мы мелі б яшчэ большы, каб мелі план у сваёй рабоце — а значыцца, каб дасканала ведалі, што ў нас ёсць і што патрэбна. Мы гэта ведаем найбольш абстрактна, не вывучаючы часта «дробязей». А гэтыя «дробязі» часта многа значаць.

Мы цяпер перад з’ездам савецкіх пісьменнікаў. Тая актывізацыя ў рабоце, якая пачынае заўважацца, не павінна быць толькі перадз’ездаўскай кампаніяй. З’езд таксама не кампанія. Ён выцякае з сістэмы. Ён этап у лініі нашага творчага росту, у справе яшчэ большай актывізацыі савецкіх і пралетарскіх сіл літаратуры навакол задач, пастаўленых Камуністычнай партыяй.

Планавасць у рабоце Аргкамітэта мы наладзім толькі тады, калі ў самую працу навакол Аргкамітэта будзе ўцягнены ўвесь пісьменніцкі актыў. Але як? Толькі ў разрэзе творчай работы. Я хачу растлумачыць гэта прыкладам.

За апошні час мне давялося прачытаць шмат твораў маладых аўтараў, якія толькі што пачынаюць пісаць. Большасць аўтараў яшчэ не маюць літаратурнае культуры, літаратурная вучоба яшчэ перад імі наперадзе. Шмат іхніх твораў ёсць толькі спробы літаратурнае творчасці; у іх, вядома, амаль што ўсе фармальныя прыёмы голыя, не закрытыя тым, што ўжо ёсць літаратурная культура . Таму тут усё з першага ж разу кідаецца ў вочы. Тут з першага ж слова відаць, дзе сапраўды аўтарава філасофскае дачыненне да рэчаіснасці, дзе яно ідзе ў разрэз з яго сапраўдным адчуваннем свету, а ёсць вынік яго начытанасці, кніжнасці, наследаванне тым пісьменнікам, якіх ён прачытаў, прасцей кажучы — літаратуршчына. І от такім парадкам, устанаўляючы сувязь паміж шмат якімі творамі маладых аўтараў і тымі творамі нашае літаратуры, залежнасць ад якіх у маладых аўтараў вельмі яскравая, мне сталі вельмі ясныя некаторыя моманты з нашае літаратурнае культуры. Я вельмі выразна адчуў у нашай савецкай беларускай літаратуры і павевы натуралізму, і сентыменталізму, і часам спробы растлумачыць праявы сентыменталізму як рамантызм і г. д.

Адзін аўтар хоча даць вобраз маладога рабочага, які цэлы дзень працаваў ля машыны на заводзе. Аўтар дае гэтага рабочага як прадстаўніка індустрыяльнага пралетарыята. І гэтага ж самага рабочага аўтар абкружае такімі вобразамі: «дрэва, як сваха, якая прыбралася на вяселле». Паколькі ўсё гэта не схована за ўмелы збор слоў, фраз, папярэдніх вобразаў, дык адразу шмат што растлумачыла. У мяне адразу сфармулявалася тое, што дагэтуль я толькі адчуваў у практыцы нашага літаратурнага фронту. Я мог канкрэтна, на прыкладах нашае літаратуры, а не ў агульнай тэорыі, вывесці залежнасць фармальных прыёмаў і вобразаў ад светапогляду. Я зноў успомніў, што ў маёй рэальнай творчасці, якая ішла ад ідэалістычнага светапогляду, хаты не проста стаялі, а думалі.

Такім парадкам чытанне твораў маладых аўтараў уключылася ў працэс мае літаратурнай работы, і праца з гэтым маладым аўтарам становіцца маналітнаю часткай мае ўсяе працы.

Усялякую пісьменніцкую працу наш штаб творчасці — Аргкамітэт — павінен планаваць як адзіны творчы працэс. І паездкі, і работа з кадрамі, і ўсялякія кампаніі павінны быць гэтак спланаваны, каб былі часткаю творчага працэсу пісьменніка.

Умела і вельмі канкрэтна мы павінны расставіць навакол Аргкамітэта сілы ўсяго пісьменніцкага актыву, бесперапынна павялічваючы гэты актыў. Кожнаму трэба даць канкрэтную работу, каб ён за яе адказваў. Але трэба, каб гэтая работа стала часткаю яго творчай работы, каб яна толькі ўзбагачала працэс яго творчасці, пашырыла размах яе.

У літаратурны рух мы павінны ўнесці планавасць і назаўсёды расквітацца з абязлічкай.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан