epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Пра вучобу і творчасць пачынаючых

Маладых аўтараў мы маем не адзін дзесятак. Па іх літаратурным узроўні, па іх рабоце мы іх можам падзяліць: большасць, гэта, так сказаць, самыя пачынаючыя, перад якімі задача — увайсці ў план разумення літаратуры як такое, зразумець, што вылаяць капіталіста, гэта не значыць стварыць літаратурны вобраз ці тып паразіта на целе чалавечага грамадства. Да гэтых аўтараў належаць не толькі тыя, што напісалі першы твор. Тут ёсць і такія, што вельмі туга паддаюцца літаратурнай вучобе. Тут ёсць такія, якія пасля, мусіць, адсеюцца ў працэсе вучобы, як няздольныя да літаратурнай працы; а ёсць і такія, якім, па раду прычын, цяжка адразу знайсці сваю правільную дарогу.

Ясна адно: пры падыходзе да кожнага з гэтых апошніх трэба мець на ўвазе яго індывідуальныя схільнасці і ступень развіцця кожнага, каб не павесці яго па дарозе, на якой ён не можа выявіць сваіх здольнасцей. Нават раіць чытаць выдатныя літаратурныя творы, па-мойму, трэба не ўсім адны і тыя з пачатку вучобы аўтараў.

Вось як можна характарызаваць тыповую суму слабасцей у творах большасці пачынаючых.

Ідэя, якую аўтар хацеў выразіць у творы, відна не з самога твора, а з аўтарскага дачынення да яе. Гэтае дачыненне да ідэі відно з аўтарскіх рэмарак і прыпісак, якія часта мала чаго агульнага маюць з арганізмам самога твора. Выведзеныя аўтарам людзі дзейнічаюць у пэўным кірунку не таму, што гэтая дзейнасць ёсць працэс іх жыцця, а таму, што іх вымушае аўтар да гэтага. У такім выпадку ні аўтару, ні герою твора не верыш. Ты ведаеш, што для жыцця гэта характэрна, але раз гэты матэрыял пападае ў твор, ён скажаецца. Гэты момант надзвычай важны, я лічу, што гэта асноўны момант справы якасці літаратуры, і на ім трэба спыніцца добра, тым больш што ён пранізвае не толькі творчасць саміх пачынаючых, ён праходзіць у значнай ці ў малой меры праз творчасць некаторых і з старэйшага пакалення, і нават не зжыт у той ці іншай меры ў некаторых выяўленых пісьменнікаў, і асабліва трымае ў палоне некаторых крытыкаў. З гэтым момантам цяжэй за ўсё змагацца, паколькі ён, як слабасць літаратурнай якасці, знаходзіць сабе апраўданне часам у некаторых ускосных поглядах на мастацкую літаратуру, як на палітграмату, не маючую сваіх спецыфічных уласцівасцей. З гэтага моманту вынікае другі — момант публіцыстыкі, які часта падмяняе сабою вобраз.

Тут справа ў жыццёвай практыцы, у рэалістычным разуменні рэальнага жыцця. Сацыялістычныя ідэі не выдуманы беспадстаўнай фантазіяй. Яны рэальныя і ёсць вынік гістарычнага развіцця чалавечага грамадства. І для таго, каб вырашыць іх у мастацкай літаратуры, трэба выказваць іх не праз голую пропаведзь, а каб яны самі з’яўляліся як вынік сістэмы паданых у творы рэальных фактаў. На гэта ёсць простае ўказанне Энгельса: «Тэндэнцыя павінна выцякаць з становішча і дзеі сама па сабе без адмысловых на тое ўказанняў, і пісьменнік не абавязан навязваць чытачу будучае гістарычнае вырашэнне паказваемых ім грамадскіх канфліктаў» (перапіска з М. Кауцкай). Калі гэты момант як мае быць і да канца будзе панаваць у нас, то мы тады скажам, што наш літаратурны рух на вялікай вышыні. Гэта трэба ведаць пра гэты важны момант, па-першае, таму, што з яго заўсёды прыходзіцца пачынаць літаратурнае выхаванне кожнага пачынаючага, а па-другое, таму, што ігнараванне гэтага моманту ў пашане ў некаторых пісьменнікаў і асабліва ў крытыкаў, у якіх моладзь вучыцца. Чым будзе вышэй стаяць наш літаратурны рух наогул, тым большы поспех мы будзем мець у справе выхавання маладых кадраў. Не магу не прывесці прыкладу: аднойчы маладому аўтару тлумачылі некаторыя слабыя моманты ў яго творы. Ён слухаў, слухаў, а пасля разгортвае кніжку і паказвае на твор аднаго вядомага пісьменніка. «Тут жа так, як і ў мяне. А вы кажаце, што гэта дрэнна», — сказаў ён. І гэта была праўда. Твор, на які ён спасылаўся, быў расхвален нашай крытыкай, як узор дасягненняў нашай літаратуры. Вы сабе можаце ўявіць становішча таго літаратурнага, так сказаць, настаўніка, які паказваў на творчыя слабасці пачынаючаму? Можа, тут можна было б сказаць так: ад якасці ўсяе нашай літаратуры, нашага літаратурнага руху залежыць і якасць справы выхаваныя літаратурных кадраў.

Сярод тых маладых аўтараў, якія ў пэўнай ступені ўжо выявіліся ці выяўляюцца, мы вельмі выразна можам заўважыць неаднолькавасць іх работы ў сэнсе іх індывідуальных асаблівасцей. Я лічу, што гэта з’ява дадатная і вельмі важная. Пакуль што рана гаварыць пра ўжо вызначаныя стылёвыя прыёмы, своеасаблівыя плыні ў іх творчасці.

Я не гавару пра творчасць маладых пісьменнікаў як такіх. Я гавару пра творчасць пачынаючых пісьменнікаў (тэма аб кадрах — змест майго даклада). Але магчымасць развіцця ў пэўным кірунку ўжо можна заўважыць у гэтых аўтараў. Вядома, я бяру на ўвагу самых здольных, найбольш выяўленых, або такіх, якія бясспрэчна зараз цікава выявяцца.

Бадай-што можна назваць тры асноўныя кірункі, да якіх схіляюцца маладыя аўтары. Вось першы.

Імкненне да псіхалагічнага аналізу. Тут найбольш выяўляюцца слабасці маладых аўтараў: часта псіхалагічны аналіз ідзе ў форме разваг і тлумачэнняў, праглынаючы сабою сюжэт, падзеі апавядання ці аповесці. Сюжэтная лінія ў такіх выпадках ледзь трымаецца. Прычым, тут шмат зрываў у сэнсе таго, што малады аўтар не ведае як належыць самое практыкі жыцця ці, прынамсі, не можа даць жыццёвым з’явам ацэнкі і зрабіць з іх вывадаў. Таму часта ў гэтай катэгорыі пачынаючых бываюць у творах неапраўданыя ўчынкі герояў, фальшывы рух іх настрояў і паводзін. Але трэба сказаць, што з ліку гэтай катэгорыі аўтараў пачынаюць цікава выдзяляцца такія, якія перамагаюць гэтыя слабасці. Я назаву трох найбольш яркіх: Шырокаў, Бірыла, Ермаловіч. Гэтая лінія ці плынь літаратурнай работы найбольш цяжкая, і таму тут самы найбольшы адсеў. Гэтыя тры аўтары выдзяляюцца тым, што, маючы нахіл у сваёй рабоце да вышэйадзначанага мною псіхалагічнага аналізу, яны, па меры сваёй вучобы, удасканальваюцца на гэтай лініі творчасці, знаходзячы ўсё больш і больш рэальна верных, мастацка апраўданых момантаў чалавечых паводзін і ўчынкаў.

Прычым, калі раней заўважалася ў іх імкненне аслабляць сюжэт за лік унутранае напружанасці герояў па лініі ці то пасіўных настрояў, ці то бяздзейных разваг, то цяпер гэты момант імі перамагаецца. Вырысоўваецца ўсё больш і больш стройнасць сюжэтнай пабудовы, павялічваюцца знадворныя падзеі, і іх сувязь з псіхалагічным рухам герояў робіцца больш і больш арганічнаю.

Шырокаў цяпер працуе над аповесцю. Тэма аповесці ў нас не новая: беспрытульнік перавыхоўваецца і робіцца дзейным будаўніком сацыялістычнага грамадства. Гэта тэма, ад якое ідзе аўтар, як ад тэмы, так сказаць, першапачатковай. Аўтар здолеў, наколькі гэта відаць з ужо закончанай першай часткі, даць усе тыя жывыя ніткі, якімі яго герой звязан з абстаноўкай, з грамадою. І тут вырысоўваецца новая якасць творчага замыслу: ва ўвесь рост паўстаюць гістарычныя карэнні біяграфіі выведзенага аўтарам героя. Ярка абрысавана тое асяроддзе, якое нарадзіла героя аповесці. Гэта той пласт сялянства, які папаўняў сабою батрацкія шэрагі ў панскіх маёнтках і кулацкіх хутарах. У гэтым асяроддзі расце дзіця, якому традыцыі бацькоў і дзядоў наканоўваюць батрацкі шлях, голад і гора, але гэты шлях знішчаецца рэвалюцыяй. Рэвалюцыя адчыніла герою дзверы ў новы, шырокі свет, і з прычыны гэтага ён, прадстаўнік таго пласта грамадства, які на сваім гарбу нёс цяжар сацыяльнага прыгнёту, становіцца выдатным чалавекам новай эпохі, знатным чалавекам краіны. Але да гэтага ён праходзіць пакуты і супярэчлівы шлях перамагання таго, што называецца: рэшткі капіталістычнага ладу (батрацтва на кулацкіх хутарах у часы нэпа). Такім парадкам, першапачатковая тэма аб былым беспрытульным перарастае ў новую шырачэзную тэму: змена самога вобліку вышэйназванае сацыяльнае групы. Гэты другі тэматычны план трымаецца на сувязі і ўзаемадачыненні героя з сваёй сям’ёй і паступовым руху самой гэтай сям’і.

Аўтар адчувае тыповае. Вобразы бацькоў героя аповесці выражаны як жывыя, і гэта зроблена літаральна толькі некалькімі штрыхамі. І от гэтую сваю здольнасць аўтару трэба вылучыць з няўмельства карыстацца сваім адчуваннем тыповага: натуралістычнае награмаджэнне сырога матэрыялу трымаецца побач з трапнымі штрыхамі і з густам сканструяванымі малюнкамі. Гэта перашкаджае аўтару стройна развіваць сюжэт і заўсёды трымаць яго на лініі вырашэння ідэі твора.

Вельмі блізка стаіць да Шырокава ў справе выпрацоўкі прыёмаў Бірыла. З яго апавяданняў найбольш вызначаюцца два: «Старая дошка» — апавяданне, надрукаванае ў альманаху «Ударнік» № 3, і апавяданне «Ключы», нядаўна напісанае. Бірыла хістаецца паміж двух фармальных спосабаў: ці трымаць на першым плане ўнутраны рух сваіх герояў, а падзеі, маналітныя з гэтым рухам, трымаць на другім плане (так напісана «Старая дошка»), ці наадварот: на першым плане прымаць знадворныя падзеі, а душэўны рух герояў павінен адчувацца з падзей і ўчынкаў, з удзелу ў гэтых падзеях, і толькі калі-нікалі аўтар падае сам, парадкам як бы растлумачальным, душэўны стан сваіх герояў. Другі спосаб найбольш цікавы і дзейны, але Бірыла ўладае магчымасцямі, яшчэ, праўда, толькі да некаторай ступені вызначанымі, даваць у першым выпадку цікавую напружанасць развіццю твора. Прыклад — апавяданне «Старая дошка». Калі ў гэтым апавяданні стары чалавек, калгаснік ацэньвае зусім па-новаму тое, што раней было для яго жыццёвай філасофіяй і не магло радавацца яго ацэнцы, калі падкладзеная пад сталом малатарні, як звычайная дошка, старая ікона, якую ён раней шанаваў, не выклікае ўжо ў ім прывычных раней душэўных рухаў, і гэта ўсё паказана аўтарам спосабам атрымання на першым плане, так сказаць, душы героя, то зусім іншы прыём у апавяданні «Ключы». Тут разгортваюцца падзеі, і чалавек (псіхалагічны рух ёсць змест апавядання) спачатку працівіцца падзеям, а пасля, пад іх непасрэдным уплывам, сам пачынае ў іх уключацца. Такім чынам паказана, як перавыхоўваецца чалавек пад уплывам падзей. Псіхалогія чалавека тут чуецца ў кірунку саміх падзей, якія на яе ўплываюць. Пакуль што цяжка сказаць, які кірунак найбольш стане арганічным для аўтара, але можна меркаваць, што прыём апавядання «Ключы», (нрз) і гэта будзе цікавей.

Калі пра Шырокава і Бірылу можна сказаць, што ім здорава перашкаджаюць натуралістычныя моманты, а пра Бірылу гэта трэба сказаць у большай меры, чым пра Шырокава, то ніяк гэтага нельга сказаць пра трэцяга аўтара з гэтай групы — пра Ермаловіча. У Бірылы занадта многа не толькі натуралістычных момантаў, але і зусім непатрэбных дэталей. Што да апавяданняў Ермаловіча, то тут ёсць небяспека іншага парадку, зусім супрацьлеглая. Ермаловіч свядома любіць апавяданне як жанр. Гэта свядомае дачыненне да жанру паказвае на аўтараву літаратурную культурнасць. І от, стараючыся зрабіць апавяданне стройным, сціслым, эканомна сціскаючы матэрыял, аўтар робіць гэта часта адарвана ад справы разгортвання саміх падзей, не ўлічваючы таго, што гэтыя падзеі павінны быць да канца выяснены чытачу. Занадта ўжо шмат чытачу прыходзіцца здагадвацца, занадта шмат цьмяных намёкаў на нейкія падзеі, якія важны тут, але якія адбываюцца дзесьці за кулісамі. Гэты прыём у прынцыпе надзвычай цікавы, але трэба, каб павевы гэтых падзей былі настолькі выразныя, што выяснялі б іх саміх, так як мы можам заўважыць сілу хвалявання вады ў цэнтры возера па тых хвалях, якія даходзяць да берагоў. У самых першых апавяданнях Ермаловіча імкненне да лаканічнасці пераходзіла патрэбную меру і прыводзіла аўтара да фармалістычнай штучнасці ў шмат якіх кампанентах твора. У апошнім апавяданні вышэйназваныя адмоўнасці ў вельмі значнай ступені зжыты.

Тэматыка гэтых трох аўтараў — калгасная, сялянская. Аповесць Шырокава перарастае гэтыя тэматычныя рамкі. І гэта зусім натуральна, паколькі ў аўтара тут шырокі ахват падзей. Тут і вясковая абстаноўка і гарадская. Тут і вясковыя тыпы і вобразы, і рабочыя. Герой праходзіць праз усю гэтую абстаноўку.

Трэба сказаць, што тэматыка ўсёй гэтай пачынаючай вызначацца плыні, найбольш яркімі прадстаўнікамі якое з’яўляюцца вышэйназваныя тры аўтары, тэматыка найбольш сялянская.

Вызначаецца, і да некаторай ступені ўжо вызначылася, група пачынаючых пісьменнікаў, галоўнаю асаблівасцю якіх можна лічыць імкненне да пэўнай дакладнасці з’яў. Перамаганне статычнага збора матэрыялу — гэта першая задача гэтай групы. Калі ўмоўна дапусціць, што можна гаварыць пра пэўныя ўжо тут кірункі, то гэтая група стаіць блізка да натуралістычных навыкаў работы. Тут справа не толькі ў дэталях, у мове, тут справа ў самім падыходзе да матэрыялу.

Першым з гэтых аўтараў, хто стаў перамагаць гэтыя якасці, быў Шаўцоў. Шаўцоў пачынае пісаць з нарысаў. Ужо тады вызначалася ў яго здольнасць заўважаць такія рысы ў характары, якія важна заўважыць, каб стварыць літаратурны тып. Так былі ў яго ўдалыя зарысоўкі ўдарнікаў на заводзе. Пасля Шаўцоў распрацоўвае іншыя жанры — аповесць, апавяданне. І тут выявілася, як трэба было з самага пачатку літаратурнай вучобы перад маладымі аўтарамі паставіць пытанне, што нарыс не ёсць нейкі ніжэйшы від творчасці, дзе ўзаконена награмаджэнне сырога матэрыялу без усякага адбору. Нарыс лягчэй пісаць, бо ў ім можа не быць напружанае астраты сюжэта, але гэта не значыць, што нарыс ёсць збор сырога матэрыялу. І от, калі Шаўцоў пачаў перамагаць такога парадку збор матэрыялу, ён пачаў не заўважаць часам, што ў творы важна даць не вынік, а працэс. Так, у аповесці «Дзеці вуліцы», на тэму аб тым, як беспрытульнікі перавыхоўваюцца ў будаўнікоў сацыялізма, ігнаравана шмат момантаў самога гэтага перавыхавання. Некаторыя героі з’яўляюцца ўжо гатовымі, так сказаць, да новае дзейнасці, паказваюцца адразу на новай рабоце пасля беспрытульніцтва. У прынцыпе гэта не ёсць загана, каб адчуваліся ў аповесці канкрэтныя павевы і прычыны гэтага перавыхавання. А то бывае, што самыя думкі кінуць беспрытульніцтва і шукаць работы або вучобы прыходзяць беспрытульнікам самі па сабе. І гэта пасля таго, калі нядаўна яшчэ яны рабілі адваротнае, уцякалі з прытулкаў і школ. Аўтар вельмі добра ведае матэрыял, але задача — навучыцца перамагаць яго. Сюжэт гэтай аповесці разгортваецца даволі цікава, толькі шмат ёсць неапраўданых рэальнасцю штучных спатканняў, абцяжарванне сюжэтнай лініі лішнімі асобамі і з’явамі. Гэты другі момант ёсць яшчэ ранняя прывычка аўтара да награмаджэння сырога матэрыялу.

Бадай-што можна блізка паставіць да Шаўцова Козляка. Вядома, Шаўцоў як аўтар уладае большай ступенню майстэрства. Яго аповесць, нягледзячы на вышэйпаказаныя хібы, ёсць сапраўды аповесць, хоць над ёю аўтару трэба яшчэ шмат працаваць. На Козляка ў большай меры, чым Шаўцова, цісне матэрыял. І яго трэба перамагаць выпрацоўкай стройнасці сюжэта, а для гэтага набываць навыкі, заўважаць і адбіраць характэрнае і патрэбнае для кожнага твора.

Тэматыка Шаўцова і Козляка — выключна завадская, гарадская. У нашых умовах гэта надзвычай важна. Завадская тэматыка больш блізкая для Шаўцова, і тут у яго большыя магчымасці для працы і вучобы. Там, дзе ён спрабуе свае сілы на тэматыцы вясковай, там адразу відаць, што ён слабей адчувае матэрыял.

Падсобныя першапачатковыя прыёмы былі не зусім яшчэ зжыты Лагвіновічам. Гэты аўтар у большай меры, чым Шаўцоў, гаворачы ўмоўна, натураліст, Лагвіновіч працуе над апавяданнямі. Праца над гэтым жанрам павяла аўтара па лініі хутчэйшага перамагання сырога матэрыялу. Лагвіновіч выпрацаваў у сабе адчуванне сюжэта. Займальнасць у апавяданнях Лагвіновіча на даволі высокім узроўні. Але толькі ў самых апошніх апавяданнях Лагвіновіч пачаў перамагаць такую натуралістычную дакладнасць у характарыстыках і апісаннях, якая вельмі абцяжарвала стройнасць самога сюжэта. Тэматыка Лагвіновіча калгасная. Апошняе апавяданне яго «У Свірні» з усёй яго творчасці самае ярчэйшае. Тут асабліва відно адчуванне сюжэта і даволі ярка абрысаваны тыпы. Залішне дэталей — вось галоўная хіба.

Гэтая група пачынаючых пісьменнікаў мае перад сабою задачу — узвысіць сваю творчасць над паасобнымі праявамі бытавізму. Гэта асабліва трэба ўявіць Лагвіновічу. У Шаўцова тут найменшая небяспека. Ва ўсякім выпадку, Шаўцоў ужо стаіць на даволі высокім узроўні разумення момантаў творчасці, тут відаць яго некаторую практыку.

Шаўцоў і Лагвіновіч, па-мойму, найбольш яркія прадстаўнікі той групы маладых пісьменнікаў, якія пачыналі сваю працу з імкнення да бытавое прозы. Шаўцоў можа выкарыстаць бытавыя моманты для рэалізацыі пэўных ідэй сваіх твораў, у Лагвіновіча быт часта як бы самамэта. Па гэтай лініі рост Шаўцова бясспрэчны. Лагвіновіч у гэтым моманце адстаў ад росту іншых момантаў сваёй творчасці.

Ёсць пачынаючы пісьменнік Краўчанка. Што характэрна для яго творчасці? Не адыходзячы ніяк ад бытавых з’яў, ён карыстае іх не для таго, каб гэты быт апісваць, а для таго, каб вывесці характары, народжаныя гэтым бытам, і на гэтых характарах рэалізаваць пэўныя ідэйныя замыслы. Такія творчыя імкненні закладзены ў яго рабоце. Ёсць адна рыса, якую нельга не адзначыць. Краўчанка пачаў пісаць, не ў прыклад усім пачынаючым іншым, з пэўным густам. Яго такія апавяданні, як «Міціна памылка» і «Тры няўдачы», гавораць, што ў аўтара ўжо ёсць не толькі адчуванне тыповага, а нават ужо ўмельства насычаць мову тонкім гумарам, перадаваць гумар гнуткасцю мовы. (...) У Краўчанкавых апавяданнях стройны сюжэт (калі браць на ўвагу, што Краўчанка пачынаючы пісьменнік), умельства валодаць словам. Толькі трэба зварочваць увагу на паглыбленне ідэйнасці. Гэта значыць, што створаныя аўтарам характары мелі большае значэнне ў жыцці, каб іх літаратурнае выяўленне ішло ў справе большых падзей, каб была большая значымасць і актуальнасць тых вывадаў, якія чытач робіць з кожнага твора.

Я выбраў найбольш яркіх літаратурных тыпаў з пачынаючай моладзі. Яркіх у тым сэнсе, што праз іх можна бачыць асноўныя тэндэнцыі ў творчасці пачынаючых. Можна, да некаторай ступені, заўважаць пачынаючыя вызначацца як бы плыні, якія пасля могуць больш акрэслівацца або зменьвацца.

Вядома, тут можна было б назваць Каплеўскага, Туманскага, Пінчука, Паўлоўскага, Дашкевіча, Калачынскага, Кузьмянкова, Гайшука і шмат іншых. Але справа ў тым, што іх творы можна ахарактарызаваць так, як і творы аўтараў, пра якія вышэй гаварылася.

Справа літаратурнай вучобы маладых аўтараў павінна набыць новую якасць. Яна павінна быць перабудавана не толькі па лініі пісьменніцкай арганізацыі, але і па лініі тае справы, якую я вышэй назваў літаратурным выхаваннем моладзі.

Вучоба пачынаючых вельмі шмат пацярпела ад безадказнасці саміх пісьменнікаў. Яна не ўключана ў наш літаратурны рух. Але таксама мы павінны дамагацца адказнасці і ацаніць пачынаючых. Калі БелАПП праводзіў заклік ударнікаў у літаратуру, ён зрабіў вялікую памылку ў тым, што абвясціў пачынаючага пісаць цэнтральнай фігурай літаратурнага руху. А гэта, фактычна, зняло зусім пытанне вучобы. Трэба сказаць проста: вучоба і развіццё некаторых маладых пісьменнікаў праходзіць вельмі марудна.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан