epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

(Рэцэнзія на зборнік Васіля Стэфаніка «Твори»)

Лёс Украіны апошнія стагоддзі быў падобен да лёсу Беларусі. Аднолькавая падвойная няволя была ў гэтых краінах — сацыяльная і нацыянальная. Заходняя Украіна гэтаксама, як і Заходняя Беларусь, аднолькава перажываюць і цяпер гэтую няволю.

Васіль Стэфанік — паэт Заходняе Украіны. Гэта паэт замучанага вякамі сялянства. Таго сялянства, якое вечна церпіць голад, вечна працуе на пана і чыноўніка.

Свае зямлі ў беднага сялянства Заходняе Украіны мала. Яе прыбіраюць да сваіх рук — паны, духавенства і заможнікі. Сялянская гаспадарка драбнее і знішчаецца. І самі «гаспадары» — робяцца, парабіліся жабракамі.

Калі чытаеш гэтую кнігу Васіля Стэфаніка (збор навел і апавяданняў), дык забываеш, што гэта кніга, а не само жыццё. Як жывыя, праходзяць перад табою страшныя малюнкі чалавечых пакут, змучаная душа гэтых пакутнікаў. Паэт падымае заслону перад чалавечаю душою і паказвае — які вялікі і глыбокі свет там, у чалавеку. У герояў Васіля Стэфаніка няма «звычайнага» стану ў іх настроях, характарах. Яны ўсе знаходзяцца ў стане тэй духоўнай напружанасці, якая бывае толькі ў якія-небудзь незвычайныя моманты жыцця. Бо і сапраўды, само жыццё гэтых герояў ёсць тая незвычайнасць, тая ненармальнасць, якая хоць і з’яўляецца спадарожнікам чалавеку з пялёнак і да труны бесперарыўна, але ніколі не можа стаць звычайнасцю. Голад, напрыклад, заўсёды будзе ненармальнасцю, колькі б чалавек ні галадаў.

Васіль Стэфанік — не пісьменнік быту. Хутчэй яго льга назваць тварцом псіхалагічнае навелы. Ён не расказвае пра бытаванне сваіх герояў, ён бярэ які-небудзь адзін момант, заўсёды характэрны і тыповы, і яго героі дзейнічаюць, гавораць. І гэткім спосабам яны паказваюць самі, чым і як яны жывуць.

Страшныя малюнкі хворае напружанасці чалавечае душы праходзяць перад чытачом. Напружанасць, якая хоць і не дае чалавеку спакою ўсё жыццё, усё ж не можа стаць абыклаю.

Апавяданне «Кленови листки».

У чалавека нарадзіўся сын. Але чалавек гэты — адвечны нявольнік. Гэта селянін, які працуе больш усяго на панскай зямлі, бо свае мае столькі, колькі хапае для таго, каб цяжка і шмат рабіць на ёй і ніколі не мець свайго хлеба. Дык і нараджэнне сына для гэтага чалавека не радасць, а няшчасце. Ён гэта і гаворыць суседзям, якія сабраліся на радзіны. Ён недзе дастаў гарэлкі і хлеба, частуе суседзяў і бядуе, што вялікае няшчасце спасцігла яго. Бо якую долю ён дасць свайму дзіцяці? Бо няўжо гэта бацьку радасць, што дзіця яго неўзабаве або зойдзецца з голаду і без догляду, або будзе ўзрастаць на пацеху багатым — з малых год парабкам, нявольнікам? Ён сумуе, бядуе, бо ў хаце яшчэ і без гэтага сядзяць галодныя дзеці і ляжыць ледзь жывая пасля радоў маці гэтых дзяцей. Ён, страшэнна любячы сваіх гэтых бедакоў-дзяцей, хварэючы душою і сэрцам над імі, над тым, што з першых дзён жыцця свайго спаткалі яны пакуту, гаворыць: «Та чому не летите з моэі голови? Я вам розчиню й вікна і двері, гай!

Діти засунулися на піч так, що іх не було вже видно.

— От сарана, ліш хліба та й хліба, та й хліба! А відкиль ж я тобі таго хліба наберу?!!»

І яшчэ гаворыць пра сябе:

— ...А ў вечар, лиш пакажешся до хати такий, як віхоть, а вони тобі в один голос... і жінка і діти: «нема хліба!» Та й ти не йдеш, бідній чоловіче, спати, але ти цягнеш ціп та й молотиш напотемки...

І там работа зваліць яго на ток, гэтак ён перабудзе ноч, а раніцаю ўстае зноў рабіць «такий чорний, що сонца перед тобою меркне».

А дзіця тое!

«...Я не чекаю, щоб воно убралося в силу... щоб воно коло мене нажилося. Коби лиш богач або пан раззявів пащеку, то я його туды кидаю, щоб лишне збутися! А потім воно бігаэ коло худоби, ноги одна рана, роса ість, стерня коле, а воно скаче та й плаче, ти б йому завернув худобу, поцілував б його в ноги, бо ти його сплодив та й сумління тебе п’э, але мінаэш, ще й ховаэшся від нього, щоб його не чути».

«Аж пачервонів, аж задихаўся».

А яно расце, ад голаду часамі ўкрадзе якую драбязу, а за гэта з’яўляецца ўлада, і зноў няшчасце над галавою гэтага бедака.

Гэтая споведзь чалавека адбываецца перад людзьмі, якіх пазваў ён на радзіны.

А праз тры дні, калі ён касіў, жонка яго, маці малых дзяцей, умірала ў хаце. І, уміраючы, паказвала старэйшаму Сымонку, як саліць гуркі, каб было што ім «есці з хлебам хоць першыя дні, пасля яе смерці».

Ёй муж дастаў булку. І Сымонка гаворыць маці:

— Тата казаў даваць вам сцюдзёнай вады і булку есці. Марыля (меншая дзяўчынка) тую булку ўхапіла і ўкусіла ўжо раз. Але я набіў яе і адабраў. Будзеце есці?

— Не хачу.

— Тата ссукалі яшчэ свечку і казалі, што як будзе ўміраць, каб даць у рукі і запаліць. Але я не ведаю, калі даваць.

Маці паглядзела вялікімі, бліскучымі вачыма на сына. Бяздонне смутку, увесь жаль і бяссільны страх сышліся разам у вачах і разам спладзілі дзве белыя слязінкі.

— Тата рана на панадворку таксама плакалі, так галавой аб вушак біліся. Заплаканы ўзялі касу дый пайшлі...

— Сымонка, прасі татку, што мама наказвала, каб вас любіў...

— Ежце булку...

— Спявай дзіцяці, хай не плача...

Сымонка ўзяў дзіцянё, але спяваць не ўмеў. Маці абцерла далоняю сухія губы і заспявала.

Гэта яна ўмірала.

«В слабім, уриванім голасі виливалася ï душа й потихеньку спадала між дітей і цілувала іх по головах. Слова тихі, невыразні, говорилі, що кленови листочки розвіяліся по пустім полю і ніхто іх позбирати не може, і ніколи вони не зазеленіють...»

Апавяданне «Злодій».

Гэты злодзей пайшоў красці з голаду. І пайшоў красці да таго, каму хоць самому выбірайся з хаты дзеля гэтае ж справы. Гаспадар злодзея злавіў і пазваў суседзяў, каб памаглі біць яго. Тыя прыйшлі, бо «злачынства ж павінна быць пакарана». Біў яго гаспадар паленам, таптаў нагамі, скрывавіў. Злодзей не падаваўся без супраціўлення, сам быў даў гаспадару. Пасля быў перапынак у гэтай нечалавечай рабоце, у часе якога з’явілася адвечная спадарожніца бедакоў — гарэлка. Пілі і папрасілі ледзь жывога злодзея піць з імі. Папрасілі, а не загадалі. «Пі,— сказалі,— бо будзем цябе біць, дык каб быў мацнейшым цярпець». І той пачаў піць, седзячы з імі поплеч за сталом, скрываўлены, змучаны. П’ючы, гаварылі без злосці, а сапраўды як у часе перапынку ў якой-небудзь рабоце.

Чалавек выправіў сына на заработкі, і ён там памёр. Бацька прыехаў убіраць яго на смерць і галасіў над ім.

Чалавек — які выбіраецца на заработкі, кідаючы дома галодную сям’ю і дашчэнту разбураную гаспадарку,— і што гаворыць і перажывае гэты чалавек!

Дзеці — гэтыя кветкі, гэтыя «кленови листки», яны, як пыл на дарозе, сапраўды як тыя «кленови листки», што апалі на дарогу — топчуцца жыццём у гразь!

Уся гэтая кніга — вялікае замілаванне найвыдатнейшага паэта Васіля Стэфаніка да людзей-бедакоў, скарга, пакутная паэзія бядняцкага неўрадлівага поля. Васіль Стэфанік — паэт заходне-ўкраінскага беднага сялянства.

У гэтую кнігу ўвайшлі яго ранейшыя творы. Яны нам зразумелыя і блізкія, бо ў іх мы можам угледзець сваю Беларусь — і пад царскай Расіяй, і цяперашнюю Заходнюю пад Польшчай. Гэта ўсё нам знаёма — і селяніну-бедняку, і гарадскому пралетару, і парабку, і, нарэшце, той частцы нашай працоўнай інтэлігенцыі, якая сапраўды ведае беларускае мужычае жыццё, бо сама выйшла з гэтых мужыкоў, парабкаў, гарадскіх пралетараў, з таго жыцця, у якім сапраўды руйнуюцца межы дазволенага і недазволенага. Кніга Васіля Стэфаніка — поўная мастацкае праўды — ёсць вялікі пратэст супраць сацыяльнае няроўнасці, супраць панавання адных і нявольніцтва другіх. Гэта пратэст своеасаблівы. Ён схаваны па-за ціхімі, чулымі словамі твора, але ў гэтым і ёсць сіла мастацтва. Гэта тыя «кленови листки», якіх неміласэрна топчуць у зямлю і якія, самым фактам гэтага, абуджаюць нястрыманае жаданне пратэставаць. Гэтая кніга належыць да тых кніг, якія пасля прачытання ніколі не забываюцца. Па сіле мастацкае глыбіні і праўды гэта найвыдатнейшы твор найвыдатнейшага мастака.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан