epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Сёмая скура

Раней справы ішлі не так. У беларусаў раней усяго было многа. З самага пачатку рабілася ўсё куды прасцей. Спаткае, напрыклад, хоць бы сабе мінулым летам, фрыц беларускую дзяўчыну ў шоўкавым плацці і ў дарагіх туфлях. І фрыц адразу камандуе:

— Давай сюды плацце! Давай туфлі!

Калі дзяўчына паспрабуе спрачацца, фрыц адразу страляе і здзірае плацце і туфлі з мёртвай дзяўчыны. Вось і гатова пасылка ў Германію.

Цяпер часы прыйшлі горшыя. З дзяўчыны туфель, а з старога чалавека кажуха не здзярэш, бо і кажухі, і туфлі даўно ўжо апынуліся ў Германіі. Ды, сказаць праўду, і здзіраць менш стала з каго. З таго, каго фрыцы застрэлілі або павесілі,— што ты з яго там лішняе здзярэш? А жывыя не вельмі чакаюць, каб фрыц здзіраў з іх вопратку разам з плячыма. Яны самі займаюцца здзіраннем з фрыцаў шапак разам з іх галовамі.

Так што часы прыйшлі горшыя. Здзіраць жывасілам няма чаго і менш стала з каго. А зусім не займацца гэтым зладзейскім рамяством фрыц не можа. Гэта ў яго ў крыві. Гітлеравец такі: пакуль сёмай скуры не здзярэ, то на пятай не спыніцца.

Дык вось нядаўна фрыц звярнуўся праз сваё радыё да насельніцтва акупіраванай ім нашай зямлі з тым, каб людзі мелі добрае сумленне і самі з сябе здзіралі ўжо сваю сёмую скуру і неслі яе яму.

«Мужчыны і жанчыны ўсходніх абласцей! Перагледзьце свае шафы. Абшукайце ўсе куткі вашых кватэр».

Бач, які спрактыкаваны гэты фрыц! Ведае, ліха яму, дзе можа ляжаць дабро ў чалавека.

«Шэрсць і баваўняныя або шоўкавыя матэрыі. Старыя покрыўкі, паношаныя польты і іншыя рэчы — павінны быць ахвяраваны для больш важных мэт».

Далікатна камандуе сваю просьбу наконт ахвяравання шэрсці і старога пальто: «павінны быць ахвяраваны». Бо калі не, дык... Яго крыклівая просьба: «перагледзьце свае шафы» гучыць як: «падлічыце свае галовы!»

«Вас просяць прынесці толькі маленькую ахвяру».

Сапраўды, маленькую! Наўрад ці хто знойдзецца такі, хто б думаў, што старое, разлезлае пальто вельмі ўжо вялікая ахвяра. Другая справа, што новае пальто даўно ўжо здзёрта з чалавечых плеч. Але ж на гэта, умеючы, таксама льга знайсці апраўданне: тое пальто было першая скура, а старое — гэта ўжо сёмая скура. Ды і сама скура, калі яна сёмая,— якая там ужо скура! Гэта ўжо не скура, а адзін толькі дых, ды і той на ладан. Так, мусіць, думаў немец, калі ён праз радыё камандаваў добраахвотна прыносіць яму шэрсць, шоўк і старызну. Змучаны і абдзёрты чалавек, думаў фрыц, можа спалохаецца і панясе.

Фрыц добра ўяўляе сабе, што яго справы дрэнныя. У шафе вісіць старое пальто, а сам чалавек з кулямётам падпільноўвае немцаў. Так што, калі фрыц не нажорся новым шоўкам, то не наліжацца і разлезлай старызнай.

Калі злодзей улез у чужую хату і сядзіць у ёй, то рана ці позна яму будзе, як кажа той фрыц, капут.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан