epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Спатканне ("Хмурыцца дзень...")

Хмурыцца дзень, а вецер расчышчае неба, і часта зямля блішчыць у сонечнай радасці. Холадна. І трава халодная, і пыл над дарогамі цяжкі — паднімаецца невысока і ападае. На той бок рэчкі дубовыя кусты яшчэ голыя, алешына і крушына — як у зялёным пуху. Галлё ж дубовых кустоў — як сухія пруты — на ветры стукае і гудзе.

Сонца — пад поўдзень.

І пуста вакол.

Вёскі пахаваліся за ўзгоркамі і за кустамі. Палеткі ярыны, што нядаўна паўсходзіла, роўныя і голыя — птушкі жывяцца цяпер найбольш на голай зямлі, на падбаранованай раллі і каля вёсак... Жытнія палеткі плывуць і бягуць пад ветрам. Плывуць і плывуць...

Не прывязаная да воза барана мая стукае па аглабіне і парушае гэтым роўнасць тонаў песні палёў. Еду я паволі. Звесіў босыя ногі да самай зямлі, і шкода нейк, што прыдарожная трава і зелле малыя яшчэ і не труцца аб ногі...

У сарочцы з пафарбаванага начырвона палатна, на дарожцы (мяжа поля і дубовых кустоў) — чалавек. Без шапкі. Валасы зачэсаны ў кружок і густа-жоўтым валам ляглі над вушыма. Барада — тыдняў два таму брытая, вусы — падстрыгаюцца. Нізкія кусты — на ўзровень з яго тварам.

Каля ног яго куча пасечанага лому, некалькі зялёных ядлаўчын, некалькі дубовых каршакоў і альховых прутоў.

Я ціха праязджаю міма яго, а ён ківае мне галавою, і бачу я — вочы яго такія, як бы гэта вінаватым ён лічыць сябе.

— Добры дзень!

А голас у яго зычны і спакойны. Я прыпыняюся і гляджу на яго.

— Скародзілі?

— Але.

— А зямля халодная.

— Халодная.

— А! Што гэта робіцца — а-яй! Ат, трава ніяк не возьмецца расці. Халадэча.

Мне ўжо хочацца гаварыць, і я пачынаю закурваць.

— Гэта я тут кошанкі ўсеяў трохі і збіраюся дадому ехаць. Дык от, думаю сабе, і ламачча ўсякага назбіраю трохі, сяго-таго, усё роўна з пустым возам дадому ехаць, а дома яно як высахне — за мілую душу згарыць...

— Дзіва што згарыць, уг-га!

— Згарыць... А сам я нетутэйшы, з Цецераўцоў я. А тут гэта дачка замуж пайшла, ды пакуль што яшчэ каня не маюць, дык я, управіўшыся трохі дома, памагчы прыехаў... Дома там, сказаць, нікога няма. Старая толькі. Было тры сыны, дык толькі памяць засталася, няма. Адзін яшчэ пад Асаўцом, з немцамі як яшчэ ваявалі, дык адтуль не вярнуўся... А другі — як з палякамі біліся, дык ён з сваёю часцю якраз за тры вярсты ад Цецераўцоў праходзіў — самы фронт быў. Але які там фронт — налёт, кучкамі. Насядалі.

Ён падышоў бліжэй да мяне...

— ...Насядалі... і захацелася яму дадому — магнасць нейкая пацягнула яго. Вядома — чалавек заўсёды гэтак. Два гады не бачыліся — бацькі, свая сям’я... Усё жыве так... Дык ён падышоў да дома — тыя пайшлі ўперад, а ён трохі застаўся. Думаў — гадзіны дзве пабудзе дома, а там і пойдзе, дагоніць часць... Дык ён, праўда, пасядзеў можа не больш як гадзіну і збірацца пачаў. Заплакалі мы ўсе, а ён усміхаецца — зараз, кажа, вайну скончым, палякаў у пыл сатрэм, тады пабачымся... Хутка... Развіталіся мы, вывеў я яго на вуліцу, аж бачу — пуста вакол, хоць бы жывая душа. А тут выйшла — нашы адышлі трохі ўбок, а палякі і наспелі, і вярнуліся. І от жа яны — па вуліцы пяцёрых бягуць. І яго ўбачылі. Ён на прыгумень, а яны за ім. Ён хацеў выскачыць на агароды, а адзін смальнуў і палажыў. Я сяджу ў хаце і дрыжу... Не ведаю, па кім гэта стралялі... Пасля выйшаў (праз гадзіны дзве нашы вярнуліся) і аж абамлеў — ляжыць ён каля сцяны...

І от ён больш не гаворыць і плача.

Пра трэцяга сына я не пытаю. Гляджу на яго, маўчу. І гляджу на зямлю, як яна, у вечным абнаўленні сваім, дыхае нязлічанымі мільёнамі жывых і нежывых істот.

 

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан