epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Тонкая душа тоўстай гадзіны

Ёсць на зямлі заплыўшыя салам паўзучыя гадзіны, якія раз у два месяцы напіхаюць свой жывот жывымі зайцамі ці да іх падобнымі траваяднымі. Праглынутыя гадзінай ахвяры нейкі час яшчэ жывуць у яе жываце, і відно, як варушыцца гадаўскае чэрава: ахвяра яшчэ калоціцца ў апошніх канвульсіях. Але ў гэты час гадзіна ўжо дрэмле ў салодкім спакоі. Яна будзе драмаць два месяцы, пакуль не апарожніцца яе жывот і калі зноў не падаспее яе адзіная жыццёвая дзейнасць — зноў напіхаць яго жывымі істотамі. Гэтым і вычэрпваецца ўвесь сэнс яе існавання.

Каб гэтая гадзіна магла ўсвядоміць самую сябе і ўсё навакольнае, яна б напэўна ўмілілася душой перад зладжанасцю і хараством свету. Яна б ліла слёзы радасці і ўдзячнасці ўсявышняму за тое, што свет такі прыгожы і прасторны, і многа ў ім усякай жывой жыўнасці, і што цёплы вецер прыемна абвявае яе такое гладкае гадаўскае цела, і што дрэвы цвітуць, і птушкі пяюць, і кветкі пахнуць, і калышуцца залатыя нівы, і праглынуты заяц так прыемна для жывата трапечацца ў ім у апошнія свае мінуты. Гадзіна магла б напісаць на гэтую тэму трактат, каб толькі бог яе не пакрыўдзіў умельствам да гэтага.

І нічога дзіўнага не было б. Свет вялікі, і многа ў ім усякіх цудаў. І ўсё ў ім бывае. І ўсякія пахі, і краявіды, і трактары, і артыкулы. І нават нядаўна адзін такі артыкул з’явіўся ў нямецкім часопісу «Дас рэйх», і называецца ён «У імя чаго», і пісаў яго сам Гебельс. І так ён уміляўся душой — і аб сонцы, і ветры, і аб спелых нівах, і аб нямецкіх жыватах.

«У гэтым велічэзным змаганні,— піша ён,— мы напоўнены смуткам па шчасцю і дабрабыту».

«Мы хочам цудоўнага жыцця не толькі для нашых сыноў і ўнукаў, але і для нас саміх».

«Мы бачым бязмежныя нівы на ўсходзе... На іх калышацца залатая збажына. Усюды пануе радасць».

Адным словам, як той казаў, «на земле мир, во человецех благоволение», абы-толькі «нівы на ўсходзе» як-небудзь падграбці сабе. Гэта нічога, што гэтыя нівы не нямецкія, а беларускія, украінскія, рускія. На тое ёсць гітлераўская практыка: беларусаў і ўкраінцаў перавешаць, перастраляць, павывозіць у Германію на катаржную працу. А на іхніх нівах можна будзе раскашэльвацца.

Таксама і чэхаславацкі, і польскі, і французскі, і ўсе іншыя народы пакласці пад нямецкія ногі, і няхай народы сыдуць крывёй, і няхай іх жыццё стапе вечнай крывавай пакутай. Тады будуць для таўстамордай нямецкай гадзіны калыхацца прысвоеныя чужыя нівы і «ўсюды панаваць радасць». І які тады прыгожы будзе божы свет! На чужой крыві будзе добра радзіць збажына, і ёю абжырацца будзе нямецкае горла.

«Мы змагаемся за залатыя нівы на ўсходзе, якія даюць даволі збожжа»,— піша Гебельс.

Трэба думаць, што тоўсты Герынг прачытаў артыкул Гебельса «У імя чаго» (у імя чаго немцы ваююць) і ліў слёзы ўмілення, купаючыся ў сваёй залатой ванне. І напэўна думаў: «Якая тонкая душа ў гэтага Гебельса, як ён тонка адчувае, што і к чаму, як ён дасканала разбіраецца, што няма большай прыемнасці, як сядзець у залатой ванне і ведаць, што чужая кроў пахне маім золатам і сытасцю». І не толькі Герынг быў так расчулен. Ліў слёзы ўвесь нямецкі народ. І няхай сабе ён плакаў не ад радасці і ўмілення. Але ўсё ж такі плакаў. Кожная сляза мокрая. І кожная цячэ з вока. Нямецкі народ пачынае плакаць ад занадта дарагой цаны, якую ён плаціць за дзікую гітлераўскую спробу прысвоіць за народную кроў усходнія нівы.

«Мы вядзём вайну за вартае чалавека нацыянальнае існаванне»,— уміляецца тонкай душой Гебельс. Мы ведаем гэтае «нацыянальнае існаванне» беларусаў, украінцаў, чэхаў, палякаў, французаў і іншых народаў, на нівы якіх запаўзла тоўстая нямецкая гадзіна.

«Мы вядзём змаганне за жыццё, якім павінны жыць 120 мільёнаў»,— канчае Гебельс. Невядома, адкуль ён набраў гэтулькі немцаў, якія павінны жыць на касцях іншых народаў. Нямецкі народ будзе жыць не на касцях народаў, а на касцях гітлераўскай банды.

А ўсходнія нівы і сапраўды прыгожыя. І яснае сонца скора над імі засвеціць, і вецер будзе калыхаць на іх каласы. І свет шырокі і прыгожы. І кветкі цвітуць, і трава зелянее, і гітлераўскі падручны Гейдрых навек апруцянеў ад кулі чэшскага патрыёта, і чэрві точаць мільёны гітлераўскіх салдат на ўсходніх нівах, і наглае нямецкае быдла спрабуе смак англійскіх бомб над Кёльнам і Эсэнам, і Гебельс з Гітлерам скора будуць пагойдвацца на шыбеніцах.

Прыгожы і шырокі свет, і прыгожыя ўсходнія нівы.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан