epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Рэальнасць, фантазія, вымысел

Героі нашых твораў павінны мець сваю біяграфію. Гэта ясна чаму. Біяграфія героя — гэта значыцца рух чалавека, а гэта ўжо само сабою мае на ўвазе рух падзей.

Мы маем два віды біяграфій, тыповых для нашага часу. Гэта, па-першае, пакаленне людзей, якія радзіліся пасля рэвалюцыі. У прынцыпе, біяграфія гэтага чалавека ў сацыялістычным часе. Душа гэтага чалавека не разарвана на часткі гістарычнымі парогамі. Дачыненні паміж падобнымі героямі, або, як гаворыцца, канфлікты, цалкам у часе пабудовы сацыялізма.

Але ні ў якім выпадку мы не павінны ізаляваць гэтую біяграфію маладога чалавека нашага часу ад тых падзей, што папярэднічалі нашым дням і падрыхтоўвалі іх. Наш малады чалавек не павінен у нашых творах быць без нейкай, можа быць нават часам хоць і не непасрэднай, сувязі з тымі вельмі вялікімі падзеямі, што не толькі яшчэ не згладзіліся з нашай памяці, а наогул яшчэ адчуваюцца як нядаўнія і страшна вялікасныя. Праз гэтыя падзеі ішла біяграфія другога тыповага для нашага часу чалавека. Гэта — войны і рэвалюцыі. Гэтыя падзеі яшчэ чакаюць свайго мастацкага літаратурнага нараджэння. Ідучы праз гэтыя падзеі, чалавек набываў новыя якасці, зменьваў сваю натуру. Дробны ўласнік або пачынаў ненавідзець свае ранейшыя ідэалы і ішоў у рэвалюцыю, або, наадварот,— умацоўваў свае ўласніцкія інстынкты. Пралетарый таксама набываў у гэтых падзеях новыя свае чалавечыя якасці.

Хіба гэтыя тыпы не павінны паслужыць аб’ектам з’яўлення выдатных старонак нашай літаратуры?

Мы павінны фантазіраваць. Мы павінны так вывучаць рэчаіснасць, каб на аснове яе законаў наша фантазія магла смела ствараць рэальна магчымыя падзеі. Вельмі часта мы праз меру прытрымліваемся простае натуры. Гавораць часам, што пакуль якое-небудзь прадпрыемства толькі будуецца і яшчэ не закончана, на яго матэрыялах амаль што нельга стварыць твора аб яго, напрыклад, пабудове. Гаворачы так, мы не пакідаем месца мастаку, з яго вымысламі, фантазіяй, думкамі. Ці не лепш жа тады зняць усю натуру з пачатку і да канца на кінаплёнку?

Гавораць часамі, што класічныя формы нягодныя для вобразаў нашага часу. А вось бальзакаўскі Ватрэн! Хіба ён, набыўшы своеасаблівыя рысы іншага часу і месца, не трапіў на будаўніцтва Беламорканала і ці не пачалося там яго перараджэнне? І хіба гэта не мае на ўвазе выкарыстанне класічнай формы?

Мы павінны заўсёды займацца збіраннем рыс. Рысы ўдарніка, напрыклад, павінны быць сабраны з усёй краіны; гэтыя рэальныя рысы павінны прайсці праз мастацкі вымысел аўтара. Толькі ў такім выпадку мы дамо месца рабоце мастака.

Мы недастаткова клапоцімся, каб наш твор перамагаў матэрыял. Матэрыял намі ўладае. Творчасць — гэта не ёсць умелая падача гатовага матэрыялу. Творчасць — гэта ператварэнне матэрыялу ў новыя якасці. А калі так, то мы не павінны цягнуцца ў канцы падзей.

Вобраз новага чалавека не можа быць проста спісан з аднаго прататыпа. Сабраныя рысы з многіх прататыпаў мастак павінен яшчэ па-свойму перапрацаваць і злучыць у адно цэлае.


жнівень 1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан