epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Шмат у нас абломаўшчыны, безадказнасці

Артыкулы «Правды» вучаць нас глядзець на літаратуру як на мастацтва. Мы часта забываемся на тое, што літаратура ёсць мастацтва, і прывычка да гэтага ў нас укаранілася бадай з тых часоў, калі мы вучыліся пісаць.

Справа ідзе не пра адзін толькі натуралізм ці фармалізм, а наогул пра павышэнне якасці нашай літаратуры: і пра звычайную граматнасць, і пра літаратурную граматнасць — усё гэта рэчы аднаго парадку.

Фармалізму, як ярка выражанай школы, я ў беларускай савецкай літаратуры не заўважаю. Фармалізм у нашай літаратуры ідзе не ад таго, што пісьменнік лічыць гэта сваёй школай, а, мусіць, ідзе ад нейкай другой прычыны.

Я гавару пра літаратуру беларускую савецкую і не маю на ўвазе наогул беларускай літаратуры. Мы ведаем, што такія паэмы Дубоўкі, як «Кругі», «Ветразі», гавораць аб тым, што аўтар свядома ставіць там свае задачы. Я гавару не пра гэту літаратуру, а пра літаратуру сучасную савецкую.

Возьмем паасобныя моманты ў нашай літаратуры, якія можна назваць фармалістычнымі. Можна прыгадаць паэму Мікуліча «Наша сонца» і «Аманал» Куляшова. Я думаю, што тут справа прасцей чым мы думаем. Тады гэтыя аўтары былі літаратурная моладзь, тады Мікуліч быў амаль падлеткам, жыцця не ведаў, і ўплыў фармалістычнага стылю на яго мог быць моцны.

І цяпер мы бачым, што новая аповесць Мікуліча «Дружба» адыходзіць ад гэтага стылю. Гэта аповесць гаворыць, што Мікуліч стаў на другі шлях, і тут ён сапраўды выявіць свой талент. Тое самае можна сказаць і пра Куляшова. Яго паэма «Гарбун» не падобна на паэму «Аманал».

Фармалістычныя моманты часта бываюць ад таго, што чалавеку няма чаго сказаць. Калісьці я напісаў аповесць «Вясна», на тэму аб калектывізацыі. Тады яшчэ самі калгасы толькі пачыналі сваё існаванне, а я хацеў даць малюнак жыцця ў калгасах. І ясна — у мяне не было аб чым канкрэтна пісаць, я не меў матэрыялаў, і таму, без мае добрае волі, аповесць напісана так, што ў ёй ніякай літаратурнай формы няма. Ёсць устаўныя навелы, разважанні пра грамадзянскую вайну, пра дзяцей. І чытаць гэтую аповесць і цяжка, і нецікава.

У нашай рабоце ёсць яркія прыклады таго, што калі аўтару няма чаго сказаць, то ён робіць прыпіскі і дапіскі непатрэбныя, іх можна назваць калі не фармалістычнымі, то ва ўсякім выпадку пустымі. Другая частка рамана «Трэцяе пакаленне» канчаецца тым, што Несцяровіч выходзіць слухаць шум ветру. Ніхто з другіх герояў — ні Зося, ні кравец — гэтага не робяць, ім я здолеў даць іншую, важнейшую работу. А Несцяровіч не быў мне да канца ясны, тут я не меў матэрыялу, і я прымушан быў рабіць непатрэбнае апісанне прыроды, якое, калі і выкінуць, не зменіць нічога ў рамане.

Я лічу, што публіцыстычнасць — адна з вялікіх слабасцей нашай літаратуры. Калі прасачыць усю нашу прозу, то ў кожным творы элементы публіцыстыкі вельмі моцныя. Яе многа і ў маім рамане «Трэцяе пакаленне». Там прамова на судзе Назарэўскага наскрозь публіцыстычная з’ява, бо яна не мае там, калі можна так сказаць, вобразнай функцыі. Гэта не значыць, што ў раман наогул не можа быць уведзена падобная прамова, але яна павінна была б у гэтым выпадку хоць бы дапоўніць вобраз самога Назарэўскага. Выйшла ж так, што Назарэўскі пасля прамовы зусім знік з рамана, а сама прамова сваім публіцыстычным спосабам растлумачвае тое, што павінна быць вядома без усялякай публіцыстыкі і толькі з сістэмы вобразаў.

Слабасці нашага літаратурнага руху не толькі ў асяроддзі нашай пісьменніцкай работы. Слабасць нашага літаратурнага руху яшчэ знаходзіцца, па-мойму, па-за нашай работай. Яна ў справе выкладання літаратуры, у справе мастацкага выхавання мас, у справе прывіцця нашай моладзі літаратурных густаў і г. д. Як выхоўваюцца мастацкія густы нашай моладзі? Што прывіваецца ёй у справе літаратуры? Ёсць хрэстаматыя Васілёнка для 9—10 класаў. На гэтым падручніку вучыцца наша моладзь, якая канчае сярэднюю асвету. У гэтай хрэстаматыі выказваюцца такія думкі: «Ідэйнае афармленне аповесці вельмі добрае, але мастацкае афармленне слабейшае». Гэта не даслоўная цытата, гэта змест яе. Што гэта дае нашай моладзі? Гэта абсалютна скажае само паняцце мастацкай літаратуры, гэта шкодная думка. Гэта значыць, што ў мастацкім творы ідэя можа існаваць паасобна ад формы, форма можа існаваць асобна ад зместу.

У гэтым падручніку вы не сустрэнеце нідзе думкі якога-небудзь выдатнага літаратуразнаўцы, выдатнага, прагрэсіўнага, рэвалюцыйнага, у якога можна павучыцца. Але там ёсць цытаты з Сідарэнкі і нават там гаворыцца, што ў Сідарэнкі яшчэ было ахвосце. Значыць, Сідарэнка — гэта была такая велічыня, такі тэарэтык, які меў яшчэ ахвосце.

Так што ў нас не толькі ў літаратурным руху ёсць недахопы, а ёсць страшэнныя балячкі ў справе выкладання, папулярызацыі літаратуры ў масах, і асабліва ў справе прывіцця літаратурных густаў нашай моладзі.

Я лічу, што літаратурны рух павінен некаторым чынам уключаць у сябе і гэтую справу, і можа тут праўленне нашага саюза павінна ўзяць на сябе ініцыятыву, каб палепшыць гэтую справу. Справа не толькі ў стварэнні літаратуры, а і ў выкладанні, папулярызацыі яе.

Я думаю, што слабасць нашага літаратурнага руху была б можа не такой вялікай, калі б у нас стварыўся тып сапраўднага пісьменніка-прафесіянала. Як быццам у нас такія пісьменнікі і ёсць, але фактычна яны не сапраўдныя пісьменнікі-прафесіяналы.

Як я сабе ўяўляю такога пісьменніка-прафесіянала? Гэта чалавек, які заўсёды ў сферы мастацкай творчасці, які заўсёды вучыцца быць майстрам літаратуры. Думаю, што ў нас няма амаль такіх пісьменнікаў. Шмат абломаўшчыны ў нашым літаратурным руху, у нас саміх, шмат безадказнасці. Як быццам мы не з’яўляемся адказнымі за сваю творчасць.

Няма ў нас і крытыка-прафесіянала. Я даўно сумую па такім крытыку, які быў бы вялікім эрудытам і любіў бы і адчуваў літаратуру.

Нашы пісьменнікі не вывучаюць натуры так, як яе вывучаюць мастакі.

Я проста не бачу ў нас такіх пісьменнікаў, якія б да глыбіні ўсяе свае істоты жылі літаратурай як сваёй справай.

Надыходзіць 20-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Я не магу сказаць, каб мы пра гэта глыбока думалі, каб мы трывожыліся, што можам не спаткаць гэтай даты глыбокімі творамі. На гэты час я вынес бы з Дома пісьменніка більярд, бо ён, па-мойму, стаў не адпачынкам ад работы, але якраз літаратура стала адпачынкам ад яго.

Мы павінны больш думаць пра літаратуру, мы павінны мець больш рыс пісьменніка-прафесіянала. Пісьменнік павінен з пункта гледжання свае прафесіі, свайго рамяства вывучаць само жыццё для таго, каб у творы даць вобразы яго.

Мы павінны глядзець на слабасці нашага літаратурнага руху з пункта гледжання змагання не толькі з фармалізмам і натуралізмам, але з пункта гледжання павышэння пісьменнасці, культурнасці.


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан