epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Публіцыстычныя нататкі

* * *
* * *
* * *
* * *


Нішто не бывае гэтакім прыкрым у літаратурным творы, ва ўсякім друкаваным слове, як фальш, непісьменная сухая штучнасць. Неахайнасць таго майстра, з рук якога выходзіць гэтакае дабро, яшчэ больш павялічвае гэтую прыкрасць. Часам жа гэта мінае межы адной толькі прыкрасці і набывае характар страшнейшы.

 

* * *

Уявім сабе, што мы на жаночым сходзе чуем, як старшыня сходу называе дэлегатак, напрыклад, гэтак: «мадэмуазелі дэлегаткі» або «таварыш мадам Агата». Мы, вядома, крывімся, мы адразу неўпадабалі гэтае «няпраўды». Таксама не лішне нам прыйдзецца даспадобы, калі мы пачуем вось гэтакі вінегрэт: да расійскага «Иван Иваныч» або «Фома Феофилактыч» які-небудзь мудрагель далучае беларускае шляхечае — «ягомасць», «вашаць», «васпане». Мы чуем: «васпане Фома Феофилактыч», «вашаць Иван Иваныч». Вядома, калі гэта сказана дзеля жарту, жартам можа і сысці. Калі ж мы гэтакую штуку ўбачым у друку, ды яшчэ ў літаратурным творы, і калі гэта не жартам ужыта, а як некаторая адзнака аўтаравае літаратурнае культуры, дык мы скрывімся яшчэ можа больш, як на тым жаночым сходзе. На сходзе — момантнае ўражанне. Скончыўся сход — і ўражанне можа згладзіцца, а ў кнізе — гэта застаецца надоўга. А яшчэ калі гэтакі твор раіцца да чытання як дасягненне, дык тут ужо і «меншыя» аўтары гатовы вучыцца гэтакай самай літаратурнай «пісьменнасці».

Я гэтым хачу сказаць пра непатрэбнасць і нават шкоднасць гэтакае надуманасці, штучнасці. Калі, напрыклад, які-небудзь малады аўтар, імкнучыся вывесці ў сваім творы беларускага шляхціца-кулака, назаве яго Янкам Трамбіцкім, дык адно ўжо гэтае прозвішча спрыяе ўяўленню гэтага чалавека. Калі ж ні з сяго ні з таго дадаецца яшчэ «Кляменцевіч» — «Янка Кляменцевіч Трамбіцкі», дык адразу траціцца ўяўленне Трамбіцкага. Вашаць Янка Кляменцевіч! Адно лішняе слова! Тут аўтар што робіць? Ён стараецца як бы беларусізаваць «Иван Клементьевич» у дачыненні да свайго героя. А гэта якраз і псуе вобраз самога героя. Навошта гэта? Якія літаратурныя спосабы знаходзіць тут аўтар? Вядома, малады аўтар робіць гэта несвядома, і рэдакцыя павінна дапамагаць свайму аўтару набываць мастацкую пісьменнасць.

Я думаю, што гэтакія рэчы трэба цяпер разглядаць і ў справе культуры нашае мовы, беручы на ўвагу сённяшні стан развіцця нашае літаратурнае мовы.

Але ўсё ж гэтакая з’ява належыць да некаторых, калі льга так сказаць, літаратурных тонкасцей. Справа яшчэ горшая, калі мы бачым моўную непісьменнасць, калі часта трэба пільна ўчытвацца ў газету ці кнігу, доўга думаць, каб дадумацца — што ж тут трэба разумець.

 

* * *

У нашых установах, вельмі часта з газет, часопісаў, з радыёстанцыі — мы чуем не заўсёды чыстую, прыгожую мову, а часта нейкі жаргон. Канцылярыі гавораць «адносна прыспешання вытварэння выканання», газеты паведамляюць пра «адбіццё адпаведных настрояў». Адміністратары пішуць, напрыклад, пра выстаўку гэтак: «Нягледзячы на пастанову, з дачай поўнага тэрміну Галоўвыстаўкому, дырэкцыі, калегіі РСІ і другую пастанову ўрада, ад ВСНГ да сённяшняга дню плану ўдзелу прамысловасці як рэспубліканскай, мясцовай і саматужнай, а раўна патрэбнай плошчы, разбіўкі гэтай плошчы па акругам і неабходнага на гэту справу каштарысу, дырэкцыя яшчэ не атрымала, адсюль не дана ніякіх паказанняў акругам, што безумоўна дрэнна адаб’ецца ў далейшай працы...» (Гэта пісалася для сялянства!) Шыльды паведамляюць, што там вось «лясной скляд», а «там вытвараецца пабудова». А радыёстанцыя часта пускае ў свет вось гэтакую моўную прыгажосць: «...для цэлага шэрагу галін прамысловасці, пасколькі маючаяся тут быць пастаўлена пытанне не пастаўлена, пастолькі яно патрабуе пастаноўкі і правідловага вырашэння ў мэтах палепшання...»

Не астаюцца ад гэтага і некаторыя аўтары літаратурных твораў, у якіх «яна палегчана ўздыхнула», «ён доўга настойваў на сваім...» («она кастрированно вздохнула», «конь доўга настойваў гной»).

 

* * *

А можа, ужо гэта і не такі вялікі страх? Можа, проста абвясціць гэта беларускаю моваю і даць гэтакай мове волю развівацца далей? Можа, выдаць гэта за беларускую літаратурную мову, і калі, скажам, сялянства не разумее яе, дык падвесці тут тэорыю адсталасці і непісьменнасці і «цягнуць цёмную масу да культуры» — да гэтага жаргону? Можа, так і заявіць: сялянства не дарасло яшчэ да літаратурнае мовы!

Я думаю, што гэта было б проста шкодніцтва. Каб не сказалі, што я кідаю словы на вецер, я падам прыклад жаргоннага «казусу». У нас да газетнай і кніжнай мовы прышчапілася слова «адбіць». Не ў праўдзівым яго сэнсе — «адбіць сук ад дрэва», а ў сэнсе «ўбачыць свой твар у люстэрку» («отразить», «адлюстраваць»). І часта тут бываюць страшэнныя няяснасці. Вось раз у газеце пісалася пра нашага класавага ворага: «У яго класавых інтарэсах мабілізацыя і згуртаванне кулакоў, нэпманаў і буржуазных інтэлігентаў супраць пралетарскай дыктатуры, бо ў яго інтарэсах выкарыстоўванне для гэтай справы і паасобных «камуністаў», якія адбіваюць націск класавага ворага». Тут толькі праз здогадку льга дайсці сэнсу. Выходзіць так: наш класавы вораг — нэпман, кулак — на нас націскае, нявытрыманыя «камуністы» адбіваюць гэты націск, ідуць, значыцца, на класавага ворага ў контратаку. Ну, дык чаго ж хацець? Вельмі ж добра! І якім чынам класавы вораг іх выкарыстоўвае для сябе, калі яны яго б'юць, яго націск адбіваюць контрнаціскам? Адно штучнае слова, слова ў неўласцівым яму ўжытку, робіць тое, што на вёсцы, напрыклад, людзі, якія не звыклі да гэтакае мовы, будуць толькі плячыма пацепаць, не ведаючы, завошта ж ганьбіць тых людзей, якія адбіваюць націск класавага ворага?

Моўная непісьменнасць не выкараняецца як належыць. І нікому з працаўнікоў тых грамадскіх трыбун, з якіх мы кожны дзень чуем гэтакае слова, гэта не абыходзіць. Часамі рэдакцыі нашых газет і часопісаў, работнікі тэатраў, школ, ВУЗаў, радыёстанцыя больш як з абыякавасцю глядзяць на гэтую найважнейшую дзялянку нашае культуры. Адзін з рэдакцыйных газетных кіраўнікоў раз быў сказаў з ганарыстаю кплівасцю: «Мы не пісьменнікі, каб добра ведаць мову». І вось гэткае дачыненне да мовы пануе шмат дзе. Фельетаніст «Савецкай Беларусі» друкуе фельетон «Будзем моцна біць» («Савецкая Беларусь», № 252). Гэта значыцца біць тых, хто працівіцца беларусізацыі. І гэты ж самы фельетаніст у сваім фельетоне (так мо шэсцьдзесят, не больш, газетных радкоў) вось што панапісваў: «спрабуючай», «выкрыта ва ўсёй непрыгляднасці», «гэта не столь важна» (зразумеўшы гэта ў беларускай мове і пераклаўшы на расійскую — будзе: «это не потолок важен»), «выхад з утварыўшагася становішча», «выхавацель»... Гэта проста безадказнасць! Заклікаючы біць праціўнікаў беларусізацыі, чалавек не пастараўся нават уразумець палітыку партыі — што ж такое беларусізацыя: вывучэнне беларускай мовы ці абеларушванне тае расійскае ці якое іншае мовы, якою гаворыць той, каму трэба беларусізавацца? Вядома, калі «Чырвоная змена» піша, што «наспела неабходнасць... адбіцця дзейнасці і псіхалогіі авангарда рэвалюцыі пралетарыяту»... дык усё гэта вельмі няясна. Не ўсе зразумеюць гэтак, як хоча рэдакцыя. Чалавек, які не прайшоў яшчэ школы штучнае мовы, адразу здзівіцца — чаму гэта наспела патрэба адбіць ад пралетарыята дзейнасць і псіхалогію?

Трэба, каб журналісты вывучылі хоць, нарэшце, як мае быць беларускую мову.

Трэба: 1) перагледзець жаргонныя словы, тэрміны, звароты, сказы і 2) навучыць непісьменных працаўнікоў мове, а не зніжаць мову да іхняга невуцтва. Пісьменнасць моўная трэба каб вымагалася ад журналіста гэтак, як вымагаецца пісьменнасць палітычная. Праз газету ідзе палітыка ў масы, і часта з прычыны няўдалага ці непісьменнага слова яна даходзіць да мас вывернутаю на левы бок.

Тут галоўная бяда ад кансерватызма саміх работнікаў слова. Ці шмат вы знойдзеце ў рэдакцыях нашых усіх газет і нават у некаторых часопісах (літаратурных!) людзей, якія ведаюць ці вывучаюць беларускую жывую мову? Іх вельмі мала. І, вядома, гэтыя людзі фізічна не могуць нічога тут зрабіць.

Трэба яшчэ сказаць і пра моўную канцыляршчыну. Газеты і шмат кніг пішуцца гэтакаю моваю, якою пішуцца і канцылярскія паперы і ўсялякія пратаколы. Або радыёстанцыя! Заўсёды толькі і чуеш усялякія «прыспешанні выканання, палегчання...»

Сапраўды, новае збожжа зместу ў старых, дзіравых мяхах!

Ёсць на свеце дужа дынамічная істота — смоўж. Яго дынаміка выславілася тым, што ён, калі пастараецца, дык за дзень можа прапаўзці нават з чвэртку метра. Вось гэтакая дынамічная рухавасць часта ў нас у тых людзей, што клапоцяцца, ці трэба каб клапаціліся, пра культуру беларускае мовы.

Мы змагаемся за рацыяналізацыю ў прамысловасці. Сельскую гаспадарку, праз калектывізацыю, робім буйною. Сохі і драўляныя бароны пайшлі ў архіў, трактар робіцца і неўзабаве будзе самаю звычайнаю сельскагаспадарчаю машынаю. А вось пішам мы — першабытным спосабам.

Мы выпісваем з-за мяжы цудоўныя ратацыйныя машыны для друкавання нашых газет, часопісаў, кніг.

У газетах нашых глыбокі змест. Мы пішам пра вялікія рэвалюцыі быту, гаспадаркі, пра змену эпох у чалавечай гісторыі, пра найвялікшае будаўніцтва, пра нашы дасягненні тут. Мы крытыкуем усялякую рэакцыйнасць, тупую закаранеласць думкі, усялякі бюракратызм. І ўсё гэта ў нашых газетах часамі падаецца гэтакаю моваю, якая не варта таго, пра што яна гаворыць.

Я ўжо не гавару, напрыклад, пра прымітыўнае альфабэтнае напісанне гукаў «дз» і «дж»!

Гэтая дзялянка нашае культуры далёка засталася ад усіх іншых дзялянак нашага будаўніцтва.

Замест конкі пайшоў трамвай па Мінску, а тут смоўж сабе ціхенька паўзе і паўзе.

Гэта ёсць адарванасць моўнае культуры ад жыцця. Цудоўная друкарская машына, апошняе дасягненне тэхнікі, друкуе тэкст, складзены з нейкага жаргону, у якім нават не заўсёды сэнсу дойдзеш! Вось дык сапраўды ганьба. Новае збожжа нельга ссыпаць у дзіравыя мяхі.

 

* * *

Трэба колькі слоў сказаць пра артыкул праф. Бузука ў «Маладняку». Тут выйшла нейкае непаразуменне. Рэдакцыя «Маладняка», надрукаваўшы гэты артыкул, сама сябе высцебала. Вось хоць бы тое, што прафесар Бузук гаворыць пра патрэбу ў беларускай мове «дзеяслоўных прыметнікаў»... Артыкул надрукаваны, а ў той жа час самі белапаўцы пачалі ўсё больш і больш выкідаць з сваіх твораў гэтыя формы.

Прафесар Бузук у гэтым сваім артыкуле навучае нас не клапаціцца пра культуру мовы, бо мы ў мове «саматужнікі» і «невукі». Не перашкаджаць, значыцца, займацца сабе патроху культураю мовы прафесару Бузуку, так як ён не перашкаджае інжынеру будаваць масты або доктару лячыць хворых. Вядома, што доктара не можна вучыць, як лячыць хворага. Але калі ў хворага баляць зубы, а доктар пачне лячыць гэтую хваробіну рыцынаю, дык тады і не доктар можа сказаць: выпі, лепш, шаноўны, гэтую рыцыну сам. Мы, пісьменнікі, заўсёды маем гэтакую ліхую натуру, што мова для нас — матэрыял для нашых твораў. І калі прафесар Бузук на 113 балоне, у 17 радку зверху ў тым жа самым артыкуле гаворыць: «...як бы не бароліся супраць іх украінскія некаторыя пурысты»... дык мы, «саматужнікі», усё ж маем права сказаць прафесару Бузуку, хоць ён і не «саматужнік», боруцца, прафесар Бузук, каровы на выгане, а пурысты з няўгоднымі ім плынямі змагаюцца. А што да навуковасці, дык хіба ж можна вызнаваць за навуковасць такі метад прафесара Бузука: дзеяслоўныя прыметнікі павінны ўкараніцца ў беларускую мову, таму што ва ўкраінскай мове іх ужываюць украінскія пісьменнікі? Няўжо гэта навуковы довад, што ў беларускай мове трэба рабіць тое самае? А я вось са сваёй мовы выкараняю гэтакія формы і магу без іх выказаць беларускаю моваю, што хачу.

Адна справа заганяць сваю думку ў глыб вякоў, у гісторыю моваў, ведаць, адкуль і як мова ўтварылася, і другая справа сённяшняя — культура мовы і жаргон, які шкодзіць гэтай культуры і пра змаганне з якім прафесар Бузук не напісаў, аднак, ні слова.

За крытыку трэба дзякаваць кожнаму, калі толькі гэтая крытыка імкнецца дапамагчы справе. Але калі гэтая крытыка ёсць своеасаблівае «мастацтва дзеля мастацтва», дык за яе дзякаваць няма чаго. Я ведаю аднаго чалавека, якога ўсе маюць за вучонага мовазнаўцу і які, перакладаючы нейкую кнігу, медычны выраз, што па-расійску будзе «в области пупка» пераклаў «у краіне пупка». І колькі б дыпломаў аб сваёй вучонасці гэтакі чалавек ні паказаў, усё ж ад яго трэба ратаваць моўную культуру.

Вось што добра сказаў прафесар Бузук, гэта тое, што пытанні культуры мовы «не так лёгка вырашаюцца, як гэта здаецца на першы погляд». Зусім слушна. Асабліва калі замест працы над культураю мовы высмейваць тых людзей, якія змагаюцца за гэтую культуру. Калі пакепліваць з імкненняў узняць культуру мовы.

Выходзіць так: справа гэтая цяжкая, яе не лёгка рабіць, дык, значыцца, і думаць пра яе няма чаго. Няхай сабе яна павольненька, як хоча, робіцца, а калі і не робіцца, дык такое бяды. Апраўданне ёсць — «нялёгкая справа». Вось дык уцеха!

Тым, што гэта адразу не зробіш, не трэба апраўдваць тае бяздзейнасці, што яшчэ тут пануе.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан