epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Расплата

Непадалёку ад горада М. ёсць вёска Максімаўка. Калі гэтую вёску займалі немцы, адзін з пажылых людзей гэтай вёскі перажыў асабліва страшнае гора.

У гэтага чалавека была адзіная дачка. Дзяўчыне было семнаццаць год. Калі немцы ўварваліся ў вёску, дзяўчына з бацькам былі дома.

За вёскай яшчэ ішоў бой, а ў самой вёсцы гітлераўская салдатня і афіцар’ё пабеглі па хатах і дварах шукаць сабе спажывы. Дзяўчына хавалася ў садзе за домам, і яе заўважылі эсэсаўцы. Удвух пабеглі яны да дзяўчыны, затрымалі яе і схапілі за рукі. Не выпускаючы яе з рук, яны пачалі грызціся паміж сабой за дзяўчыну і, нарэшце, слабейшы ўступіў месца здаравейшаму, але сам не пайшоў далей, а ціхом схаваўся за вуглом.

Той, што астаўся з дзяўчынай, пачаў біць яе кулакамі, бачачы, што яна стараецца вырвацца ад яго. Калі дзяўчына не магла ўжо вырывацца, эсэсавец яе згвалціў і, задаволены сабой, пайшоў у хату шукаць яды. Дзяўчына ляжала ў садзе, не могучы падняцца. У гэты час да яе падышоў той, што стаяў за вуглом. Бой за вёскай заціх. Была цішыня. Немцы шнырылі па хатах. Бачачы, што дзяўчына ледзь жыве, эсэсавец выстраліў у яе, і яна кончылася. Эсэсавец пайшоў у хату і ўбачыў таго, другога, які ўжо напіхаў свае кішэні і ранцы хлебам і сырам.

Дзяўчынін бацька стаяў у гэты час каля парога. Гэты ціхі чалавек, які калісьці прайшоў франты старой вайны, які сам калісьці спрабаваў смак ран і ўсіх ваенных бядот, быў цяпер разгублены. Ён не ведаў, што рабіць. Яго госці з ім не гаварылі. Наадварот, адзін немец так паглядзеў на яго, што ён зразумеў, што цяпер ён тут, у сваёй уласнай хаце, лішні. Ціхом выйшаў ён у сенцы.

Чалавек думаў, што немцы пагаспадараць у яго хаце і пойдуць, і тады ён зноў увойдзе ў яе, і ўсё можа пайсці звыклым парадкам. А пакуль ён пайшоў у сад прыхавацца. Вельмі можа быць, што гэты чалавек у гэты момант яшчэ не асмысліў усяго, што адбываецца. Гэта быў просты чалавек, не вельмі пісьменны. Усё на свеце ён расцэньваў з пункту погляду таго, які ён сам.

Адным словам, чалавек гэты быў сын свайго народа і сваёй зямлі, дзе жывуць і пашана да чалавека, і спачуванне чужому гору, і літасць, і праўда, і справядлівасць, і адкрытая душа, і сэрца.

Чалавек падышоў у садзе да старой яблыні і ўбачыў, што там ляжыць яго Насця, прастрэленая ў грудзі і з пасінелым тварам. Кусцік зялёнай травы прымяўся пад яе мілай, слаўнай галавой.

Усё стала вядома без слоў. Чалавек у адзін момант зразумеў праўду. Не, не чалавек гітлераўскі салдат! Не чалавек гітлераўскі афіцэр! Не чалавек гэты паганы чужынец, што прыйшоў таптаць нашу зямлю!

Можа мінут тры стаяў чалавек над сваёй няшчаснай Насцяй, а пасля кінуўся бегчы ў паплавы за садам. Прабегшы крыху, ён вярнуўся і пабег назад. Неўзабаве ён зноў быў каля сваёй Насці. Але ўжо не стаяў над ёю. Ён узяў накошанай нядаўна зялёнай травы, якая ляжала за маліннікам, і накрыў цела сваёй Насці.

Чалавек выбег за вёску і азірнуўся. Проста перад ім пачыналася вясковая вуліца, а на вуліцы ён убачыў скопішча салдатні. І тут з чалавека сплылі рэшткі бяздум’я. Бездапаможна ён азірнуўся, быццам чагосьці шукаючы вачыма. Яму не прыйшло да думкі, што немцы могуць па ім страляць, калі заўважаць яго. Ён стаяў адзін на апусцелых паплавах. Нічога не знайшоўшы вачыма навокал сябе, чалавек сумна пайшоў далей, быццам абыякавы да таго, што яго зараз заб’юць немцы. Але раптам закончаная думка заўладала ім. Ён кінуўся на зямлю і папоўз. Цяпер ён бярог сваё жыццё для вялікай мэты. Жыць! Жыць, бо жыве непараўнаная ні з чым нянавісць, народжаная з вялікай, як свет, любві да няшчаснай пакутніцы Насці.

Мінут дзесяць поўз чалавек. І раптам убачыў: перад ім ляжыць мёртвы чырвонаармеец. Гэта быў кулямётчык, які быў забіты ў часе нядаўняга бою за вёску. Каля чырвонаармейца, прыхаваны за невялікім насыпам, стаіць гатовы к стральбе кулямёт. Чалавек рынуўся к кулямёту. Ён пачаў устанаўляць кулямёт, ссунуты са свайго месца. Пасля перакаціў кулямёт наперад, бліжэй к першым вясковым загарадзям. Ён ляжаў перад кулямётам на знойдзеным новым месцы, адкуль, падняўшы галаву, мог бачыць вуліцу і ўсё, што на ёй рабілася.

І раптам яго кулямёт пачаў работу. Ён біў проста ў нямецкае скопішча. Прайшло некалькі мінут, пакуль ашаломленыя немцы, сярод якіх упала многа раненых і мёртвых, пачалі страляць у бок невядомага свайго ворага. Чалавек ваяваў адзін супроць іх. Немцы стральбой папсавалі кулямёт. Чалавек споўз убок, дапоўз да вядомых яму глінішч, счакаў там, пакуль усё зноў прыціхла, і папоўз далей. Праз гадзіну ён увайшоў у лес, дзе знайшоў сваіх людзей. Усе яны былі паміж лініяй нашай абароны і немцамі.

Расказвалі, што вечарам таго самага дня група мужчын перайшла ў другі лес, а праз некалькі дзён каля тых месц партызанскі атрад грозна заявіў аб сабе фашыстам.


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан