У спектаклі «На дне» пануе над усім адна вялікая рыса, якая падначальвае сабе ўсё, гэта — праўда, вялікая праўда жыцця, праўда чалавека, праўда аб чалавеку. Адсюль і самая глыбокая народнасць гэтага спектакля. І няма ніводнага моманту ў спектаклі, у які глядач не верыў бы. Ні на секунду не можа з’явіцца думка, што ты ў тэатры.
І калі пасля пачынаеш думаць аб спектаклі, перад табой паўстаюць паасобныя моманты творчасці гэтага найвыдатнейшага ў свеце тэатра. Іх адчуваеш, і ўзнікае пачуццё радасці ад таго, што ў нашай краіне існуе такое вялікае мастацтва.
Лука, Сацін, Барон, Насця, Бубноў, Кастылёў і ўсе іншыя — толькі такія яны былі ў жыцці. І гэтая праўда ёсць аснова вялікага тэатральнага мастацтва.
Толькі так мог гаварыць Лука — тып з простага рускага народа, толькі так ступаць нагамі, толькі такую мець хітрасць, толькі так цешыць сваёй «праўдай» ці «няпраўдай» другіх.
Думаецца і яшчэ аб адным: гледзячы спектакль «На дне», бачыш, як тэатр і мова народа ёсць адзін непадзельны маналіт. Магутная руская мова гучыць са сцэны Вялікага тэатра як найглыбейшае хараство. І яшчэ больш узнікае імкненняў працаваць у гэтым кірунку і ў нашым беларускім тэатры.