epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Самахвалавіцкая ўзаемадапамога і самагонныя трубкі

Самахвалавіцкі самагоншчык цыкнуў праз зубы слінаю, весела падмаргнуў усяму свайму сходу і стаў гаварыць:

— Яжэлі, скажам, таварышы, самахвалавіцкая міліцыя каго-небудзь з нас за каршэль зловіць ды адбярэ, значыць, самагонныя нашы прылады — цабры і дзежы, чыгуны і бутлі, бочкі і шмочкі, глякі, трубкі і ўсякія іншыя шрубкі, дык стала быць па закону аддае яна іх не ў акруговы наш горад Мінск, а нашаму роднаму раёну, самахвалавіцкаму камітэту заемадапаможнаму. Дзякрэт, значыць, стала быць, таварышы, такі выйшаў і больш нічога.

А раз заемадапамога ёсць такая ўлада, якая памагае ўсім «пастрадаўшым», дык і мы, як «пастрадаўшыя» ад міліцыі, можам там трохі пад гэтае. Усе нашы і трубкі і шрубкі мы можам ад заемадапамогі назад купіць на сваё здароўе.

Нашы трубкі самахвалавіцкая заемадапамога прадае па два рублі, значыць, за штуку.

— Прашу слова,— пачуўся голас.

— Гавары.

— Я, таварышы, можна сказаць, пакуль што не самагоншчык — трубкі, значыць, не меў такое, не ведаў, дзе дастаць. І ці не будзе цяпер якога касацельства з боку таго, чыя трубка, калі я яе куплю ў самахвалавіцкае ўзаемадапамогі?

— Калі раней захопіш — маеш права купляць.

— Эх, маліна! Дзякуй табе, божа, і табе, самахвалавіцкая заемадапамога. Не буду абіваць чужых парогаў, шукаючы самагону. Прыйшла, нарэшце, і мне пара стаць самагоншчыкам! Ур-ра!

Сход гукнуў. Ура.

— К парадку, таварышы. Цяпер, стала быць, міліцыя накрые — заемадапамога трубкі не змарнуе, жывуць, браткі, нашы трубкі! Ур-ра!

Другое «ўра» было адказам.




Беларуская Палічка: http://knihi.com