epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Пытанне сённяшняга дня

Ужо даўно і многа гаворыцца ў нас аб збліжэнні горада з вёскай. Але рабілася ў гэтым напрамку да гэтых часоў зусім мала. Тое ж, што рабілася, давала зусім мала карысці.

І гэта затым, што вёска не давярае гораду. І не дзіва, што гэта так.

Тое, над чым селянін працуе цэлы год, на гарадскім рынку аддаецца задарма. Земляроб, які мае 3-4 дзесяціны зямлі сярэднім лікам, можа сабраць восенню, пры сярэднім ураджаі, 30—35 коп жыта, што дасць якіх-небудзь 150 пудоў. За гэтыя пуды горад дасць яму не больш, як 3 пары ботаў, а калі ў яго сям’і 4 душы, дык і выходзіць, што за год ён не заробіць нават сабе на боты. Праўда, у яго ёсць яшчэ ярына, але ж трэба яму яшчэ харчавацца самому, харчаваць жывёлу і абсеяць поле.

Вось тут і смычка. І не дзіва, што селянін такі недаверчывы к гораду.

Цяпер нашы гаспадарчыя органы прыступілі к барацьбе з павышэннем цаны на тавары і паставілі перад сабой мэту — падняць цану хлеба.

Даўно б пара. Аб гэтым трэба было думаць і дзень і ноч. Гэта павінна быць нашай самай галоўнай, самай вялікай задачай сённяшняга дня. Гэта балючае пытанне трэба паставіць рабром і думаць над ім, працаваць, пакуль яго не вырашым, пакуль зжывём гэтую ненармальнасць, якая так цяжка адбіваецца на вясковым жыцці.

Ад вырашэння гэтага пытання галоўным чынам і залежыць смычка горада з вёскай.




Беларуская Палічка: http://knihi.com