epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

«Сентыментальны вальс»

П’еса О. Літоўскага «Сентыментальны вальс» ёсць своеасаблівае лірычнае апавяданне ў драматычнай форме аб лёсе адной сям’і.

У першыя годы рэвалюцыі ў акупіраваным белагвардзейцамі прыморскім невялікім горадзе вядзе падпольную бальшавіцкую работу наборшчык Віктар Лапін. У яго ёсць жонка Наташа і друг Мікалай Мельгуноў. Усе яны маладыя людзі. Абстаноўка для падпольнай работы была вельмі небяспечная і трывожная, і аднойчы Віктар Лапін сказаў свайму другу Мікалаю Мельгунову, што ён даручае сваю цяжарную Наташу яму, калі адбудзецца што-небудзь страшнае. І гэтае «страшнае» неўзабаве здарылася. Віктара арыштавалі белыя і, як пасля гаварылі, расстралялі. Мікалай Мельгуноў стаў клапаціцца аб Наташы і, калі ў яе нарадзіўся сын, ён яго ўсынавіў. Хлопчыка назвалі Віктарам, у памяць аб яго загінуўшым бацьку. Такім чынам, склалася новая сям’я — Мікалай, Наташа і Віктар.

Прайшло 19 год. Віктар вырас і стаў музыкантам. Ён лічыць сваім бацькам Мікалая Мельгунова, а аб Віктару Лапіне ведае з расказаў як аб колішнім другу сваіх бацькоў.

А тым часам Віктар Лапін жыве. Ён не памёр ад раны ў часе расстрэлу, а выратаваўся і не можа знайсці сваёй сям’і, галоўным чынам таму, што пасля ўсяго перажытага некаторыя моманты яго жыцця сцьмелі ў яго памяці, нават зніклі з яе. Ён не можа іх успомніць; замест іх у памяці — пустата. Ён жыве адзін, стаў выдатным хімікам (а хіміяй ён займаўся яшчэ ў падполлі) і працуе на авіязаводзе. Мікалай жа Мельгуноў стаў лётчыкам.

Ад работніцы авіязавода Сцяпанавай адзінокі Віктар Лапін пачуў знаёмую мелодыю: яна напявала «Сентыментальны вальс» Чайкоўскага. І ён пачаў успамінаць былое. Гэты вальс калісьці грала яму яго Наташа, гэтая музыка была ў іх нечым накшталт «сямейнай мелодыі». Ён успомніў Наташу. Акалічнасці справы сышліся так, што ён знайшоў сваю сям’ю. Але ён убачыў, што яго сын, якога ён ніколі не ведаў, малады шчаслівы юнак, лічыць сваім бацькам Мельгунова і што ў гэтай сям'і пануе поўнае шчасце. І вось ён, Наташа і Мікалай у час сустрэчы вырашаюць — нічога не гаварыць сыну Віктару, каб не трывожыць яго шчаслівага юнацтва. Віктар Лапін бярэ сабе толькі на памяць партрэт свайго сына.

Вось беглы пералік галоўных пунктаў усяго расказа. Як бачым, перад гледачом праходзіць многа год жыцця герояў п’есы, а само сабою ясна, што паказаць у спектаклі хоць бы вузлавыя моманты гэтага жыцця ў іх развіцці нялёгка, калі не сказаць больш — немагчыма. Таму аўтар п’есы і выбраў форму апавядання. Перад кожным актам выступае перад публікай акцёр з словам «ад аўтара» і тлумачыць, што гэта за людзі на сцэне, колькі часу прайшло з моманту першага паяўлення іх перад гледачом. І вядома — у самым развіцці ўсёй дзеі, у жыцці герояў ёсць вялікія прабелы, мы можам толькі паверыць на слова, што ў той час адбывалася. Адсюль і палажэнне герояў перад намі — не ў іх бесперапынным руху, а ў асобных, я сказаў бы, застылых момантах. Так, у другім акце, адразу пасля падняцця заслоны мы бачым Мікалая ўжо ў форме лётчыка і намнога пастарэлага, тады як у першым акце мы бачылі яго юнаком. Персанажы п’есы не маюць уздзеяння на падзеі, а толькі сцвярджаюць тое, што ёсць, як пэўны факт.

Адсюль паўстаюць цяжкасці для рэжысёра і акцёра. Паколькі героі толькі сцвярджаюць свае палажэнні, і прытым у атмасферы лірычнай прыўзнятасці, была вялікая небяспека ўпасці ў фальшывы тон, у тон не «сентыментальнага вальса», а прыкрай сентыментальнасці. І трэба было мець вялікае пачуццё меры і добры густ, каб вывесці акцёраў з гэтага плана. Гэта ўдалося ў асноўным рэжысёру Н. Б. Лойтару.

Заслужаны артыст рэспублікі Звездачотаў з вялікім тактам вядзе ролю Лапіна. Заўсёды ён стрыманы і скупы на слова і на жэст — нічога лішняга, нічога прыкрага. Ён зразумеў і замысел п’есы, і тэкст яе. Лірыку гэтай п'есы можна было б параўнаць з ціхім хваляваннем вады ля берага возера пасля таго, як на сярэдзіне возера вада ўзнялася бурнай кіпучай сцяной ад разрыву якога-небудзь гарматнага снарада. Адбыліся бурныя падзеі рэвалюцыі, і як водгук іх — усё тое, аб чым расказваецца ў п’есе.

З вялікім густам і з верным пачуццём выконвае ролю Наташы заслужаная артыстка рэспублікі М. Бялінская. У паасобных мясцінах ігра яе даходзіць да высокага драматычнага лірызму.

Асобна трэба адзначыць артыстку Радзялоўскую ў ролі Сцяпанавай. З эпізадычнай і тэкстуальна небагатай ролі Радзялоўская стварыла яркі вобраз.

У ролі рабочага авіязавода Каршунова выступае заслужаны артыст рэспублікі Іваноў. Роля і ігра яго пастаўлены ў плане лёгкага, жартаўлівага гумару.

Артыстка Мазалеўская вядзе сваю ролю ў бытавым плане, хоць, па-свойму, яна, можа быць, і права. Гэта роля пажылой, а ў астатніх дзеях зусім старой жанчыны Васілісы, друга сям’і. Роля бедная тэкстам і асабліва сцэнічнымі палажэннямі. У гэтай ролі, да некаторай ступені, ёсць элементы і рэзанёрства.

Нягледзячы, аднак, на лірызм, які сапраўды з’яўляецца асаблівасцю гэтага спектакля, ёсць у ім нейкі момант, нейкая незаўважная грань, дзе раптам пачынае гучаць нешта адваротнае лірыцы. Гэта асабліва выступае ў ролі Віктара-сына. Да некаторай ступені гэта гучыць і ў ролі Мікалая (апроч першай дзеі). Калі ў першай дзеі заслужанаму артысту рэспублікі Шэлегу трэба сапраўды іграць ролю, несці пэўныя і цікавыя ў сцэнічным сэнсе функцыі, то ва ўсіх астатніх дзеях яму трэба толькі быць у лётчыцкай форме і гаварыць час ад часу пэўныя рэплікі аб самалёце, аб музыцы. Калі Віця грае і пытае ў яго, ці добра, яму трэба сказаць, што добра, толькі праявіць пры гэтым больш жвавасці. Усё гэта ў атмасферы сямейнага шчасця, якое паказваецца гледачу бадай-што толькі праз падобныя рэплікі. Адсюль і салодкі выраз на твары, і пачынаецца штосьці, накшталт пастаралі. І артыст Шэлег робіцца не падобным да самога сябе ў першым акце, дзе ён сапраўды жыве на сцэне.

Віцю — 19 год. Ён вучыцца ў кансерваторыі, у ім выявіўся талент музыканта. Мы яго бачым толькі ў атмасферы музыкі і ў яго фразах: «Эй, як хораша жыць... якая ты сёння прыгожая, мама». К таму ж яшчэ яго выглажаны выгляд, усе фалдачкі яго гарнітура адпрасаваны акуратна, і заўсёды салодкая ўсмешка, якая, мусіць, павінна быць адзнакай таго, як яму хораша жыць. Ён «прабывае» ў атмасферы салодкіх гукаў, салодкіх фраз, і калі ён спіць у памежным пакоі, Мікалай гаворыць Наташы: «Заграй... Толькі зусім ціха — Віця спіць». Пачынае здавацца, што гэты Віця жыве ў нейкай цяплічнай, ліманаднай атмасферы, што гэта фальшывы вобраз, што яму добра жывецца таму толькі, што яго кормяць нейкай салодкай кашай, што гэта выпешчаны мамін сынок, які зусім не ведае жыцця — сапраўднага, прыгожага сваім праўдзівым хараством. У гэты момант хочацца, каб на сцэну ўвайшла Васіліса, так, як яе грае Мазалеўская, і сваім суровым тонам, які выбіваецца з «плана спектакля», унесла нейкую новую ноту ў падобную сцэну. Гэта раптоўная і рэзкая рэакцыя на тыя моманты ў спектаклі, якія збіваюцца з узроўню сапраўднай лірычнасці. У такой атмасферы прыкрай саладкаватасцю гучаць словы Наташы да Мікалая: «Глядзіш на цябе і на Віцюшу — гэта такое шчасце — вас і вадой не разальеш».

Віктар-сын — гэта не роля артыста Фадзеева, які бывае моцны ў ролях іншага плана. Апрача таго, роля Віктара — гэта роля статычная, без развіцця і дынамікі, без супярэчнасцей, і іграць яе — нялёгкая задача.

Фальшывым, у дрэнным сэнсе слова, сентыментальным момантам у спектаклі кладзе канец Звездачотаў, паяўляючыся на сцэне. Ён узводзіць спектакль зноў на яго сапраўдны ўзровень.

У спектаклях, падобных гэтаму, трэба мець вялікае пачуццё меры і вялікае адчуванне тону ігры.


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан