epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Прасторны дом

На ўваходзінах у новы дом, увосень, гадоў за сем да вайны, Банадысь Татарынчык добра падпіў і расказваў:

- От бо даўней людзі ўмелі выбіраць моцнае дрэва на будоўлю. Той старой хаце, што некалі стаяла на гэтым самым пляцы, было год семдзесят, калі я раскідаў яе. І яшчэ не сказаць, каб вельмі ўжо трухлявая была. Мой нябожчык бацька быў малы, калі яе ставілі. А я дык за свой век ужо другі дом стаўлю. А мне ж усяго пяцьдзесят шэсць гадоў.

Але Банадысю было абы пагаварыць, а ўсім абы паслухаць. Усе, хто быў тады за сталом, многа пілі, многа елі і надоўга пачалі гаворку пра будаўнічую спрактыкаванасць старых людзей і пра мацунак сцен са смольнай хвоі. А Банадысёў сусед Уладзя Якубоўскі сказаў:

- Даўнейшым часам хвоя ў лесе смальнейшая расла.

Пасля гэтага ўсе засмяяліся і гаворка пачала хіліцца на іншае. Гаварылі пра Банадысёвы справы і яго новы дом, які ён паставіў зусім не таму, што той ранейшы быў ужо стары. Банадысь слухаў людскую гаворку, і ў душы яго было многа радасці. Справы яго былі вельмі добрыя. І новы дом яго быў вельмі добры. І ўсё жытло яго трымалася ў дабрыні.

Першымі часамі пасля рэвалюцыі ён раскідаў старую цесную хату і на яе месцы паставіў дом. Той дом стаяў год трынаццаць. І стаў здавацца цесны. Нарэшце ён быў ужо мала чым выгаднейшы за тую старую хату. Тады Банадысь Татарынчык паставіў гэты дом, вялікі і выгодны.

У Банадыся было шасцёра дзяцей. Усе яны выгадаваліся і пайшлі на добры лад. Самы старэйшы яго сын, Канстанцін, скончыў у Менску ўніверсітэт і астаўся пры ім давучвацца і працаваць. Год за годам, і ён стаў вучоным. Яго імя часта сустракалася ў газетах, калі дзе што пісалася аб універсітэце, аб Акадэміі навук, аб справах навукі. Ён быў жанаты і кожным летам прыязджаў да бацькі з жонкаю і дзвюма дзяўчаткамі. Прыязджала і сям'я другога сына, машыніста з чыгункі. У гэтага было чацвёра дзяцей. Трэцяя з дзяцей, Ганна, была замужам за кавалём, тут жа па суседству, праз дзве хаты. У гэтай было трое дзяцей. Чацвёртая, Наста, была настаўніца і таксама прыязджала ўлетку з мужам, будаўніком мастоў, і трыма дзецьмі. Пяты сын быў заатэхнік. Гэты жыў дома з бацькам, і на яго клопаце была ўся жывёла ў калгасе. Самая ж маладзейшая з дзяцей, Клава, была вечная трывога Банадысю Татарынчыку. Заўсёды ён думаў пра яе як пра асобу вельмі легкадумную і без усялякай сталасці. Калісьці яна кінула, не давучыўшыся, педагагічны тэхнікум, прагнучы нейкай «артыстычнай славы на эстрадзе», як сама тлумачыла бацьку. Яна мала калі бывала дома. Яна часта пераязджала жыць з горада ў горад. Даходзілі чуткі, што яна ніяк не можа выбраць сабе працы і не набыла сталай прафесіі. Яна была вялікая модніца. Банадысь Татарынчык ніяк не мог уцяміць, чаму яна не пайшла замуж. Ён злаваў на яе і сумаваў па ёй, як па страчаным сваім дзіцяці. Яна нейк і гаварыць старалася з асаблівым акцэнтам і інтанацыяй і нарэшце стала ўяўляцца Банадысю як бы чужой.

Пасля ўваходзін у новы дом адразу пачалося ў ім жыццё на поўную меру. Асабліва гэта было ўлетку, калі ўсе сюды з'язджаліся. Тут было многа дзяцей і многа шчаслівага жаночага клопату. Канстанцін прыязджаў сюды і зімою, пісаць свае навуковыя працы. Дом вельмі хутка абжыўся, і пачало здавацца, што ён стаіць ужо вельмі даўно. Усё было б як не трэба лепш, каб не думкі аб Клаве, якая была нейкая нялюдская. Дайшлі былі чуткі, што яна вельмі часта зменьвае сваю працу і нічога не можа дабраць сабе да густу, бо і густы яе часта зменьваюцца. Банадысь пачаў нарэшце спадзявацца, што ў яе можа нарадзіцца дзіця і яна прыедзе гадаваць яго дома. Але прыйшоў момант, што яна і без дзіцяці явілася дадому.

Гэта быў страшны час у жыцці Банадыся Татарынчыка. Яго вялікі дом быў пусты, з усіх яго пакояў павявала пустэчай. Сам Банадысь з жонкай жыў у кухні. Улетку не прыязджалі дзеці, унукі, і невядома было, дзе яны і што з імі. Вядома было толькі, што сын, які жыў дома, у арміі. А дачку, кавалёву жонку, забілі фашысты, калі забіралі жывёлу. Сам каваль, забраўшы з сабою дзяцей, пайшоў туляцца ў лясы. У доме панавала маўчанне. А тут жа заўсёды было так людна і весела. У гэтым доме Канстанцін напісаў быў за лета кнігу. Тут радзілася адно з дзяцей у дачкі-настаўніцы. Банадыся палохала нязвыклая цішыня пустых сцен. Ён усё чакаў, што якім-небудзь патаемным парадкам пачнуць прыходзіць дзеці. І яшчэ ён чакаў, пакуль знікнуць адсюль немцы. Тады ўжо напэўна ўсе пазбіраюцца ў свой прасторны дом. У такім чаканні памерла жонка, старая ўжо жанчына. Ён жыў адзін, бесперапынна курыў і пільнаваў дом. Ён зберагаў яго на лепшы час, калі ўсе, шчаслівыя, збяруцца разам. І вось прыйшла Клава. Банадысь накурыў гэтулькі дыму ў сваёй кухні, што яна спынілася ў парозе як бы збянтэжаная. Нават і ў такім сваім стане ён усцешыўся хараством сваёй дачкі, якое было цяпер яшчэ большым, як заўсёды раней, і сапраўдным, чалавечным. У яе цяпер не былі падмалёваны губы, і гаварыла яна проста, так, як умела змалку. Яна была адзета прасцей, і не было ў яе крыклівай самаўпэўненасці.

Вялікая радасць скалынула Банадысёву душу. Ён абняў Клаву і стаў распытваць. Вось што яна сказала:

- Я ледзьве жыла. Ужо доўга-доўга я жыла галодная і тулялася, каб немцы не пагналі мяне ў Германію на работу. А раней да цябе прыйсці я баялася: гэта ж такая дарога, сотні кіламетраў. А было чутно, што і тут гоняць у Германію.

Ён пачаў карміць яе. Пакуль яна ела, ён не спускаў з яе, маўклівай, вачэй і ўяўляў сабе, што гэта яна, як некалі, малая сядзіць за сталом і чакае яго ласкі і добрага бацькаўскага слова.

Але яна ўжо не была малая. Яна ціха жыла з бацькам і адпачывала душой і целам. Яна адаспалася і папрутчэла ўсім сваім рухам і голасам. Так прайшло, можа, з месяц, і ў вёсцы спыніліся на пастой немцы. Вялікі Банадысёў дом нагледзелі сабе афіцэры. Іх было, маладых і старэйшых, сем чалавек. А пры іх былі салдаты. Такім парадкам дом заняло ўсяго дзевятнаццаць немцаў. Яны занялі ўсе пакоі, кухню, сенцы і халодны пакой пры сенцах. Яны пахвалілі гаспадара за прасторны і выгодны дом. У адной толькі кухні магло б жыць дзесяць чалавек.

Немцы занялі дом зранку. Відно было, што яны заўважылі і хараство гаспадаровай дачкі. Сумятня ў доме пачала сціхаць. Салдаты ў кухні пачалі рыхтаваць абед. Афіцэры ўладжваліся ў пакоях і раскладалі свае рэчы. Банадысь, сам не свой, стаяў у адчыненых дзвярах з сянец на двор. Клава сядзела ў сенцах. Малады немец раз-поразу хадзіў з пакояў на двор і з двара ў пакоі. Праходзячы праз сенцы, ён кожны раз прагнымі вачыма акідаў Клаву, і магнасць да яе прымушала яго заўсёды сцішваць хаду каля яе. Банадысь не спускаў з яго вачэй. А ён усё выносіў на двор вытрасаць нейкія чамаданы, паперы, адзежу. Нарэшце Клава заўважыла ці адчула на сабе ўвагу гэтага немца. Яна акінула яго вачыма, і позіркі іх спаткаліся. Банадысь стаяў як прыкаваны да пакуты. І тут адбылася страшная рэч. Немец на адзін момант спыніўся ля Клавы і ўсміхнуўся ёй. Банадысь акамянеў, і яму цяжка стала дыхаць. Ён убачыў: Клава ўсміхнулася немцу. Немец злавіў яе ўсмешку і рушыў у пакоі, каб праз паўхвіліны зноў ісці праз сенцы і зноў есці вачыма Клаву.

- Выйдзі з сянец! - загадаў Банадысь Клаве.

Яна зразумела і выйшла, збянтэжаная.

- Скінь з сябе гэты шоўк, каб яго перуны спалілі! Яшчэ бо выфранцілася якраз! Пераадзенься ў матчыну адзежу. Зачыніся ў пуні і ляжы да вечара. Да ночы будзь гатова ў вялікую дарогу... Каму ты ўсміхалася! Гадаўка! Дык вось чаму ты заўсёды была гэтакая нялюдская! Ты ведаеш, каму ты ўсміхнулася? Я магу цябе ўзненавідзець, брыда паганая!

Як атручаны хадзіў ён цэлы дзень і ўсё правяраў акяніцы ў доме. Горкая прыкрасць душыла яго. Агіда і нянавісць не давалі яму спакою. Клава не выйшла з пуні да самага вечара.

Пасля Банадысь Татарынчык расказваў, што рашучая і ясная думка прыйшла яму ў галаву адразу, як толькі ён убачыў, што немец і Клава абмяняліся ўсмешкамі. За дзень жа ў яго галаве вымеркаваўся план.

Як толькі сцямнела, афіцэры ў самым большым пакоі селі за стол і запалілі свечкі. Банадысь увайшоў сюды і сказаў таму афіцэру, які за той дзень колькі разоў гаварыў з ім па-расейску:

- Трэба зачыніць акяніцы. Дом стаіць на высокім месцы, вокны вялікія і з сярэдзіны асвечаны. Не тое што зблізку, а за кіламетр відно ўсё ў доме знадворку. Чаму вы такія неасцярожныя?

Апошнюю фразу Банадысю ўдалося сказаць з такой шчырай інтанацыяй, што афіцэр распарадзіўся зачыніць ва ўсім доме акяніцы. Зачыняў іх сам Банадысь. Ён умацоўваў іх як толькі мог і пабраў знадворку на зашчапы.

Ужо стаяў поўны вечар. Паднімаўся маладзік. Дом стаяў на адрыве ад вясковых забудоваў. Было ціха і тут, і там, на вёсцы. Салдаты сядзелі ў кухні і ў пярэднім вялікім пакоі. Афіцэры вячэралі ў другім пакоі. Вартавы салдат стаяў у браме на вуліцу. Клава стаяла ў адчыненых дзвярах пуні.

- Ідзі пазабаўляй вартавога, ты ж павінна ўмець, - сказаў да яе Банадысь. - Увядзі яго ў пуню, а сама выйдзі.

Клава, ужо ў матчыным адзенні, пайшла да вартавога немца і асталася стаяць з ім. Неўзабаве яны селі на лаўку. Але хутка пайшлі ў пуню. Банадысь зашчапіў на клямку сенцы і адразу апынуўся ля пуні. Клава выйшла адтуль. Банадысь ірвануў дзверы, зачыніў пуню і ўзяў дзверы на крук. У наступны момант ён ткнуў у саламяную страху пуні запалку з агнём. Чвэртку хвіліны яму трэба было на тое, каб дабегчы да дома, распусціць пры яго сценах раней развязаныя чатыры кулі саломы і падпаліць. Вартавы ў пуні пачаў грукаць у дзверы. Пуня ўжо гарэла зверху. Банадысь паспеў яшчэ прываліць бервяном сенечныя дзверы і падкласці ў агонь пры доме саломы. Ён тузянуў за рукаў аслупянелую Клаву, і яна пайшла за ім проста ў поле. За імі шыбала полымя і чуўся крык. Толькі праз кіламетраў сем Банадысь сцішыў хаду, выбіраючыся на выкручастую сцежку ў хмызняку. Клава маўчала, паслухмяная, ціхая, добрая, ужо цяпер падобная да малой дзяўчынкі.

- Ці доўга мы будзем так ісці? - запытала яна.

- У Шастакоўскім лесе я найду нашага каваля. Так што, пакуль там у нашым прасторным доме нашы кватаранты выскварацца на ўсе бакі, ты ўжо здолееш усміхнуцца там у лесе каму сабе захочаш, - адказаў Банадысь Татарынчык.

 

1944


18.05.1944

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая