epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

"Святая" папружка

У тую восень, калі Івану Касніцкаму было шэсцьдзесят год, быў вялікі ўраджай. Жоўтыя стагі саломы стаялі за агародамі і садамі, і каля іх цяпер канчалася тая работа, што дзён дзесяць таму пачыналася тут жа, пры малатарні. Іван Касніцкі з граблямі ў руках абыходзіў стагі і беглым зіркам правяраў, ці добра ўкладзена салома. Вецер дзьмуў з чырвонага асінніку, сонца стаяла яшчэ высока.

У адным стозе Іван Касніцкі ўбачыў, што пярэбірак саломы навісае ўніз.

— Клалі, чэрці,— буркнуў Іван Касніцкі, паднімаючы граблі высока ўгару, каб згладзіць гэту няспраўнасць.

Ён пачаў збіваць лішнюю салому. Скончыўшы, ён ужо намерыўся ісці да суседняга стога, як раптам убачыў, што на абгрэбаным месцы з саломы звісае канец раменнай папружкі. Ён заблытаў папружку граблямі і пацягнуў. Як толькі ён узяў папружку ў рукі, так адразу і пазнаў яе. Гэта была даўнейшая яго падпяразка.

Касніцкі быў крыху філосаф. Ён меў некаторы нахіл зусім свядома заўважыць рух часу па зменах рэчаў. Вопратка зношвалася і падмянялася новаю, дрэвы вырасталі, сцены асядалі і трухлелі. Значыцца — час ішоў. Шэсцьдзесят год прайшло, як радзіўся Іван Касніцкі на свет!

Нябожчык бацька яму расказваў пра паншчыну. Сам ён ваяваў з японцамі. На нямецкай вайне не быў, бо перарос быў ужо салдацкія гады. У 1914 і 15 гадах ён з гэтага самага месца, дзе стаяць цяпер стагі, глядзеў на бежанскі і вайсковы рух па гасцінцы. Тады яшчэ там стаялі тыя ж самыя старасвецкія бярозы, з якіх ён, будучы малым, даставаў птушанят. За вайну і рэвалюцыю нечыя рукі павысякалі бярозы. Рукі Івана Касніцкага прыклаліся толькі да адной бярозы. Больш дрэў ён не чапаў, калі не лічыць лесу ў першы год рэвалюцыі і ліп на могільніку.

У 1930 годзе Іван Касніцкі, завёўшы свайго каня ў калгас, стаяў падвечар за сцяною пустога хлява з смуткам на сэрцы і глядзеў на выпусташаны ад дрэў могільнік і знішчаныя прысады.

«Як бяжыць і не варочаецца час,— думаў Іван Касніцкі.— Як усё зменьваецца. Няма больш ні ліп на могільніку, ні бяроз на гасцінцы. Колькі мне год ужо? Каб яны не даждалі, як яны папляжылі і ліпы і бярозы! Жыў-жыў і дажыўся». Яшчэ большы смутак агарнуў яго.

Цяпер ён трымаў у руках знойдзеную папружку і разглядаў яе. Ён гаварыў сам з сабою:

— Колькі яна год аджыла, гэтая папружка! Ох, чорт, мацунак які, старасвецкі сурамец. Толькі ў адным месцы зморшчыўся і выцягнуўся, як шнур, звіўся, як бы за што быў завязан. І клямар той самы медны! Дзе яна была, гэтая папруга? Я яе быў згубіў некалі, мусіць, год пятнаццаць (не, здаецца, больш) яе ў мяне не было. Дзе яна была? Адкуль яна ўзялася тут у саломе?

Ён разгарнуў полы пінжака і падперазаўся знойдзенай ім папружкай. Нейкі час ён яшчэ стаяў і думаў, дзе ён бачыў гэту папружку, і калі згубіў, і адкуль яна ўзялася тут, у саломе. Пасля зноў стаў падчышчаць граблямі стагі.

Ён вельмі завіхаўся. Яму рупіла хутчэй скончыць. Была адна справа, што цягнула яго ў той дзень дадому. Сказаць праўду, дык ён вельмі хацеў не ісці сёнпя на работу, каб самому зрабіць тую справу. Але сам калгасны старшыня сказаў яшчэ ўчора ўвечары, што паправіць стагі можа толькі адзін Іван Касніцкі, самы спрактыкаваны спецыяліст і сумленны работнік. Гэта была праўда, і гэта сам Іван Касніцкі ведаў. Радасць працы вымагае, каб усё тое, што добра зроблена, было заўважана і адзначана. Касніцкі бачыў гэту ацэнку і пайшоў аглядаць стагі.

Дома было от што: Касніцкага жонка і дачка вылаталі і абгледзелі дзесяць мяшкоў. Пасля занеслі гэтыя мяшкі ў калгасны свіран, пасля трох мужчын калгаснікаў прывезлі на Івана Касніцкага двор у гэтых мяшках збожжа, прычым было вядома, што гэта першая рата за работу па працаднях, так, прыблізна, трэцяя частка, а можа і менш таго.

Касніцкі запазніўся: стагоў было многа, і пакуль ён паправіў апошні (а стог быў здорава такі разварочаны), то сонца поўным ходам ішло на захад свой. Калі Іван Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень быў яго гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы.

Царква! Яна стаяла цяпер неабгароджаная і запушчаная. Хацелі ў яе ссыпаць збожжа, дык страха дзіравая — цячэ, а перакрываць, дык сцены занадта трухлявыя, не варта. Так яе і пакінулі. Касніцкі, глянуўшы на цень ад грабель, падумаў пра царкву і чамусьці адразу ўспомніў знойдзеную папружку.

— Чакай жа,— гаварыў сам сабе ён,— здаецца, я ў царкве калісьці быў без папружкі, і перад самым, здаецца, «атчанашам» у мяне паехалі былі ўніз штаны. Чакай жа, хто ж тады быў царкоўны стараста, Грамабой ці Сурвіла? От бо і не ўспомню ніяк. А можа ні той ні другі, а Сымон Габрыельчык? Чакай жа, ці быў Габрыельчык царкоўны стараста? Не, такі не быў. Дзе яму быць! Грунт слабы меў на гэта: адна карова і здохлая кабылка. Іншая справа Сурвіла або Махлак. А які-небудзь Габрыельчык ці Тодар Пошта, або хоць бы сабе і я...

Тут Касніцкі пачырванеў і змоўк раптам. Моўчкі ён ішоў хвілін з чатыры, задумаўшыся, пасля зноў загаварыў:

— Хоць бы сабе гэты Сымон Габрыельчык. Дзе яму там было за старасту... А хацеў, небарака!

Прыйшоў ён дадому, час-часом пакашліваючы, больш з прывычкі, як з патрэбы. Адчыніўшы сенцы, убачыў мяшкі і палічыў:

— Дзесяць?

— Дзесяць,— адказала дачка, расчэсваючы валасы.— Гэта першая рата.

— Першая? Гм. Хто робіць, той і мае,— спакойна сказаў Касніцкі (неспакойна ён ніколі не гаварыў).

Ён умыўся, прыадзеўся, падперазаўся знойдзенай папружкай.

— Бачыш, сваю старую папружку знайшоў,— сказаў ён жонцы.

Тая паглядзела:

— І зусім гэта не твая папружка, а Сымона Габрыельчыка.

— Як Габрыельчыка?

— А так што Габрыельчыка. Ён і сам зімой па кажусе ёю заўсёды падпяразваецца, і яго Павел па рубашцы.

— Што ты пляцеш! Гэта мая папружка!

— Не твая! Знайшоў чужую папружку і рад.

— Кажу табе, дурная галава, што гэта мая папружка. Бачыш медны клямар?

— Ну дык што, калі бачу? Аддай Габрыельчыку папружку.

— Сваю аддаваць? Бачыш клямар?

— То што, калі бачу?

— Успомні, авечая галава,— аж вар’яваўся ад злосці Касніцкі,— успомні...

— Што ўспомніць?

— Як я табе быў гэтым самым клямарам па галаве даў і вуха рассек.

— Калі ты мяне крыўдзіў, то мне аднолькава балела, ці біў ты мяне паленам, ці клямарам.

— Пачала ўжо!

І Касніцкі змоўк. Яго адчуванні былі цяпер такія, як і тады, калі ён чырванеў, ідучы паўз царкву. Здаецца, ён і цяпер пачырванеў. З такім настроем і пайшоў ён на калгасны двор.

Там людзей было многа. Змеркла. Захад быў яшчэ ружовы, але тут навокал усе рэчы выступалі толькі, як сілуэты: было відно толькі пад клёнамі, дзе адзін за адным у рад гарэла шэсць ліхтароў. Пад ліхтарамі на казялках ляжалі дошкі, каля іх стаялі заслоны, і некалькі жанчын канчалі рыхтаваць стол. Праз хвілін пятнаццаць калгасны старшыня запрасіў усіх садзіцца. Ясней загарэліся ліхтары (у іх падкруцілі агонь), мацней загулі галасы, і ўжо зусім не чуваць стала, як непадалёку за садамі і агародамі шэпчацца асіннік. Ліхтары асвятлялі сталы, на сталах поўна было ўсяго. Вячэра пачалася. Спачатку за вячэрай старшыня сказаў колькі слоў аб ударным сканчэнні малацьбы, сяўбы, нарыхтовак. Пасля ён адзначыў лепшых ударнікаў і майстроў работы. І ў ліку гэтых ганаровых людзей быў ён! Так проста і выразна было сказана імя і прозвішча — Іван Касніцкі!

На яго галаву падала святло з бліжэйшага ліхтара.

Над святлом, на голым кляновым голлі, навісала спакойная цішыня. Усё гэта Касніцкі адчуваў, але ўсё гэта — свет ва ўсіх яго вонкавых выяўленнях стаяў перад ім — як толькі абкружэнне чагосьці больш важнага. Насупроць Касніцкага сядзела жонка, чамусьці Іван Касніцкі саромеўся глянуць ёй у твар.

Вячэра ішла далей. Ужо было адзначана паасобнымі членамі гэтай урачыстасці наконт ураджаю, калгаснай заможнасці. Цяпер пачаліся ўспаміны.

Вядома, тут гаварылі найбольш людзі бывалыя і пажылыя. Касніцкі маўчаў. Дзіўная рэч: радасць атрымання ўдарніцкай годнасці межавалася ў яго з стараннем успомніць, дзе ён быў згубіў знойдзеную сёння папружку. Раптам з задумы вырвала яго хваля галасоў:

— Івану Касніцкаму слова. Няхай раскажа свае ўспаміны.

Касніцкі не паварушыўся, ён не быў ахвотнік гаварыць на людзях, у такіх выпадках у яго нягладка ішла гаворка. «Пакрычаць і сціхнуць»,— думаў ён, унурыўшыся. Але крычаць «Касніцкаму слова» не пакідалі. Рад — няволя, а трэба было што-небудзь адказаць. І Касніцкі сказаў, заікаючыся:

— Я яшчэ не надумаўся. Хіба крыху пасля.

На гэта ўсе згадзіліся і закрычалі:

— Слова Сымону Габрыельчыку.

Габрыельчык байчэйшы быў на слова і, разоў са два кашлянуўшы, пачаў гаварыць. Ён папраўляў на сабе піджак, цёр далоняю каля вуха і гаварыў. Івану Касніцкаму было зайздросна: «Умее чалавек гаварыць на людзях».

— ...То я сёння атрымаў збожжа за работу. Калісьці я рабіў і не меў, цяпер я раблю і маю... З-за нішчымніцы, з-за бядноты ў хаце калатня была... А чаму, каб хто запытаў? Прызнаюся ўсім, жонку і дзяцей біў я. Злосць на ўвесь свет была, і па-сабачы жылося. Сёння тут мяне прыставілі да ўдарніцкай годнасці і назвалі выдатным чалавекам і майстрам калгаснай работы. Колькі я жыл на сабе за свой век ні рваў, то ніхто ніколі не адзначыў мае працы. Адно ўсё стаялі навокал, з самых малых год маіх, як маравыя скулы, горлы паразяўляўшы — каб як з майго мазаля пажывіцца.

«Гэта ён як бы пра мяне гаворыць»,— пякла Івана Касніцкага думка.

— ...Сказалі мне сёння тут перад усім народам, што я знатны чалавек. Вось дзе я знайшоў гэтую знатнасць. А я шукаў яе даўно, але... але не на той дарозе шукаў. К прыкладу сказаць.... Няхай на мяне Касніцкі Іван крыўдзіцца, няхай не, як сабе хоча ці як сабе яму выпадае, а я скажу проста і адкрыта. Мы з ім калісьці ўдвух разам у знатнасць лезлі. На ўсё ішлі, каб у царкоўныя старасты ўбіцца. А як жа, гонар! Ад усёй грамады чалавек выбарны. Мы плішчымся, як, шануючы вас, блыха на струп, а нас не выбіраюць — гэта, кажуць, годнасць да галетніка не падыходзіць. То мы адзін аднаму давай ножку падстаўляць. Не злавалі мы тады адзін на аднаго, Касніцкі?

— Злавалі,— прагучала ў напружанай цішыні.

— Церліся мы каля царкоўных свечак?

— Церліся.

— Панікадзіла раз спускалі запальваць, і яно адарвалася, і рэзрух на ўсю царкву пайшоў?

— Пачакай, пачакай, я ўспомніў,— ускочыў раптам з месца Касніцкі.— Ты пачакай, ты мяне не перабівай цяпер, я ўспомніў, дзе я быў згубіў сваю папружку.

— Якую папружку?

— Во гэтую, во!

Касніцкі сарваў з сябе папружку і патрэсваў ёю над сталом.

— З-за гэтай папружкі я над сабою несусветны здзек выцерпеў. Я ўспомніць не магу без сораму і болі.

Можа каб мыш дзе ў асінніку бегла, то тут чуваць было б. Твары ўсіх павернуты былі да Касніцкага.

— Перацерлася была вяроўка, і панікадзіла бразнулася вобземлю (гэта мы, як добра той Габрыельчык казаў, лезлі ў знатныя людзі, за царкоўных старастаў падвучваліся), то поп падбег з крыкам: «Колькі мужыка дурнога не вучы, то ён дурны і няўдалы». І ён ірвануў з мяне гэтую самую папружку і закамандаваў падвязаць панікадзіла. Падвязаць то мы падвязалі з табою, Сымоне, але пакуль я адышоўся к сцяне, то штаны на мне, шануючы вас, і з’ехалі ніжэй кален.

Грунуў страшэнны рогат. Не выцерпеў і сам Касніцкі.

— То гэта добра, што я цяпер магу рагатаць з гэтага. А тады? Тады ж мне на вуліцу нельга выйсці было... Гэта спрадвечная папружка. Мой бацька ёю падпяразваўся, біў ён мяне ёю, і ўсё з нэндзы і гора! З той самай прычыны я гэтай папружкай дзяцей гадаваў і жонку шкадаваў... Усе мы, што тут сядзімо, тое самае. Марнелі мы!

Адкуль браліся ў Касніцкага словы.

— Я быў цёмны чалавек, то што, я цяпер гэтага саромецца павінен? А што я вінават быў? А цяпер я выдатны чалавек!

— Гэтая папружка,— сказаў Сымон Габрыельчык,— правісела была ў царкве год пятнаццаць. Яна там святая стала. А як медзь з царквы здавалі, то я адвязваў панікадзіла і папружку забраў. Мусіць, мой хлопец згубіў яе, стагі складаючы.

— На табе, братка, гэтую папружку, яна табе таксама належыць.

Касніцкі паклаў папружку на стол.

— Ты на яе права большае маеш,— усміхнуўся Габрыельчык.

— Хіба вы разрэжце яе на дзве аборыны,— пачуўся жартаўлівы голас,— і так падзяліце.

— Яно то можна,— Іван Касніцкі падумаў і ўсміхнуўся.— Але ж з маіх працадзён гэтулькі мець буду збожжа, што чорт яго гэтыя лапці і насіў. Што, няпраўда?

Вячэра шумна пайшла далей.

Было ўжо не рана, калі Іван Касніцкі з жонкаю варочаўся дадому. Было ціха. Неба высокае, і на ім густа зор. Касніцкі і жонка прыселі на бярвенні каля хаты. У такі час на вуліцы яны сядзелі толькі шмат год таму, калі былі зусім маладыя.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан