epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Працу з кадрамі — у творчы план

Наш літаратурны фронт павінен бесперапынна папаўняцца новымі сіламі. Працэс падрыхтоўкі кадраў павінен бесперапынна адбывацца ў нашым літаратурным руху. Нам патрэбна многа новых маладых, здаровых літаратараў. Літаратараў-бальшавікоў. Перад нашай літаратурай вялікія задачы і не меншыя магчымасці і перспектывы. І чым вышэй мы ўзнімаемся, чым больш з кожным днём расцём, тым шырэй вырысоўваюцца перад намі нашы перспектывы і магчымасці, тым больш цвярдзей паўстаюць перад намі нашы задачы і тым больш мы адчуваем патрэбу моцнага прытоку новых літаратурных сіл. Стварэнне ў літаратуры жывых вобразаў бальшавіцкай эпохі — гэта справа такая ж вялікая, як і неабходная, і гэтая справа вымагае бесперапыннай кожнадзённай працы вялікага ліку людзей. Пра ўзмацненне новымі сіламі гэтага працаздольнага актыву і павінен заўсёды дбаць наш Аргкамітэт, а разам з тым і кожны пралетарскі, савецкі пісьменнік.

Выхаваўчая работа з закліканымі ў літаратуру ўдарнікамі, маладымі аўтарамі — гэта ёсць адна з самых галоўных галін працы Аргкамітэта, і ў гэтай рабоце не могуць не ўдзельнічаць усе савецкія пісьменнікі.

Маладыя аўтары ідуць у нашу літаратуру найбольш з заводаў і калгасаў. Гэта асноўнае і пераважнае ядро ў прыліве маладых сіл на літаратурны фронт. Гэтыя людзі самі ўдзельнікі сацыялістычнага будаўніцтва, ім дасканала знаёмы працэс сацыялістычнай вытворчасці, яны маюць багаты вопыт у гэтай вытворчасці. Яны глыбока ведаюць канкрэтных людзей — работнікаў заводаў і калгасаў. Многія з іх удзельнікі партыйнай і савецкай кіраўнічай работы. Ім самім у сваёй кожнадзённай рабоце шмат даводзілася і даводзіцца мець практычнага дачынення да ўсялякіх людзей і спраў. Іначай кажучы, яны маюць вялікі матэрыял для свае літаратурнае работы, здабыты імі сваёю ўласнаю практыкаю. А гэта самае важнае ў работніка літаратуры.

Уладаючы багатым матэрыялам, маладыя аўтары не маюць яшчэ ўмельства літаратурнае арганізацыі гэтага матэрыялу. І перад Аргкамітэтам задача — зрабіць з маладых аўтараў майстроў літаратуры. Бо натуралістычная падача матэрыялу, хоць сабе і пісьменная, яшчэ не ёсць літаратурная творчасць. Маладым аўтарам трэба вучыцца з сырога матэрыялу рабіць літаратурныя творы. Гэта аснова, гэта ясна і, можа, пра гэта не трэба было б успамінаць, каб не той факт, што некаторая частка маладых аўтараў мае імкненне падаваць самы матэрыял без усялякага творчага вымыслу, без творчае фантазіі. І вельмі часта гэтая падача матэрыялу ішла ў друк пад назваю «нарыс», а калі гэта мела большыя памеры, аўтар называў гэта «аповесць». Бывалі такія выпадкі, што гэта прымалася як дадатны факт, а значыцца, выхаваўчае работы з аўтарам не вялося. Аналагічныя з’явы здараліся і ў паэзіі.

Па-мойму, работу з маладым аўтарам трэба пачынаць з таго, што ўжо з самага пачатку ставіць перад ім праблемы творчага вымыслу, творчае фантазіі.

Што гэта значыць?

Гэта значыць, перш за ўсё, што трэба вучыць маладога аўтара абагульняць факты і рабіць з іх пэўныя філасофскія вывады. Аўтар, напрыклад, ведае добра матэрыял, з якога можна зрабіць літаратурны твор. Матэрыял гэты аўтар прынёс з завода, з калгаса. Разам з тым, трэба ставіць перад аўтарам задачу бачыць падзеі за заводам, за калгасам. І чым шырэйшы будзе той круг, на якім заўважаюцца аўтарам гэтыя падзеі, тым большы будзе рост аўтара. І трэба вучыцца аўтару канцэнтраваць падзеі з шырокага круга ў адзін пункт, які і ёсць літаратурны твор.

Без філасофскага асмыслення падзей будзе толькі механічнае злучэнне фактаў. І мы павінны нашу работу з маладымі аўтарамі праводзіць «у філасофскім плане» — гэта значыць у плане станаўлення марксісцкага светапогляду маладога пісьменніка. Без гэтага наш аўтар не навучыцца майстэрству.

У гэтай кожнадзённай вучэбнай рабоце павінна канцэнтравацца практыка ўсяго актыву савецкіх пісьменнікаў. Гэта павінна быць адна лінія работы на адным вялікім фронце, на якім расстаўлены і «старыя», і «маладыя» пісьменнікі, і пісьменнікі з творчай практыкай, і пісьменнікі пачынаючыя. Урэшце гэта можа быць агульная вучоба.

Уласна кажучы, я выразна не бачу той мяжы, па адзін бок якое стала б праца з маладым аўтарам, а па другі — творчая работа самога пісьменніка. Нам трэба знайсці такія формы работы, якія б выхаванне кадраў зрабілі б неадлучнаю часткаю творчага працэсу усяго пісьменніцкага калектыву. Хіба наш пісьменнік аддзяляе сваю ўласную вучобу ад свае кожнадзённае працы над напісаннем твораў? Не, гэтага падзелу нельга зрабіць. Так жа сама мы павінны паставіць працу і з кадрамі, не ўзвальваючы гэту вялікую справу толькі на пэўную частку аргкамітэтаўскага апарата.

У нас ёсць кабінет ударніка, які як належыць яшчэ не працаваў. Чым павінен быць гэты кабінет? Ён павінен быць такою лабараторыяй, дзе б маладыя аўтары вучыліся пісаць літаратурныя творы. У гэтай лабараторыі павінна быць сканцэнтравана праца з маладымі аўтарамі ўсіх савецкіх пісьменнікаў. Але для гэтага трэба вялікая ўвага да гэтае лабараторыі з боку самога Аргкамітэта.

І ўрэшце — пра нашу пісьменніцкую абломаўшчыну ў справе працы з маладымі аўтарамі. Яна ёсць, гэтая абломаўшчына, што тут таіцца. Яе трэба вырваць з усімі яе карэннямі. Але як? Перш за ўсё яе трэба знішчыць на ўсім літаратурным фронце, а яна часамі ўсюды трапляецца. А па-другое, калі гаварыць пра актывізацыю пісьменнікаў у працы з кадрамі, дык тут трэба гэту пісьменніцкую актывізацыю паставіць у літаратурна-творчы план, а не ў план арганізацыі літгурткоў. Найбольш гэта справа прафсаюзных арганізацый. А пісьменнікаў трэба выкарыстаць па спецыяльнасці. Толькі паставіўшы пісьменніка ў план творчай работы з маладымі аўтарамі, можна як належыць актывізаваць яго у гэтай справе.

Мінулаю вясною мне даводзілася знаёміцца з працаю літгурткоў у Бабруйску. Працы там ніякае не было, і ні адна арганізацыя пра гэта не думала. Здаецца, тое самае там і цяпер.

Калі можа добра працаваць кабінет ударніка? Тады, калі па-за кабінетам будзе наладжана праца літгурткоў, калі, так сказаць, будзе стварацца аўдыторыя для самога кабінета.

З самага апошняга прыходу ў літаратуру маладых аўтараў можна назваць такія імёны, як Краўчанка, Бірыла, Лагвіновіч, Румянка, Паўлоўскі. Гэтыя празаікі пачалі выяўляцца толькі за гэты год. Але гэтае «выяўленне» адбылося выпадкова, самацёкам. Гэтыя маладыя празаікі пачынаюць друкавацца. Мы маглі б выявіць здольных людзей значна больш, каб працу з імі ўвялі ў сістэму кожнадзённае свае працы. І гэта наша першачарговая задача.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан