«Бацькаўшчына» належыць да цыкла задуманых мною твораў, якія, разам узятыя, павінны даць карціну развіцця чалавечага грамадства за час ад паншчыны да бяскласавага грамадства (нараджэнне і рост капіталізму, а значыцца, і нараджэнне і рост пралетарыята і яго рэвалюцыі). Чалавечыя вобразы, праз якія аўтар развівае паказ гэтых працэсаў, належаць да тых класаў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць за гэты час на Беларусі: рэшткі феадалаў, капіталісты, пралетарыят, сяляне і гарадская дробная буржуазія.
Галоўны ідэёвы стрыжань агульнага замыслу гэтых усіх твораў вось які: з самага пачатку чалавечае гісторыі і за ўвесь яе доўгі час устанавілася абсалютная праўда гэтае гісторыі: «чалавек чалавеку воўк». Гэта ёсць існасць філасофіі ўсіх класаў, якія калі-небудзь існавалі да пралетарыята.
Пралетарыят жа, як клас, не толькі прыйшоў на змену папярэдняму класу, а, прыйшоўшы на гістарычную дзейнасць, ён кладзе канец крываваму падзелу чалавецтва на класы, а значыцца, і назаўсёды знішчае старую, як свет, мудрасць: «чалавек чалавеку воўк». Да гэтага пралетарыят ідзе праз сваю рэвалюцыю. Цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасна і па лініі ідэёвых катэгорый (носьбітамі і творцамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д.
Матэрыял на гэтыя творы ёсць матэрыял той, які не толькі аўтар можа лепш ведаць, а і адчуваць у вобразах: матэрыял беларускі. Такім парадкам найлепш будзе здзейснена паўнакроўнасць твора: інтэрнацыянальны змест , паданне праз нацыянальную форму. Напрыклад, Сурвіла ў «Бацькаўшчыне» ёсць увасабленне ідэі кулацтва, агульнае ўсім нацыям. Разам жа з тым гэта вобраз беларускага кулака.
Чаму аўтар імкнуўся даць у «Бацькаўшчыне» цэлы комплекс вобразаў і з’яў, тлумачачы ідэю бацькаўшчыны? Чаму тут узята рэлігія (у тых формах, у якіх развівалася хрысціянства на Беларусі: праваслаўе і каталіцызм), рост кулацтва, абядненне асноўнай масы сялянства, рэвалюцыйнае падполле, вайна і г. д.? Толькі гэтакі комплекс гістарычных з’яў мог стварыць супярэчнасці ў Леапольда Гушкі, сабраўшыся ў ім, як у фокусе, і павесці яго далей да бальшавізма.
Аўтар лічыць за правільны метад даваць вытокі творчаму вобразу з гістарычнай рэальнасці і толькі на гэтай рэальнасці развіваць рэальную філасофію. Тады і сацыялістычныя ідэі будуць па-мастацку рэалізавацца ў нацыянальных формах натуральна, а не штучна. Гэта ёсць адзнака сацыялістычнага рэалізму.
П’еса «Бацькаўшчына», як драматургічнае цэлае, яшчэ не ёсць зусім закончаны твор . Перад аўтарам яшчэ вялікая работа ў кірунку сшрубоўвання інтрыгі так, каб з твора нельга было ні выкінуць самае найменшае сітуацыі, фразы і слова, ні каб нельга было нічога гэтага дадаць. Яшчэ засталася работа над узмацненнем вобраза Марылькі, Адася Гушкі, над тым, каб у сэнсе інтрыгі давесці да канца вобраз Эдварда Лявэра і Данілы Раўтовіча.
Той акт, які цяпер ідзе на сцэне, як трэці акт, павінен быць паданы так, як першыя два акты: каб падзеі ў ім прайшлі праз індывідуальнае праламленне галоўных персанажаў твора, без адрыву ад іх, у маналітнасці з імі. Аўтар хоча давесці свой твор да ўзорнай закончанасці, да найбольшай злітнасці формы з ідэяй.