epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Родныя мясціны

Насустрач легкавой машыне імчалася асенняе поле, новая шасейная дарога адлівала белаватым колерам у цёплай хмурнасці ціхага дня.

Узгоркі зменьваліся лагчынамі, жоўтыя чубы маладога бярэзніку саступалі месца зялёным хвойнікам, пасля зноў ішло поле, і, нарэшце, магутная сцяна старога лесу ў момант вока вырасла як з-пад зямлі. Машына пайшла павальней, і пасля некалькіх гадзін шпаркай язды гэта была нечаканасць. Асвяцімскі крыкнуў шафёру:

— Што-небудзь здарылася, Валодзя?

Валодзя, гэты зусім яшчэ малады і заўсёды вясёлы хлопец, хутка павярнуў галаву і сказаў:

— Ох, лес які!

Асвяцімскі прыпаў тварам да шкла і спусціў яго. Колеры адразу паярчэлі, дзень здаўся яснейшым.

— Добра,— сказаў Асвяцімскі, маючы на ўвазе тое, што Валодзя зрабіў ход машыны зусім павольным.

Лясная цішыня абступала навокал, яна востра пахла, і слаўна было дыхаць асенняй свежасцю.

— Дзе мы едзем? — запытаў Асвяцімскі.

Валодзя назваў мясцовасць, і Асвяцімскі ўспомніў, што вось тут ужо недалёка яго радзіма — месца, дзе ён нарадзіўся і вырас. Яшчэ зранку, выязджаючы з далёкага раёна, дзе ён быў некалькі дзён па справах сваёй працы, ён радасна думаў, што яму прыйдзецца праехаць праз гэты родны яму куток. Даўно ён не быў тут, бадай што два дзесяткі год. Нікога ў яго тут ужо не асталося: бацьку забілі палякі ў дзевятнаццатым годзе, маці памерла праз год пасля гэтага, брат жыве ў Маскве, сястра пайшла замуж у горад, кіламетраў за сто адгэтуль. А ён сам пасля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі пайшоў вучыцца і цяпер вось, стаўшы вялікім чалавекам у рэспубліцы, выпадкова едзе праз гэтую мясцовасць.

У гэтым самым лесе, на гэтай дарозе ён быў у маленстве не раз. Толькі гэтая дарога не была тады брукаваная. За лесам ішло панскае поле, а далей была іхняя дробная вёсачка, дзе кожны зямлі меў гэтулькі, колькі хапала на тое, каб быць панскім парабкам. Асвяцімскага бацька таксама быў парабкам. Жыў ён у сваёй хаце, а на работу хадзіў у маёнтак.

Вось тут, на выездзе з лесу, павінен быць вялікі камень, каля якога заўсёды, бывала, збіраліся хлапчукі з вёскі. На гэтым камені ён, Асвяцімскі, сядзеў і плакаў, не ведаючы, чым задушыць жудасны смутак па замучаным бацьку. Аднойчы, яшчэ падросткам, ён жаў з маткай на панскім полі палеглы ячмень і да касці парэзаў сабе сярпом палец. Маці нарвала лісцяў з падбелу, пажавала іх і прыклала да раны, а пасля абвязала палец палатнянай стужкай. Маці тужыла над гэтым няшчасным здарэннем, калі завязвала яму палец, і ў яго абудзілася да яе вялікае замілаванне, якое расло пасля з кожным годам. Калі ўвечары яны варочаліся дадому з работы, маці скардзілася, што ёй баліць у грудзях, і прысела на гэты камень адпачыць, а ён стаяў каля маці і думаў пра тое, як цяжка жыць на свеце гэтай няшчаснай жанчыне. Гэта было даўно, і ўсё гэта ўспамінаецца, як сон. Асвяцімскі адчуў смутак.

— Валодзя,— сказаў Асвяцімскі,— там, па выездзе з лесу, павінен быць вялікі камень.

— Унь камень,— кіўнуў Валодзя галавой налева.

Камень ляжаў на тым самым месцы, на рагу лясной дзялянкі.

— Заедзем у вёску,— сказаў Асвяцімскі.

— Вы ж спяшаліся дадому.

— Дадому паспеем, доўга ў вёсцы не будзем. Спыніся, Валодзя, я выйду з машыны.

Асвяцімскі падышоў да каменя. Ён падумаў: гэты камень ляжыць тут некалькі сот год, як сведка плыні чалавечага жыцця. Знізу камень аброс мохам, жоўтая трава навокал яго была вільготная. Яго ўкрывала лісце з узлесных бяроз. Яшчэ адзін успамін з маладосці выплыў у памяці Асвяцімскага. Апошнім годам свайго жыцця тут Асвяцімскі кахаў дзяўчыну. Гэта была колішняя парабчанка з тутэйшага маёнтка, Волька. Каханне было першае, яно пачалося з таго моманту, калі на нейкай рабоце ён выпадкова дакрануўся тварам да яе валасоў. У яе былі чорныя вочы і валасы такія густыя, што здавалася, ім цесна над хусткай. Тады толькі што пачалося яго першае юнацтва, і ён саромеўся прызнацца ёй у сваім каханні. Ён усё шукаў выпадку астацца з ёю дзе-небудзь удваіх і не ведаў, як зрабіць, каб гэта здарылася. Ён пачаў саромецца перад ёю сваёй старой зношанай адзежы, а лепшай ён не меў. Пасля, праз шмат год, перабіраючы ўсё гэта ў памяці, ён ведаў, што і яна тады саромелася перад ім сваёй зрэбнай спадніцы, а лепшай таксама не мела. Ад думак пра ўсё гэта заўсёды сціскалася болем сэрца за бедную маладосць. Аднойчы яна ішла адна, і ён пайшоў з ёю. Абое яны былі збянтэжаны і маўчалі ўсю дарогу, і абаім было нядобра ад гэтага маўчання. Па дарозе быў гэты самы камень. Яны моўчкі сядзелі на ім, а пасля, робячы выгляд, што ім вельмі весела, пайшлі далей, нічога важнага адно аднаму не сказаўшы. Перад самым ад’ездам адсюль Асвяцімскі ўведаў, што Вольку любіць самы блізкі таварыш тых яго год — Костусь. Асвяцімскі пайшоў на некалькі год у армію, новыя справы, новыя людзі, новы паварот жыцця перамалоў усё. Асвяцімскі вучыўся ў Мінску, і разам з ім вучылася сінявокая Вера, таксама з густымі валасамі. Яна стала яго жонкай — любай жанчынай, слаўным другам. Цяпер яна маці траіх дзяцей, старэйшы сын хутка будзе ўжо студэнтам. Са сваім другам Костусем ён не бачыўся з таго часу. Цяпер, у гэтую мінуту, калі ён стаяў пры гэтым камені, яму было ні то сорамна, ні то прыкра ад таго, што за ўвесь час ён ні разу не напісаў Костусю. Вядома, у маладыя годы ў гэтых справах шмат легкадумнасці, але цяпер прыйшла сталасць. І ў гэты момант ён думаў пра тое, у якім горы, у якой беднасці гадаваўся і рос тады яго аднагодак Костусь. І хоць маладосць яго самога была такой жа, але цяпер ён адчуваў быццам нейкую сваю вінаватасць перад сваім былым другам. З выглядам чалавека, які адважыўся на нейкі рашучы крок, Асвяцімскі рушыў да машыны. Машына пайшла палявой дарогай на ўзгорак, і Асвяцімскі стараўся думаць толькі пра тое, што ён зараз убачыць месца, дзе калісьці стаяла бацькаўская хата.

Хаты сапраўды ўжо не было, але нельга было знайсці і тое месца, дзе яна стаяла. Асвяцімскі глянуў туды, дзе павінна была стаяць Костусева хата — гэтая калісьці добра знаёмая яму хата з адным акном на вуліцу і з двума ў двор. І гэтай хаты не было, але месца яе выразна вызначалася: дзве старыя ліпы і стагодняя бяроза стаялі на тым самым месцы, дзе калісьці пад імі быў агародчык перад хатнім акном. Не было ўжо той старой вёсачкі. Ніводная хата не захавалася. Тады было тут хат пятнаццаць, цяпер тут стаяла каля паўсотні новых дамоў. Перад вокнамі вялі прыхвачаныя першым замаразкам вяргіні, чатыры рады маладых таполей ішлі па былым выгане ўздоўж усяго пасёлка, ствараючы штосьці накшталт парку. Асвяцімскі пайшоў гэтым месцам, лёгка ступаючы па ўсланай лісцямі зямлі. У рухавай дзяўчынкі, якая выбірала сабе з зямлі жаўцейшыя лісці, ён запытаў, дзе жыве Костусь, і дзяўчынка паказала яму на новы, яшчэ не пачарнелы дом з жоўтымі вокнамі. На вуліцу было тры акны, а ў двор — чатыры.

Ледзьве стрымліваючы неспакой свайго сэрца, Асвяцімскі падняўся на высокі ганак і ўвайшоў у сенцы. Машына, якая ішла следам за ім, асталася стаяць на вуліцы.

— Хто там? — пачуў ён з-за дзвярэй пявучы малады голас.

Ці, можа, яму здалося, ці, можа, сапраўды гэта была праўда, але голас гэты быў голасам Волькі, маладой, чарнавокай, густавалосай. Выбіты са сваёй звыклай раўнавагі, Асвяцімскі адчыніў дзверы ў хату, не думаючы пра тое, што з таго часу прайшло каля двух дзесяткаў год. Ён увайшоў у штосьці накшталт пярэдняга ў кватэры пакоя. Налева былі адчынены дзверы ў кухню, а проста — у вялікі пакой. Пасярод таго вялікага пакоя стаяў стол пад зялёным абрусам і на ім чырвонымі іскрачкамі цвіў нейкі малы вазончык. Налева пры сцяне відзён быў рог ложка з гарой вышытых падушак. Але гэта ён ужо заўважыў пасля. У першы момант ён ашаламіўся: здзіўленыя нечаканасцю яго з’яўлення, перад ім стаялі дзве Волькі, такія самыя — маладыя, чарнавокія, густавалосыя. У адной было больш яшчэ ад падростка, чым ад сталай дзяўчыны, другая ўваходзіла ўжо ў першае сваё юнацтва. Толькі што да той, ранейшай Волькі яны не падобны былі сваім адзеннем: яны былі не ў зрэб’і, а ў лёгкіх сініх плаццях. Яны заняты былі работай: перад імі на голым стале ляжала штук дзесяць падсушаных сыроў, яны падскрабалі іх кухоннымі нажамі і складвалі ў кош. Цьмяна здагадваючыся, што гэта за дзяўчаты, Асвяцімскі запытаў, дзе бацька. Зноў пачуў Вольчын голас — гаварыла меншая дзяўчына. Бацька іх цяпер працуе, але зараз прыйдзе. Асвяцімскі выйшаў сказаць Валодзю, каб той заехаў з машынай у двор. Чакаючы Кастусёвага прыходу, Асвяцімскі пайшоў шукаць месца, дзе калісьці стаяла бацькаўская хата.

Быў ужо вечар, калі Асвяцімскі вярнуўся.

Замест Костуся ён убачыў Вольку. Толькі цяпер ён заўважыў, што яна высокая ростам. Калісьці ён гэтага не заўважаў. Перад ім стаяла жанчына, поўная разумнай сталасці. Які тон гучаў у яе словах! Гасцінная гаспадыня запрашала незнаёмага госця вячэраць і адпачываць. І тут яна пазнала яго. З момант яна стаяла моўчкі, а пасля вочы яе пачырванелі, і яна ўсміхнулася, каб не заплакаць. Але гэты рух у яе душы паклаў пячаць на яе твар, і ўсе заўважылі гэта.

— Мама,— сказалі здзіўлена яе дочкі, тыя самыя дзяўчаты, якіх Асвяцімскі ўжо бачыў.

— Вам гэта нялёгка зразумець,— адказала маці.— Вы, апроч радасці і шчасця, у жыцці нічога не бачылі, бо гэта невялікае гора, калі замест карычневага шоўку на плацці бацька купіў вам сіняга. А калісьці нашы лепшыя думкі і парывы былі атручаны голадам і брудным зрэб’ем.

«Як яна ўмее гаварыць!» — падумаў расчулены Асвяцімскі.

— Мама! — зноў сказалі дзяўчаты.

— Вы ж самі бачыце, як я шчасліва вашым і маім шчасцем,— адказала Волька і адчыніла дзверы ў вялікі пакой.

З бакоўкі выйшаў Костусь.

— А я ўжо ў твайго шафёра распытаў, каго ён да мяне прывёз,— сказаў ён, абнімаючы Асвяцімскага.

— Ох, як мне падабаецца гэты стол! — жартаўліва і шчыра заспяваў Валодзя, гэты верны спадарожнік Асвяцімскага паездак.

Ён паспеў ужо коратка перазнаёміцца з усімі ў гэтым доме і стаць быццам сваім чалавекам — гэты малады і вясёлы хлопец. Усе падышлі да стала, дзе з-за высока накладзеных усякіх закусак выглядалі бутэлькі са сваімі, калгаснымі наліўкамі. Валодзя пастараўся сесці насупроць большай дзяўчыны і першым чынам пастараўся дазнацца, ці ёсць у іх патэфон. Даведаўшыся, што такая штука ёсць, ён тады з вялікай заўзятасцю налёг на паліўку і закускі. Праз гадзіну ён ужо танцаваў з большай Кастусёвай дачкой, якая звалася Насцяй, вальс, а меншая — Валя — чакала, калі скончыцца гэты танец, да якога ў яе не было пары, каб адной станцаваць «казачка», якому яна нядаўна навучылася. Пад канец вечара Костусь расказваў Асвяцімскаму свае планы. Насця ў гэтым годзе заканчвае сярэднюю асвету, і яму хочацца, каб яна пайшла вучыцца ў медыцынскі інстытут. І Асвяцімскаму здавалася, што ён ніколі не разлучаўся надоўга з Костусем і Волькай, і што заўсёды былі ў іх Насця і Валя, і што заўсёды было так весела і радасна жыць.

Аб мінулым ён падумаў на рассвітанні, калі, адпачыўшы, выязджаў у сваю дарогу. Насця і Валя спалі, а Костусь і Волька выйшлі за браму правесці госця. Іх высокія постаці вельмі рэльефна вырысоўваліся ў першым святле рассвітання. Калі ад’ехалі з кіламетр, Валодзя весела павярнуў свой твар да Асвяцімскага.

— Але ж яны і напакавалі нам на дарогу! Поўную машыну і налівачкі, і закусачкі! От жывуць, дык жывуць! Выберам які-небудзь лясок па дарозе і спынімся папасвацца.

Асвяцімскі нічога не адказаў. Ён думаў аб сваіх бацьках і аб сваёй, і Костусевай, і Вольчынай маладосці. І перад яго вачыма стаялі чарнавокія Насця і Валя ў сініх шаўковых плаццях, і яго дзеці, і слаўная сінявокая Вера.

— Ох, якая дзеўка, гэта Насця! — зноў павярнуўся да Асвяцімскага Валодзя.

Маўчанне Асвяцімскага прымусіла яго яшчэ больш хваліць Насцю:

— Ох, якая гэтая Насця! Што, не праўда?

— Укахаўся? — сказаў Асвяцімскі, скідаючы з сябе задуменнасць.

— Каб, здаецца, яшчэ з разок сюды прыехаць! Ах, якая Насця!

Машына даходзіла да канца лесу і выходзіла на шасейную дарогу. Узыходзіла сонца, і ў першых яго праменнях чырванеўся на ўзлессі вялікі камень — шматвяковая сведка бур у чалавечых душах.


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан