epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Смерць

Дажджы скончыліся якраз тады, калі нашы часці мінулі лінію лясоў і выйшлі да вялікага паселішча. Перад імі быў прастор і ясны дзень. Свет здаваўся шырокі і радасны. Цяжкое выпрабаванне крывавага бою асталося за плячыма. Вораг ляжаў скрозь на полі дзвюма сотнямі трупаў. Над імі, на мокрым яшчэ дрэве, сядзела лясная жоўтая птушка. На першай вуліцы стаяла шыбеніца, і на ёй вісеў труп павешанага чалавека. На другім канцы гэтай вуліцы датляваў пажар некалькіх дамоў. Жанчыны і дзеці вылазілі з паграбоў і ішлі за байцамі, але тыя спяшаліся далей: на захад адгэтуль, зусім недалёка, ішоў бой. Там праз групы нашых дэсантнікаў стараліся прабіцца рэшткі нямецкага палка, галоўныя сілы якога за тую раніцу леглі навекі ў трох месцах навокал таго паселішча. Байцы мінулі вуліцу і поле за ёй, прайшлі паўз чатыры дробныя старыя ляскі, і па той бок іх неўзабаве бой выбухнуў з новай сілай. Не больш як праз гадзіну бой заціх, лінія фронту аддалілася яшчэ, а тут па дарогах пайшлі рэзервныя часці і абозы.

Праз чатыры дробныя ляскі ішла шырокая дарога, па ёй ішлі грузавікі, і артылерыя, і санітарныя аўтобусы. З лясоў выходзілі на дарогу людзі. І як кожны з іх ні рваўся ісці хутчэй к свайму нанава знойдзенаму дому, усё ж натоўп стаяў па абочынах дарогі, і сотні вачэй не сыходзілі з усяго гэтага баявога руху. Адзін стары чалавек стаяў каля маладой жанчыны з заплаканым тварам і бесперапынна махаў шапкай на дарогу.

У бок ад дарогі адразу пачыналіся густыя зараснікі ядлоўцу і крушыны, а яшчэ далей — прэлае карчэўе пад пластом гнілога лісця. Тут правальвалася нага і ісці было цяжка, і асабліва таму, хто не ведаў тут ні сцежак, ні дарог. Аднак жа нейкая постаць, сагнуўшыся і прыслухоўваючыся на кожным кроку, правальваючыся ў мокрую трухліну, старалася як найхутчэй адысці далей ад дарогі, дзе ўсё так грымела і жыло бесканцовым рухам. Праз хвілін дваццаць ходу гэтая істота дайшла да вельмі густога месца. Падлесак пераплёўся нізкімі кустамі, ад дарогі тут было ўжо далёка і вельмі слаба даходзілі сюды гукі яе руху. Сонца стаяла ўжо даволі нізка. Яно відно было над кустамі, паміж стволля старых бяроз. І праз гэтую гушчырню ішла вузенькая, як праехаць з калясьмі, дарога. Над ёю гнуліся купчастыя дрэвы, і праз іх вецце сонца свяціла на яе. Яна ўся была, нават і ў каляінах, зарослая вымытай дажджамі травой. Тут было ясна і ціха. Пахла мокрая трава і зямля з-пад лісця і мху. Часамі падала на лапушысты лісток запозненая кропля вады з дрэва, і здавалася — вялікі спакой і вялікая радасць ёсць нязменныя спадарожнікі чалавека на свеце, і ні трывогі, ні пакуты не рвуць яго душу.

У страшным смутку па нечым дарагім і навек страчаным сагнутая істота выглянула на гэтую глухую і ціхую дарогу. Гэта быў нямецкі салдат. Постаць яго была ў дзіўным выглядзе: ён быў увесь мокры і адзежа яго ў многіх месцах разарваная. На твары скрозь крывавіліся абдзёртыя пляміны. Галава без шапкі. Над вушыма тырчалі ўгару рэдкія кусцікі валасоў, на самым версе голай галавы, на круглай лысіне быў рубец закарэлай крыві: гэта мог яго шмаргануць і сухі сук нізкай галіны. Ён часта дыхаў, калені яго дрыжалі. Нейкім дзіўным чынам ён нагадваў цяпер дробную мыш, якая сярод людскога гоману не можа выбрацца, як ні стараецца, са шкляной пасудзіны. Ён не больш як паўхвіліны ўглядаўся ў дарогу, пасля схаваўся назад у кусты, там пры самай дарозе прыпёрся плячыма да дрэва, аб’ехаў так і сеў на зямлю і прыплюшчыў вочы. Магло здавацца, што ён зараз засне або памрэ. Але аўтамат свой ён не выпусціў з рук.

Праз хаос яго думак білася наверх адна, самая вострая: перачакаць тут, пакуль сцямнее, а тады брацца на захад, хоць паўзці многа кіламетраў, нават міль, абы дайсці туды. А што такое гэта «туды» — гэта трацілася ў наплывах хворых мар. Гэта была Германія і дом. У ёй і дзеці, і сям'я. І ніколі гэты яго смутак не быў такі выразны, як у гэтыя хвіліны. Раней было чаканне шчаслівага звароту, і часамі, калі над галавой не навісала смерць, не было нават і смутку, а адчуванне таго, што ён, разам з усёй арміяй, так далёка цяпер на заваяванай зямлі.

Але рэшткі гэтага адчування сплылі ўжо назаўсёды ў пачатку мінулай ночы, і ім ужо не суджана было вярнуцца. Полк з усіх бакоў апынуўся пад страшным абстрэлам, а пасля чырвонаармейцы беглі з настаўленымі штыкамі, і ён, перапаўзаючы цераз трупы нядаўніх сваіх таварышаў, браўся ўсё далей і далей к гэтаму лесу. Калі ён бег той шырокай лясной дарогай, дарогу яму загарадзіла некалькі сваіх жа афіцэраў, і ён пабег назад у бой, але там пластом ляжала смерць, а хто жывы быў — разбягаліся. І ён зноў папоўз назад, пакуль не прыпоўз у гэты лес. Цяпер ён ведаў, што апынуўся ўжо на гэтай старане фронту, і ратунак уяўляўся яму як недасяжная далечыня. У гэтыя хвіліны чакання паўставала перад ім шыбеніца ў тым паселішчы, каля якой ён стаяў у густым ланцугу варты і сачыў, каб не разбегліся людзі, якіх сагналі глядзець, як вешаюць партызана. Праўда, не ён сам стаў на варту, яго паставілі вышэйшыя за яго. Але ён стаяў і вельмі пільна сачыў за тварамі жанчын і дзяцей: ці не хоча хто ўцячы, каб не глядзець? Як укладвалі партызанскую галаву ў пятлю, як пасля ўздрыганулася вісельная жэрдка — ён бачыў без хвалявання і трывогі. Ён думаў аб сваіх дзецях і аб сваім доме. Тут яму ўсё было чужое і ўяўлялася быццам нежывым, яно нават не належала да чалавечага свету, у якім жыў ён і на якім трымалася яго душа.

Асталася ў яго памяці і шыракаплечая прысадзістая постаць таго сведкі, які каля шыбеніцы пацвердзіў, што падведзены пад жэрдку чалавек ёсць сапраўды партызан і што ён яго ведае з малых год. І гэты сведка ўяўляўся яму таксама чужым і непатрэбным. Ён быў датуль патрэбен толькі на тое, каб паказваць, дзе хто з людзей закапаў сала або хлеб. Усяго два тыдні полк стаяў у гэтым месцы, а сведка пад шыбеніцай запомніўся ўсім салдатам. Нават ведалі яго прозвішча — дзіўнае, тутэйшае і цяжкое для вымаўлення: Пацейчык. Камандзір палка назначыў яго старастам, і з таго часу салдаты мелі хлеб.

І ўсё гэта прамільгнула ў яго думках як непатрэбства, як штосьці чужое, далёкае, няважнае і нічога не вартае перад тым важным, што вырысоўвалася як далёкі ратунак. Вельмі марудна цягнуўся час. Сонца, як сумысле, вельмі павольна хілілася к захаду, як яго ўласны смутак і балючы парыў да жыцця і радасці. Як долатам у галаву, мучылі птушыныя галасы ў вяршалінах дрэў, і занадта ясна было ад сонца, здавалася яму. Каб больш цішыні і змроку, каб ноч хутчэй і каб людское вока ніякае нідзе не існавала. І забыццё не прыходзіла. І так ён доўгія гадзіны перажываў свой жах.

Да захаду сонца асталася можа ўсяго гадзіна, як ён пачуў ледзь заўважны для вуха шум. Нехта як быццам рассоўваў рукамі вецце кустоў. Сэрца яго амярцвела, вочы шырока раскрыліся; не выпускаючы з рук аўтамата, ён, як сядзеў, падаўся ўсім тулавам наперад і пачаў прыслухоўвацца. Усё зноў было ціха, але праз момант яшчэ — той жа асцярожны гук, і нават быццам трэснула пад нагамі сухім галлём. Салдат не зводзіў вачэй з прагаліны паміж веццем, праз якую блізка відзён быў зараснік па той бок дарогі. Зноў запанавала цішыня. Салдат прыціснуўся да дрэва, і тут пачуліся сапраўдныя крокі. Хтосьці цяжка выйшаў на дарогу і спыніўся на ёй. Салдату відна была спіна гэтага чалавека, у рудой вопратцы з самаробнага тутэйшага сукна, і палатняная забруджаная торба пад пахай, немалая і туга напакаваная. Гэта не быў чырвонаармеец, але гэта мог быць партызан. Салдат асцярожна падняўся на ногі і ўпёрся плячыма ў дрэва. Аўтамат ён нарыхтаваў страляць. Чалавек на дарозе кінуў тварам у бакі, азіраючы дарогу, і зноў застыў на месцы. І страшная, ні з чым не параўнаная радасць скаланула салдатаву душу: на дарозе стаяў той самы сведка каля шыбеніцы з цяжкім тутэйшым прозвішчам — Пацейчык. Упершыню салдат адчуў у ім жывую істоту. Ён гатоў быў кінуцца яму на шыю і цалаваць яго. Ён гатоў быў клікаць яго да сябе і выкласці перад ім сваю душу. Рука яго здрыганулася, аўтамат спусціўся ўніз. Ён не зводзіў узбуджанага позірку з Пацейчыкавага твару і стаў проста-такі шчаслівы, калі Пацейчык двума крокамі пераскочыў дарогу на гэты бок, прыслухаўся на момант і пабраўся кудысьці ў глыб дрэў, далей ад яго. Устрывожаны салдат ціха свіснуў, і Пацейчык застыў на месцы. Салдат падняў руку і махнуў к сабе. Пацейчык убачыў немца, і адзеравянелы твар яго перасмыкнуўся бляскам момантнай радасці. З вялікай гатоўнасцю ён адразу рушыў да немца.

Яны спаткаліся так, быццам бы ведалі адзін аднаго з маленства. Але гаварыць паміж сабою яны не маглі. Немец тыкаў пальцам Пацейчыку ў грудзі і шаптаў цераз дзесятае ў пятае цяжкое яму слова «Пацейчык», стараючыся паказаць гэтым, што ён яго ведае. Пацейчык ківаў галавою. Пасля салдат тыкаў сабе ў грудзі і шаптаў «Клебер». Ён напрошваўся на дружбу к Пацейчыку, ён шукаў каля яго ратунку. Ён бачыў, што Пацейчык ратуецца цяпер і ратавацца будзе як толькі можа, і ён імкнуўся да яго на чужой і незразумелай зямлі.

Пацейчык не мог схаваць свае радасці. Ён і не хацеў хаваць яе. Наадварот, ён стараўся быць ліслівым з немцам. У ім ён бачыў свой ратунак. Гэты Клебер быў нейкай частачкаю нямецкай арміі, і ён, чалавек зусім не вайсковы, не мог разабрацца ў навакольнай абстаноўцы. Ён не ведаў, што гэты немец тут адзін. Ён думаў у гэтую хвіліну, што трапіў на нямецкую лінію. Ён ківаў галавой і наіўна ўсміхаўся.

Цішыня пацягнулася далей. Абодва яны сядзелі ў гэтай гушчырні і глядзелі адзін аднаму ў вочы. І кожнаму пры другім было смялей і спакайней. Нарэшце Пацейчык развязаў торбу і дастаў адтуль хлеб і кус сала. Удвух пачалі яны есці. Немец аж душыўся гэтай сытай ядой, недалікатна напіхаючы повен рот. Ён быў галодны і, апроч таго, стараўся нагнаць запас на вялікую дарогу. Пацейчык быў рад. Ён імкнуўся дагадзіць Клеберу, каб той быў да яго ласкавейшы і як-небудзь забраў з сабою. Каб хоць не праганяў ад сябе, а вывеў у зону нямецкай улады. Змрочныя карціны таго, што будзе, не давалі яму спакою. Мусіць, прыйдзецца бадзяцца па свеце, і пачынаць можа дзе ў Германіі жыццё спачатку, і назаўсёды пакінуць родныя мясціны. Ён гатоў быў аберуч ухапіцца за гэтага невядомага яму і чужога Клебера і так трымацца за яго і дзень і ноч. Ён размяк, як мокрая салома, і рад быў, што немец пхне сабе ў рот яго сала.

— Пане Клебер,— шаптаў ён, падсоўваючы яму торбу і заікаючыся.

Клебер глядзеў на яго ўдзячнымі вачыма і ўсё еў і еў.

Калі сцямнела, яны абодва падумалі, што пара ісці. І кожны з іх думаў на другога, што той першы ўстане і павядзе яго. «Клебер жа салдат! — думаў Пацейчык.— Яго тут афіцэрства пакінула на нейкую справу. Ён мяне выведзе». «Гэты тутэйшы ведае ўсе дарогі, ён зараз павядзе»,— думаў Клебер. Яны доўга сядзелі і пасля, папацёмку, пачалі штурхаць адзін аднаго. Калі яны мінулі лес і прайшлі ўпоперак праз запушчанае, неаранае поле, пачаў узыходзіць месяц. Ледзьве дабраліся яны ў ясным змроку да вузкай грады нізкарослага лесу і адтуль усё ішлі і ішлі блытанымі сцежкамі, трымаючыся хмызнякоў і лагчын.

Пасля поўначы яны пачулі кулямётную стральбу перад сабой і падаліся назад, а пасля сышлі ўбок. Нешта падазронае яны пачулі і там, паблізу. Абодва падумалі пра партызан, і гэта ім асабліва было страшным. Ахопленыя жахам, яны пайшлі назад і ўбіліся ў нейкі забалочаны хмызняк. Пот ліўся з іх цурком, яны моўчкі апынуліся адзін пры адным і доўга прыслухоўваліся. Усё як быццам было ціха, і яны рушылі ў дарогу. Да самага рассвітання яны прабадзяліся, самі ўжо не ведаючы дзе, і дзень іх застаў на ўзгорыстым полі. Лес быў далёка, і страшна было павідну ісці полем. Здалёк чулася артылерыйская кананада, а тут, недзе блізка, палявой дарогай ішлі людзі, і да іх выразна даляталі гукі жаночай гаворкі: прыціснуўшыся да зямлі, яны цэлы дзень праляжалі пад удзірванелым схілам голага ўзгорка, і змрок вечара прынёс ім заспакаенне.

— Пане Клебер, вы ж салдат, вядзіце к сваім,— маліўся Пацейчык.

Клебер нічога не разумеў, бездапаможна азіраўся, тыкаў пальцам Пацейчыку ў галаву і махаў рукой у прастору, хочучы давесці яму, што тутэйшыя дарогі павінен ведаць ён, тутэйшы. Яны ўбіліся ў незнаёмы лес і блыталіся па ім і гэтую ноч. Некалькі разоў яны чулі непадалёку вінтовачную стральбу і ў адным месцы нават чулі паблізу чалавечыя галасы. Яны абодва здагадваліся, што партызаны або чырвонаармейцы вылоўліваюць брадзячых салдат. З жахам яны кідаліся ісці ў які-небудзь супрацьлеглы бок, даходзілі аж датуль, пакуль было ціха, і пазіралі на зямлю, абняможаныя.

Гэты дзень застаў іх у лесе. Які гэта лес і куды яны зайшлі — Пацейчык не ведаў. Ён ужо зусім не ведаў, куды ісці, і дзе захад, і дзе ўсход. Дзень быў хмурны, і ліў дождж. Ні на водным з іх сухога рубца не было. Панылыя, яны сядзелі адзін насупраць другога. Пацейчык развязаў торбу і немец падсунуўся бліжэй. Пацейчык хапіў торбу і адцягнуў да сябе. Ён ненавідзеў гэтага Клебера ўсімі сваімі помысламі і пачуццямі. Гэты Клебер сам шукае сабе ратунку, і ніякі ён не салдат, за якога можна трымацца. Ён толькі тады быў цвёрды і самаўпэўнены, калі ён, Пацейчык, паказваў яму ці каму-небудзь іншаму з іх, дзе чалавек закапаў хлеб. Цяпер гэтая гніда сама гатова ныць і енчыць аб ратунку. За гэтыя часы Клебер стаў нейкі закарэлы, у сіняках і струпах, аброслы, ускудлачаны, абшарпаны. Пад губамі ў яго было мокра. Вытырклыя калені штаноў лопнулі, у адным боце адарвалася падэшва і ледзь трымалася адным канцом. Ідучы, ён шмараваў ёю аб зямлю, каб не згубіць яе, і ўсё чмыхаў носам. І гэтае шморганне падэшвай і чмыханне носам раздражнялі Пацейчыка.

Калі Пацейчык пацягнуў к сабе торбу, Клебер зірнуў на яго злым позіркам: нікуды ён не варт — гэты тутэйшы мяшок. Дарог ён не ведае, смеласці не мае і сам стараецца выратавацца за чужымі плячыма. І ў гэты момант яму да жудасці захацелася застрэліць яго. Ён адсунуўся далей, сціскаючы аўтамат. Пацейчык сачыў за кожным яго рухам.

— Ад'еўся на маім сале! — прагаварыў ён, паднімаючыся.— Нямецкая сука!

Немец падскочыў і капянуў нагой зямлю пад торбай. Торба адляцела ўбок, паўбулкі хлеба выпала з яе, і немец паспеў хапіць хлеб, а пасля спрытна схапіў і торбу. Пацейчык, сціснуўшы кулакі, стаяў у страшнай позе, чакаючы моманту, каб кінуцца на немца. Але той наставіў на Пацейчыка аўтамат, і Пацейчык абвяў. Павесіўшы на шыю торбу, глытаючы хлеб і сціскаючы аўтамат, немец пайшоў, сам не ведаючы куды, абы далей быць ад Пацейчыка. Немец бесперапынна азіраўся і ўбачыў, што Пацейчык ідзе за ім следам. Ён наставіў аўтамат, але не страляў, баючыся гуку. Пацейчык пачаў паказваць немцу знакамі, каб той аддаў яму хлеб. Немец патрос кулаком і пайшоў далей. Пацейчык, як звер, рынуўся на немца і ўссеў яму на плечы, паваліў і адабраў аўтамат. Немец падняўся з зямлі і падняў рукі ўгару. Пацейчык забраў хлеб і торбу з салам і з усяго размаху смальнуў кулаком немцу ў твар. Немец хістануўся і зваліўся на зямлю. Пацейчык пастаяў над ім хвілін пяць і пайшоў, як п’яны, выбіраючыся на сцежку паміж дрэў. Немец падняў галаву і, думаючы, што той ведае дарогу да нямецкай лініі, але не хоча весці яго з сабой, адзін пайшоў туды. Ён падняўся і назіркам паблытаўся следам. Пацейчык увабраўся ў вялікую гушчырню і лёг на зямлю. Немец таксама лёг, але так, каб сачыць за кожным рухам Пацейчыка.

Пацейчык падгарнуў пад сябе торбу з хлебам і заснуў, нават пачаў храпці. Немец пачаў падкрадвацца, каб вырваць ад яго торбу і аўтамат, але Пацейчык раптам падняў галаву і вылаяўся. Немец лёг на зямлю, і абодва яны так праляжалі да самага вечара, не зводзячы вачэй адзін з аднаго.

Так некалькі дзён і начэй яны кружыліся на гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Пацейчык ужо з’еў увесь свой хлеб і адчуваў голад. Немец ужо ледзьве валачыў ногі. Выходзячы з лесу к полю, яны ўсюды бачылі людзей і варочаліся назад. На полі аралі і сеялі. Уночы паўз лес хадзілі людзі, адзін раз Пацейчык быў сапраўды такі наткнуўся на двух чалавек, якія стаялі на самай дарозе пры лесе. «Партызанская застава»,— падумаў ён і пабраўся назад. І чым больш праходзіла дзён, тым большы смутак па сваёй хаце агортваў яго. Голад падцягнуў яму жывот к спіне, усё ў яго сярэдзіне гарэла і смактала. Ён хістаўся ў бакі і найбольш ужо ляжаў, чым хадзіў. Але аўтамат ён нязменна прыціскаў к сабе.

Нарэшце яму, як у смагу піць, захацелася хоць здалёк зірнуць на сваю хату. Ён паклыбаў да краю лесу і толькі там адумаўся, што гэта не той лес, пра які ён думаў, і што хата яго недзе далей. Са смуткам ён стаў на месцы і адчуў страшэнны боль у каленях. I тут ён убачыў тое, ад чаго быццам іскры сыпануліся яму ў вочы і асляпілі яго. Аўтамат вываліўся з яго рук, ён працёр кулакамі вочы і пачаў прыглядацца. Непадалёку ад яго выйшла з лесу і ішла ў поле сагнутая постаць. Гэта быў немец Клебер. Ён ледзьве ішоў і ад слабасці прысядаў за кожным крокам. Рукі ён трымаў паднятымі ўгару, гэта было яму вельмі цяжка, яны спускаліся ўніз і ён раз-пораз зноў ускідаў іх угару, быццам лавіў што ў паветры. Напэўна, ён мала што заўважаў ужо навокал сябе.

Вострая думка кальнула Пацейчыка: «Не вытрымаў і пайшоў да людзей прасіць літасці. Там яго накормяць, і ён раскажа, што я тут туляюся». Задыхваючыся, ён ускінуў аўтамат і выпусціў наўздагон немцу ўсе кулі. Пасля гэтага ён шпурнуў аўтамат вобземлю і кінуўся ў лес. Ён не бачыў, як немец упаў, а пасля, не адчуваючы ран, узгробся і паклыбаў далей, ловячы рукамі паветра.

Перад захадам сонца, на трэцім кіламетры дарогі, немец упаў ад слабасці. Поле ў гэтым месцы спускалася ўніз, у лог. Узняўся вецер, у лясах загуло, к вечару захаладала. Клебер неўзабаве як праз сон пачуў над сабой чалавечыя галасы.

Стаяла трое мужчын з вінтоўкамі. Адзін з іх быў той стары, што на лясной дарозе ў той дзень махаў шапкай на дарогу, па якой ехалі грузавікі з байцамі. Не знайшоўшы ў гэтым лесе брадзячых салдат, яны кіраваліся ўжо ў свой атрад, як раптам заўважылі на зямлі Клебераву постаць.

— Немец,— сказаў адзін,— дыхае і крыві няма.

— Спіць,— сказаў другі.— Э, пане фрыц, варушыся!

— Чакай,— сказаў стары.— Гэта ж той самы, што стаяў у каравуле, калі нашага Канстанціна вешалі. Э, ты! Здыхаеш?

Клебер расплюшчыў вочы і ўбачыў над сабою чалавечыя твары. На іх ляжала ружовасць сонечнага захаду, і твар старога ён пазнаў. Стары чалавек не хацеў ісці глядзець на смерць партызана, і Клебер яго гнаў сілай. Свядомасць яшчэ не пакінула яго, і страх заварушыўся ў ім. Ён шпарка пачаў штосьці гаварыць, і голас яго пераходзіў у хрыпаты шэпт.

— Ён нешта гаворыць,— сказаў стары.—Пачакайце, я яшчэ з палону тае вайны не забыўся... Ага, сваіх дзяцей успомніў! Сын фашысцкай сукі! Душа твая рвецца па сваіх дзецях? Гадзіна! Які ж ты к чорту бацька! Калі любіш сваіх дзяцей, дык нашто ж ты чужым згубу прынёс, каб цябе зямля не насіла? Ну, паднімайся, можа яшчэ як давалачэшся!

Назаўтра зранку дзеці выгналі пасвіць каровы і знайшлі пры лесе кінуты Пацейчыкам аўтамат. І ніколі ніхто не дазнаўся, хто яго кінуў. Пацейчык больш не паказваўся з лесу. Ён правалачыўся яшчэ суткі, баючыся і не могучы выбіцца, куды хацеў бы. Да вострай пакутлівай болі душа яго ныла па сваёй хаце, і гэта было яго апошняе адчуванне. Так ён лёг галавой у гнілое карчэўе і пачаў стагнаць. А пасля здолеў яшчэ адумацца: яго могуць пачуць людзі, а чалавека ён баяўся. Перасільваючы сябе, каб не стагнаць і не выць, ён то падцягваў калені к грудзям, то выцягваўся прутам. Часамі ён паднімаў галаву і, як атручаны сабака, вадзіў каля сябе шалёнымі вачыма. Яго то трасло холадам, то ціснула ў зямлю гарачынёй. Кончыўся дзень, пачалася ноч, і ён быццам пачаў падаць у бяздонне.

Калі ўзышло сонца, ён ужо быў скарчанелы, і мухі пачалі роіцца над яго страшным тварам. Рот яго быў раскрыты, быццам дзеля таго, каб апошнія рысы яго твару сышлі ў нябыт цераз грымасу.




Беларуская Палічка: http://knihi.com