epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Смага

1
2
3
СМАГА


 

1

Мястэчка Якубавічы стаяла кілометраў за шэсць убаку ад вялікай Мінскай дарогі, у лясістай і глухой мясцовасці. Тут было ўсяго тры вуліцы і заўсёды здавалася, што адгэтуль далёка да якога-небудзь кіпучага і шумнага мейсца на свеце. Можна было думаць, што тут ніколі ніякае страшнае ўтрапенне не кране чалавечай душы. Усё так ціха і спакойна. Паабапал мястэчка стаяла па ветраку. Праз самае мястэчка цякла вузкая рачулка і вынаходзіла ў паплавы. За паплавамі пачынаўся лес, вялікі, кілометраў на сем скрозь паўз дарогу. Мінская дарога была язджалая. Калісці па ёй стаялі карчмы і ў іх не змаўкала людская гамана. Карчмы даўно мінуліся, дзеці і ўнукі тых колішніх балаголаў і вазюроў сталі калгаснікамі. Па Мінскай дарозе пайшлі грузавікі і аўтобусы, але аб карчмах успаміналі, хоць-бы сабе з бацькаўскіх апавяданняў. Была нават дробная вёсачка кілометраў за дваццаць ад Якубавіч, якая мела назву «Шастакоўская карчма». Казалі што некалі яна называлася проста «Шастакоўцы», але там з’явіўся быў карчмар, паставіў добрую хату і пры ёй стадолу і вёску сталі зваць інакш. Апошні гаспадар карчмы ў Шастакоўцах памёр гадоў праз чатыры пасля рэвалюцыі, незадоўга пасля таго як скончылася вайна з Польшчай. Яго ўспамінаюць і цяпер. Гэта быў нейкі Сёмка Жардэцкі, родам аднекуль з пад Вілейкі. Чалавек гэты быў рухавы і напэўна меў натуру, якая выпрацавалася пад уплывам таго, што ён не меў на свеце сталага аселішча. Трэба думаць што ён многа кідаўся па свеце, пакуль дапаў да Шастакоўскай карчмы. Быў ён ужо не малады, і халасцяк, зусім адзінокі. Карчму ён адкупіў у ранейшага карчмара, нейкага Ёські Доўгіна, які назаўсёды выехаў у Амэрыку, каб там жыць лепей як тут, і каб аддаць замуж шасцярых сваіх дачок за маладых і добра яму вядомых амерыканцаў, усё з гэтай жа самай мясцовасці, якія там ужо жылі багата. Гэта ўсё так расказваюць тутэйшыя людзі. Сёмка Жардэцкі, зрабіўшыся добрым і ўвішным карчмаром, дастаў сабе аднекуль са стараны маладую служанку, за яго маладзейшую год нешта на дваццаць пяць. Гэтая працавітая і бязродная Тэкля, як бы прыбітая і прыглушаная жыццём, была такая маўклівая і ціхая, што яе тут пачалі зваць «без’языкая Тэкля». І раптам усіх аглушыла навіна: у нядзелю зранку, пад Якубаўскую царкву пад’ехаў на сваім кані ў выяздных драбінках Сёмка Жардэцкі, разам з Тэкляю. Ён быў у новай ватоўцы з тонкага сукна. Тэкля была ў светлым шарсцяным плацці, занадта ўжо нейкая выфранчаная. Сёмка Жардэцкі прывязаў каня да царкоўнага паркану і пайшоў з Тэкляй у царкву. Гэтая пара выстаяла ўсю абедню. Усё было вельмі дзіўна. Жардэцкага ўсе тут ведалі, але ніхто ніколі не бачыў яго ў царкве. Аж пасля абедні людзі ўбачылі, што Тэкля вянчаецца з Жардэцкім. Пра гэты шлюб доўга гаварылі, а пасля прывыклі, і ўсё ўвайшло ў сваю абыкласць. Тэкля як і дагэтуль з цямна да цямна завіхалася ў рабоце, а сам Сёмка Жардэцкі нейк раптам пачаў хварэць і старэць. Ён пачаў скардзіцца на «сіберны раматус» і на «дыхавіцу» і так скрыпеў яшчэ нейкі час, ужо не могучы рабіць і з гэтай прычыны трымаючы парабка.

Гэта быў малады хлопец Мікалай Цішкевіч. Як у Шастакоўцах і ў Якубавічах казалі, што ён знайшоў тут сабе спосаб каб жыць. «Зачапіўся ў жыцці і асеў пакуль што». Бо і сапраўды ў яго не было сталага мейсца. Гэта быў выгнанец разам з бацькамі з роднага мейсца недзе з пад Вільні ў часе першай імперыялістычнай вайны. Ён расказваў што бацькі яго змерлі яшчэ ў той дарозе, а ён вырас бадзяючыся па людзях. Трэба думаць што ён быў рад новаму свайму прыстанку. Ён адчуваў сябе ў гаспадарскай карчме поўным гаспадаром сам. Жардэцкі ляжаў хворы, а Мікалай Цішкевіч, заўсёды ў шапцы набакір, камандаваў без’языкай Тэкляй, гэта значыцца сваёй гаспадыняй, трымаў у руках увесь карчомны рух, таргаваўся, лаяўся, жартаваў, рагатаў і выпіваў з сваімі начлежнікамі — балаголамі, вазюрамі і ўсялякімі іншымі падарожнымі людзьмі. Аднойчы Тэкля заўважыла, што ён нібыта нешта на яе прыглядаецца. І вось ён пачаў заўважаць, што Тэкля кожны раз, калі ўбачыць яго, кідае на яго ўкрадкам вачыма. І з тых часоў заўсёды ў яго вачах стаяла белая і такая прывабная яе шыя. Але ніякіх гаворак паміж людзей не было анізвання. Нават і тады ніхто нічога не заўважаў калі памёр Сёмка Жардэцкі. Прайходзіў месяц за месяцам, і тут раптам усе загаварылі, што Тэкля ходзіць цяжарная. Балаголы, якія тут часта начавалі і папасвалі коняй, асмялеўшы ў гэтай безгаспадарнай карчме, пачалі паджартоўваць і пакепліваць з Тэклі, але Мікалай Цішкевіч сашчапіў кулакі і так абазваўся, што ўсе змоўклі.

— Яна мая жонка, і я тут гаспадар! — заявіў ён і патрос кулаком, і з таго часу Тэкля адчула, што нават нешта падобнае да павагі абкружыла яе.

У тыя самыя часы праязджаў тут нейкі малады чалавек у ваксаваных ботах і ў модным паліце з поясам. Ён пачуў, што гаспадыня карчмы зацяжарала пасля таго, калі пахавала свайго старога мужа. Яму гэта вельмі спадабалася, і ён пачаў падлабуньвацца да Тэклі. Мікалай Цішкевіч, нічога не кажучы, хапіў невядомага яму маладога чалавека за валасы і працягнуў праз усю карчму ў стадолу. Страшэнны рогат грунуў і ў карчме і ў стадоле. Белатвары малады чалавек сашчаміў кулакі і закрычаў:

— Карчмар няшчасны! Паразіт! Эксплаататар!

Мікалай Цішкевіч хапіў маладога чалавека за тулава ўпоперак і шпурнуў яго праз адчыненыя дзверы на двор. Праз хвілін дзесяць той усадзіў у акно твар і папрасіў:

— Аддай пальто, там вісіць на цвіку.

Цішкевіч кінуў яму праз вакно пальто і пасьля гэтага ад маладога чалавека тут не асталося і следу. Пра гэтае здарэнне ўсе тут навокал доўга гаварылі і — дзень за днём, тыдзень за тыднем, Тэклю пакінулі зваць «без’языкай», а казалі на яе — Цішкевічыха, або Мікалаіха. Мікалай разважліва і заўзята аберагаў гонар свае жонкі, і ўсе пачалі шанаваць яе і яе цяжарнасць. Праз некалькі месяцаў настала ёй пара раджаць. Два дні яна мучылася і нарадзіла дзяўчынку, а сама ляжала ў гарачцы, упала ў бяспамяцтва і слабела з кожнай гадзінай. Спалоханы Цішкевіч кінуўся да дактароў. На чацвёрты дзень яна памерла. Расказвалі, што Мікалай выйшаў у сенцы, высокі, схуднелы за гэтыя дні, моўчкі прыпёрся ілбом да шафы і зарыдаў. Але праз момант ён адумаўся, азірнуўся, быццам баючыся, што пра гэта пасля будуць гаварыць. Абцёр хустачкай твар і падаўся ў клопат аб пахаванні свае Тэклі. Назаўтра перад вечарам, вярнуўшыся з могілак, ён узяў на рукі сваю дачку і ўпершыню за час яе жыцця, пачаў глядзець на яе. Рысы яе тварыка былі яшчэ такія невыразныя, што быццам бы іх і зусім не было. Але ён хацеў знайсці ў іх падабенства да твару нябожчыцы і доўга разглядаў іх. З таго часу ён, на колькі мог, стараўся не спускаць з вока сваю малую дачку. Ён назваў яе Алесяй і можна сказаць сам на сваіх руках яе выняньчыў і выгадаваў. Нешта праз паўгода пасля жончынай смерці ён сцураўся карчмы, узяў сабе праз сельсавет кавалак зямлі і асеў на ёй. У тыя часы ён стаў пануры і маўклівы. Нават цяжка было паверыць, што яшчэ нядаўна ён быў такі вясёлы і жартаўлівы. Дзень пры дні яго бачылі на полі, то каля сялібы, якую ён складаў сабе і збіраў па саломіне. Ён сабе паставіў невялікую хату, без бакоўкі і без кухні, на чатыры вакны і з гонтавым дахам. Ён не глядзеў на хараство ў хаце, вядома — чалавек без гаспадыні. Але ён з працы рук меў хлеба і да хлеба. Але і не гэта было самае важнае. Самы большы яго клопат быў аб Алесі. Усе думкі яго былі аб тым, як яна расце і дужэе. Яна сапраўды добра расла і — можа гэта было толькі яго самапераконаннем, але з кожным годам Алеся ўсё больш рабілася падобнай на сваю маці.

Хата Мікалая Цішкевіча была другая ад канца Шастакоўскай вуліцы. Далей к полю стаяла яшчэ адна новая хата. Навокал было поле, і з паўночнай стараны, крокаў за дзвесці ад Цішкевічавай хаты, на самай Мінскай дарозе — лес. Лес быў грыбны і ўвесь зялёны. Стогоднія хвоі скрозь густа на многа кілометраў. Паміж імі, найбольш к дарозе, дубы як каменныя горы. Бярозы і асіны трапляліся скрозь, часта. Сустракаўся граб і клён. Увосень спелыя жалуды, буйныя і жаўтаватыя, сыпаліся з дрэва на зялёную траву. Доўгімі тыднямі стаяла грыбная духмянасць. Вострая вільгаць, і само чыстае паветра пахне. Жоўтае лісце бяроз і чырвоны асіннік здалёк вырысоўваецца на хвойным зяленіве. Стаяла ясная цішыня. Восень была ў самай сваёй сіле. У вяршалінах хвояў ледзь трымаўся вечны іх шум. Неабдымнае і чыстае неба распасцерлася высока. Дарога роўна ішла ў сваю далячыню. Можа неўзабаве назаўсёды скончацца цёплыя і ясныя дні гэтай восені і цэлы год трэба будзе чакаць гэтай пары. Дробныя кветкі на высокім сцябле яшчэ цвілі па каляінах палявых дарог. На ўзлессі была яшчэ густая трава, зусім зялёная. Здавалася, што і шум хвояў зусім ужо сціх і быццам бы звінела сваёй цішынёй прастора зямлі. Здавалася, вечнасць застыла на момант і час спыніў сваю хаду, каб пакінуць свой след у чалавечай душы і памяці.

Можа гэта і быў той першы момант, з якога малая Алеся пачала ўжо ўсё памятаць назаўсёды. Ужо больш не было правалаў у памяці, ужо ўсё ішлося адно за адным сваім вечным парадкам. З гэтага моманту яна ўжо дзень за днём і крок за крокам памятала свайго бацьку. Ён ужо стаў для яе жывой рэальнасцю. Ужо ведала яна тую радасную ёй праўду, што ён бацька яе. У той дзень ён узяў яе за руку і ішоў так полем — ён глядзеў як узышло жыта. Усходы былі зусім свежыя. Яшчэ нават трымаўся на руні чырвонаваты колер. Ён узяў яе на рукі і так пранёс палявой дарогай да самага лесу. Вельмі мала яны што і гаварылі паміж сабою. Яны слухалі цішыню зямлі. Здавалася, што толькі ўпершыню яна бачыць і лес, і поле навокал сябе, і сярод высокай травы сцежку да свае хаты. З гэтага моманту пачыналася яе прывязанасць да роднай мясціны. Ужо дзень хіліўся к захаду, калі яны варочаліся да хаты. Ён перажываў вялікую радасць, што з Алесяй ужо можна гаварыць пасапраўднаму, як быццам і з дарослым чалавекам. З гэтага дня ён быццам яшчэ больш замкнуўся ў сабе: у яго быў ужо вечны друг, яго малая дачка. Пачалася новая пара ў іх жыцці. Ціхі дзень яснай восені з гэтага часу заўсёды прымушаў яе адчуваць шчасце хадзіць па зямлі. Запомніўся ёй і куст травы на ўзлессі, і высокае сцябло асенняй кветкі. Яе радасць дапаўнялася кожнай кропляй вады на роснай травіне і кожнай голкай на ядлаўцовым кусце. Мінская дарога, якая прайходзіла каля іх хаты, была для яе, малое, дарогай у далёкую таемную невядомасць. У той меры, у якой прайходзілі год за годам, і ў якой абсяг яе ведання свету рабіўся шырэйшы, і тая невядомасць увасаблялася ў выразнасць, трацілася і ператваралася ў звычайнасць. Але адчуванне невядомасці, якая як-бы ідзе побач чалавека, часамі прыйходзіла да яе. Калі яна вырасла зусім, яна не страціла жадання заглядваць у далячыню.

Можа гэта была натура, якая жыла адцятымі ад суровай праўды марамі? Мусіць не, бо пакуль яна не паднялася добра на ногі, ведала толькі самую штодзённую рэальнасць. Яна бачыла, як бацька яе малаціў цэпам, трос салому, ездзіў у млын, наймаўся часам, калі здаралася, у фуртманку ў Мінск і на сутак трое выязджаў з дому, і яна тады сама карміла свіней і выганяла пастуху карову. З малых год яна прывучылася гаспадарыць на цесным дворыку, каля бацькаўскай хаты. Зімой яна вучылася ў Якубаўскай сямігодцы і кожную суботу бацька прыязджаў і забіраў яе на нядзелю дадому. Яна палола грады, сачыла каб не наляцеў на куранят каршак. А пасля пачала жаць, складваць у копы сена і спяваць песні. Бацька быў яе першым другам, але ён быў маўклівы з таго часу як памерла Тэкля. У яго толькі калі-нікалі з'яўлялася патрэба пагаварыць уволю. І ён гаварыў усё з сваёю ж Алесяю. Яна навучылася да канца разумець яго маўчанне і тым больш любіла яго. Калі яна канчала сямігодку, бацька сказаў ёй, што хоча яе «вывесці на вучонага чалавека», і павёз яе ў Мінск. Яна ўпяршыню ўбачыла тую дарогу да самага Мінска. Больш з таго, каб дагадзіць бацьку, як з уласнай прагнасці, яна старалася быць так як ён хоча, і стала студэнткай беларускага педагагічнага тэхнікума. Калі зімой прыйшоў час ехаць ёй дадому ў госці, ён сам прыехаў па яе і не верыў сваім вачам: яна ўжо зусім дарослая. За гэтыя тры ці чатыры месяцы, яна вельмі змянілася, бадай што ўжо сфармавалася як маладая жанчына. Калі Мікалай Цішкевіч ішоў з ёю вуліцай, ён заўважаў, што ўсе на яе азіраюцца. З гордасцю за сваю Алесю, ён абыйшоў Мінскія крамы і выфранціў яе ў модную адзежу. Шчаслівыя абое, яны прыехалі дадому і тут ёй, праз некалькі дзён, здалося даволі такі сумна. Ёй ужо хацелася назад у Мінск і ледзьве прычакала яна канца свайго водпуск. Яна паехала з дому радасная, і ён заўважыў на яе твары пячаць як бы нават нейкага лёгкадумства. На развітанні ён угаварваў яе быць сталаю і трымацца добрага сяброўства. Пасля таго ён пачаў ёй пісаць часта пісьмы і адчуваў сябе вельмі адзінокім. Невядома адкуль у яго з'явілася і мучыла яго страшнае адчуванне, што ён яе для сябе страціць. Прайшло месяцаў два, ужо бралася пара на вясну, і раптам настала вялікае няшчасце. Страшнае гора навалілася на Мікалая Цішкевіча і на яго Алесю.

 

2

У тыя часы з’явіўся ў Якубавічах нікому тут раней невядомы чалавек, які перажываў першыя годы пасля свае мінулай маладосці. Зваўся ён Віктар Лагіза. Прозвішча гэтае было тут незнаёмае, аднак жа пасля выявілася, што ў часы свайго першага юнацтва ён ужо быў тут раз. Хтосці з тутэйшых людзей сказаў, што многа год таму ён сустракаў такое прозвішча на Чэрвеншчыне, а гэта было не так ужо блізка адгэтуль. Віктар Лагіза прыехаў сюды як начальнік Якубаўскага раёна. З двух суседніх раёнаў тут было вылучана некалькі сельсаветаў і стварыўся глухі Якубаўскі раён, з раённым цэнтрам у мястэчку Якубавічах. Лагізу было год пад трыццаць два, і меў ён выгляд чалавека вельмі рухавага і на ногі, і на словы. Некаторыя адразу ўбачылі ў ім нявычэрпную крыніцу энергіі. Нават адзін якубаўскі псіхолаг сказаў быў раз, што тут якраз такі чалавек і патрэбен, каб «ускалыхнуць павольны тэмп жыцця гэтага мядзведжага кутка».

Калі прайшлі годы і Лагіза здорава пастарэў і азірнуўся на сваю маладосць, і калі ўжо яму стала ўсёроўна што пра яго думаюць, ён пачаў больш выказваць шчырасці да самога сябе і тады льга было ўразумець, што якраз у гады свайго прыезду ў Якубавічы, ён перажываў сваю ўласную трагедыю. Першая яго маладосць, праўдзівей сказаць зялёныя годы, прайшлі у яго лёгка, нават весела і ў лёгкадумнасці. Дзве яго старэйшыя сёстры пайшлі ўжо замуж, а ён быў трэці і цяпер ужо адзіны ў бацькоў. Ён не памятаў, каб бацька яго жыў дзе небудзь доўга на адным мейсцы. Бацька яго быў чалавек у поўным сэнсе слова службовы. Ён з службы еў свой хлеб, і значыцца, без службы ніяк абыйсціся не мог. Быў ён калісці пісьмаводам у гімназіі. Маладзейшы брат яго скончыў духоўную семінарыю і служыў пакуль што чыноўнікам у Чэрвенскім (Ігуменскім) павеце наконт народных школ, пакуль знойдзе сябе нявесту. З рэкамендацыі гэтага брата, гімназісцкі пісьмавод стаў эканомам у духоўнай бурсе. Праз год ён стаў сядзельцам у манапольцы. Праз два гады аканомам у панскім маёнтку. Яшчэ праз два гады заарандаваў дробны фальварак і на гэтым прагарэў. Каб паправіць свае справы, ён за пазычаныя грошы стаў перакупшчыкам дробнай жывёлы. Недзе было ў яго пяць дзесяцін бацькаўскай зямлі і добры дом. Але ён выпускаў усё гэта ў арэнду і сам не жыў там, каб, як сам ён казаў, не «апусціцца да мужыка і каб не страціць сваю інтэлігентнасць». У часе імперыялістычнай вайны ён засноўваў у адным мястэчку, недзе пад Мінскам, «вольнае кааператыўнае таварыства». У часы Керанскага быў пісцом у земскай управе, а пасля дажываў сваю старасць у замужняй дачкі. Яго Віктар змалку дзён прывык не аседжвацца доўга на адным мейсцы. Мястэчкі і дробныя гарадкі мільгацелі перад яго вачыма з года ў год, не пакідаючы ў яго душы якіх бы там не было глыбокіх уражанняў. Яму жылося не цяжка, і ён не ведаў ніякага такога кутка, да якога б ён прывязаўся усёй душой сваёй. Ён прывык бачыць людзей як бы на момант, і нават сам сябе пачуваў тым момантам, які перажываў. Усё што мінула — тое мінула, а што будзе — тое прыдзе. Ён недзе вучыўся. Ён пісаў вельмі шпарка і прыгожа; у часы паходу на Варшаву раптоўна пайшоў дабравольцам у кавалерыйскую часць і даехаў на кані да Валкавыска. Яго захапіла экзотычная прывабнасць паходу. Пасля ён апынуўся ў Бабруйску і там увайшоў у камсамол.

У тыя часы, калі Мікалай Цішкевіч абараняў ад злых вачэй і языкоў гонар свае Тэклі, ён, васемнаццацігадовым хлопцам праязджаў па Мінскай дарозе з Бабруйска. І гэта яго быў Цішкевіч выкінуў з карчмы. Ён ехаў назаўсёды развітацца з сваім бацькам. Сястра, якая была замужам кілометраў за трыццаць убок ад Якубавіч, выклікала яго тэлеграмай. Ён праехаў з выпадковай фурманкай праз незнаёмыя яму Якубавічы і к вечару таго дня быў у сястры. Гэтая сястра была замужам за простым чалавекам, які пасля рэвалюцыі асеў на зямлі і быў шчаслівы гэтым. Віктар застаў свайго бацьку зусім хворым. Ён ужо не ўставаў з пасцелі. Гэты чалавек вельмі ўзрадаваўся, калі ўбачыў свайго сына. Твар яго ўзгарэўся, вочы заблішчэлі.

— Я вельмі рад, сынок, што ты добра жывеш. Адзет ты хораша... Ты пісаў, што ўпісаўся ў камсамол. Ты мне скажы: гэта трывалая рэч? І з гэтага можна будзе табе жыць?

Гэты чалавек усё на свеце расцэньваў з пункту погляду службы. Сын пакрыўдзіўся на бацьку за такое яго глупства. Ён адказаў:

— Я ўвайшоў у камсамол не на тое, каб займацца сваімі шкурнымі справамі.

— А як жа ж! Кожны ж павінен знайсці сабе спосаб каб жыць!

— Гэта сам ты пражыў як падхалім на ўсялякіх службах! Што мне цяпер брыдка прызнацца, чым ты займаўся ўсё сваё жыццё. Чорт яго ведае, як мне цяпер у анкетах і аўтабіяграфіях пісаць, чый я сын: сядзельца з манаполькі? Панскага аконама? Гандляра жывёлай? Эксплаататара?

Бацька сціснуў зубы, адвярнуўся да сцяны і сказаў:

— Хоць для цябе бога і няма, але ён цябе пакарае. Хто ўзняў на бацьку слова, той узніме на яго і руку. Гэта не даруецца.

Пасля гэтага паміж бацькам і сынам не было сказана ні слова. Праз шэсць дзён бацька памёр. Сын не верыў у бацькаву смерць і не дачакаўся яе на два дні. Ён паехаў на чацвёрты дзень свайго прыезду сюды.

У тыя самыя часы ён перажываў першае сваё каханне. Гэта была самая, калі льга так сказаць, экзатычная камсамолка на ўвесь горад. Чарнявыя пышныя валасы, мерная дзябёласць, прынадная паходка і як вытанчаная дасканаласць твару. Хоць яна была і занадта яшчэ маладая, толькі што выбілася з падросткаў, аднак жа яна так кідалася ў вочы паміж усіх сваім выглядам, што з лёгкага слова нейкага іранічнага жартаўніка яе пачалі зваць поўным імем: Фаіна Навумаўна. А прозвішча яе было — Кешнік. Фая Кешнік была дачка вядомага ў горадзе майстра рамантаваць бляшаную пасуду. У Навума Кешніка было адзінаццацера дзяцей і Фая было другая па ліку, пасля свае старэйшай сястры. Здарылася так, што незадоўга да таго калі яе агарнула Лагізава каханне, памерла яе маці, і Кешнік астаўся адзін з сваімі дзецьмі. Няшчасны бляхар яшчэ пільней узяўся за сваю работу, каб як мага больш накалупаць свайго штодзённага заработку, а ўвесь клопат аб хаце і аб дзецях узваліўся на старэйшую яго дачку. Тая, яшчэ зусім маладая дзяўчына, пачала прыціскаць да работы сваю маладзейшую сястру Фаю і гэтая як мага старалася, з гэтай прычыны, як найменш заседжвацца дома. К таму ж, яна два разы выступіла на клубнай сцэне ў аматарскім спектаклі і з вялікім поспехам у публікі. З таго моманту ў яе кружылася галава ад лаўраў артысткі і хатняе корпанне пры кухеннай печы і важданне з малымі братамі і сёстрамі было для яе сумнай прыкрасцю. Яна нават раз сказала сястры:

— Ты хочаш, каб я дабрахвотна пахавала сябе ў гэтай магіле?

— Ты яшчэ, дачушка, не бачыла сапраўднай магілы,— буркнуў бацька.

— Гэта старая песня,— заўзята адказала Фая.

— Якая песня?! — усхапіўся бацька, патрасаючы папругай.

— Праблема бацькоў і дзяцей. Дзеці ідуць наперадзе бацькоў. Бацькі незадаволены. Выходзіць канфлікт.

— Чорт цябе ведае што гаворыш! — закрычаў бацька, чуючы занадта разумныя словы сваёй дачкі, якая паспела сяго-таго нахапацца, але не начытацца.

Так яно і абышлося. Фая Навумаўна стала самай заядлай актывісткай і вядомай усім у горадзе асобай. З драматычнага гуртка яна адыходзіла ўсё больш і больш, як яна сама казала, на палітычную работу. Яна ўжо не іграла ў спектаклях, а выступала з прамовамі перад падняццем заслоны. Яна адчыняла «культасветныя пікнікі», экзаменавала выкладчыкаў матэматыкі ў сямігодках як у іх пастаўлена ў класах фізкультура, на акруговым агранамічным з'ездзе выступіла з палітычнай прамовай, пасля якой аграномы некалькі месяцаў хадзілі як атручаныя. Некаторыя з іх нават усвядомілі сваю памылку: яны занадта многа думалі аб капусце і пшаніцы, замест таго каб падумаць як мае быць аб змаганні з мяшчанскімі поглядамі на грамадскае харчаванне і на вызваленне жанчыны ад індывідуальнага выхавання дзяцей. Фая Навумаўна трымалася самых прагрэсіўных поглядаў. Белатвары Віктар Лагіза доўга схіляў яе да свайго сэрца і нарэшце такі схіліў. Увесь горад з захапленнем глядзеў на гэтую пару. Абое прыгожыя, маладыя, стройныя, і даволі такі відныя работнікі. Праўда, яго ведалі менш, нават, калі сказаць праўду, зусім не ведалі. Ён корпаўся на нейкай дробнай рабоце, тады калі яна запраўляла ўсюды. Некаторыя казалі, што сваім вылучэннем на вышэйшыя пасады ён абавязан быў ёй, калі стаў яе мужам. Але можа гэта і не так, можа гэта толькі пустая гаворка. У кожным разе ён нейк раптам пайшоў угару, хоць праўда, вышэй інструктара не падняўся, але затое ў даволі аўтарытэтных установах. Яна ж нарэшце, зусім яшчэ маладзенькая жанчына, трапіла на работу ў райком. Божа мой, колькі ў яе было энергіі! На раённым з’ездзе саветаў яна гаварыла ў спрэчках па дакладу райздрава адну гадзіну і шэсць хвілін. Яна да глыбака кранула ўвесь комплекс пытанняў і прамова яе была лагічная ва ўсіх пунктах. «А цяпер пяройдзем да разгляду таго, як нашы раённыя органы аховы здароўя, пад кіраўніцтвам райздрава, працуюць на карысць працоўнага чалавецтва». Так пачала яна апошні раздзел свае прамовы і скончыла момантам антысанітарыі ў горадзе. «Калі гэты дом стаіць з дзіравым дахам, дык ён пачынае даваць свае расткі, бо ён гніе. А хіба, я вас пытаю, гніль абыходзіцца без антысанітарыі?»

Год чатыры ў іх не было дзяцей, а пасля нейк выпадкова радзілася дзяўчынка. Праз два гады, таксама выпадкам, радзіўся хлопчык. Гэта было вялікім няшчасцем для гэтай сям’і. Справа такая, што грамадства яшчэ не дайшло было да такога стану свайго развіцця, калі выхаваннем дзяцей займалася б дзяржава, калі нават і не зусім так можна сфармуляваць гэтае чалавечае няшчасце, то ў кожным разе трэба мець на ўвазе што двое гэтых дзяцей на доўгі час адарвалі Фаю Навумаўну ад грамадскай і палітычнай дзейнасці. Пачаўся вялікі сум, што яна абмяшчанілася ў сямейным быце. Аднак жа яна знайходзіла магчымасці адрывацца ад дзяцей і дарывацца да ранейшай свае дзейнасці. Але гэта былі ўжо бессістэмныя кіданні. І пакуль дзеці не ўзняліся крыху на ногі, яна змарнела, змучылася і высахла. Віктар Лагіза сумнымі вачыма глядзеў на сваю жонку. Прайшоў аднак жа нейкі час, дзеці апынуліся ў яслях, а пасля дзеўчынка пайшла ў школу, і ўсё пачало ўваходзіць у ранейшую каляіну. Да гэтага часу і належыць з’яўленне гэтай сям’і ў Якубавічах. Яна была гараджанка, ён — цяжка сказаць хто ён такі быў. У гаворцы з людзьмі яны лёгкадумна заяўлялі, што ім Якубаўская глуш не страшная. «Куды партыя пашле і на які вучастак работы паставіць — усё добра». Але яны сумавалі ў Якубаўскай глушы, і асабліва яна. Трэба яшчэ ведаць, што ў яго было ў душы і іншае гора. На ранейшай сваёй рабоце ён нарабіў многа промахаў, меў вымову і нават з папярэджаннем і сваё назначэнне ў Якубавічы на пасаду старшыні райвыканкома, у гэтым глухім нова-створаным раёне, лічыў нават чымсці накшталт высылкі. Усё залежыць ад таго, як я тут пастаўлю сябе на працы, тады зноў магу вярнуцца ў горад. У гэтыя часы горкіх расчараванняў, ён з крыўдай думаў, што за гэтулькі год працы ён дайшоў не да сталіцы, а да глухога раёна. І вось паўстала перад ім трывога і аб сваім як бы не зусім трывалым паходжанні. У сваёй біяграфіі і ў сваіх анкетах ён напісаў што ён сын сярэдняга селяніна, які меў пяць дзесяцін зямлі. Яго бацька і сапраўды меў пяць дзесяцін, але як ён з гэтай зямлёй абыходзіўся? І вось яго раздражненае ўяўленне пачало ўсё перабольшваць і пачаў адчуваць сябе так, быццам яго бацька быў нейкі злачынец, нейкі адшчапенец ад людзей і трэба саромецца нават і памяці яго. Каб той няшчасны бацька мог толькі праз які небудзь цуд уведаць гэта, ён, небарак, перавярнуўся б у сваёй магіле. Віктару Лагізу пачало здавацца, што яго зараз жа абвінавацяць, што ён не напісаў злой праўды аб сваім бацьку. Усё адно да аднаго сышлося. І промахі на працы, і вымова з папярэджаннем, і ўласнае хворае ўяўленне. Іншае рады не было як дзейнічаць заўзята і рашуча. Трэба толькі быць адкрытым, шчырым і выжаць з сябе ўсе хістанні, якія могуць быць у класава нячыстага чалавека. Так думаў ён. І гэта было яму самому навіной, што ён думае. Дагэтуль ён не раскідаў шырока думкамі і ў кожным разе не займаўся як бы там не было аналізам.

Вельмі можа быць, што ён да Мікалая Цішкевіча і прычапіўся з той прычыны, што не было да каго іншага тут прычапіцца. Цяпер, калі ўсё прайшло і стала на сваё мейсца, лёгка разважаць аб праўдзе і няпраўдзе, а тады — хіба мог Віктар Лагіза паставіць перад сваімі вачыма сваё сумленне? Чалавечае сумленне хіба не можа протэндаваць на вялікае сваё мейсца ў кожнага таго, каму даручан, так ці інакш, лёс другога чалавека? Наконт гэтага Мікалай Цішкевіч, у рашучую хвіліну, сказаў у вочы Віктару Лагізу:

— Чалавечага сумлення ані каліва няма ў цябе.

Цяжка сказаць. Можа прыступы пакут сумлення і з'яўляліся да Віктара Лагізы. Калі так, то ён быў вялікім баязліўцам. Ён ахвяроўваў сумленнем з баязлівасці перад бядой, якую ён можа сам сабе і ўявіў.

Ён выпадкова дазнаўся, што ў яго раёне жыве, і нават у стане калгасніка, былы ўласнік карчмы. Ён накруціў хвост старшыні Шастакоўскага сельсавета: чаму ў цябе былыя карчмары раскашэльваюцца ў калгасах. Довады старшыні, што Цішкевіч добры чалавек, сумленны і працавіты, заеда Лагізу. Тут ужо дайшло «да прынцыпа», як з некаторага часу пачаў гаварыць Лагіза. Ён прабраў старшыню за тое, што ён «паслабіў пільнасць». Ціхманы Цішкевіч меў неасцярогу верыць у справядлівасць, як быццам бы яна гатовая з неба падае. Вядома просты чалавек! «Я ж, тавараш Лагіза, не злодзей і не забойца. Калі нада мной хто кулак падніме, то я магу і па кулаку даць». Значыцца не вытрымала Цішкевічава сэрца. Лепш бы ён ужо ўзяў і пракусіў свой язык. Праз некалькі дзён яго выкінулі з калгаса і пра гэта, як і пра самога Цішкевіча, Лагіза напісаў дакладную запіску ў нейкую наступную па дарозе ўгару, інстанцыю. Вельмі можа быць, што на гэтым усё і скончылася б, каб Цішкевіч аціх і пашукаў сабе якога небудзь рамяства, каб пражыць на свеце без калгаса. Але яго заядаў гонар. Нешта было падобнае на тое, як некалі ён бараніў ад дурных кпін сваю нябожчыцу Тэклю. Ён пачаў дамагацца свайго. Каб ён адразу рушыў да якога небудзь вышэйшага начальства, ён напэўна выграў бы справу. Але ён, з свайго няўмельства ў такіх справах, пачаў абіваць раённыя парогі, якія штодзённа ведалі на сабе Лагізавы начальніцкія ногі. Неўзабаве Цішкевічавы вушы пачулі грозьбу, што ён за такія свае дзёрзкасці можа пайсці пад раскулачванне. Як гром даў у вушы Цішкевічу. Ён прыціх, угнуўся і нікуды не паказваўся з свае хаты. Узрадаваны Лагіза наконт гэтага тут жа сказаў, што калі класавы вораг прытаіўся, то ён чакае нейкага зручнага моманту, каб усадзіць нож у спіну савецкай улады. Ці верыў ён сам у гэтыя словы. Не верыў, і ў той жа час верыў. Справа ў тым, што ён належаў да той катэгорыі людзей, якія канкрэтна нават і ўявіць сабе не маглі, што такое класавы вораг, і што азначае «нож у спіну савецкай улады», і як гэты нож можа быць усаджаны, і з чаго гэты нож зроблен, і ці ён спецыяльна натое зроблен, каб яго ўсаджваць у савецкую ўладу, ці ім можна яшчэ і хлеба і сала накроіць, каб пачаставаць ад шчырай душы прадстаўніка гэтай улады. Лагіза дзейнічаў механічна, паводле тых адцятых ад жывой рэчаіснасці паняццяў і тэрмінаў, якія для яго самога даўно ўжо страцілі ўвесь сэнс. Стаіўшыся, ён чакаў моманту, каб Цішкевіч што небудзь хоць сказаў крамольнае, або каб хоць зірнуў якім небудзь нетрывалым парадкам. А той як на злосць тую маўчаў. Моўчкі перажываў сваю крыўду, кудысці рваўся душой, каб хоць паспавядацца каму небудзь разумнаму і нарэшце надумаўся паехаць у Мінск і дайсці да самага высокага начальства, у якое ён верыў, як у непахісны аўтарытэт. Але тут прыйшло пісьмо з Мінска ад Алесі, і пісьмо гэтае ўвяло яго ў такі жах, і ў такі боль душы, што часамі ім пачало запаноўваць жаданне ўзяць вяроўку і павесіцца. Але ў гэтыя цяжкія хвіліны яго стрымлівала толькі думка аб Алесі. Як яна застанецца адна з сваім горам, будучы яшчэ такой маладой і не спрактыкаванай у жыцці. Тое, што напісала Алеся ў пісьме, пахіснула яго веру ў аўтарытэты. Гэты просты і мала бывалы на свеце чалавек падумаў, што калі і ў Мінску так робіцца, то, значыцца, яму ўжо няма як там шукаць ратунку і праўды. Яму здавалася, што кожная мінская справа вядома ўсім мінскім аўтарытэтам.

Вось што пісала Алеся ў сваім пісьме. «Татачка, родны мой. Мяне выкінулі з камсамола. Мне паставілі ў віну, што я дачка «карчмара», што ты меў уласную карчму і быў непрацоўным элементам і эксплаатаваў рабочых і сялян. І што наконт гэтага прыслалі матар’ял з раёна. Мяне могуць аднавіць у камсамоле толькі ў тым выпадку, калі я публічна выракуся цябе як свайго бацькі. Але і гэта яшчэ невядома. А як будзе са стыпендыяй — не ведаю яшчэ. А можа і вучыцца мне нельга будзе. Як бы там не было, а на мяне легла пляма. Ад мяне ўсе адшатнуліся. Хоць бяры і вешайся...» Пісьмо было доўгае. Яно было поўна ласкавых слоў да бацькі. Яна бажылася-клялася што любіць яго і ніколі не пойдзе на тое, каб публічна вырачыся яго як роднага бацькі. І што яна не верыць, што ён быў калі небудзь эксплаататарам. І што яна просіць ад яго парады што ёй рабіць.

«У такія годы гаварыць, што лепш бы ёй павесіцца?» — падумаў Мікалай Цішкевіч і хапіўся за галаву. Што ён мог параіць сваёй Алесі, калі ён сам ужо ўцягнуў галаву ў плечы і рабіўся як сляпы? Двое сутак ён нічога не рабіў і ўсё думаў. А на трэція суткі, незадоўга пасля таго як развіднела, з'явілася дадому Алеся.

Стаяла позняя восень. Алеся была ўся ў вадзе і ў гразі. Яна ішла босая. Размоклыя чаравікі яна трымала ў руцэ. Пераступіўшы парог хаты, яна адразу заплакала і з выглядам такім як бы яна зрабіла штосці не меншае як забойства і цяпер гатова прызнавацца і каяцца, стала ў парозе. Наогул, то яна была яшчэ падросткам. А цяпер здавалася зусім малым дзіцем, з страшнай маршчынай старасці на ілбе. Яна стаяла ў парозе і маўчала. Ніжняя палова яе твару дрыжала.

— Алеся, ну як гэта...— пачаў гаварыць ёй насустрач бацька.— Ты не захацела мяне вырачыся і цябе прагналі з тэхнікума?

— Я цябе выраклася пазаўчора на агульным сходзе... перад усімі... узяла і сказала... прачытала па пісанаму...

— Дык чаго ж ты дадому?..— не скончыў сказу Цішкевіч, раптам спалатнеўшы тварам.

— Пасля таго як я цябе выраклася, я больш не магла там быць. Я ўжо не магу там быць.

— А вучыцца?

— Як жа я там буду вучыцца, калі я цябе адцуралася?

— А ў камсамоле?

— Як жа мне быць у камсамоле, калі я выраклася роднага бацькі?

— Дык як жа цяпер?

— Дык... ніяк...

І яна ўпала тварам на стол, уся калоцячыся.

— Нічога... нічога, ...— гаварыў ён, стоячы над ёю як над свежай яе магілай.

Яна ўстала на ўвесь рост, выцерла твар і сказала:

— Няхай яны згараць з сваёй навукай, і з сваім тэхнікумам.

Гэта быў страшны прыгавор і самой сабе, і свайму бацьку. Ён адчуў гэта і ведаў, што гэта ідзе наконт лёсу яе на ўсё жыццё, але разам з тым ажыла ў яго душы струна радасці: ён зноў неразлучан з сваёю Алесяй. Як у смагу піць ён прагнуў разам з ею ўвайсці ў ранейшую звыклую каляіну дзён і пачаў з таго што запытаў:

— З кім пш ты прыехала?

— Я пехатой прышла. Як толькі я сказала, што выракаюся цябе, я там ужо мала і была. Я пасля сходу пабегла да камсамольскага сакратара і сказала яму: бяру свае словы назад! Бацькі я не выракаюся! Гэта ўсё няпраўда, што пра нас з ім выдумалі. Мой бацька лепшы за ўсіх!

— А ён што?

— А ён сказаў што, калі гэта няпраўда, дык каб я сабрала дакументы, што на майго бацьку напаклёпнічалі. Я яму адказала: збірайце дакументы вы самі! Я сказала перад усімі, што выракаюся бацькі і гэтага не адменіш, маіх слоў. Я пайшла ў інтэрнат, апранулася і адразу выйшла ў дарогу.

— Увесь жа час дождж ліў!

— А я ішла. А паміж дажджамі, хоць я і мокрая была, так добра было калі лес дзе пры дарозе. Зялёны мох пад дрэвамі і, здаецца, падобна што грыбы.

— Якія там грыбы, у канцы лістапада.

— А мне здавалася.

— Наплюй на ўсё. І забудзь гэта ўсё. Пераадзявайся ў сухое. Лажыся адпачывай. Ні пра што не думай.

Яна стала мыцца і пераадзявацца, і ён, каб не замінаць ёй, выйшаў з хаты. Дождж скончыўся, неба расчышчалася, у садзе была мокрая і зялёная, сашчыпаная курамі трава. Раптам ён убег у сенцы і, каб не перашкаджаць ёй, запытаў праз зачыненыя дзверы:

— А ўночы ты, мусіць, дзе поблізу начавала, што так рана прыйшла.

— Я ўсю ноч ішла,— адказала яна.

— Як? Увасень? Паўз лясы?

— Ага... нічога...

Ён зноў пайшоў выйшаў на двор, думаючы як кепска яе душы, калі яна адна ішла ўсю ноч такой дарогай. Калі ён увайшоў у хату, яна ўжо ляжала ў пасцелі і ўсміхнулася яму насустрач.

— А ў калгасе сёння хіба работы няма, што ты дома? — запытала яна.

— З калгаса мяне выкінулі,— адказаў ён, думаючы: што ўжо тут перад ёю таіцца?

Абое яны зрабілі выгляд, што гэта іх не ўразіла, і пастараліся паміж сабою быць так, як бы нічога і не здарылася. Настаў вечар. Прыйшла ноч. Алеся пачала кідацца ў пасцелі. Да раніцы яна была зусім хворая. К вечару яна пачала гаварыць з гарачкі. Цішкевіч прывёз доктара. Доктар прызнаў і запаленне лёгкіх, і яшчэ штосці, што ён дакладна выясніць не мог. Ён здагадваўся аб нейкім нервовым хворым узбуджанні. Апанураны Цішкевіч не адыйходзіў ад пасцелі свае Алесі. Так прайшло тыдняў два. Алеся перанесла хваробу. Яна была вельмі слабая і ледзьве магла ўставаць. Мікалаю Цішкевічу прынеслі павестку: яму дадзена цвёрдае заданне наконт ільну, як аднаасобніку. Ён жахнуўся. Нават тады, калі яшчэ не было калгасаў і ён сядзеў на сваёй зямлі, ён ніколі не меў гэтулькі ільну, колькі яму цяпер здаць трэба было. Ён пакінуў на цэлы дзень Алесю адну ў пасцелі і рушыў у Якубавічы ў райвыканком апраўдвацца. Павестка была проста адтуль. Ён дабіўся да самога Віктара Лагізы. Той цяпер упяршыню ўбачыў гэтага класава-варожага карчмара, з якім павёў нястомнае змаганне. Ужо з першых-жа слоў Цішкевіч убачыў, што ніякай рады няма і трэба або аддаць лён, або расплаціцца чым небудзь большым. Дзеля спакою свае Алесі, ён затаіў у сабе крыўду і моўчкі выйшаў з Лагізавага габінэта, думаючы што каб не Алеся, то ён дабраахвотна пайшоў бы ў турму, але затое пераламаў бы рэбры гэтаму Лагізу, каб той нават стаў дыхавічны і гарбаты.

Як толькі Цішкевіч выйшаў, Лагіза ўпаў у одум. Дзе ён мог бачыць раней гэтага Цішкевіча. Ага! Карчмар? І тут Лагіза ўспомніў: хоць ён ужо і пастарэў здорава, але гэта той самы, што калісці выкінуў яго з карчмы. Як не дзіўна, але штосці затрапяталася ў Лагізавай душы: а ці не выйдзе тут як бы асабістая помста? А што, калі так растлумачаць? Гэта будзе нядобра. За гэта можа ўляцець. Быў момант што Лагіза хістануўся: а ці не зняць з яго гэты лён? А пасля падумаў што позна адступаць. У яго задача быць пільным і ачысціць раён ад класавачужых элементаў.

Мікалай Цішкевіч прыйшоў дадому позна ўвечары. Алеся ціха ляжала. Ён расказаў ёй пра ўсё і запытаў ці льга было б пакінуць яе адну на дзён два ці тры. «А чаму ж не можна»,— адказала яна.— «Я сабе буду ціха ляжаць. З кожным жа днём я здаравею».

Назаўтра зранку Мікалай Цішкевіч узяў у кагосці з шастакоўцаў каня і выехаў па сёлах апытаць, дзе купіць і здаць у нарыхтоўку лён. Грошай у яго не было і ён падумаў, што трэба будзе прадаць што-небудзь лепшае з адзёжы. Ад усёй свае душы ён ужо ненавідзеў савецкую ўладу.

 

3

Мікалай Цішкевіч адразу пайшоў на тое, каб перайначыць ранейшы ход свайго жыцця. Дзень за днём і пачуццё крыўды пачало тупець у яго душы, і ён наважыўся дзеля свайго спакою не зачэпацца з Віктарам Лагізам і, у якой меры гэта льга, не трапляцца яму на вочы. Што ж да самога Лагізы, то ён сваю справу зрабіў. Усюды вышэй ведалі, што ён работнік і чалавек нецярплівы да ўсяго класава нетрывалага. У кожным разе, пасля справы з Цішкевічам, ён стаў верыць у тое, што ён давёў што стаіць на вышыні і што цяпер яму толькі трэба старацца не аседжвацца тут доўга і перабірацца куды небудзь у большыя маштабы.

Мікалай Цішкевіч у калгас больш не пайшоў.

 

СМАГА

Можна пэўна сказаць што на пачатку часу пасля таго як па Беларускай зямлі прайшла граніца з Польшчай, праз цэлыя годы словы шпіён і дыверсант не маглі ўдзябціся ў вушы нашага простага чалавека. Гэтая граніца дваццаць год была нашым вялікім няшчасцем, і цэлае пакаленне людзей нарадзілася і вырасла, якому злы лёс наканаваў дрыжаць таго каб як, барані божа найвышшы, не трапіць на кілометр на ўсход ці на захад. Бо тады1

1 На гэтым рукапіс абрываецца.


1941-1944?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан