epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Радасць жанчыны

I
II
III
IV
V
VI


I

 

Старыя хаты нізка прыпадалі к шэрай зямлі. Дабягалі да іх высокія межы мокрага ад асенніх дажджоў поля, у полі прападала вузкая дарога, і ўсё разам: і хаты, і поле, і дарога - чарнелі ад асенняй імглы і туману.

За многа год пагніла на стрэхах салома, асунулася ўніз, і шэрыя сцены з-пад яе панура глядзелі зеленаватымі вокнамі. А за крайняй хатай зразу пачынала чарнець падгніўшае за восень іржышча. Яно было бязмерна шырокае і пустое заўсёды, толькі рэдка дзе цягаліся па ім шурпатыя цяляты.

Яны адзічэлі за восень і далёка адыходзіліся ад хат, і кожны дзень, мокрым адвячоркам, з двара крайняй хаты выходзіла жанчына і ішла ў поле шукаць іх.

Яна была ўся атулена цяжкімі фалдамі грубай адзежы, ішла яна па полі прывычна цяжкімі крокамі, хадзіла доўга, пакуль знаходзіла; часам у цемнаце вечара яшчэ ўсё хадзіла па полі...

Твар у жанчыны быў прыгожы, ды пакрыты ён густою сеткаю тонкіх змаршчакоў, вочы ў яе глыбока-ясныя, ды сінія кругі пад імі. Толькі голас яе быў зычна-пявучы, і гулка ён плаваў часам па палях цягучаю песняю.

Заўсёды выходзіла жанчына з крайняй хаты.

І звалі яе Ганнаю.

 

II

 

У хаце заўсёды было змрочна.

Пасля доўгай ночы дзень прабіваўся праз маленькія аконцы паволі і нясмела. І яшчэ доўга да гэтага ўставала Ганна. Яна бразгала вёдрамі, плюхала вадою, хадзіла па суседзях пазычыць солі і ўсё думала. Думкі былі глыбокія, і ўпарта лезлі яны ў голаў. І за сваё жыццё ніяк не магла прывыкнуць да іх Ганна.

У зусім маладыя гады пачала яна думаць. Тады цвілі ў Ганны надзеі на нешта светлае і слаўнае, што павінна было прыйсці. Тады яшчэ на Ганніным твары не было густой сеткі змаршчакоў, і часцей спявала яна гуллівыя песні...

Трыццаць пяць год пражыла Ганна, усякі дзень жыцця быў доўгі, як год, а гады прайшлі неўзаметку. І ніяк не прыходзіла тое светлае, на што было ў Ганны так многа надзей. І з цягам часу, з кожным годам усё больш і больш гінулі гэтыя надзеі. Цяпер яны з'яўляліся ўжо рэдка калі, прыносілі яны з сабой на момант радасць, а пасля так жа раптоўна гінулі і пакідалі пасля сябе надоўга тупое нездаваленне і смутак.

Ганна жыла пры брату.

Брат Аляксей быў сарваны цяжкаю працаю; часта, затаіўшы на твары пачуццё болю, ляжаў на палатках ніцма і маўчаў. А пасля, сярдзіты, упікаў Ганну дармаедствам, а Ганна яго шкадавала - ведала злосць хворага чалавека. Не магла толькі гэтага самага Ганна дараваць братавай жонцы. І кожны дзень плакала Ганна. Кожны дзень плакала і братава жонка ад крыкаў Аляксея, кожны дзень у хаце была калатня.

Не падзеляць Аляксеевы дзеці чаго ці хто за абедам возьме большы кусок - з гэтага і пачынаецца. І столькі нагавораць, накрычаць, награзяць адзін аднаму гэтыя людзі, што думаецца, што яны вялікія ўсе злачынцы, а яны толькі ахілены нудою цёмнага жыцця.

І больш за ўсіх заўсёды плакала Ганна.

А Аляксей быў вечна надута-маўчлівы - гэта хвароба і ўбогасць жыцця палажылі на яго гэты адзнак.

Праходзілі дні. Усе яны былі вельмі падобныя адзін на адзін. І Ганна так, як і ўсе, хто жыў вакол яе, думала:

«Вось пражыву я гэты дзень, а там будзе другі, лепшы. Вось зраблю я гэтую працу, а там будзе другая, любімая. Усё тое, што сягоння, - не настаяшчае, яно часовае, і яго трэба абы-як перажыць для таго, каб спаткаць тое лепшае, настаяшчае».

Гэта ўжо не была надзея, тая маладая надзея, якая была ў даўнейшыя гады, гэта было проста роўнае, нейкае тупое пачуццё не здаволенага жыццём чалавека.

Вакол, за працаю людзі далёка былі адзін ад другога. А ў святыя дні выходзілі яны на пыльную вуліцу. Туліліся к вымашчаным кастрыцаю прызбам. У нудных, доўгіх гаворках шукалі грахоў, недастачаў адзін у аднаго. Усякі стараўся высмеяць за вочы другога. І нельга сказаць, каб гэта было са злосці, - гэта проста было ад нейкай нуды жыцця...

 

III

 

Ездзілі людзі на блізкае поле канчаць апошнюю працу, а ў святыя дні больш яшчэ было доўгіх, калючых для другіх гаворак на гразкай вуліцы...

Ляжала ў Аляксея за хлявом куча падгніўшага картапляніку.

- Укінь ты яго, Ганна, у свінух, - сказаў вечарам Аляксей.

- Добра, - адказала Ганна, а пасля і забыла зрабіць гэта.

І назаўтра, у нядзелю, была з-за гэтага страшная калатня ў Аляксеевай хаце. Накінуўся Аляксей з крыкам на Ганну, зноў пачаў упікаць дармаедствам.

Злосці ў Ганны не было, была толькі горкая крыўда. Сказала яна крыўднае слова Аляксею, а за Аляксея ўступілася яго жонка, і тады пайшла Ганна з плачам з хаты. На парозе яна яшчэ раз азірнулася са сваім цяжкім словам пакрыўджанай жанчыны.

- Ды і мая ж тут частка ёсць, і я ж тут таксама працую, а па-вашаму тут я як бы чужая? Я тут такая ж самая гаспадыня!..

Тады падбегла Аляксеева жонка і ўпілілася Ганне ў валасы. Ганна хацела бараніцца - з енкам падняла руку ўгору, ды падскочыў Аляксей і даў Ганне кулаком у плечы. І Ганна вырвалася і з плачам выбегла на вуліцу і пайшла па ёй, затуліўшыся вялікаю хусткаю.

Было ў яе горка на душы, слёзы здаўлівалі ёй горла. Жыццё здавалася непатрэбным, цяжкім, і не хацелася жыць. Хацелася зрабіцца нічым, не адчуваць нічога, не бачыць гэтага жыцця.

І ці магла іначай думаць Ганна, калі ўсё жыццё для яе было ў гэтай вёсцы. Калі, апрача сваёй цёмнай хаты, ніколі нічога яна не бачыла. Дзе магла дзецца яна?

На вуліцы былі людзі. Стаялі жанкі каля хат, сядзелі на прызбах.

- Ганна! - крычалі яны.

І Ганна скардзілася ім, хацела выказаць ім сваё гора. Але не магла ім Ганна выказаць усяго, бо ў кожнай з гэтых жанок было нешта сваё, што мучыла яе толькі адну. Былі свае ўласныя сямейныя сваркі і непрыемнасці. У кожнай з гэтых жанчын быў свой «гаспадар», які не ведаў, як яму і дзе паказаць сваю сілу, як бы паказацца спрытнейшым, лепшым, мацнейшым за другіх. Загэтым вось і чуліся часта па вёсцы жаночыя крыкі. І зноў жа гэта рабілася не ад злосці, а адтаго, што не ведаў чалавек, дзе і як паказаць сябе, як змяніць убогасць, гразную і нудную аднальковасць свайго жыцця.

І кожная жанчына ўваходзіла ў сябе са сваім уласным горам.

Ганна прайшла ўсю вуліцу. Асенняе поле глянула на яе сваім дзікім адзіноцтвам. І яшчэ больш нудным паказалася Ганне жыццё, такім нудным і адзінокім, як гэтае пустое, падгніўшае ржышча.

 

IV

 

У голых і пажоўклых кустах, на нізкім беразе рэчкі села Ганна, адна са сваімі думкамі. Чуць відна была вёска на тым баку, за полем. І адтаго, што стрэхі яе былі такімі чорнымі і мізэрнымі, адтаго, што такімі адзінокімі здаваліся яны сярод поля, пачалі патроху знікаць у Ганны крыўдныя і горкія пачуцці ад свайго жыцця, а сталі наплываць думкі. Гэтыя думкі былі цяжкія і непрасветныя для яе, цёмнай вясковай жанчыны, якая нічога ніколі не бачыла, апрача вось гэтага дзікага поля ды гнілых саламяных стрэх, нічога не чула, апрача папрокаў ды мужычай лаянкі.

І думала Ганна:

«Вось тут і там, пад гэтымі стрэхамі, жывуць людзі. Жывуць яны ў цемнаце і ў гразі, і многія з іх думаюць, што толькі і свету, што тут, пад гэтымі шэрымі стрэхамі. У сваім жыцці гэтыя людзі як бы ненавідзяць адзін аднаго - у хатах вечныя сваркі і папрокі, і нават бойкі. І той, хто другога крыўдзіць, і той, каго крыўдзяць, не рады гэтаму, аднак гэта бывае. Для іх абодвух усё гэта здаецца горкім, бо ў сваёй цемры і гразі гэтыя людзі як бы ў палоне знаходзяцца свайго жыцця».

І раптам стала шкада Ганне ўсіх гэтых людзей. Прапала свая ўласная крыўда, зусім прапала, без следу. І брат Аляксей, які пабіў нядаўна яе, стаў родным і блізкім. Стала невыразна шкада яго, хворага і ад гэтага сярдзітага чалавека; хворага ад вечнай цяжкай працы, хворага ад жыцця, якое ад дзядоў і прадзедаў цягнецца для чалавека, вось тут, у гэтых шэрых палях, не як радасць, а як смутак.

І далей думала Ганна:

«Што ж рабіць тут такое, каб зжыць гэта ўсё? Што мне сказаць тым людзям, каб уразумелі яны, што гэта ўсё ад цемнаты ў іх, ад беднасці, ад гразі, ад убогасці жыцця?! А нешта трэба рабіць, цягнуць некуды гэтых людзей...»

І паволі перайшла Ганна па кладцы цераз рэчку і са сваімі думкамі пайшла ціха па полі, у бок вёскі на тым баку. І ад думак нічога не прыкмячала вакол сябе.

 

V

 

Ад вёскі гул разыходзіўся па полі - густы гул людскіх галасоў.

Ганна гэта чула, падыходзячы к вёсцы, і думала:

«Пэўна, б'юцца ці сварацца на вуліцы, а ўсе глядзяць з радасцю, што паглядзець ёсць на што».

І ўвайшла Ганна на вуліцу.

А там, на прызбе каля хаты і на зямлі, сядзяць людзі, сярод вуліцы грамадою стаяць. Многа народу - вёска ўся.

Падышла Ганна бліжэй.

І тут стала раптоўна ціха, а на прызбе стаяла ва ўвесь рост незнаёмая жанчына, адзетая ў сінім, падстрыжаная.

Усміхаліся ядавітымі ўхмылкамі бабы і мужчыны ў грамадзе, гледзячы на гэтую жанчыну. І чула Ганна ззаду галасы ціхія:

- Бач, бач, пад'язджаць строіцца...

- Ціха, пачне зараз песеньку спяваць...

- Соладка спявае, ды горка слухаць...

- Што гэта тут? - запытала Ганна.

- Ды гэта з горада, ужо другі раз прыехала, лахудра гэтая; па вёсках строіцца аб'язджаць. Падгаварвае на нешта, - адказалі Ганне.

А другі голас прыбавіў:

- Усё ўбівае ў голавы, што не гэтак, кажа, жыць трэба, як мы жывом... Тфу...

Праціснулася Ганна бліжэй к хаце, цікавасць брала, - што скажа яна, калі гаворыць, што не так жыць трэба; чаму вучыць будзе?!.

І тая пачала гаварыць...

...Вось падышла Ганна яшчэ бліжэй, чуе добра вядомае ў словах «стрыжанай». Гаворыць яна пра цемнату жыцця, пра тую горкасць, якой поўна ў гэтым жыцці.

«І адкуль яна ўсё ведае? - мільганула думка ў Ганны. - Няўжо і там недзе, адкуль яна прыехала, так сама людзі жывуць?»

А пасля чуе Ганна, чаму вучыць «стрыжаная».

І паўтараюцца ў Ганны выказаныя «стрыжанай» думкі:

«Свету для жыцця не трэба шукаць далёка, пакінуўшы свае цёмныя хаты. Свет для жыцця тут, у гэтых хатах трэба зрабіць. Самім шукаць гэтага свету, тады згіне і цемната, і горкасць, і слёзы жыцця. Палявыя загоны павінны радаваць вока, дні павінны прыносіць светлую радасць. Зжыць беднасць, зжыць убогасць жыцця».

«А як зжываць?» - падумала Ганна і падышла бліжэй.

А тая гаварыла:

- Усюды самому трэба ісці, бо сам лепш ведаеш свае патрэбы... Вось тут кабеты гэтых глухіх вёсак многа маюць патрэб, ды ніколі яны не здавальняюцца. З пялёнак і да самай смерці заўсёды жыве тут жанчына ў горы, у гразі і ніколі не выбіраецца з гэтага, бо не ведае дарогі, па якой бы выйсці к свету. Горасць абхватвае ўсё жыццё, жыццё ўсіх, а загэтым трэба ўсім разам і выходзіць на светлую дарогу, бо адзін, сам па сабе, усё роўна нічога не зробіць. Затым вось і жыла цёмнаю жанчына ў вёсцы, ды і ўсюды, што была яна сама па сабе, адна. Трэба быць усім разам, трэба арганізавацца... Трэба цягнуць на новую светлую дарогу ўсіх, хто зразумеў ужо ўсё гэта, не павінен маўчаць, а павінен рабіць новую справу. Хто знае так глыбока вясковае гора, як не вясковая жанчына?! А затым яна павінна ўзяцца шчыра за тое, каб зжыць гэтае гора. Адзнакі новага, светлага - гэта грамата, разумнае жыццё, праца ў органах, якія цягнуць усю грамаду да лепшага жыцця. Адзнакі старога - гэта забабоны, несвядомасць, беднасць, гразь. А ад гэтага - хваробы, непатрэбная злосць, сваркі, уся горасць жыцця...

І падышла Ганна бліжэй к «стрыжанай».

«Пагавару я з ёй, - думала Ганна, - пагавару, калі кончыць, распытаю ўсё».

 

VI

 

Адвячоркам ішла паволі Ганна вуліцаю з той, што гаварыла. Падышла к ёй Ганна як бы нясмела, ціха, калі ўсе пачалі ўжо разыходзіцца. Зразу тая зразумела Ганну, зразумела, што ляжыць нешта цяжкім каменем на Ганнінай душы. І была з Ганнай прыветліваю. Прыпомнілася Ганне, як некалі, у маладыя гады, сястра-нябожчыца была такою для яе, ды памерла ў маладосці. І сказала Ганна па дарозе аб усім, што было ў яе нявыказанае. А тая раптам, як сястра, пачала пра сябе гаварыць.

Яна рабочая, з горада. Радзілася ў вёсцы, жыла ў беднасці ды ў горы, а пасля, даўно ўжо, у горадзе ўдалося на фабрыку паступіць. А цяпер яна працуе ў жанаддзеле.

«Дык вось адкуль ведае яна наша жыццё», - думала Ганна.

І хацелася тады ёй выказаць гэтай незнаёмай, але ўжо блізкай жанчыне ўсё, што перадумала, што перажыла. Хацелася сказаць і пра хворага і сярдзітага ад гэтага брата Аляксея, пра тое, як сёння раніцою даў ёй у плечы і як яна цяпер яго шкадуе; хацелася гаварыць пра тыя нудныя гаворкі, якія вядуцца на вуліцы жанчынамі ў святыя дні...

- Ты тутэйшая? - запыталася тая ў Ганны.

- Не, вунь з тэй вёскі, за рэчкай.

- Дык заўтра ж я ў вас буду, сход ззаву і гаварыць будзем...

І тады закалацілася ў Ганны нешта вялікае і радаснае. Нешта расчысціла Ганніны думкі, і стала фармавацца ў іх веда, што рабіць... Аж павесялела Ганна...

У той вечар з лёгкімі думкамі ішла яна дадому змрочным полем.

«Вось стрэнуць мяне дома зноў упрокамі, - думала Ганна, - а я буду гаварыць ім аб тым, што прынесла сюды гэтая жанчына, заўтра скажу я ўсім аб тым, што стала мне ясным сягоння; папярэджу я словам сваім прыезд к нам заўтра гэтай старшай нашай сястры. Няхай я першая, можа, пакуль што адна, але падтрымаю гэты светлы прыход у маю вёску, бо прыход гэты - збавенне ад горычы жыцця...»

Было ўжо цёмна на полі, як Ганна падыходзіла к вёсцы. Быў цяжкі туман над старой вёскай, ды лёгкімі і новымі былі думкі ў жанчыны.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая