epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Працаваць над драматургічным словам

Творы вялікіх драматургаў заўсёды былі бліскучым укладам у скарбніцу не толькі культуры тэатральнай, але і культуры літаратурнай. Гэтыя творы сапраўды былі вышэйшым відам літаратуры. Адсюль вынікае вельмі просты і не менш важны вывад: у вялікіх драматургічных творах на вышыні ўсе іх кампаненты — і тыя, што належаць да спецыфікі тэатра, і тыя, што зазвычай называюцца літаратурнымі якасцямі драматургіі. Гэтую простую мысль мы не заўсёды маем на ўвазе. Наша драматургія часта хварэе аднабаковасцю: у пагоні за так званымі сцэнічнымі эфектамі часта мы забываем, што якая б высокая сцэнічнасць пэўнай п’есы ні была, яна сапраўды і не сцэнічнасць, калі ў п’есе няма ўнутранай, мастацкай праўды, калі гэтая «сцэнічнасць» зроблена як самамэта і ігнаруе іншыя бакі драматургічнага твора.

Што трэба разумець пад так званымі літаратурнымі якасцямі драматургіі? Трэба разумець не толькі слова, а маналітнасць слова з тыповасцю вобразаў. Гэта тыповасць — канкрэтная, вельмі выразная прыналежнасць выведзеных у п’есе людзей да пэўнай сацыяльнай катэгорыі. Значыцца, мы маем справу з сацыяльнай тыповасцю самога слова, прычым, мова тыпізуецца яшчэ і ўнутры вышэйпамянутай катэгорыі, яна індывідуалізуецца па тыпах, па вобразах. Кожнае слова павінна быць на месцы і выражаць пэўны канкрэтны змест, мець вялікую насычанасць. Такое слова ў напісаным творы не так ужо лёгка замяніць словам другім. Гэтая замена слова ёсць ужо таксама працэс творчасці, працэс упартай работы, а не механічная замена крыху блізкім словам. Да такой вялікай дакладнасці мы павінны імкнуцца ў сваіх драматургічных работах.

Мы прывыклі гаварыць, што драматургія павінна быць у саюзе з літаратурай. Гэта правільная мысль няправільна фармулюецца. На аснове адзінага творчага метаду і літаратура, і драматургія маюць у сваім развіцці, у сваёй культуры зусім агульныя моманты, і блізасць гэта ёсць справа натуральная, а не штучная, не падагнаная пасля перыяду некаторай «няблізасці», некаторага адрыву. Калі мы кажам, што пэўная п’еса на вельмі нізкім літаратурным узроўні, дык гэтая п’еса, значыцца, і на вельмі нізкім узроўні драматургічным. Кожны драматург павінен быць літаратарам. Гэта не значыць, што ён павінен, нараўне з драматургіяй, займацца і іншымі, чыста літаратурнымі жанрамі. Гэта значыць, што ён павінен ведаць цану слова ў такой меры, у якой павінен ведаць цану рэальнага становішча свайго героя, як ён павінен ведаць цану драматургічнай сітуацыі, збегу падзей і з’яў, якія ёсць у творы ў выніку творчай фантазіі, творчага вымыслу аўтара.

Здаецца, гэта вельмі простыя ісціны і не трэба пра іх так шмат гаварыць. Аднак жа гаварыць прыходзіцца, бо бывае, што цікавы спектакль псуе... слова. Бывае, што слова ў п’есе не варта самой п’есы. І пакуль герой маўчыць, пакуль ён дзейнічае без слоў, пакуль ён толькі з’яўляецца на сцэну, або калі яго чакаеш на сцэну, у выніку ранейшай падрыхтоўкі на сцэне да яго прыходу, ён, гэты герой, ёсць сіла. А калі ён загаворыць, якасць яго сілы, якасць падачы яго як вобраза, як тыпа, зніжаецца. Слова, якое яму ўклаў у вусны аўтар, не варта яго самога.

Работа над словам ёсць задача для драматурга вялікай важнасці. У гэтай справе мы маем такі вялікі аўтарытэт як Максім Горкі. У драматургіі Максіма Горкага дакладнасць, выразнасць і насычанасць слова такая вялікая, што гэта слова, здаецца, вельмі цяжка замяніць іншым. Мастак слова знайшоў такую мову, якая якраз тут павінна быць на гэтым месцы.

Гэта пытанне ёсць адно з важных пытанняў справы аўладання тэхнікай драматургіі і літаратуры. Гэтая справа не толькі належыць да спраў драматурга, не ў меншай меры яна належыць і да спраў акцёра. Бывае, што добрае слова ў п’есе са сцэны гучыць нядобра. Гэта належыць да аўладання сваёй тэхнікай акцёрам.

Наша эпоха дала новых вялікіх людзей. Калі мы хочам паказаць у сваіх драматургічных творах вобразы бальшавікоў, то мы павінны ведаць, што гэтыя вобразы, гэта новая парода новага чалавецтва не можа быць падана ў неўласцівай ёй спецыфіцы, бо такая падача была б, у лепшым выпадку, самай сапраўднай халтурай.

Сацыялістычнае чалавецтва мае і сваю сацыялістычную мову. Бальшавік мае сваю бальшавіцкую мову.

Адна з самых найважнейшых задач нашай драматургіі і тэатра — стварэнне вобразаў бальшавікоў. Працуючы над гэтым вобразам, трэба працаваць і над мовай, прыналежнай гэтаму вобразу.

Спецыфіка мовы, спецыфіка стылістыкі — вялікая справа. Трэба шукаць дакладнага слова для яснай і дакладнай фармуліроўкі.

Пакапаўшыся ў нацдэмаўскім моўным арсенале, мы вельмі лёгка заўважым не толькі спецыфічна нацдэмаўскія словы, а нават і спецыфіку пабудовы фраз, адпаведную стылістыку. Ачышчэнне савецкай беларускай мовы ад гэтай нацдэмаўскай спецыфікі можна з поспехам зрабіць толькі праз канкрэтныя моўныя доследы, праз практычную работу работнікаў мастацкага слова над мовай мастацкіх твораў.

У тэатры мы не толькі глядзім, мы і слухаем. У тэатры мы чуем слова, сіла якога да найвялікшых размераў узмацняецца дзеяй. От чаму мова нашай драматургіі павінна быць пад асаблівай вялікай нашай увагай.

Мы павінны вывучаць спецыфіку вобразаў і тыпаў, якіх выводзім у сваіх творах, і ні ў якім разе мы не можам механічна надаваць сваім тыпам неўласцівыя ім рысы.

Тэатр — адзін з найбольш даходчывых да мас відаў мастацтва. Гэта адзін з найбольш масавых відаў мастацтва. Таму і адказнасць работнікаў тэатра і драматургіі большая, чым якіх бы то ні было іншых работнікаў мастацтва. Гэта мы не павінны забываць. Мы адказваем за кожнае слова, за кожную рысу ў сваёй рабоце.

Я думаю, што наша тэатральная крытыка вельмі мала ўвагі надае такому пытанню, як пытанне слова, пытанне мовы ў тэатры, у драматургіі. Разгляд мовы нашай драматургіі — гэта бліжэйшая справа нашай крытыкі.

Наш тэатр павінен даць вялікія вобразы людзей нашай бальшавіцкай эпохі. А для гэтага і драматургі, і работнікі тэатра павінны бесперапынна, рэальнымі спосабамі вывучаць наша рэальнае шматграннае і багатае жыццё.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан