epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Сімпатычная дубіна

Гаўляйтарскія падлізнікі ў сваёй «Беларускай газеце» расхвальваюць беларускі народ, паліцыю і немцаў. Народа яны баяцца, немцам служаць, а на паліцыю спадзяюцца, як на сваю абарону ад народа. Вось як яны віляюць хвастом перад народам: «Характар у беларуса мяккі, дабрадушны, спагадлівы...»

Даўнейшы купец, які пражываў жыццё на гандлярскім ашуканстве і ў распусце, пад старасць будаваў цэрквы і маліўся богу. Так і гэты: як памаўзлівы сабачка, ён нарабіў шкоды і прадчувае кару. Дабрадушны народзе, выпадкам чаго — не карай мяне строга, ты ж спагадлівы!

«Праўда, і сярод беларусаў,— піша далей газетка,— сустракаюцца п’яніцы і грубіяны».

Гэта так. Згодзен. Ёсць і п’яніцы, ёсць і грубіяны. Ёсць нават і бандыты: і Адамовіч ёсць, і Аляхновіч ёсць. Ёсць і спадар Станкевіч. Усякая поскудзь ёсць, нічога не зробіш. Хоць лікам і мала яе, але — мала куча, але смярдзюча.

Газетка піша: «У такой арганізацыі, як паліцыя, адлюстроўваецца характар народа. Трэба, каб у беларускім паліцыянце і адлюстроўваўся характар беларускага народа».

Вось як! А мы ўжо гатовы былі паверыць, што той пісака меў кроплю шчырасці, калі хваліў дабрадушны характар народа. Аж ён не туды гне. Ён хоча, каб беларускі народ прыйшоў у гаўляйтарскую канцылярыю, адбіў крываваму геру паклон і запісаўся ў нямецкую паліцыю. І каб характар беларускага народа адлюстроўваўся праз паліцэйскага дзяржыморду. Вось жа маладзец! І якая тонкасць у разуменні народнай душы!

«Далікатны і тактоўны, чулы, заўсёды гатовы дапамагчы кожнаму — вось маральная сыльвэтка беларускага паліцыянта».

Ах, якая сыльвэтка! Адкапаў, шэльма, і старое шляхечае слоўца. Толькі гаворыць туманна, баіцца дагаварыць да канца. Прыйдзецца сказаць яго словы так, каб быў відзён іх сапраўдны сэнс: — Далікатны і тактоўны перад немцам, чулы да ўсякага жадання гітлераўскага бандыта і абдзірайлы, гатовы дапамагчы кожнаму немцу, калі ён грабіць або вешае,— вось маральнае аблічча таго, хто, страціўшы чалавечае сумленне і свой нацыянальны гонар, пайшоў у паліцыю служыць крывавым нямецкім акупантам.

Далей газетка, навучаючы гэтага малайца клапаціцца аб сваім выглядзе, піша: «Трэба памятаць і аб сваім вонкавым выглядзе. Праўда, беларусы яшчэ не надта рупяцца аб гэтым. Не толькі сяляне, але вельмі часта сустракаюцца і гарадскія інтэлігенты няголеныя, з нячэсанымі валасамі, дый ува ўсёй іхняй вопратцы відаць нядбайства».

Чыстасардэчнае прызнанне! Абарваныя, нячэсаныя, галодныя ходзяць людзі на Беларусі. Калі на кожным кроку цябе падпільноўвае нямецкая вяроўка і калі цябе душыць гора аб замучаных немцамі дзецях — то тады не да франтаўства. І франціць няма ў чым: немцы абдзерлі кожнага.

«Паліцыянт, заўсёды аголены, валасы нядоўгія, дакладна прычэсаныя... Калі злучыць гэты вонкавы выгляд з маральнымі якасцямі, дык выйдзе сапраўды сімпатычная сыльвэтка беларускага паліцыянта, які будзе карыстацца любасцю ўсяго народа».

Можна сабе ўявіць гэтага сімпацягу: дубіна падалася ў нямецкія халуі і заядлыя ворагі свайго народа. Народная любасць да гэтага нямецкага папіхайлы, на пальцах у якога народная кроў, выяўляецца ў тым, што яго ўсюды ненавідзяць, б’юць, як самага апошняга сабаку і гада.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан